па... і па-..., прыстаўка.

I. Утварае дзеясловы са знач.:

1) закончанасці дзеяння, напр.: паставіць, пабудаваць, паказаць;

2) пачатку дзеяння, напр.: паляцець, паехаць, папаўзці;

3) нязначнай ці няпоўнай меры дзеяння, што адбываецца на працягу кароткага часу, напр.: пагаварыць, паскакаць, паспаць;

4) набыцця большай ступені якасці, уласцівасці, напр.: пахарашэць, пасталець;

5) няпэўнай працягласці, паўторнасці дзеяння, напр.: пакурваць, пакрыкваць, пагойдваць;

6) дзеянняў, якія адносяцца да многіх асоб, прадметаў, напр.: пахавацца, памерзнуць, пападаць;

7) у спалучэнні з прыставачнымі дзеясл. (звычайна незак.):

а) распаўсюджанне дзеяння на ўсё, многія аб’екты, напр.: паабіваць (яблыкі з дрэва), павыносіць (мэблю з хаты), паналаджваць (станкі), парассяляць (студэнтаў па кватэрах);

б) утварэнне дзеяння ўсімі, многімі асобамі, напр.: паабмарожвацца, павысяляцца, панакрывацца;

в) празмернасць дзеяння, напр.: панакупляць (рознай дробязі), папахадзіць (хадзіць доўга, многа), папахварэць (хварэць доўга);

г) абмежаванасць меры дзеяння, напр.: павыжынаць, павыядаць.

II. Утварае:

а) прыметнікі са знач.:

1) адносін да кожнага з указаных прадметаў ці адпаведнасці чаму-н., напр.: пагалоўны, падэкадны, пасільны;

2) указання на час пасля чаго-н., напр., пасмяротны;

б) прыметнікі і назоўнікі са знач. указання на месцазнаходжанне паблізу чаго-н., напр.: пагранічны, памор’е.

III. 3 прынал. займ. утварае прыслоўі са знач.:

1) у адпаведнасці з чыім-н. меркаваннем, жаданнем, напр.: па-свойму, па-твойму, па-нашаму;

2) з прыметнікамі ўтварае прыслоўі спосабу дзеяння, напр.: па-новаму, па-беларуску, па-казацку.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Калашма́ціць ’шматаць, кудлачыць, тармасіць’ (ТСБМ), ’моцна тузаць, цягаць, стараючыся разадраць, пашматаць’ (ТСБМ), ’біць, калаціць’ (ТСБМ), калышмаціць ’растрасаць; лахмаціць; валтузіць’ (Яўс.), колошмаціць ’лупцаваць (чым-н.) цвёрдым па тулаву і галаве’ (жытк., Нар. словатв.). Статус слова не вельмі ясны: лінгвагеаграфія ўказвае як быццам на пагранічны да рус. гаворак арэал. Паводле нашых звестак, слова вядома прынамсі ў Мінскай вобласці, што разам з жытк. прыкладам знімае неабходнасць меркаваць аб уплыве рус. гаворак. З адпаведнікаў да бел. слова можна прывесці рус. колошматить ’несці лухту’, што дазваляе меркаваць аб бесперапынным характары распаўсюджання слова ў гэтай зоне. У іншых слав. мовах адпаведнікі да гэтых лексем як быццам адсутнічаюць; што датычыць формы, у рус. мове адзначаны яшчэ колошмачить ’біць, калаціць, калашмаціць’, колошмятить ’тс’. Адносна ўкр. матэрыялу нічога пэўнага сказаць нельга, па гэтай прычыне ўтварэнне можна разглядаць як рэгіянальную рус.-бел. інавацыю. Этымалагічна слова можа ўзыходзіць да колотить, аднак цяжка вытлумачыць наяўную устаўку, якая не нагадвае экспрэсіўныя структуры (экспрэсіўную суфіксацыю, інфіксацыю). Паводле семантычнага крытэрыю цяжка думаць аб суаднесенасці гэтага слова і адзначанага толькі ў бел. мове калашман, калашматы (гл. вышэй). Магчыма, калашмаціць неабходна разглядаць як складанае слова, у якім другую частку можна суаднесці са шматаць. Першая частка можа разглядацца як экспрэсіўны кампанент (аб паходжанні гл. меркаванні пад каламуціць, калатырыць), узмацняючы семантыку зыходнага слова. Аднак поўнаму прыняццю гэтай версіі перашкаджаюць некаторыя недакладнасці словаўтварэння. Рус. наўг. коломшить і валаг. коламяшить семантыка адпавядае бел. калашмаціць. Не выключана, што гэтыя прыклады сведчаць аб магчымасці іншай этымалогіі другой часткі і розных як фармальных (метатэза, збліжэнне з іншымі словамі), так і семантычных працэсах. На жаль, наяўны матэрыял не дазваляе меркаваць аб гэтым з упэўненасцю.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

па..., прыстаўка.

I. Ужываецца для ўтварэння дзеясловаў і абазначае: 1) закончанасць, завяршэнне дзеяння, напрыклад: паставіць, пабіць, пакінуць, пабудаваць, паклікаць, паказаць; 2) пачатак дзеяння, напрыклад: паехаць, паляцець, пакаціць, папаўзці; 3) абмежаванасць працягласці дзеяння, напрыклад: папісаць, пакамандаваць, пагуляць, пасядзець, пакрычаць; 4) набыццё большай ступені якой‑н. якасці, уласцівасці, напрыклад: пачырванець, пабялець, пахарашэць, пасталець; 5) няпэўную працягласць, паўторнасць дзеяння (часта з адценнем непаўнаты, невялікай меры дзеяння), напрыклад: паглядваць, пакурваць, пакрыкваць, пагойдваць; 6) ахоп дзеяннем, станам усіх, многіх асоб або пашырэнне дзеяння на ўсе, многія аб’екты, напрыклад: памерзнуць, пападаць, пахавацца, пакасіць (усе сенажаці), пакалоць (усе дровы); 7) у спалучэнні з прыставачнымі дзеясловамі (звычайна незакончанага трывання) абазначае: а) распаўсюджанне дзеяння на ўсе, многія аб’екты, напрыклад: паабіваць (яблыкі з дрэва), павыносіць (мэблю з хаты), паналаджваць (станкі), парассяляць (студэнтаў па кватэрах); б) утварэнне дзеяння ўсімі, многімі асобамі, напрыклад: паабмарожвацца, павысяляцца, падалучацца, панакрывацца; в) празмернасць дзеяння, напрыклад: панакупляць (рознай дробязі), папахадзіць (доўга, многа), папахварэць (доўга); г) абмежаванасць меры дзеяння, напрыклад: павыжынаць, павыядаць.

II. Ужываецца для ўтварэння прыметнікаў і надае ім наступныя значэнні: 1) які адносіцца да кожнага з указаных прадметаў, напрыклад: пагалоўны, падэкадны, пагадзінны, памесячны; 2) які адпавядае чаму‑н., напрыклад: падаходны, пасільны; 3) які адносіцца да часу пасля чаго‑н., напрыклад: пасмяротны, парэформенны; 4) які знаходзіцца, размешчаны ўздоўж, каля чаго‑н., напрыклад: пагранічны, паморскі, паволжскі.

III. Ужываецца для ўтварэння прыслоўяў: а) у спалучэнні з прыметнікамі ўтварае прыслоўі спосабу дзеяння, напрыклад: па-новаму, па-руску, па-нямецку; б) у спалучэнні з прыналежнымі займеннікамі ўтварае прыслоўі са значэннем: у адпаведнасці з чыім‑н. жаданнем, меркаваннем, напрыклад: па-мойму, па-твойму, па-нашаму.

IV. Утварае назоўнікі са значэннем блізкага размяшчэння ўздоўж чаго‑н., напрыклад: пагранічча, памор’е.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)