завалі́ць, ‑валю, ‑валіш, ‑валіць; зак., каго-што.

1. Пакрыць або запоўніць што‑н., накідаўшы, насыпаўшы чаго‑н. Заваліць яму каменнем. □ Ля гэтых курганоў [фашысты] па-зверску забілі чатырох вясковых камуністаў. Пятаму, якога кінулі ў агульную яму і завалілі ламаччам яшчэ жывога, удалося ўратавацца. Кірэенка. // Спец. Загрузіць шыхтай, вугалем і інш. матэрыяламі (пра домну). Заваліць печ. // Нападаўшы, запоўніць або пакрыць сабой што‑н. Снег абляпіў дрэвы, заваліў балконы, прыглушыў і шум дрэў, і крокі людзей. Хомчанка. / у безас. ужыв. Хай заваліла пераходы, Пячэ марозная імгла, Мы перасілім непагоду, І не такія перашкоды Людская мужнасць браць магла. А. Александровіч. // Перагарадзіць, перакрыць, наваліўшы, накідаўшы чаго‑н. Букрэй загадаў заваліць дарогу за грэбляю, каб конніца не магла праскочыць. Колас. // Закрыць праход, прыціснуўшы, прываліўшы чым‑н. Заваліць уваход у пячору плітой. // Разм. Загрузіць, заняць чым‑н. якую‑н. прастору. Заваліць стол кнігамі. Заваліць двор дрывамі. // Разм. Багата, звыш патрэбы забяспечыць чым‑н. Заваліць магазін таварамі. □ — Дык што ж ты ад памочнікаў адмахваешся? Сказаў бы піянерам, яны б табе ўсю кузню жалезам завалілі. Курто.

2. Закрыць на завалу (у 1 знач.). Заваліць дзверы нанач.

3. перан. Разм. Не справіцца з чым‑н., праваліць што‑н. Заваліць экзамен. □ — Толькі папярэджваю: дрэнна падрыхтуецеся — усю справу заваліце. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пера..., прыстаўка.

Ужываецца пры ўтварэнні дзеясловаў і вытворных ад іх слоў і абазначае: 1) накіраванасць дзеяння, руху з аднаго месца на другое, з аднаго боку на другі, напрыклад: перабегчы, перавярнуць, перайсці, перакласці (са стала на паліцу); 2) накіраванасць руху цераз які‑н. прадмет, перашкоду, напрыклад: перакінуць (цераз сетку), пералезці (цераз плот), пераплыць, пераскочыць; 3) змену накіраванасці дзеяння, перадачу каму‑, чаму‑н., напрыклад: перадаць (у спадчыну), пераспаць; 4) паўтарэнне дзеяння яшчэ раз, нанава, напрыклад: перакрыць, перарабіць, перачытаць, перашыць; 5) празмернасць дзеяння, а таксама давядзенне дзеяння да адмоўнага выніку, напрыклад: пераесці, перапаліць, перасіліць, ператрымаць, перахваліць; 6) перавагу, першынство ў якім‑н. дзеянні, напрыклад: перакрычаць, ператанцаваць, перахітрыць; 7) паслядоўны ахоп дзеяннем усіх або многіх асоб, прадметаў і вычарпальнасць такога дзеяння, напрыклад: пералавіць, перамыць (увесь посуд), перапэцкаць (рукі), перастраляць, перахварэць (усімі дзіцячымі хваробамі); 8) надзел чаго‑н. на часткі, напрыклад: перагарадзіць, перакусіць (нітку), пераламаць; 9) запоўненасць дзеяннем якога‑н. прамежку часу або правядзенне пэўным чынам якога‑н. прамежку часу, напрыклад: перазімаваць, пераначаваць, перачакаць (дождж); 10) пераўтварэнне ў што‑н. іншае, пераход у іншы стан, від і інш., напрыклад: перакласці (на іншую мову), перарасло (сяброўства ў каханне), перамяніць (свой колер), перафразіраваць; 11) спыненне якога‑н. дзеяння, стану, напрыклад: перабалела (сэрца), перабаяцца, перабрадзіць; 12) слабае праяўленне дзеяння або яго кароткачасовасць, напрыклад: перадыхнуць, перакусіць (перад абедам); 13) (з часціцай ‑ся/‑ца) узаемнасць дзеяння, напрыклад: перамігвацца, перапісвацца, перасварыцца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пераня́ць, перайму, пяроймеш, пяройме; пр. пераняў, ‑няла, ‑ло; заг. пераймі; зак.

1. каго-што. Рухаючыся насустрач, наперарэз, спыніць, затрымаць каго‑, што‑н. Пераняць ганца. Пераняць статак. □ Косцік кінуўся насустрач Ніне, пераняў яе, пасадзіў і прыгразіў пальцам, каб сядзела на месцы. Пальчэўскі. Багдан з сынам пайшлі ў хату, а Нічыпар падаўся да варот, каб пераняць курыцу. Кулакоўскі. Іх [немцаў] машына штабная Выйдзе ў Мінск роўна ў пяць. Трэба тую машыну Нам, Лявон, пераняць. Бялевіч. // Закрыць, спыніць свабодны рух чаго‑н.; перакрыць. Пан Крулеўскі меркаваў, што баявы ланцуг, прайшоўшы пушчу, зрушыць і напужае партызан і яны будуць уцякаць у другое крыло, дарогу, якую ён пераняў сваім войскам. Колас. Калі не дойдзем мы да дня, дык гэты зброд з мяцежнай банды паспее шлях нам пераняць. Дудар. Пераняць плацінамі крутымі Плыні рэк шырокіх на вякі, Пасяліць лясы свае ў пустыні І спавіць каналамі пяскі. Калачынскі. // Нечакана застаць, заспець у час руху. Завея пераняла вазакоў на паўдарозе. Чарнышэвіч. На дарозе пераняла нас страшэнная вестка: у Ярцаве — дэсант. Сабаленка. // перан.; што. Разм. Заўважыць, перахапіць, сустрэць (пра позірк і пад.). Хлопцы з павагай і разам з тым трошкі ўстрывожана зірнулі на дзядзьку Ахрэма. Ён пераняў гэты позірк і папярэдзіў: — Нават каб на кухні не шумелі! Паслядовіч. // Спыніць, перапыніць (размову, гутарку). Мікіта, хоць пытанне ставілася не яму, пераняў матку і сам, як гаспадар у хаце, адказаў. Колас.

2. каго-што. Перахапіць, падхапіць у час руху, дзеяння (прадмет, рэч і пад.). У гэты раз .. [Пшанічны] не пярэчыў, пераняў з рук Глечыка лапату. Быкаў. Галіна пераняла на рукі малое і пачала выціраць яму хусцінкай носік. Пташнікаў.

3. што. Запазычыць што‑н. у каго‑н., зрабіць так, як хто‑н.; унаследаваць. Пераняць вопыт. □ Прыклад першай паляводчай брыгады перанялі і астатнія. «Звязда». Арына сачыла за Лейбавай працай. Яна старалася пераняць тое, чаго сама не ведала або рабіла не гэтак. Чарнышэвіч. Ад свайго бацькі Рыгор пераняў яго добрую шырокую натуру, мяккі і гасцінны выгляд. Гартны. // Зрабіць сваім, прывычным для сябе што‑н. чужое, пабочнае. Пераняць дурныя звычкі. // Разм. Падрабіцца пад каго‑, што‑н. Пераняць свіст шпакоў.

4. што. Запомніць, засвоіць. Пераняць матыў песні.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)