галу́н 1, ‑у, м.

Падвойная сернакіслая соль алюмінію, марганцу і інш. (у крышталічнай форме скарыстоўваецца ў тэхніцы, а таксама для спынення крыві пры парэзах).

галу́н 2, ‑а і ‑у, м.

1. ‑у. Залатая, сярэбраная або мішурная тасьма, якая нашываецца на форменнае адзенне. Нашыць палоскі з галуну.

2. ‑а. Нашыўка з гэтай тасьмы. На сонцы зброя залаціцца, і ззяе шоўк і галуны. Машара.

[Фр. galon.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пятлі́ца, ‑ы, ж.

1. Абкіданая або нашыўная пятля на верхняй вопратцы. Зарагатала [дзяўчына] і рукой Паправіла ў пятліцы астру. Аўрамчык.

2. Каляровая нашыўка на каўняры, грудзях форменнага адзення, якая служыць знакам адрознення. Адзін з вайскоўцаў, у якога на пятліцах былі два кубікі, трымаў напагатове аўтамат, другі, старшы палітрук, — карабін. Новікаў. Па тры на грудзях чырванелі пятліцы; Шапталі пры стрэчы ўсе маладзіцы: — Глядзі, які стройны, прыгожы Ігнат, Чырвоны казак, камісар акурат!.. Хведаровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

істу́жка і сту́жка, ‑і, ДМ ‑жцы; Р мн. ‑жан; ж.

1. Палоска каляровай тканіны, якая скарыстоўваецца для ўпрыгожання, аблямоўкі і інш. мэт. Чырвоная істужка. □ Выйшла на пляц.. [Аксеня] — у шаўковых істужках, заплеценых у косы. Пестрак. // Палоска шаўковай тканіны пэўнага колеру і памераў для ордэнскага знака, медаля; нашыўка; знак адрознення. Ордэнская істужка. □ Гарэлі на сонцы чырвоныя істужкі на шапках у партызан. Шамякін.

2. Доўгая вузкая палоска з якога‑н. матэрыялу, якая служыць для тэхнічных і іншых патрэб. Ізаляцыйная істужка. □ Некаторы час тэлеграф маўчаў. І вось паплыла белая стужка з кропкамі і працяжнікамі. Алешка.

3. перан.; чаго. Тое, што ўецца, цягнецца вузкай доўгай паласой. Вузкая істужка рэек ляжала ўпоперак цераз Пнівадку. Чорны. За лугам сіняй істужкай вілася рэчка. Пестрак.

4. Рухомае перадатачнае палатно ў некаторых механізмах, транспартных прыстасаваннях. Канвеерная істужка. □ Пабеглі па бясконцай істужцы транспарцёра ўгору цагліны. Паслядовіч.

•••

Кінематаграфічная істужка — празрыстая істужкападобная плёнка з нанесеным на яе слоем святлоадчувальнай эмульсіі; кінаплёнка.

Кулямётная істужка — парусінавая або металічная палоска з гнёздамі для патронаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Паго́н1 ’дарога, па якой гоняць жывёлу на папас’ (ТСБМ, Янк. 1, 3, Некр., Сл. ПЗБ), ’агароджанае месца ў лесе ці ў полі’ (ДАБМ, 78), ’паша’ (Мат. Гом., Федар. VII, 246), ’статак, чарада’ (Федар. VII, 246; Сл. ПЗБ), пагу͡он ’статак’ (Сл. ПЗБ), паго́ня ’паша, выган’ (Нас., Жд. 2), паго́нка ’агароджаны прагон для жывёлы’ (Нар. сл.). Рус. пск. пого́н ’выган’, балг. по́ган ’частка поля, якая вызначана баразной’, пъго́н ’прамавугольны ўчастак поля, які абходзяць пры ворыве’, серб.-харв. pógon ’мера зямлі’. Аддзеяслоўнае ўтварэнне ад pogoniti або ад pogъnati з іншай апафанічнай ступенню. Параўн. яшчэ гон, гоні — палескія земляробчыя тэрміны. Агляд бяспрэфіксных слав. форм ад гнаць гл. Фасмер, 1, 436; Выгонная, Лекс. Палесся, 52.

Пагон2 ’парасткі на дрэве’ (Янк. 3., Сцяшк. Сл., Інстр. II, 14). Да гнаць; параўн. рус. пого́н ’познія усходы, новыя парасткі хлеба пасля позніх дажджоў’.

Паго́н3 ’наплечны знак адрознення’ (ТСБМ). Новае запазычанне з рус. пого́н ’тс’. У рус. мове паводле КЭСРЯ (346) лексіка-семантычнае ўтварэнне на базе пого́н ’прыстасаванне (паласа, дужка, скаба, рамень, нашыўка і г. д.) для замацавання якога-н. прадмета’, якое ў сваю чаргу — бязафіксны дэрыват ад погонять. Такім чынам, погон, уласна, палоскі, нашыўкі для замацавання эпалетаў. Узвядзенне да польск. *pogon < ogon ’хвост’ (Грот, Фил. Раз., 445) Фасмер (3, 295) лічыць сумніцельным.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)