Ру́хнуць1 ’абваліцца, упасці пад дзеяннем уласнага цяжару’; перан. ’перастаць існаваць, знікнуць’ (ТСБМ). Рус. ру́хнуть, польск. runąć ’упасці, зваліцца, распасціся; раптоўна рушыць з месца, рынуцца’, ст.-польск. ’грукнуць, загрымець, зарыкаць, зараўці’, ст.-чэш. runúti ’упасці, зваліцца’, балг. ру́хна ’упасці з шумам, разваліцца’. З прасл. *ruxnǫti < *ruxati, *rušiti ’прымушаць рухацца, надаваць рух, піхаць, штурхаць, варушыць, перакульваць, звальваць’ (Борысь, 527), гл. рушыць.

Ру́хнуць2 ’сказаць невыразна і зняважліва’ (мсцісл., Юрч. Сін.). Магчыма, ад рух (гл.), параўн. бу́хнуць ’сказаць нечакана і неабдумана’, бра́знуць ’сказаць неасцярожна’ (Юрч. Сін., 189–190), аднак, больш верагодна з рухаць2 (гл.).

Ру́хнуць3 ’кінуцца’: рухнулі свінья (саліг., Нар. словатв.), ’крануць, зрушыць’, ’хутка пайсці, рынуцца’, рухну́ць ’тс’ (ТС); рухну́цца ’рушыцца, крануцца’ (там жа). Да рухнуць1 (гл.). Версія пра сувязь не з рухаць, рушыць, а з гукапераймальным рухаць (рюхаць) ’падаваць гукі (пра свіней)’ (гл. рухаць2, рохаць) (Нар. словатв., 112) непераканаўчая.

Ру́хнуць4 ’прапасці (пра зімовую дарогу)’ (круп., Нар. сл.; ТС), рухну́ць ’тс’ (ТС). Канкрэтызацыя значэння ’перастаць існаваць, знікнуць’ слова рухнуць1 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

паро́ць, пару, пораш, пора; незак., каго-што.

1. Калоць, тыкаць чым‑н. вострым. — Капешка саломы на гумне стаяла, дык.. [немцы] шомпаламі яе поруць, партызан шукаюць. Сіняўскі. Каця прыкладам пачала пароць снег, выкапала нейкі каменьчык. Карпюк. // Разбураць, спорваць, зрываць. Пеця расказваў мне, як некалі пароў ён гнёзды на ліпах у былым панскім маёнтку. Мыслівец.

2. Разразаць ніткі, якімі што‑н. зашыта; распорваць, расшываць. Пароць старую адзежыну.

3. Разм. Бадаць. Каровы поруць адна адну.

4. Колючы, тыкаючы чым‑н., прымушаць вылезці адкуль‑н.; выпорваць. Да Толі з Алесем прыходзілі яшчэ Валодзя і Сцёпка, і разам яны паролі тых трусоў з малінніку тычкамі. Брыль. // Выганяць, праганяць. [Антось:] — Калі б мелі свой кавалачак зямлі, то.. — ніхто не пароў бы, з месца не гнаў бы. С. Александровіч.

•••

Глупства пароць — гаварыць, рабіць абы-што.

Пароць гарачку — рабіць што‑н. неабдумана, паспешліва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́скачыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак.

1. Скочыўшы, пакінуць якое‑н. месца, з’явіцца адкуль‑н., дзе‑н. Выскачыць з акна. □ Да левага берага Дзвіны прычаліла лодка. З яе выскачыў рослы, шырокі ў плячах мужчына. Грахоўскі. Вепр дзіка рохкнуў, выскачыў з рова і ўпаў на снег. Колас.

2. Нечакана выпасці, вылецець. Нітка выскачыла з іголкі. □ Накрыўка ў бойцы выскачыла і ўся смятана вылілася. Якімовіч.

3. Разм. Таропка, хутка выбегчы, выехаць; вылецець. Чалавек паспешна схваціў пад паху шапку.., і выскачыў за дзверы. Чорны. Раптам за мостам застракатала, і з-за павароту шашы выскачылі матацыклісты. Шамякін.

4. перан. Разм. Недарэчна ўмяшацца ў якую‑н. справу. Выскачыць са сваёй прапановай.

5. перан. Нечакана ўзнікнуць; вырасці. На правай плоскасці [самалёта] выскачылі языкі полымя. Алешка. Дзе-нідзе ўжо выскачыла першая зялёная траўка. Якімовіч.

•••

Выскачыць замуж — паспешна, неабдумана або вельмі рана пайсці замуж.

Выскачыць (вылецець) кулём (куляю) — імкліва выбегчы, выехаць.

Выскачыць з галавы (з памяці) — тое, што і вылецець з галавы (з памяці) (гл. вылецець).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ля́паць1, ля́пыць, ле́патэ ’ўтвараць рэзкі стук, шум пры ўдарах, штуршках; удараць з ляскам’, ’біць, можна стукаць па чым-небудзь’, ’клекатаць (пра бусла)’, ’ляскаць зубамі’, ’пазяхаць, адкрываць і закрываць рот’ (Нас., ТСБМ, Мядзв., Гарэц., Растарг., Бяльк., Шат., Ян., Мат. Гом., Сл. ПЗБ), ’жраць’ (Мат. Гом.), ’трашчаць бразготкай’ (швянч., Сл. ПЗБ); ля́пнуць ’прапасці, згінуць’ (Сцяшк.), ’упасці з шумам’ (Нас., Грыг.), ’выцяць, ударыць’ (КЭС, лаг.), ля́пнуцца ’ўпасці’ (Шат., ТСБМ). Укр. ля́пати, рус. ля́пать, н.-луж. lapaś, в.-луж. lapać, мар. ľapat, славац. ľapac, славен. lapati, серб.-харв. ла́пати, макед., балг. ла́пам. Прасл. lʼapati ’ўдараць, моцна стукаць, пляскаць’, ’жраць, есці ўголас’. Гука- і рухапераймальнае ад ляп! Незалежна ўтвораны аналагічныя ўтварэнні ў іншых і.-е. мовах: літ. lapénti, lapóti, tapsė́nti (< lap! — для выражэння падзення, цяжкага ступання, хуткага хапання), ст.-грэч. λάπω ’ліжу’, ’жру, хлябчу’, арм. lapʼem ’лізаць’, ням. lappen ’тс’, ’хлябтаць’, алб. lʼap ’тс’, франц. laper ’хлябтаць’ (Бернекер, 1, 690; Слаўскі, 4, 50–51; Махэк₂, 320; Фасмер, 2, 552).

Ля́паць2 ’гаварыць бязглуздзіцу’, ’гаварыць рэзка, нетактоўна, неабдумана’ (Нас., ТСБМ, Касп., Мат. Гом., Растарг., КЭС, лаг.; міёр., Нар. лекс.; в.-дзв., свісл., Сл. ПЗБ). Да ля́па1 (гл.). Сюды ж ляпа́цца ’хваліцца’ (дзятл., Сцяшк. Сл.).

Ля́паць3 ’падаць (пра снег)’ (паст., воран., шальч., Сл. ПЗБ), ’пляскаць, плюхаць’ (ТС), ганц. ля́пацца ’падаць (пра снег)’. Да ля́па3 (гл.). Відавочна, у гэтых лексем пазней развілося рухапераймальнае значэнне ’кідаць густое, ліпкае’, ’кідацца чым-небудзь ліпкім’ (ТСБМ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

бу́хнуць 1, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак. і аднакр.

Разм.

1. Утварыць глухі адрывісты гук; грымнуць. Раптам бухнуў гарматны стрэл. Шамякін. І далёка за чаротам Бухнуў, нібы ў кадзь, бугай. Колас. Запішчала скрыпка, заліўся гармонік, бухнуў барабан — маладых, як толькі яны паказаліся ў канцы сяла, сустракалі з маршам. Васілевіч. // Раздацца, пачуцца нечакана, з сілай. Бухнуў рогат. // З сілай вырвацца, памкнуцца. Яму [Сымону] усё цёмна, невядома... І раптам бачыць — бухнуў дым, Як вата белы, а за ім Агонь прарваўся з-пад саломы. Колас.

2. Стукнуць, ударыць; стрэліць. Матрос яшчэ раз бухнуў у дзверы і раптам заціх, прысеў побач са Сцёпкам, уздыхнуў. Хомчанка. Не спяшаючыся, адчыніў [шафёр] дзверцы, вылез з кабіны, бухнуў нагою па пакрышцы, чакаючы, пакуль падыдуць пасажыры. Скрыган. [Аляксей:] — Адыдзіце ад акна, а то яшчэ каменнем дадуць. А могуць і з абрэза бухнуць. Сабаленка.

3. каго-што. З сілай кінуць. Госць спрытна адарваў гаспадара ад падлогі, закруціўся з ім, потым падставіў «ножку» і бухнуў яго ў бярлог. Колас.

4. безас. у знач. вык. Ударыць, стукнуць, грымнуць. — Бах! — гулка бухнула дзесьці непадалёку. Хомчанка.

5. Тое, што і бухнуцца. Бухнуць у ваду. □ Бабка Наста кулём скацілася з печы і бухнула ў ногі рыжаму пану. Колас. Галодны і стомлены за ўсе гэтыя дні, не прыглядаючыся да месца, я, што нежывы, бухнуў у лазу тут жа ля берага. Адамчык.

6. Уліць, усыпаць, укінуць адразу ў вялікай колькасці. Бухнуць солі ў суп. Бухнуць вядро вады ў кацёл. Бухнуць усё масла ў кашу.

7. перан. Сказаць, зрабіць што‑н. нечакана, неабдумана. Яна ў тэатры спявае, і нават яму прыносіла білет у тэатр, дык ён, дурань, бухнуў, што нічога не разумее ў гэтых яе операх. Васілевіч.

бу́хнуць 2, ‑не; пр. бух, бухла; незак.

Пашырацца, павялічвацца ў аб’ёме ад вільгаці; разбухаць. Зямля вохкала пад нагамі, стагнала, бухла. Бядуля.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кі́дацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Мітусліва рухацца. [Карась] кідаўся па днішчы лодкі і зяхаў жабрамі. Лобан. // Рассыпацца, разбягацца (пра многіх). Жывёла кідаецца ў бакі, топча спелае жыта. Паўлаў.

2. Разм. Жыць у беднасці, горы; перабівацца. Кідаецца, б’ецца Сцяпан: і ў сваёй гаспадарцы ўсё перарабіць і на людзей, як вол, варочае. Чарнышэвіч. // Гадавацца без патрэбных умоў, без належнага догляду. Дома дзед і бабка не вельмі былі рады лішняму роту, але ўжо калі з’явіўся чалавек на свет, дык нічога не паробіш, як-небудзь няхай кідаецца. Астрэйка.

кіда́цца, а́юся, ‑а́ешся, ‑а́ецца; незак.

1. Кідаць у каго‑, што‑н. чым‑н. або адзін у аднаго. Кідацца снежкамі. □ Між парт гойсалі вучні, кідаліся шапкамі. С. Александровіч. // перан. Не даражыць кім‑, чым‑н. Кідацца грашамі. □ [Наталля:] Харошыя людзі не так часта трапляюцца, каб імі кідацца. Крапіва.

2. Спешна накіроўвацца, бегчы куды‑н., да каго‑, чаго‑н. Выскаквалі з двароў дзеці, стрымгалоў кідаліся да калёс, крычалі на ўсе галасы: — Вяселле едзе! Лынькоў. Шэсць чалавек на конях кідаюцца на дарогу ў бок лясоў. Чорны. // Парывацца, імкнуцца да каго‑н. з якімі‑н. пачуццямі. Кідацца на шыю. □ Шалёхін парывіста ўстае, кідаецца да дзеда Талаша. Колас. // Нападаць, накідвацца на каго‑, што‑н. Сабака кідаецца на незнаёмага. □ Заўважыў Патапавіч вулей таму, што гулі пчолы і падчас кідаліся на чалавека. Кулакоўскі. // З прагнасцю брацца, прымацца за што‑н. Кідацца на ежу. □ — Здавалася б, адпачываць трэба, а ён кідаецца, як галодны, на работу. Чыгрынаў.

3. Тое, што і кідацца (у 1 знач.). Кідацца ў гарачцы. Кідацца ў сне.

4. (з інф. і са словамі, якія абазначаюць дзеянне). Паспешліва, імкліва пачынаць якое‑н. дзеянне. Кідацца дапамагаць. Кідацца ў спрэчку. □ [Толік] прычапіўся на вуліцы да Максіма, кідаўся біцца. М. Стральцоў.

5. Разм. Скакаць, падаць уніз. Мужчыны распраналіся ў лесе, пад дубамі, і з высокага абрыву кідаліся ў ваду. Шамякін. // Імкліва садзіцца, класціся. Рыгор кідаўся ў падушку і засыпаў. Гартны. [Коля] усх[оплі]ваўся, а пасля зноў кідаўся на ранейшае месца. Чорны.

6. Зал. да кідаць (у 1, 2 знач.).

•••

Кідацца словамі — гаварыць неабдумана, не адказваючы за свае словы.

Кідацца ў абдымкі да каго — наладжваць блізкія сяброўскія адносіны з кім‑н., выяўляць асаблівую прыхільнасць да каго‑н.

Кідацца ў амбіцыю — пакрыўдзіўшыся, выказваць нязгоду, незадавальненне.

Кідацца ў вочы — прыцягваць увагу, быць асабліва прыметным.

Кідацца ў істэрыку — выяўляць ва ўчынках і ў паводзінах вялікую нястрыманасць, узбуджанасць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)