лапата́ць, лапачу, лапочаш, лапоча; незак.

1. Удараць па якой‑н. паверхні, ствараючы аднастайныя прыглушаныя гукі; шалясцець. Лапатаць па вадзе крыламі. Лапочуць сцягі. □ Параход лапатаў пліцамі, часта прыставаў да крутога берага. Грахоўскі. Па страсе лапоча лівень, а побач стогнуць векавыя дрэвы... Грамовіч. Акунёк лапатаў у руках у Гаманька, калючым егерам распускаў спінны плаўнік. Броўка.

2. што і без дап. Разм. Нязвязна, паспешліва гаварыць, расказваць. Галілей суняўся.. і вінавата лапатаў: — Сушыльня... ага... сушыльня... Зарэцкі. Усе жанчыны як па камандзе, перабіваючы адна адну, пачыналі лапатаць, не згаджацца з прамоўцам. Грамовіч. // Невыразна вымаўляць, незразумела гаварыць. [Арынка] нешта лапоча на сваёй дзіцячай мове. «Звязда». // Гаварыць на чужой, незнаёмай для каго‑н. мове. Бег немец з паднятымі рукамі і нешта лапатаў. Чорны.

3. што і без дап. Разм. Гаварыць многа і бесперастанку аб чым‑н. нязначным, пустым; балбатаць, балабоніць. Жанчына жыла адна і любіла збіраць па вёсцы плёткі, — бегала з канца ў канец па хатах, лапатала пра ўсё, што на язык трапляла. Пташнікаў. [Маці:] — О-о, зноў лезе .. ведзьма, Міхаліна. Будзе тут цэлы дзень лапатаць ды падглядваць! Карпюк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хіб, ‑а, м.

1. Пярэдняя частка хрыбта некаторых жывёл (свінні, быка і пад.). Свіння, калышучы вялізным хібам, спакойна ўзрывала зямлю пад карэннямі сухога бука. Самуйлёнак. Люся паказала на чучала здаравеннага быка з магутным крутым хібам. Даніленка. Поўсць збоку, дзе сочыцца кроў, мокрая; зверху на хібе ўжо высахла і стаіць — што ўсё адно воўк атросся ад вады. Пташнікаў.

2. Поўсць на хрыбце. Сабака ўбачыў незнаёмага, злосна забурчаў і наставіў хіб. Якімовіч. Алесь прыйшоў у гнеў, у дзікі, І ў абурэнне, жаль вялікі, Катоў ён бедных б’е, ганяе, За хіб у сені выкідае. Колас.

3. Спінны плаўнік у рыбы. — Нідзе не дзенецца! — Андрэй паволі выбраў жылку, і вось ужо рыбіна б’ецца ў роснай траве, настаўляе калючы хіб, цяжка хаўкае жабрамі. Ваданосаў. Як падчэпіш ярша на кручок, дык ён растапырыць жабры, паставіць калючы хіб і нават хвост сагне — так не даецца. Дайліда.

4. перан. Верхні край чаго‑н. на канцы, грэбені (страхі, хвалі і пад.). [Міканор] бег па зломе страхі, па самым хібе — каб не так крута было, бег з нечакана згаданай хлапечай праворнасцю. Мележ. Язэп зняў шапку, выцер лоб і кінуў яе на пракос. Шапка лягла на хіб пракоса, фарсіста задраўшы ўгору патрэсканы казырок. Дуброўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Вясло́ 1 ’звязка, пучок дробных нанізаных прадметаў’ (БРС, КТС, Шат., Янк. I, Інстр. III, Масл.), вя́сло (Касп., Нас.), вя́сла (Янк. Мат., Гарэц.), сувалк. vʼosła ’скрутак лыка’ (LP, 1960, 351), ст.-бел. весло, укр. жытом. весло ’звязка якіх-небудзь аднародных прадметаў’, рус. тамб., кур., маск., разан. вя́сло ’жгут саломы, якім звязваюць снапы’, свясло́ ’перавясла’, вяц. ’пучок ільну па 20 жменей’, ст.-рус. съвѧсло. Усх.-слав. утварэнне ад вязаць (гл.) і суф. ‑сло (< ‑slo).

Вясло́ 2 ’вага ў студні з жураўлём’ (в.-дзвін., ДАБМ), укр. весло́ ’каромысла’. Да весіць (гл.). Утворана пры дапамозе суф. ‑сло (< slo). Відавочна, гэта калька з літоўскага (латышскага) слова; параўн. svìrtis ’журавель у студні’, ’рычаг’ ⟷ літ. svyrė́ti ’звісаць, вісець над чым-небудзь’, svìrti ’нахіляцца, звісаць’. Сюды ж весілка ’ручка чайніка’ (гл.).

Вясло́ 3 ’прыналежнасць лодкі’ (БРС, КТС, Мядзв., Янк. I, Бяльк., Шат., Сцяшк. МГ); ’прылада для кіравання плытом у выглядзе абчасанага бервяна, якое прымацоўваецца наперадзе і ззаду плыта’ (зах.-дзвін., Нар. сл.). Укр. весло ’вясло’, рус. весло ’тс’, бранск., арл., разан., гом. ’лапатка для замешвання цеста’, польск. wiosło ’вясло, драўляная лапатка’; ’ногі водных птушак’, н.-луж. wjasło, в.-луж. wjesło ’вясло’, чэш., славац. veslo ’вясло’; ’нага воднай птушкі’, славен. véslǫ ’вясло’; ’паклёпніцкі язык’, vésta ж. р. ’вясло’; ’хлебная лапата’; ’вялікая лыжка’, серб.-харв. вѐсло ’вясло’; ’плаўнік (у рыб)’, макед., балг. весло ’вясло’, ст.-слав. весло. Прасл. veslo (< vez‑slo) < *vegʼh‑slom. Да вязці́ (гл.). Параўн. Гараеў, 1896, 74; Міклашыч, 387; Праабражэнскі, 1, 79; Фасмер, 1, 303; КЭСРЯ, 77; Шанскі, 1, В, 73; Брукнер, 623; Младэнаў, 63; БЕР, 1, 137; Голуб-Копечны, 415; Махэк₂, 685; Скок, 3, 579. Сюды ж вясляр, вяслярны, вяслярства (КТС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)