завалі́ць, ‑валю, ‑валіш, ‑валіць; зак., каго-што.
1. Пакрыць або запоўніць што‑н., накідаўшы, насыпаўшы чаго‑н. Заваліць яму каменнем. □ Ля гэтых курганоў [фашысты] па-зверску забілі чатырох вясковых камуністаў. Пятаму, якога кінулі ў агульную яму і завалілі ламаччам яшчэ жывога, удалося ўратавацца. Кірэенка. // Спец. Загрузіць шыхтай, вугалем і інш. матэрыяламі (пра домну). Заваліць печ. // Нападаўшы, запоўніць або пакрыць сабой што‑н. Снег абляпіў дрэвы, заваліў балконы, прыглушыў і шум дрэў, і крокі людзей. Хомчанка. / у безас. ужыв. Хай заваліла пераходы, Пячэ марозная імгла, Мы перасілім непагоду, І не такія перашкоды Людская мужнасць браць магла. А. Александровіч. // Перагарадзіць, перакрыць, наваліўшы, накідаўшы чаго‑н. Букрэй загадаў заваліць дарогу за грэбляю, каб конніца не магла праскочыць. Колас. // Закрыць праход, прыціснуўшы, прываліўшы чым‑н. Заваліць уваход у пячору плітой. // Разм. Загрузіць, заняць чым‑н. якую‑н. прастору. Заваліць стол кнігамі. Заваліць двор дрывамі. // Разм. Багата, звыш патрэбы забяспечыць чым‑н. Заваліць магазін таварамі. □ — Дык што ж ты ад памочнікаў адмахваешся? Сказаў бы піянерам, яны б табе ўсю кузню жалезам завалілі. Курто.
2. Закрыць на завалу (у 1 знач.). Заваліць дзверы нанач.
3. перан. Разм. Не справіцца з чым‑н., праваліць што‑н. Заваліць экзамен. □ — Толькі папярэджваю: дрэнна падрыхтуецеся — усю справу заваліце. Асіпенка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)