адзеравяне́лы, ‑ая, ‑ае.

1. Які стаў цвёрдым, як дрэва; ператварыўся ў драўніну. // перан. Анямелы, здранцвелы. // перан. Нерухомы, застылы.

2. перан. Безуважны, абыякавы да навакольнага. Піліпчык прабадзяўся тут [у родным кутку] чатыры дні і здавалася, што ён быццам адзеравянелы. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

неміга́ючы, ‑ая, ‑ае.

1. Пільны, нерухомы (пра погляд, вочы і пад.). Гарачыя, як вугалі, глядзелі на каменданта немігаючыя заняпалыя вочы чалавека. Лынькоў. Хлопчык немігаючымі вачыма сачыў за .. тварам [Дзянісава]. Гамолка.

2. Які не мігае пры гарэнні. Немігаючы агонь.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

аслупяне́лы, ‑ая, ‑ае.

Які стаў нерухомы ад моцнага ўзрушэння; анямелы ад здзіўлення. Скончыўшы чытаць,.. [дзяўчына] нейкі час стаяла ў аслупянелай задуме і раптам прытулілася ілбом да дрэва і заплакала. Чорны. Анежка стаяла, аслупянелая ад нечаканасці, глядзела ўслед Алесю. Броўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

неподви́жный

1. (недвижимый) нерухо́мы;

неподви́жная звезда́ нерухо́мая зо́рка;

2. (не отличающийся живостью) неруха́вы;

неподви́жное лицо́ неруха́вы твар;

неподви́жный челове́к неруха́вы чалаве́к.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

сто́йка¹, -і, ДМ сто́йцы, мн. -і, сто́ек, ж.

1. У гімнастыцы і ў страі: пастава цела чалавека, пры якой рукі апушчаны, корпус нерухомы і прамы, ногі выпрастаны і пяткі пастаўлены разам.

2. У гімнастыцы: пастава цела галавой уніз, пры якой апорай з’яўляюцца выцягнутыя рукі або галава, а ногі вертыкальна падняты ўверх.

С. на руках.

С. на галаве.

3. Нерухомая поза паляўнічага сабакі, калі ён напаткаў дзічыну.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

дзеравя́ны, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. Зроблены з дрэва; драўляны. Дзеравяны ложак, прыбраны сціпла і чыста, прытуліўся да акна. Мурашка. Пад самаю паліцаю, ля сцяны па ўслончыку, стаіць дзеравянае вядро з вадою. Сабаленка.

2. перан. Нерухомы, нежывы. Дзеравяны твар. // Невыразны, бясстрасны. — Ну на табе! Кахаю!.. — вымармытаў я глухім дзеравяным голасам. Карпюк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чалаве́чак, ‑чка, м.

Памянш.-ласк. да чалавек (у 1 знач.). Потым [Віця] ўзяў дубец і намаляваў побач са сваёй школай чалавечка з вялікім партфелем. Каліна. / у пагард. ужыв. — Хітрыў, гад... Баяўся, каб мы не заўважылі яго адсутнасці раней, чым яму трэба было. Подленькі быў чалавечак. Машара. // Пра дзіця. Маленькі чалавечак, загорнуты ў прасцірадлы, захутаны ў кажух, ляжаў там, ляжаў нерухомы, бездапаможны. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спако́йны, -ая, -ае.

1. Які знаходзіцца ў стане спакою, маларухомы або нерухомы.

Спакойная рака.

Сядзець спакойна (прысл.).

2. Які выражае спакой (у 2 знач.), без душэўных трывог, перажыванняў.

Спакойнае жыццё.

На сэрцы спакойна (прысл.).

3. Стрыманы, ураўнаважаны, ціхмяны, які нікога не раздражняе.

С. конь.

Спакойнага нораву чалавек.

4. Роўны ў сваім працяканні.

Спакойная хада.

Спакойная гутарка.

5. Не ваенны, мірны.

С. час.

6. Які нічым і нікім не парушаецца, адбываецца ў спакоі.

Спакойная старасць.

7. Прыемны для вока (пра святло, фарбы і пад.).

Спакойныя фарбы пейзажаў.

Спакойнае, мяккае святло.

|| наз. спако́йнасць, -і, ж.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

змярцве́лы, ‑ая, ‑ае.

1. Які страціў адчувальнасць, стаў мёртвым (пра клеткі, тканкі, часткі цела). Змярцвелыя тканкі. Змярцвелая рука. / Пра расліны, лісце. Змярцвелае лісце на дрэвах.

2. перан. Нерухомы, застылы, пазбаўлены жыцця. Кірыла быў хваравіты, на дзіва непрыгожы хлопец, са змярцвелым худым тварам. Лупсякоў. Хвіліну .. [хлопчык] стаяў змярцвелы, трываючы востры і няспынны звон у вушах. Быкаў. // Апусцелы, заціхлы. Бялявыя зімовыя хмары нізка навіслі над змярцвелаю зямлёю. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Мёртвы, ме́ртву, мэ́ртвы, ма́ртвы ’нябожчык, нежывы чалавек’, ’нерухомы, бледны’, ’пустынны, бясплодны’, ’нямы’, ’ціхі’ (ТСБМ, Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС), ст.-бел. мертвый, мерътвый ’не жывы’ (Булахаў, Гіст., 131). Укр. мертвий, рус. мёртвый, польск. martwy, в.-луж. morwy (mortwy), чэш. mrtvý, славац. mŕtvy, славен. mrtèv, mŕtev, серб.-харв. мр̀тав, мр̑тви, макед. мртов, балг. мъртъв, ст.-слав. мрътвъ. Прасл. mьrtvъ; і.-е. адпаведнікі: ст.-інд. mr̥tá‑h ’мёртвы’, авест. mə́rə́ta‑ ’памерлы’, афганск. mə́r̥‑ ’тс’, ст.-грэч. эольск. βμοτός ’паміраючы’, лац. mortuus, гоц. maúrþr < і.-е. *mr̥tos, якое па аналогіі да živъ атрымала канчатак ‑vъ (Мее, 306, 388; Траўтман, 187; Покарны, 469; Фасмер, 2, 606; Бязлай, 2, 204).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)