падкалупну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., каго-што.

Разм.

1. Калупнуўшы, падчапіць, прыпадняць. Падкалупнуць кнопку. Падкалупнуць штыком.

2. Аднакр. да падкалупіць (у 2 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падчэ́пліваць несов.

1. в разн. знач. подцепля́ть;

2. (задевая, поднимать вверх) поддева́ть;

1, 2 см. падчапі́ць

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

паддзе́ць, ‑дзену, ‑дзенеш, ‑дзене; зак., каго-што.

1. Тое, што і пададзець. Анісім пашкадаваў пра сябе, што не паддзеў пад спод ватовай камізэлькі. Сачанка.

2. Падчапіць чым‑н. Большы [зубр] спыніўся каля веласіпеда, абнюхаў яго і, матнуўшы галавой, паддзеў рогам за раму. Хадкевіч.

3. перан. Разм. Задзець субяседніка калючай заўвагай; укалоць. Да мяне ў гэты момант дайшло, што Алёшка не жартуе, хлопец ён, рашучы, ды яшчэ калі паддзенеш яго. Хадкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

схапі́ць, схаплю́, схо́піш, схо́піць; схо́плены; зак.

1. гл. хапа́ць.

2. што. Набыць, атрымаць, падчапіць якую-н. хваробу (разм.).

С. прастуду.

3. каго-што. Раптоўна і моцна праявіцца ў каго-н. (пра прыступ хваробы, болю; разм.).

Раптоўна схапіла мяне галава.

Жывот схапіла (безас.).

4. перан., што. Хутка засвоіць, успрыняць (разм.).

С. думку выкладчыка.

С. вокам (улавіць).

5. што. Перавязаць, абвязаць чым-н.

С. талію поясам.

6. што. Змацаваць, злучыць (спец.).

С. сцяну клямарам.

7. (звычайна з адмоўем), што і чаго. Паспець, справіцца зрабіць што-н. (разм.).

Адразу ўсё не схопіш.

|| незак. схо́пліваць, -аю, -аеш, -ае (да 4—6 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

зачапі́ць, ‑чаплю, ‑чэпіш, ‑чэпіць; зак., каго-што.

1. Захапіць, падчапіць (кручком, пятлёй і пад.). Зачапіць вядро на крук. Зачапіць бервяно бусаком. □ [Алеся] зачапіла хусткай чамадан, ускінула на плечы і рашуча перайшла чыгунку. Шамякін. // Рухаючыся, выпадкова закрануць што‑н., дакрануцца да каго‑н. На тратуарах было цесна, я баяўся, каб знячэўку каго не зачапіць, і стараўся ісці асцярожна. Скрыган. Рамізнік зачапіў воссю за вугал — пасыпалася парахня. П. Ткачоў.

2. перан. Зрабіць шкоду каму‑, чаму‑н., папсаваць. Зачапіў смерч край хлява, разбурыў, расшматаў. Асіпенка. — Дзеда ж тады ніводная пчала не ўкусіла, можа і мяне не зачэпяць. Якімовіч. // Усхваляваць, абудзіць якое‑н. пачуццё. [Ганна:] Зачапіла твая Люда яго маладое сэрца, — месца хлопец не знаходзіць сабе. Губарэвіч. // Разм. Зняважыць чые‑н. пачуцці, інтарэсы. Зачапіць самалюбства. Зачапіць гонар. / у безас. ужыв. Зачапіла Габруся. Балючае месца павярэдзілі. Ды смехам яшчэ. Шынклер.

3. Пачаць гаворку, размову з кім‑н., сказаць каму‑н. што‑н. Жанчыны, як знарок, не абганялі.. [Аксінню], доўга ішлі побач, пакуль хтосьці з іх не азваўся, не зачапіў яе. Ракітны. Жанчынам трэба было за што зачапіць язык. Пташнікаў. // перан. Закрануць у размове, гутарцы якое‑н. пытанне, тэму. За сталом ішла размова. Пра навуку, атам, космас, і зусім не выпадкова зачапілі бога ўскосна. Гілевіч.

•••

Зачапіць за жывое — усхваляваць; закрануць самалюбства.

Няма за што рук (рукі) зачапіць — тое, што і няма за што рук (рукі) зацяць (гл. зацяць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

схапі́ць, схаплю, схопіш, схопіць; зак., каго-што.

1. Узяць, злавіць хуткім, рэзкім рухам рук, зубоў і пад. Воўк схапіў авечку. □ Кандрат Бус, зачуўшы наезд польскай конніцы, схапіў кажух і шапку, адзеўся на хаду і кінуўся на задворкі. Колас. Боязна было зварухнуцца, думалася — гаспадар здагадаецца, што я там схаваўся, схопіць за каўнер і пачне лупцаваць. Бажко. [Вася] схапіў са сцяны бацькаву паляўнічую стрэльбу і без шапкі кінуўся на двор. Пальчэўскі. // Захапіць, злавіць як здабычу. — Унадзіўся падлюка-каршун лятаць, — паскардзіўся .. [дзед] бабцы Вікці. — Сёння зноў маладога пеўніка схапіў. Даніленка. / Пра дзеянне ветру, вады. А потым схопіць [вецер] снег шурпаты і сцебане ў шыбы ім. Свірка.

2. Сілай затрымаць каго‑н., не даючы пайсці, уцячы. Хлапчыну схапілі, выкруцілі назад рукі і адабралі гуркі. Карпаў. Да дзеда і Міколкі падскочылі салдаты, схапілі іх, звязалі рукі. .. Павялі ў склеп. Лынькоў. // Разм. Арыштаваць. — Сяргея схапілі, — дрыжачы ад узбуджэння, паведаміў [Лобік] як навіну. Навуменка. [Кірыл Іванавіч] яшчэ здолеў нейкім чынам перадаць аднаму з падпальшчыкаў, што яго збіраюцца схапіць, і такім чынам выратаваў чалавека ад смерці. Казлоў.

3. перан. Разм. Атрымаць, здабыць. Курорт яму [Мацею] падай, кватэру без чаргі, І прэмію схапіць не траціць ён надзею... Корбан. [Мікіта Мінавіч:] — А за ашуканства старога чалавека ты [Вара] ў мяне яшчэ спагнанне схопіш. Кулакоўскі. Але не заўсёды Лукашу шанцавала схапіць што. Бывалі дні, што, акрамя шчаўя, нічога больш не пападалася пад рукі. Лобан. Усе дзяўчаты вешаліся па яго [Сымона]. От і схапіла Аўдоцця шчасце. Чарнышэвіч. // Атрымаць дрэнную адзнаку на ўроку, экзамене. Схапіць двойку. // Нахапаць, узяць адкуль‑н., пераняць. [Астапчык:] — Пачопка кажа, што Павалковіч вялікі майстар кампіляцыі. Спіша, схопіць адтуль-адсюль, скампілюе і выдае за сваё. Машара.

4. Разм. Набыць, атрымаць, падчапіць (якую‑н. хваробу). [Ліда:] — Загадай .. [мужу] змоўкнуць, а то наглытаецца ветру і схопіць запаленне лёгкіх. Шамякін. — Яшчэ чаго не хапала! — фыркнула маці: — Схопіш якую-небудзь заразу і памрэш дачасна... Гарбук.

5. Разм. Раптоўна і моцна праявіцца ў каго‑н. (пра прыступ хваробы, болю). Памятаю, у той дзень бацьку нездаровілася — схапіў жывот. Дамашэвіч. На хвіліну якую Юрка ўспамінае, як яго схапілі былі дрыжыкі, калі ён, едучы з Разіна на Смыку, убачыў дым над сваёй хатай... Пташнікаў. / у безас. ужыв. Жывот схапіла. // Ахапіць раптоўна, адолець (пра пачуцці, стан і пад.). Дзядзьку схапіла злосць.

6. перан. Разм. Хутка ўспрыняць, зразумець, засвоіць. Схапіць думку субяседніка. □ Калгасныя курсанты, відаць, яшчэ сядзелі ў клубе над канспектамі, хапалі там тое, што не паспелі схапіць за дні вучобы. Шашкоў. Ты хочаш розумам схапіць, пра што зара з гарой гаворыць. Дубоўка. // Улавіць зрокам, слыхам. Часам Пятро схопіць вокам, непрыкметна ледзь павярнуўшы галаву, і кожны раз пазнае яе, Таццяну — у белым, вясельным убраны... Пестрак. Схопіць вачамі пачатак якога сказа, і ў думках самі сабой, як у той кінакарціне, адзін за адным мігцяць вабныя малюнкі. Шынклер.

7. перан. Разм. Прыкмеціўшы, раскрыць, адлюстраваць (звычайна ў творах мастацтва). На малюнку хлапчук даволі правільна схапіў прапорцыі. Асіпенка. Слова паэта імкнецца схапіць перажыванне ў момант яго працякання. Клышка.

8. Умела звязаць, абвязаць чым‑н. Схапіць валасы стужкай.

9. Спец. Змацаваць, злучыць. Схапіць бярвёны скрэпамі.

10. Спец. і разм. Застываючы, зацвердзяваючы, змацаваць, злучыць (пра якія‑н. рэчывы і пад.). Тарфяны попел схапіў, умацаваў пясок, атрымаўся рыхлы асфальт. Новікаў. // безас. Зацвярдзець, застыць (пра якое‑н. рэчыва). Бетон хутка схапіла. // Разм. Замарозіць. Лёд схапіў раку. / у безас. ужыв. Лужыны схапіла лёгкім марозікам.

11. (звычайна з адмоўем «не»). Разм. Паспець зрабіць што‑н. [Ульяна:] — А я, думаю, перабяру, а то калі будзем сеяць, дык потым усё не схопіш. Гаўрылкін. Была нядзеля. Праўда — як на заказ, і ўся вёска вываліла за Марозаву лазу схапіць і скласці ў стагі сваё сухенькае, як порах, сена. Ракітны. // Хутка арганізаваць, зрабіць што‑н. Схапіць таксі і паехаць.

•••

Схапіць бізуна — атрымаць лупцоўку.

Схапіць за руку — злавіць на гарачым учынку, на месцы злачынства.

Схапіць у абдымкі — абняць.

Трасцу схапіць — не атрымаць нічога.

Як вока схопіць гл. вока.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)