трыбушы́ць, ‑бушу, ‑бушыш, ‑бушыць; незак., каго-што.
Разм.
1. Патрашыць, вымаць вантробы з забітай жывёліны. На пагорку два цецерукі з-пад самых ног вылецелі, каршуна ўзагнаў, які на пні сойку трыбушыў, потым пастаяў ля здаравеннага вужа і панаглядаў, як ён жабу заглытваў, і падаўся далей. Ляўданскі.
2. Разварочваць, разрываць што‑н., даставаць, вымаць усё тое, што знаходзіцца ў чым‑н. Сядзеў бы [Юрка] ля цапоў з Тодарчыкам ці Вольнай і рэзаў бы перавяслы — трыбушыў снапы. Пташнікаў. Торба была нечым напакавана. Але хлапчукі не сталі трыбушыць, прынеслі, як ёсць, да стайні. Чыгрынаў.
3. перан. Трэсці каго‑н., рабіць вобыск. — Газету канфіскавалі? — запытаў Войцік у вартаўніка. — Перад самым світаннем з’явілася цэлая хеўра і пачала трыбушыць рэдакцыю. Машара. [Пятро Пятровіч:] — Пасля саўгас у нас арганізаваўся, паступіў я ў камсамол, у час калектывізацыі трыбушыў гэтага самага свайго «апекуна». Навуменка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Перабіра́ць ’пластаваць сена; сартаваць; чысціць (кішкі); перабіраць з ядой; выбіраць, перабіраць з дзяўчатамі’ (Сл. ПЗБ); ’прыцэньвацца, таргавацца; гаварыць лішняе; нанава вязаць світэр’ (ЖНС), пірабіра́іць (вушамі) ’стрыжэ (аб кані)’ (сен., ЛА, 1), перабіра́ць ’патрашыць рыбу’ (лаг., глыб., там жа). Прасл. *per‑birati са значэннем шматразовага дзеяння, утворанае ад *per‑bьrati. Да пера- і браць (гл.). Сюды ж перабіраны ’сабраны ў фалды’, перабіра́нец ’даматканы ручнік’, перабіра́чка ’дзяруга, вытканая асаблівым, складаным спосабам’ (ЖНС), перабі́рысты ’від дывана, які ткаўся спосабам перабору рознакаляровых нітак’ (Скарбы); перабіра́нка, перэбіра́нка ’посцілка, вытканая перабіраным спосабам (у 4–6–8 нічальніц), саматканы дыван’ (маладз., Янк. Мат.; Сл. ПЗБ, ТС; жытк., Мат. Гом.; З нар. сл.; валож., Жыв. сл.; глус., Мат. Маг., Сцяшк. Сл.), ’пласт сена’ (Юрч.); пераборы ’падрыхтоўка да ткацтва’ (мсцісл., Жыв. сл.), пірабіра́ньне ’нарад, падрыхтоўка да ткацтва’: перва ныря́д здзе́лыюць, а тады ткуць (мсцісл., Жыв. сл.); пірабіра́ньніца ’жанчына, якая нараджае, г. зн. рыхтуе кросны да ткацтва’ (там жа); пірябі́ркі ’рэшткі пасля неаднаразовага перабірання’ (Юрч. СНС), перабірка ’рэшткі, адыходы’ (Скарбы), астрав. перабіранка ’адабраная для пасадкі бульба’, перабіра́нік ’саматканы дыван, вытканы ніткамі аднаго колеру на чорнай ці белай аснове’ (Сл. рэг. лекс.). Паводле Грынавяцкене і інш. (SOr, 39, 317), перабі́ранкі ’саматканыя пасцілкі з узорамі’ калькуе літ. rinktíniai ’тс’, што цяжка давесці, хутчэй наадварот.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)