АВАРО́Т (вярчэнне) у геаметрыі, від руху, пры якім хоць адзін пункт прасторы застаецца нерухомы. Пры авароце на плоскасці ёсць толькі адзін нерухомы пункт — цэнтр авароту; пры авароце ў прасторы ёсць адна нерухомая прамая — вось авароту. Кожны рух у прасторы, які адрозніваецца ад зруху і люстранога адбіцця, можна атрымаць шляхам авароту вакол некаторай (імгненнай) восі і наступнага зруху ўздоўж гэтай восі (вінтавы рух).

т. 1, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЫЕНЦІ́Р,

1) добра бачны на мясцовасці нерухомы прадмет або элемент рэльефу, па якім можна арыентавацца на мясцовасці.

2) У пераносным значэнні — кірунак дзейнасці, мэта, устаноўка.

т. 2, с. 6

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПЯРЭ́ННЕ самалёта,

аэрадынамічныя паверхні, прызначаныя для забеспячэння ўстойлівасці і кіроўнасці самалёта. Бывае вертыкальнае (нерухомы кіль з рухомым рулём напрамку) і гарызантальнае (нерухомы ці рухомы стабілізатар з рухомым рулём вышыні або рухомы стабілізатар без руля). Асн. тыпы апярэння: аднакілевае з ніжнім размяшчэннем гарыз. апярэння (звычайнае), T- і V-падобнае, двухкілевае. Звычайна апярэнне размяшчаюць на хваставой частцы фюзеляжа. Ёсць таксама самалёты толькі з верт. апярэннем на канцах крыла, з гарыз. на пярэдняй частцы фюзеляжа і інш.

Апярэнне самалёта: а — звычайнае; б — T-падобнае; в — двухкілевае; 1 — стабілізатар; 2 — руль вышыні; 3 — кіль; 4 — руль напрамку.

т. 1, с. 442

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭФІБРА́ТАР (ад дэ... + лац. fibra валакно),

апарат для прыгатавання драўнянай масы пры вытв-сці драўняна-стружкавых пліт, паперы і інш. Рабочыя органы — нерухомы і рухомы метал. дыскі, паміж якімі сціраецца папярэдне прапараная здробненая драўніна, атрыманая на рубільных машынах з балансаў або адходаў лесапілавання.

т. 6, с. 364

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯРЧЭ́ННЕ ў матэматыцы,

асобны выпадак руху, пры якім нерухомым застаецца не менш як адзін пункт прасторы. Пры вярчэнні на плоскасці нерухомы толькі 1 пункт (цэнтр вярчэння), у прасторы — 1 прамая (вось вярчэння). Адрозны ад зруху і люстранага адбіцця рух у прасторы атрымліваецца шляхам вярчэння вакол некаторай восі і зруху ўздоўж гэтай жа восі (вінтавы рух).

т. 4, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГО́НЬ (ваен.),

стральба з розных відаў агнястрэльнай зброі, адзін з асн. сродкаў знішчэння і паражэння праціўніка.

Адрозніваюць агонь адзіночнымі выстраламі, залпавы, бесперапынны; па напрамках — перакрыжаваны, франтальны, флангавы; можа быць беглы, кінжальны, масіраваны, метадычны і інш., з артыл. сістэм — сканцэнтраваны, рухомы і нерухомы загараджальны, паслядоўны, агнявы вал і інш. Агонь уключае таксама пуск ракет у звычайным начынні.

т. 1, с. 79

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫПА́Й,

нерухомы марскі лёд, што ўтвараецца ўздоўж узбярэжжа. Прымацаваны да берага ці ледзянога бар’ера, знаходзіцца паміж водмелямі або айсбергамі, што селі на водмель. Можа ўтварацца натуральным шляхам з марской вады або ў выніку прымярзання да берага дрэйфуючага лёду. Працягласць ад некалькіх метраў да соцень кіламетраў. П., які ўзвышаецца больш як на 2 м над узр. м., наз. шэльфавым лёдам.

т. 13, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РОЛ (ням. Rolle ролік, каток),

апарат перыядычнага дзеяння для размолу валакністых матэрыялаў у вытв-сці паперы і кардону. Рабочае прыстасаванне — 2 камплекты нажоў: нерухомы на планцы і вярчальны на барабане. Устанаўліваецца ў спец. ванне, куды загружаюць валакністыя матэрыялы, змяшаныя з вадой. З’явіліся ў канцы 17 ст. Замяняюцца канічнымі млынамі (складаюцца з канічнага ротара з замацаванымі на ім нажамі і кажуха з такімі ж зубамі) і дыскавымі рафінёрамі.

т. 13, с. 403

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯГЕ́ННЫЯ АСА́ДКІ,

усе віды адкладаў на паверхні Зямлі, якія ўтвараюцца пры пераходзе асадкавага арган. рэчыва з рухомага, завіслага або растворанага (у паветр. ці водным асяроддзі) у нерухомы стан (асадак). Утвараюцца на дне рэк, азёраў, мораў, акіянаў і інш., а таксама на паверхні сушы як вынік жыццядзейнасці арганізмаў (дыятомавыя і фарамініферавыя глеі, сапрапелі, тарфянікі, ракушачнікі і інш.). У сувязі з забруджваннем антрапагенным у біягенных асадках могуць назапашвацца незвычайна высокія мясц. канцэнтрацыі некаторых рэчываў, зрэдку ядавітых.

т. 3, с. 168

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЭРАСТА́Т (ад аэра... + грэч. statos стаячы, нерухомы),

лятальны апарат, лягчэйшы за паветра. Пад’ёмная сіла аэрастата ствараецца змешчаным у абалонку газам (вадарод, гелій, цёплае паветра і інш.), шчыльнасць якога меншая за шчыльнасць паветра. Адрозніваюць аэрастаты кіроўныя (дырыжаблі, матарызаваныя аэрастаты з рухавікамі і паветранымі вінтамі), некіроўныя (паветраныя шары, радыёзонды, стратастаты і інш.) і прывязныя (для назірання ці загароды). Кіроўныя і некіроўныя аэрастаты выкарыстоўваюць для даследавання атмасферы Зямлі і ў спорце, прывязныя — у метэаралогіі, ваен. справе і інш. Гл. таксама Паветраплаванне.

т. 2, с. 174

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)