надрыва́ть несов.

1. (бумагу, ткань) наддзіра́ць; (верёвку и т. п.) надрыва́ць;

надрыва́ть конве́рт наддзіра́ць канве́рт;

2. (утомлять чрезмерным усилием) надрыва́ць, падрыва́ць;

надрыва́ть грудь надрыва́ць гру́дзі;

надрыва́ть го́лос надрыва́ць го́лас;

надрыва́ть ду́шу надрыва́ць душу́;

надрыва́ть свои́ си́лы надрыва́ць (падрыва́ць) свае́ сі́лы;

надрыва́ть живо́т (живо́тики) со́ смеху (от хо́хота) надрыва́ць (падрыва́ць) жыво́т (жываты́) ад сме́ху (з ро́гату);

надрыва́ть го́рло надрыва́ць го́рла;

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

хіста́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е; незак.

1. каго-што. Ківаць з боку ў бок.

Вецер хістае яліны.

2. чым. Рабіць хістальныя рухі чым-н.

Х. слуп.

3. перан., што. Рабіць няўстойлівым, падрываць.

Гэта хістала яго аўтарытэт.

|| аднакр. хісну́ць, -ну́, -не́ш, -не́; -нём, -няце́, -ну́ць; -ні́.

|| наз. хіста́нне, -я, н. (да 1 і 2 знач.).

|| прым. хіста́льны, -ая, -ае (да 1 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

дыскрэдытава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак. і незак., каго-што.

Падарваць (падрываць) давер’е да каго‑, чаго‑н., прынізіць (прыніжаць) чый‑н. аўтарытэт, значэнне. Дыскрэдытаваць ідэю. □ Панскія служкі абвінавачвалі літаратараў у антыпольскай крамоле, імкнуліся дыскрэдытаваць беларускую паэзію, адмаўляючы нават сам факт яе існавання. Хромчанка.

[Ад фр. discréditer.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тарпедава́ць, ‑дую, ‑дуеш, ‑дуе; зак. і незак., што.

1. Атакаваць тарпедаю; паразіць (паражаць) тарпедаю.

2. Спец. Узарваць (узрываць) зарад выбухнога рэчыва ў буравой свідравіне для расшырэння яе і павышэння адданы пласта.

3. перан. Падарваць (падрываць), парушыць (парушаць) знутры. Тарпедаваць дагавор аб раззбраенні.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сушы́ць, сушу́, су́шыш, су́шыць; су́шаны; незак.

1. што. Рабіць сухім (што-н. сырое, мокрае, вільготнае), трымаючы на паветры або ў цёплым месцы.

С. бялізну.

С. сена.

2. што. Нарыхтоўваць у запас, выдаляючы вільгаць з пладоў, раслін і пад.; высушваць, засушваць.

С. лекавыя травы.

3. перан., каго (што). Падрываць здароўе, знясільваць (разм.); рабіць чэрствым, нячулым.

Што ты сушыш сябе работай? Бяда сушыць жанчыну.

|| зак. вы́сушыць, -сушу, -сушыш, -сушыць; -сушаны.

|| наз. су́шка, -і, ДМ -шцы, ж. (да 1 і 2 знач.) і сушэ́нне, -я, н. (да 1 і 2 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

прадэманстрава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак., што.

Наглядна, публічна паказаць. Прадэманстраваць кінафільм. □ Прадстаўнікі Беларусі прадэманстравалі цікавыя праграмы, прысвечаныя прапагандзе спорту і турызму. «Звязда». На стале ў Панцеляймона Кандратавіча ляжаў кавалак рэйкі, тол. Ён тут жа прадэманстраваў, як і дзе трэба закладваць тол, падрываць рэйкі, каб іх нельга ўжо было выкарыстаць. Дзенісевіч. // Знарок падкрэсліць, праявіць, паказаць. Адзін бюргер выпіў залпам двухлітровы збан. Прычым прадэманстраваў сваю лоўкасць, падняў збан адной рукою, што не так лёгка зрабіць. Гурскі. [Юнак] стараўся прыслужыць.. [дзяўчыне], прадэманстраваць сваю адданасць і вернасць. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сушы́ць, сушу, сушыш, сушыць; незак., каго-што.

1. Рабіць сухім (што‑н. сырое, вільготнае, мокрае), трымаючы на паветры або ў цёплым месцы. Сушыць бялізну. □ Палажы сушыць валёнкі — Сам адпачывай. Астрэйка. Волька сядзела на печы — сушыла галаву пасля жыцця. Васілевіч. // і без дап. Рабіць празмерна сухім, пазбаўляючы неабходнай вільгаці. Сонца паліла няшчадпа, сушыла апошнія жнівеньскія травы. Шамякін. [Ліда] сама і не чула б, здаецца, таго, што ад рання сушыла смага. Брыль. / у безас. ужыв. А ў той год вельмі сушыла. Зямля, як жывая, енчыла, прасіла піць. Хомчанка. Ад смагі баляць патрэсканыя губы. Сушыць у роце. Сяргейчык. // Рабіць асушэнне, адводзячы ваду. А старыя і чуць не хацелі: — Не, не можна балота сушыць!.. Багун. // Выдаляць (ваду, вільгаць); асушаць. А як паднялося вышэй .. [сонца] і пачало сушыць расу на траве, тады павуціна доўгімі бліскучымі ніткамі пачала паўзці ў паветры. Нікановіч.

2. Нарыхтоўваць у запас, выдаляючы вільгаць з раслін, пладоў і пад.; высушваць, засушваць. Сушыць грыбы. □ Збіраў .. [Лявон] таксама розныя расліны і ягады, сушыў іх, потым даваў людзям ад розных хвароб. Кулакоўскі. Мяса .. [марскія людзі] не прывыклі запасіць надоўга, напрыклад, сушыць. Маўр.

3. перан. Разм. Падрываць здароўе, даводзячы да худзізны, знясілення. Гарачка сушыла сілы, як спякотлівы летні дзень высушвае расу. Асіпенка. Абхадзіў я за плугам палетак, Хоць яшчэ быў зусім малалетак. Працаваў аж да сёмага поту, Заядала, сушыла работа. Хведаровіч. // Мучыць, мардаваць. Твар [дзяўчынкі] быў учарнелы і завостраны. Вялікі неспакой сушыў яго. Чорны.

4. перан. Рабіць сухім, чэрствым, нячулым. У глыбокім маўчанні з прыроднаю сілай Зліваюцца душы, Збліжае нас час да [вячэрняга] схілу — А сэрцаў не сушыць! Буйло.

•••

Сушыць вёслы — трымаць вёслы над вадой, кінуўшы веславаць.

Сушыць галаву (мазгі) — клопатам, думкамі займаючы галаву, падрываць сабе здароўе.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хіста́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. каго-што. Прыводзіць у хістальны рух; ківаць з боку ў бок. Парывісты моцны вецер хістаў і згінаў вяршаліны дрэў, шкуматаў густую лістоту. Бяганская. Хістае вецер спелае палессе, І хваля хвалю гоніць — не кране. Тарас. // безас. Кідаць з боку ў бок (пры хваробе, стомленасці і пад.). Ад стомы яе [Надзю] хістала, шумела ў галаве, натруджаныя пальцы зводзіла сутарга. Бураўкін. Ледзь дачакалася [Ніна] раніцы. Трэба ісці на работу, а галава як волавам налітая, хістае ў бакі. Лобан. // Ківаючы, рабіць хісткім; расхістваць. Маладая дужая рука хістала крыж. Пташнікаў.

2. чым. Рабіць хістальныя рухі чым‑н. На голых, спаленых дзялянках Хвоі хістаюць задымленым веццем. Куляшоў. Бор наш сумнай хістаў галавой. Броўка.

3. перан.; што. Рабіць няўстойлівым; падрываць. Хістаць аўтарытэт. □ Моладзь несла вялікія страты заўжды — Ад асілкаў з далёкіх паданняў, былін, Што мячом і шчытом нашых продкаў былі, Да паўстанцаў, што трон самаўладдзя хісталі І свой лёс — на падбрэхічаў лёс не змянялі. Грачанікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Рот, ро̂т ’поласць паміж сківіцамі і шчокамі да глоткі’ (ТСБМ, Нас., Бес., Шат., Сл. ПЗБ, ТС, Бяльк., Стан., Юрч. Сін., Ян.), ’губы (нутро губы)’ (Дразд., Ян.), ’ляпа, пашча звера’ (Дразд.; паўд.-бел., ЛА, 1), ’паз у кароткіх бярвеннях, што кладуцца ў прасценкі’, ’зеў паміж верхнімі і ніжнімі ніткамі асновы’ (ТС). Укр. рот, ріт ’рот’, ’горла буча ці венцера’, рус. рот ’тс’, тул. рты ’губы’, стараж.-рус. рътъ ’вастрыё’, ’дзюба’; каш. retk ’мыс; каса, гак на возеры’, ’рукаў пяску’, ’яма на дне’, ’заліў’, ’лужа’ з незахаванага каш. ret (Борысь, SEK, 3, 179), палаб. råt ’морда, пашча, зяпа’, ’дзюба’, ’мурло’, в.-луж. rót, rot, ert ’рот’, чэш. ret ’губа’, славац. ret, rty ’вусны’, славен. ȓt ’вастрыё нажа’, ’вяршыня гары’, ’нос карабля’, серб. р̑т, харв. rȃt, ȓt ’мыс’, ’кончык нажа’, ’вяршыня’, ’верх чаго-небудзь’, макед. ʼрт ’мыс’, балг. рът ’узгорак, узвышша’, ц.-слав. рътъ ’нос (абутку, карабля)’, ’дзюба’, ’морда’. Прасл. *rъtъ ’нешта высунутае наперад ці ўверх; вострае заканчэнне, вяршыня чаго-небудзь’, якое з’яўляецца субстантывізаваным першасным дзеепрыметнікам *rŭ‑to‑, звычайна звязваецца з *ryti ’рыць’, *rъvati ’ірваць’ < і.-е. *reu̯‑ ’капаць, рыць’ (Міклашыч, 285; Праабражэнскі, 2, 217; Фасмер, 3, 506–507; Мюленбах-Эндзелін, 3, 565 дадаюць сюды яшчэ лат. rutulis ’драўляны кругляк, цурбалак’. Сной₂ (632) выводзіць прасл. *rъtъ з і.-е. *h3er‑ ’паднімацца, узвышацца, рухацца наперад’, якое захавалася ў ст.-грэч. ὄρνυμι, ὀρνύω ’паднімаю, хвалюю, пачынаю’, ст.-інд. ṛṇṓti ’рухацца, перамяшчацца’. Махэк₂ (513) без сумневу адносіць прасл. *rъtъ да роднасных ням. Rüssel ’рыла’, с.-в.-ням. rüezel < ст.-в.-ням. ruozzan ’капаць зямлю’, англ. root ’рыць зямлю, падрываць карані (пра свіней)’, англ.-сакс. wrōt ’рыць рылам (пра свінню)’, лац. rōstrum ’нос’, ’дзюба’ < rādo, ‑ere ’рыць, капаць, скрэбці’. Сюды ж рота́ты ’з вялікім ротам’, ’крыклівы, гарлапан’ (ТС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ко́рань, ‑я; мн. карані, ‑ёў; м.

1. Падземная частка расліны, пры дапамозе якой яна замацоўваецца ў зямлі і атрымлівае пажыўныя рэчывы. Галіністы корань. Вырваць дрэва з коранем. □ У глыб зямлі ўвайшлі Карані яго. Крэпка дуб стаіць, Не варушыцца! Колас. // Драўніна або рэчыва гэтай часткі расліны. Дзед кадраў у бары сасновых каранёў і пачаў плесці кош. Якімовіч. // Сцябло тытуню, з якога прыгатаўляюць махорку ​2. Пакрышыць корань. □ Дубовік зноў набіваў піпку, трушчачы ў потнай і цвёрдай руцэ карані самасаду. Сіўцоў.

2. Частка зуба, ногця, воласа і пад., якая знаходзіцца ў целе. Корань зуба. // Месца злучэння органа з целам. Корань языка.

3. перан. Пачатак, аснова, крыніца чаго‑н. Корань зла. Корань недахопаў. // Разм. Род, пачатак пакалення. — Няхай жа гарыць, выгарае [панскі палац], каб і кораня панскага не засталося... Лынькоў.

4. Асноўная частка слова (без суфікса і прыстаўкі), якая далей не раскладваецца на значымыя састаўныя часткі.

5. Матэматычная велічыня, якая пры ўзвядзенні яе ў пэўную ступень дае даны лік. Здабыць корань. Квадраты корань.

•••

Фіялкавы корань — карнявішча некаторых відаў касачоў, у склад якіх уваходзіць эфірнае масла.

Вырваць з коранем гл. вырваць.

Глядзець у корань гл. глядзець.

Корань жыцця — адна з назваў жэньшэня.

На корані — не зжаты, не скошаны (пра траву, злакі).

Пад корань — а) ля самай асновы (ссякаць, зразаць што‑н.). Высякаць лазу пад корань; б) зусім, канчаткова (разбураць, падрываць і пад.). Развіццё чыста капіталістычнай наёмнай работы падрывае пад корань сістэму адработкаў. Ленін; в) усіх пагалоўна, нікога не пакідаючы (нішчыць, забіваць і пад.).

Пусціць карані гл. пусціць.

У корані — а) абсалютна, зусім (не згаджацца з чым‑н.). — Не так, Мацвей Пятровіч. У корані не так. Ракітны; б) у самай аснове, карэнным чынам (змяняць і пад.). У выніку перамогі сацыялізма ў корані змянілася аблічча народнай гаспадаркі нашай краіны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)