чарго́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які ідзе, наступае, выходзіць і пад. непасрэдна за папярэднім; бліжэйшы па чарзе. Чарговая электрычка. Чарговы загад. □ Аднак, калі хлапчук мінуў ужо некалькі пільных вачэй, чарговы патруль яго аклікнуў: — Пачакай, малы! Якімовіч. [Лётчык:] — Мы ляцелі за чарговай партыяй раненых. Мележ. Раптам, схамянуўшыся, Максім устае: над галавой чутна тупаніна. Значыць, параход пад’язджае да чарговага прыпынку. Каршукоў. // Які выконвае ў парадку чарговасці якія‑н. абавязкі. Чарговы днявальны.

2. Які адбываецца, праводзіцца рэгулярна, у пэўнай паслядоўнасці. Чарговы адпачынак. Чарговы з’езд Камуністычнай партыі Савецкага Саюза. □ У адзін з дажджлівых асенніх вечароў сюды на, чарговую нараду прыйшлі кіраўнікі асобных баявых груп. Пятніцкі.

3. Першы па неабходнасці, важнасці. [Старшыня:] — Калектывізацыя сельскай гаспадаркі — наша чарговая, баявая задача, і мы павінны выканаць яе на сто працэнтаў. Колас.

4. Які ўзнікае, паўтараецца, аднаўляецца час ад часу. Сілівон сядзеў у хаце Рады выдумцы чарговай. Лужанін. З таго прыезду паміж .. [Паходнем] і Марынкай завязалася перапіска, а кожны чарговы прыезд Паходні ў Мінск быў для яе радаснай падзеяй. Хадкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нарва́цца, ‑рвуся, ‑рвешся, ‑рвецца; ‑рвёмся, ‑рвяцеся; зак.

Разм.

1. на каго-што і без дап. Нечакана сустрэцца з кім‑, чым‑н., выпадкова натрапіць на каго‑, што‑н. Мы прыйшлі ў мястэчка ноччу і, каб не пераходзіць чыгункі, дзе лёгка было нарвацца на нямецкі патруль, спыніліся ў Міколкавага дзеда, двор якога стаяў наводшыбе. Навуменка. Неяк ноччу, падкрадаючыся да чыгункі, мы нарваліся на варожую засаду. Краўчанка. Падарожжа ў адзіночку палохала. Нарвешся дзе-небудзь на дэсант — прыстрэляць, і ніхто ніколі не дазнаецца пра гэта. Асіпенка. // Сустрэцца з кім‑, чым‑н. (звычайна непрыемным, непажаданым) у сваім жыцці, у сваёй дзейнасці. Дзед спрабаваў адгаварыць Міколу — не падабалася яму гэтая паездка ў такі час, калі на кожным кроку можна нарвацца на сваю смерць. Якімовіч. «Нарвецца дзяўчына», — казалі пра .. [Аўгіню] сталыя жанкі і маладзіцы, калі гутаркі пра яе дурасці даходзілі да іх вушэй. Колас.

2. Нечакана прыйсці, з’явіцца. Неяк .. дзядзька Мікіта прывёз сабе цэлы воз бярэзніку, а тут нечакана нарваўся .. ляснік Мацуль. Сіпакоў.

•••

Не на таго нарваўся — тое, што і не на таго напаў (гл. напасці).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

насу́праць і насупро́ць, прысл. і прыназ.

1. прысл. На процілеглым баку; прама перад кім‑, чым‑н. У хаце, пад вялікай рамкай з фотакартачкамі, стаяў стол, засланы белым, з зубчастымі карункамі па краях абрусам.. Насупраць, у кутку — печ з мноствам пячурак. Сіняўскі. У двор каля ліпы пажылы чалавек уводзіў з пашы каня, з двара насупроць выганялі парасят. Мележ. — Стой! Адкуль ты і хто ты? — Стаў насупраць патруль. Бялевіч.

2. прысл. Разм. Наперакор; нязгодна з кім‑, чым‑н. Гаварыць насупраць. Рабіць насупраць.

3. прыназ. з Р і (радзей) з Д. Ужываецца для выражэння прасторавых адносін: указвае на прадмет або асобу, перад якімі на процілеглым баку што‑н. размяшчаецца. Насупраць нашага дома працякае невялічкі ручай. Ігнаценка. Нарэшце дарога скончылася. Вось і школа і воласць насупроць яе. Колас. // Ужываецца пры ўказанні на прадмет або асобу, якія перамяшчаюцца насустрач руху каго‑, чаго‑н. І я пайшоў насупраць плыні, Каб дакапацца, дзе клубок. Лужанін. Ляцеў бы ветру насупроць Раздоллем цешыўся бялёсым. Гаўрусёў.

4. прыназ. з Р. Ужываецца для выражэння ўступальных адносін: указвае на прадмет, асобу, з’яву або працэс, наперакор якім што‑н. робіцца, адбываецца. Хіба ж я пайду насупраць волі бацькі? □ Цямра[в]ая сіла свету старога Сплятаецца ў чорны клубок, Адна ў яе думка, мэта, дарога — Паўстаць насупроць жыцця маладога, Спыніць наш вясенні паток. Колас.

5. прыназ. з Р. Ужываецца для выражэння часавых адносін: указвае на тэрмін, адрэзак часу, перад якім што‑н. існуе, адбываецца ці павінна адбыцца. [Мікалайчык:] Ну, дзед, шчасліва! Глядзі, каб усё расклеіў, Ды асцярожна — насупраць дня ідзеш. Кучар.

6. прыназ. з Р. Разм. Ужываецца для выражэння параўнальных адносін: указвае на асобу ці прадмет, з якімі што‑н. параўноўваецца. Ладымер насупроць Сымона зусім шчуплы і худы. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спаць, сплю, спіш, спіць; незак.

1. Быць, знаходзіцца ў стане сну. Калі павячэралі, Маша паслала ложак і лягла спаць. Мележ. Каб паказаць, што ён сапраўды хоча спаць, стары хітрун скоранька, але вельмі старанна пазяхнуў. Зарэцкі. // перан. Заціхнуць, быць бязлюдным. Вёска спіць — нідзе ні агеньчыка. Асіпенка. Вуліца не спіць: даносяцца прыглушаныя галасы, рып калодзежнага жураўля. Навуменка. Саша накідвае халацік, ідзе ў дзіцячую. Бальніца спіць. Шамякін. // перан. Быць у стане спакою, нерухомасці. Спяць векавечныя хвоі, Цёмнае возера спіць. Васілёк. Нікнуць сонныя чароты, За гарою ветры спяць. Броўка. // перан. Спачываць, быць пахаваным дзе‑н. (пра памёршых). Ёсць на палетках курганы, Там спяць адважныя сыны, Што згінулі ў паходзе. Лужанін. Тут спіць Валянціна... Савецкі салдат... Звычайная наша дзяўчына. Гілевіч.

2. перан. Быць пасіўным; бяздзейнічаць. [Буйскі:] — Так, трэба быць вельмі асцярожнымі, таварышы. Іх [немцаў] разведка таксама не спіць. Шамякін. [Шура:] — Уцягвайце больш людзей у работу, штурхайце Мядзведзічы пад бакі, каб яны не спалі. Крапіва. // Знаходзіцца ў бяздзеянні (пра прадметы). Снуюць патруль. Не спяць у бункерах кулямёты. Брыль. Не спіць толькі галасісты баян. Васілевіч. // Не выяўляць сябе (пра пачуцці, здольнасці і пад.). Спіць каханне ў дамах. Спіць прадоння марскога імгла. Караткевіч. Але не спіць людская памяць І не дазволіць ашукаць Дзяцей, што нас з вайны чакаюць, Хоць і не могуць прычакаць. Вітка.

3. Разм. Быць у палавой сувязі з кім‑н.

•••

Класціся спаць з курамі гл. класціся.

Лаўры чые не даюць спаць гл. лаўр.

Спаць адным вокам — спаць насцярожана, трывожна.

Спаць без задніх ног — вельмі моцна спаць.

Спаць вечным сном — пра памёршага.

Спаць і курэй бачыць (пасвіць) — пра вельмі пільнага, хітрага, скрытнага чалавека.

Спаць мёртвым сном — спаць вельмі моцна, не прачынаючыся.

Спаць у шапку — бяздзейнічаць, не праяўляць руплівасці, быць абыякавым да чаго‑н. тады, калі трэба неадкладна дзейнічаць.

Спаць як заяц — спаць вельмі чутка.

Спаць як пшаніцу прадаўшы — спаць моцным сном.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)