памо́льшчык, ‑а, м.

1. Той, хто прывёз у млын зерне для памолу; завознік. Хата, начлег, млын, да якога прыязджалі памольшчык з розных вёсак, — гэта былі наша школа, наша бібліятэка.., уся наша пачатковая адукацыя. Дубоўка.

2. Рабочы, які займаецца памолам.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прасушы́цца, ‑сушуся, ‑сушышся, ‑сушыцца; зак.

Стаць сухім, поўнасцю высахнуць. Падушка прасушылася. // Прасушыць сваё адзенне, абутак. [Дзед:] — А лапці — яны па сухому добры абутак. У снезе ж лапаць, як грыб гнілы. Вернешся на начлег у халодны барак. Прасушыцца няма дзе. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

начо́ўка, ‑і, ДМ ‑чоўцы; Р мн. ‑човак; ж.

Тое, што і начлег (у 1 знач.). За вёскай, па канюшынішчы, [спыніўся] абоз на начоўку... Нікановіч. Стараста павячэраў, пачакаў, калі добра сцямнее, і затым пачаў рыхтавацца да сваёй гаротнай, пакутлівай начоўкі. М. Ткачоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дзе-не́будзь, прысл.

У якім-небудзь месцы. — Чакай жа, — сказаў Цімох, — заварочвай статак, пагонім у Чартавіцу, дзе-небудзь напаткаем іх, паганцаў! Колас. Калі надыходзіла ноч і якая калона спынялася на начлег, дзе-небудзь з боку, неўзаметку, прыстройваўся і экіпаж эмкі. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

папа́с, ‑у, м.

1. Месца, дзе пасецца жывёла; паша. Травою шастаюць Каровы на папасе. Чарот. Змоўкла цётка, калі на падворку тонка і высока заржала жарабя, а ў дзвярах паказаўся дзядзька Андрэй — прызнаў з папасу кабыліцу. Вышынскі.

2. Прыпынак у дарозе з мэтай пакарміць коней, падсілкавацца і адпачыць; папаска. А дзень канчаецца тым часам, Пара падумаць пра начлег, Ды дзе спыніцца для папасу? Колас. Праз вёску са сваёй дружынай Баярын гэты ехаў раз, І ля Натальчынай хаціны Ён затрымаўся на папас. Купала. Усе, хто ездзіў ад нас у Мінск, спыняліся на папас і на начлег у карчме. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

глыну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., што і без дап.

1. Аднакр. да глытаць.

2. Разм. Перакусіць, крыху з’есці або выпіць. Глынуў трохі малака. □ Глынуў [Ян] баршчу наспех! І рушыў на начлег, Бо пакарміць каня Спяшаўся. Корбан.

•••

Глынуць гора (слёз) — перажыць, перанесці многа цяжкасцей.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

масці́цца, машчуся, мосцішся, мосціцца; незак.

1. Зручна размяшчацца, уладкоўвацца. Толя злажыў манаткі ў носе лодкі .. і пачаў масціцца на начлег. Брыль.

2. перан. Разм. Мець намер, намервацца. Дзіўныя ў .. [Максімкі] адносіны з Язэпам. Мосціцца ўсё пасябраваць з ім. Хадановіч.

3. Зал. да масціць (у 1, 2 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пераначава́ць, ‑чую, ‑чуеш, ‑чуе; зак.

Застацца дзе‑н. на начлег; правесці дзе‑н. ноч. Пераначаваць у лесе. □ — Ці нельга ў вас пераначаваць падарожнаму чалавеку? — запытаў жабрак і дадаў: — Вечар блізка, а вёскі нідзе не відаць... С. Александровіч. Маленькі балоты астравок, на якім мы збіраліся толькі пераначаваць, стаў нашым часовым лагерам. Казлоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чы́нны, ‑ая, ‑ае.

Кніжн.

1. Дзейсны, актыўны; непасрэдны. Ігнат быў камсамольцам. Ён браў чынны ўдзел ва ўсім камсамольскім жыцці. Лынькоў. Самы чынны ўдзел браў я ў рабоце школьнага літгуртка. Мележ.

2. Прасякнуты важнасцю, саліднасцю. Стараліся быць мужчынамі. Начлег нам здаваўся казкай. І з выглядам самым чынным Насілі вайсковыя каскі. Маркевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падстрэ́шша, ‑а, н.

1. Прастора пад ніжнім краем страхі якога‑н. будынка. Вераб’і ўжо збіраліся ў падстрэшшы на начлег і там заводзілі свае звычайныя сваркі з-за ўтульных мясцін. Якімовіч. Дробны дождж суха барабаніў у закураныя шыбы, недзе ў падстрэшшы тонка завываў вецер, зрываючы .. салому. Ваданосаў.

2. Тое, што і падстрэшак. Увечары мужчыны даставалі з падстрэшша косы. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)