уздзе́ць, -е́ну, -е́неш, -е́не; -е́нь; -е́ты; зак., што на каго-што.

1. Надзець, нацягнуць (адзенне, абутак і пад.).

У. боты на ногі.

2. Павесіць, начапіць, прымацаваць да чаго-н.

У. рукзак на плечы.

У. пятлю на крук.

3. Насадзіць на вастрыё, стрыжань, праколваючы, надзець на што-н.

У. кола на вось.

У. кавалак мяса на відэлец.

|| незак. уздзява́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

усчапі́ць, ‑чаплю, ‑чэпіш, ‑чэпіць; зак. што.

1. Павесіць, начапіць. Усчапіць стрэльбу на плячо. □ Пабарабаніў [Мароз] пальцамі, па стале, падышоў да [вешалкі], усчапіў на калок казакін, ускінуў хромавую кубанку. Лобан.

2. Надзець на сябе або на каго‑н. вопратку. [Хлор:] — Хто ж Рыгор з сябе? Лапатнік, балагол, галадранец. Ну, усчапіў капялюш, дык ужо, думаеш, і паніч. Гартны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

груз, ‑у, м.

1. Цяжар, вага. Самалёт падскочыў, вызваліўшыся ад грузу скінутых бомбаў. Шамякін. // Цяжкі прадмет. Начапіць груз на леску. // перан.; чаго. Тое, што гняце, мучыць. І людзі выпростваюць плечы, Скідаюць нявольніцтва груз. Астрэйка.

2. Тавары, паклажа, прызначаныя для перавозкі. Сям-там на пуцях стаялі.. платформы з лесам ды з іншымі грузамі. Лынькоў. Неўзабаве ўвесь нарыхтаваны груз быў перанесены на сані. М. Ткачоў.

•••

Мёртвы груз — пра матэрыяльныя каштоўнасці, якія ляжаць без выкарыстоўвання. Золата мёртвым грузам ляжыць у зямлі. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Настаражы́ць ’наставіць пастку і пад.’, настарожаны ’настаўлены, напружаны’ (палес., Цыхун, вусн. паведамл.), параўн. укр. насторожи́ти ’падрыхтаваць да чаго-небудзь’, рус. насторожи́ть ’наставить, падрыхтаваць’, польск. nastrożyć ’наставіць пастку, паставіць вертыкальна; начапіць прынаду і г. д.’, чэш. nastražiti ’тс’, славац. nastražiť ’тс’. Усё да старажыць, стораж (гл.), параўн. сто́рож ’калок у пастцы, які ўтрымлівае яе ў раскрытым стане; нацягнуты шнурок у рыбалоўнай прыладзе і інш.’ (ТС), рус. насторо́жка ’пастка на звера’, на́сторож ’прынада ў пастцы’. Махэк₂ (390) раздзяляе па паходжанню словы са значэннем ’наставіць пастку і пад.’ ад слоў са значэннем ’наставіць вушы, насцярожыць’, узводзячы іх да *strěžiti (роднаснае літ. striegti, лат. striēgt ’ставіць прынаду’) і *storžiti ’насцярожыцца’. Гл. таксама Борысь, JP, 56, 1956, 124–127.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

со́ўгаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што, чым.

Разм.

1. Перасоўваць што‑н. з месца на месца. Соўгаць крэслы з кута ў кут.

2. Рухаць, соваць чым‑н. у розных кірунках (звычайна па паверхні). Соўгаць шуфляды. □ — Слабая і хворая, а працуй, — Марфа пачала соўгаць граблямі па сцежцы. Савіцкі. Два падстрэленыя кані сударгава соўгаюць нагамі. Навуменка.

3. Тыкаць, соваць куды‑н. у што‑н. Соўгаць палкай у гразь. □ Вараціла соўгаў рукамі зверху, Косця ж, лоўка парыруючы ўдары, трапляў праціўніку то ў твар, то ў грудзі. Карпюк. Перад тым, як начапіць нажыўку на кручок, дзядзька соўгаў пальцамі ў камячкі ваты. Місько.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

насади́тьII сов.

1. (на ручку, древко и т. п.) асадзі́ць; (на остриё) насадзі́ць, мног. панаса́джваць; (наткнуть) узаткну́ць, наткну́ць, мног. паўстыка́ць; узбі́ць, мног. паўзбіва́ць; (нацепить) начапі́ць, мног. паначэ́пліваць;

2. портн. ушы́ць, мног. паўшыва́ць, прышы́ць, мног. папрышыва́ць; см. наса́живатьII.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

уздзе́ць, ‑дзену, ‑дзенеш, ‑дзене; зак., што.

1. Надзець, нацягнуць на сябе або на каго‑н. (адзенне, абутак і пад.). Уздзець паліто. Уздзець боты на ногі. □ Уздзеў [Платон] кепку, схапіў са сцяны дубальтоўку і выскачыў. Пестрак. Вокны Параска посцілкамі пазавешвала, лепшы андарак уздзела. Лобан.

2. Павесіць, начапіць на што‑н.; прымацаваць да чаго‑н. Уздзець рукзак на плечы. Уздзець пятлю на крук. □ Лаўрэн Карпавіч, не спяшаючыся, уздзеў на нос акуляры і пачаў чытаць. Гроднеў.

3. Насадзіць што‑н. на вастрыё, на які‑н. стрыжань; праколваючы, надзець на што‑н. вострае. Уздзець кола на вось. □ Збан уздзеў на відэлец скрылёк кілбасы і на момант задумаўся, нібы вырашаючы, есці ці не. Шашкоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

накі́нуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак., што.

1. Кінуўшы наверх, прыкрыць, накрыць каго‑, што‑н. Рамір зняў куртку, накінуў на Верыны плечы. Асіпенка. Паставілі [дзяўчаты станок] ў кутку каля ложка, пакінулі на яго коўдру, зверху навалілі адзежы. Арабей. // Наспех надзець на сябе што‑н. Не надзеючы кашулі, [Платон] накінуў паліто на плечы, уздзеў кепку, схапіў са сцяны дубальтоўку і выскачыў. Пестрак. Маці хуценька апранулася, пакінула на сябе кажух і подбегам кінулася да Аксаны. Скрыпка. // Начапіць кідком што‑н. [Дамінік] лёгка саскочыў з возіка, накінуў лейцы на шула, прывітаўся з братамі. С. Александровіч.

2. Разм. Дабавіць, прыбавіць да чаго‑н. — Вы не толькі вучыце, але і выхоўваеце .. [сыноў], — прыязна сказаў.. [Рымашэўскі] Лабановічу і ўжо сам па сваёй добрай волі накінуў яшчэ тры рублі за навучанне. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дзве́ры, дзвярэй, Т дзвярамі і дзвярмі; адз. няма.

Праём у сцяне памяшкання для ўваходу і выхаду, а таксама створ, якім закрываюць гэты праём. Прарэзаць дзверы. Знадворныя дзверы. Начапіць дзверы на завесы. Зачыніць дзверы. □ Дзверы расчыніліся, і Віктар з асалодаю нырнуў у густую цеплыню хаты. Зарэцкі. Пніцкі стаяў ужо па самым выхадзе, у дзвярах. Чорны.

•••

Глухія дзверы — дзверы, зробленыя для формы, а не для карыстання.

Царскія дзверы — сярэднія дзверы ў царкоўным іканастасе.

Дзверы адчынены перад кім, для каго — мае свабодны доступ куды‑н.

Дзверы зачынены перад кім, для каго — не мае доступу куды‑н.

Дзверы не зачыняюцца (не стыкаюцца) — пра бесперапыннае хаджэнне то ў хату, то з хаты.

Дзверы ў дзверы — адзін насупраць другога (жыць, размяшчацца і пад.).

Дзень адкрытых дзвярэй гл. дзень.

Ламацца ў адчыненыя дзверы гл. ламацца.

Паказаць на дзверы каму гл. паказаць.

Пры зачыненых дзвярах — у прысутнасці толькі зацікаўленых службовых асоб.

Стукацца ў дзверы гл. стукацца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падчапі́ць, ‑чаплю, ‑чэпіш, ‑чэпіць; зак., каго-што.

1. і чаго. Паддзеўшы чым‑н., зачапіць, захапіць. Падчапіць бусаком бервяно. □ Стась узлез на лодку, стаў на карму і асцярожна, узяўшы лёгкае вясло, падчапіў ім расліну пад самае карэнне. Дубоўка. Марачок выпіў з крышкі тэрмаса і скарынкай падчапіў салакі. Караткевіч.

2. Разм. Прычапіць звычайна ў дадатак да чаго‑н.; узяць на буксір. Са станцыі падышоў запасны паравоз і, падчапіўшы заднія вагоны, адцягнуў іх назад. Лынькоў. Буксір падчапіў за карму наш вялізны белы цеплаход. Сіпакоў. // Начапіць, прычапіць да чаго‑н. Падчапіць на слупы тэлефонны провад.

3. перан.; і чаго. Разм. Набыць, атрымаць; нажыць. Дык, кажуць людзі, вяселле хутка згуляем. Ой, хітрыя гэтыя Маўчуны! Такую нявестку хочуць падчапіць! Шамякін. Пачатак восені выдаўся золкі, і, каб не вялікае жаданне падчапіць шчупака, я і не падумаў бы, на ноч гледзячы, выбірацца з хаты. Кандрусевіч. [Баласпай:] — З такімі сябрамі, як у цябе, не штука і ліхаманку падчапіць. Беразняк.

4. перан. Разм. Сказаць што‑н. з’едлівае, паставіўшы ў няёмкае, смешнае становішча. Пасварыліся.. [суседзі] летась.. Толькі з той пары ўсё здаецца Ігнату, што сусед на яго «зуб точыць», на людзях падчапіць заўсёды стараецца. Каршукоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)