Афэ́рдала ’замораны, худы конь’, ’апушчаны, забіты чалавек’ (шарк., Цыхун, вусн. паведамл.). З яўр. (ідыш) a férdele ’конік’. Гл. таксама іншыя формы з няясным значэннем: фэрдала, нафэрдала (астрав., Жарт. песні, Мн., 1974, 611), якія могуць сведчыць у карысць сувязі з дыял. фэйдаць, фэндаць ’абрабляць, паскудзіць’, польск. faidać ’тс’; параўн. таксама бала дыял. офрден ’зношаны, стары’, у аснове якіх ляжыць, магчыма, супольнае запазычанне з невядомай крыніцы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ке́ўляць ’ледзь жыць, ледзь дыхаць, вельмі нядужаць’ (Янк. I, Мат. Гом.), ’есці без апетыту’ (З нар. сл.). Гл. кеўлець. Лаўчутэ (Балтизмы, 113) разглядае слова як балтызм. Пры гэтым яна спасылаецца на такія літоўскія прыклады, як kiáulioti ’гадзіць, паскудзіць, швэндацца’, kiáuliotis ’свінячыць, бадзяцца’, якія паходзяць ад kiãule ’свіння’. Трэба адзначыць, што прыведзеныя прыклады семантычна не адпавядаюць беларускім словам, для якіх дамінантным значэннем было б ’нядужаць, слабець’. Можна, аднак, маючы на ўвазе ў аналагічных выпадках невядомую ўсходнебалтыйскую крыніцу, дапусціць наступныя семантычныя пераходы: ’швэндацца, бадзяцца’ > ’марудна рухацца’ > ’слабець, нядужаць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Накаса́цца ’навязацца, прычапіцца’ (Гарэц., Бяльк., Сцяшк. Сл., Юрч., Шн., Рам.), сюды ж на́кась ’назола’ (Яўс.), на́касць ’няшчасце, бяда’ (Сцяшк. Сл.), накаснік ’злыдзень’ (Полымя, 1980, 8, 253); параўн. таксама накасні́ць ’адабраць сілы’ (Сл. ПЗБ). Гл. касны ’дрэнны’, якое суадносяць з рус. касть ’свавольства, паскудства’, ’дрэнь, брыдота’ і інш., што, паводле Трубачова (Эт. сл., 9, 158), узыходзіць да прасл. дыял. *kastь, параўн. накасціцьпаскудзіць, брудзіць’ (Нас.). Параўн. таксама касі́цца ’спраўляць гулі’: Касяцца чорты у Радзіцком болоці (ТС). Не выключана, што дзеяслоў накасацца суадносіцца з рус. касаться ’дакранацца’, параўн. асабліва адкасацца ’адвязацца, адчапіцца’, гл. адкасывацца; у такім разе, магчыма, што пералічаныя вышэй словы могуць мець рознае паходжанне: словы са значэннем ’навязвацца, надаядаць’ належаць да *kasati (), што чаргуецца з часаць (Бернекер, 1, 491; Фасмер, 2, 206), астатнія да *kastь, што звязана з *kostь (Трубачоў, Эт. сл., 9, 157), гл. касці́ць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Паску́да, паску́дніца, паску́днік, по́скудзь, по́шкудзь ’брыдкі, агідны, несумленны чалавек’, ’неахайны, нядбайны, некультурны; брыдота’ (ТСБМ, Нас., Шат., Шпіл., Др.-Падб.; жытк., Мат. Гом.; КЭС, лаг.), ’бруд’ (Нас.; мазыр., Кар. Мат.), паску́ддзе ’дрэнь, брудныя лахманы’ (Нас.), чэрв. ’насякомыя і гады’ (Сл. ПЗБ), паску́ства, пашку́ства, пашку́цтва ’брыдота’, ’насякомыя і гады’, шчуч. ’хто сябе дрэнна паводзіць’, ігн. ’няяснае насенне’ (Сл. ПЗБ), паску́дны ’агідны, прыкры, благі’, ’непрыгожы, дрэнны’ (ТСБМ, Мал.; КЭС, лаг.; Сл. ПЗБ), паску́дзіць ’пакідаць бруд, псаваць, шкодзіць’ (ТСБМ, Нас., Шпіл., Шат., Касп.), пашкудзіць ’тс’ (гродз., шальч., Сл. ПЗБ). Укр. паску́д(а), паскудник, паскудний, рус. паскуда, паскудный, паскудница ’тс’, арл. паскудый ’бедны, мізэрны’; польск. paskuda, paskudnik, paskudny, paskudztwo, paskudziarz, славац. paskuda, paskudník, paskudný. Утвораны ад па‑ і скудн‑ый ’бедны, мізэрны’ (Праабражэнскі, 2, 20); апошняе ўзыходзіць да прасл. skód‑/skęd‑ (параўн. ашча́дны) (Брукнер, 398; Фасмер, 3, 212 і 661; Ліптак, SlReč, 38 (2), 1973, 127–128).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)