ты́каць¹, -аю, -аеш, -ае; -аем, -аеце, -аюць; незак.

1. у каго-што або чым. Поркаць чым-н., пастукваць.

Т. кіем у зямлю.

2. што. Утыкаць, усоўваць, уводзіць куды-н., у што-н.

Т. кнопкі ў сцяну.

Т. ва ўсе камісіі (перан.).

3. што або чым. Падносіць блізка, паказваць на каго-, што-н.

Т. пальцам у кожную літару.

4. перан., каго-што або кім-чым. Пастаянна напамінаць, гаварыць аб кім-, чым-н., упікаць чым-н., папракаць (разм., неадабр.).

◊

Тыкаць носам (разм., неадабр.) — звяртаць чыю-н. увагу на што-н. (віну, учынак і пад.; звычайна ў грубай форме).

|| зак. ткнуць, ткну, ткнеш, ткне; ткнём, ткняце́, ткнуць; ткні́ і ты́кнуць, ты́кну, ты́кнеш, ты́кне; ты́кні.

|| наз. ты́канне, -я, н.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Тро́гаць ‘чапаць’ (Бяльк.; в.-дзв., Сл. ПЗБ), ‘турбаваць да хвалявання, расчуленасці’, тро́нуць ‘злётаў зачапіць’ (Юрч. Сін.), тро́гаць раны ‘напамінаць пра цяжкія перажыванні ў мінулым’ (Юрч. Фраз. 3), сюды ж, магчыма, ст.-бел. троганистый ‘турботны (?)’ (ГСБМ). Параўн. укр. трога́ти ‘кранаць, непакоіць, назаляць’, тронутися ‘стаць трохі ненармальным псіхічна’, рус. тро́гать ‘кратаць, дакранацца, чапаць; рушыць (у дарогу)’, ‘непакоіць, выклікаць спачуванне’, балг. тро́гвам ‘кратаць, кранаць’. Паводле існуючых тыпалагічных версій, супастаўляюцца з лат. treksne ‘ўдар, штуршок’, ст.-ісл. þreka ‘ціснуць’, ст.-англ. đracu ‘націск, насілле, гвалт’ (Мюленбах-Эндзелін, 54, 230) ці з лац. trahō, trahere ‘цягнуць, сунуць’. Калі не лічыць, што беларуская лексема запазычана з рускай мовы, пра што сведчыць перш за ўсё яе лінгвагеаграфія, то найбольш верагоднай з’яўляецца версія аб сувязі з то́ргаць (гл.) з перастаноўкай гукаў у сярэдзіне слова (Мікала, Ursl. Cr., 3, 92; ЕСУМ, 5, 646; Арол, 4, 105).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

варушы́ць, ‑рушу, ‑рушыш, ‑рушыць; незак.

1. каго-што. Дакранаючыся да чаго‑н., прыводзяць у рух. Ціхі вецер вее І траву варушыць. Астрэйка. // перан.; што. Выводзіць са стану спакою, узбуджаць. Словам дакорным маці боль несціханы варушыць. Глебка. А як яны варушылі, пераварочвалі сэрца, гэтыя салаўі. Васілевіч.

2. чым. Рухаць павольна, злёгку. На другім канцы стала, загарнуўшы кніжку, бязгучна варушыла губамі Наташа — вучыла верш. Шахавец.

3. што. Злёгку разграбаць; пераварочваць. Варушылі зерне, каб яно падсыхала, перавейвалі, сартавалі. Скрыган. Каржакаваты з абветраным тварам і пышнымі вусамі мужчына час ад часу варушыць суком падгарэлае паленне. Курто.

•••

Варушыць (круціць) мазгамі (галавою) — разважаць, абдумваць. З зямлёю клопат быў вялікі. Прыйшлося ездзіць да Хадыкі Ды варушыць і галавою Над гэтай справай грашавою. Колас.

Варушыць памяць — напамінаць аб кім‑, чым‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ту́ркаць 1 ‘трашчаць’ (Байк. і Некр.), ‘буркаваць’ (ТС), ‘цвыркаць’ (трак., Сл. ПЗБ), ‘крычаць як жаба-туркалка ці турлушка’ (Нас.), ‘квакаць’ (ДАБМ, 303), туркну́ць ‘пратрашчаць’ (Байк. і Некр.), ‘праляцець з шумам’ (Бяльк.) Параўн. укр. ту́ркати ‘буркаваць’, рус. ту́ркать ‘крычаць’, польск. turkać ‘стукацець, грукаць’. Гукапераймальныя ўтварэнні, гл. ЕСУМ, 5, 681. Параўн. таксама тура́ць, туркаце́ць, турча́ць (гл.). Сюды ж ту́рканне ‘буркаванне шызага (‘сівога’) голуба’ (Нар. Гом.).

Ту́ркаць 2 ‘будзіць тармосячы’ (Нас., Байк. і Некр., Бяльк.), ту́ркыць ‘прымушаць устаць крыкам’ (Бяльк.; мсцісл., З нар. сл.), ту́ркнуць ‘прыкрыкнуць’ (Юрч. Фраз. 1), ту́ркаты, ту́ркатэ ‘будзіць, турбаваць, дамагацца’ (Сл. Брэс.; драг., З нар. сл.). Укр. ту́ркати ‘паўтараць адно і тое ж’, польск. turknąć ‘ударыць чым-небудзь у што-небудзь; штурхнуць’, славен. tûrkati ‘ціснуць, прыціскаць’, харв. tȕrkati, серб. ту̏ркати ‘праціскваць, прасоўваць’, дыял. ту̏ркат ‘напамінаць, каб нехта нешта зрабіў’, макед. турка ‘штурхаць, таўчы, падштурхоўваць’. Да прасл. *turьkati, якое ад *turati ‘гнаць; прыціскаць і інш.’ (Скок, 3, 525; Фурлан у Бязлай, 4, 250), гл. турыць. Сюды ж ту́ркала ‘той, хто робіць шум, лямант, не даючы спаць іншым’ (Нас., Байк. і Некр.), ту́ркыньнік ‘той, хто пакрыквае’ (Юрч. СНЛ), ту́ркыньня ‘пакрыкванне, каб прымусіць выканаць’ (Юрч. Вытв.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ту́каць ‘крычаць на каго-небудзь, тупаючы нагамі’, ‘нападаць пастаянна на каго-небудзь’ (Нас., Некр. і Байк., Шат., Мат. Гом.), ‘гаварыць, заклікаць’ (Ян.), ‘заганяць (жывёлу), крычаць’, ‘падаўляць, прыніжаць’ (Вушац. сл.), ту́каць‑гу́каць ‘лаяць, пакрыкваць, нападаць’ (паст., Сл. ПЗБ), ту́каць‑лю́каць ‘тс’ (лаг., Гіл.), ту́кыць ‘крычаць, пагражаць’ (Яўс.; мёрск., Нар. сл.), ‘грозна пакрыкваць’ (Юрч. СНЛ), ‘крычаць, палохаць крыкам’ (Мядзв.), тукава́ць ‘напамінаць’ (Сцяшк. Сл.). Параўн. рус. бранск., смал. ту́кать ‘крычаць, лаяцца’: все на ее тукают; хозяин тукал на собаку (СРНГ), серб. цімак. ту́кати ‘цкаваць, нацкоўваць’: немој да тукаш куче (СДЗб, 57, 941). Гукапераймальнае ўтварэнне на аснове выклічніка ту! (гл. ту 1) для адпалохвання, запалохвання: усе дзеці як дзеці, а на цябе тукай, як на ваўка (Рэг. сл. Віц.), параўн. фразеалагізмы: на пень брахаць, на калоду тукаць ‘гаварыць недарэчнае, неразумнае, непрыстойнае’ (Даніл. Сл.), зверьху сукны, а пад нізом — хоць тукні (ветк. “на від красівы і харошы, а будзя звер-звярюга”; Palaeoslavica, 31, 168), а таксама фалькл. ту́каўшчына ‘даніна мёдам царкве за дазвол тукнуць (крыкнуць ту!) у божым храме’ (т. зв. смехаўё, запісанае Раманавым у пач. XX ст., гл. Фядосік, Рэгіян. асабл., 1973, 113). Сюды ж ту́кыньня ‘грознае пакрыкванне’ (Яўс., Юрч. СНЛ), ту́канне ‘пастаянныя нападкі’ (Нас.), ту́кнуць ‘крыкнуць, каб напалохаць’ (Яўс.), ту́кала ‘які назаляе частай лаянкай’ (Нас.), ту́кыннік ‘той, хто пакрыквае’ (Юрч. СНЛ). Гл. таксама гукапераймальныя гукаць, люкаць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

шчыме́ць, ‑міць; незак.

1. Востра балець, пячы ад драпін, раздражнення і пад. Назаўтра ўсе драпіны амаль зажылі, хоць рукі і ногі яшчэ шчымелі. Якімовіч. На першай галіне хлопчык парашыў адпачыць, бо балюча шчымелі запэцканыя ў смалу рукі. С. Александровіч. На руках шчымелі расціснутыя мазалі. Місько. / у безас. ужыв. Ад .. [дыму] душыла ў грудзях і шчымела ў горле. Казека.

2. Ныць, балець тупым болем. Успомніўшы пра хворасць сэрца, якое часта шчымела раней, у Адэсе да дактароў звярнуўся Калачынскі. Бялевіч. Шчымяць яго старыя раны, Нібыта чуе посвіст куль. Свірка. Пілі з парога ваду нагбом, Аж зубы шчымелі. Грачанікаў. // перан. Пра душэўныя пакуты, перажыванні. Сэрца .. [Марыі] шчымела ад нейкага незразумелага, трывожнага прадчування. Марціновіч. Тры месяцы .. [Шэлег] у лесе, а ўсё адно не перастае шчымець душа. Навуменка. / у безас. ужыв. У душы .. [Адама] шчымела, усё гняло яго. Чорны. // Хваляваць, турбаваць каго‑н., пастаянна напамінаць пра сябе. Сярод гэтай зменлівасці адна думка шчымела заўсёды: малое. Мележ.

3. Выклікаць адчуванне прыгнечанасці, суму, нуды і пад. Крыўда болькай шчымела ў Іванавых грудзях. Мыслівец. Так, гора сціхае, і боль атухае, і роспач перастае шчымець. Бураўкін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ты́каць ​1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. у каго-што або чым. Поркаць чым‑н., пастукваць, датыкаючыся да чаго‑н. [Стары] .. разгублена міргаў вачамі і тыкаў у зямлю кійком. Ракітны. І ты, пасляваенны Джон, Калі сумленню не салжэш ты, Наўрад ці пальцам у батон Ты будзеш тыкаць: дзе свяжэйшы? Чэрня. // што. Утыкаць, усоўваць у што‑н. Дрыжала рука. Круціла, ламала карабок з сярнічкамі, тыкала іх у зубы. Пташнікаў. // чым. Паказваць на каго‑, што‑н. — Вунь, бачыш, — тыкаў, паказваў Дубавец пальцам туды, дзе ляжаў пень. Капыловіч. А самы маладзейшы, відаць, пазнаў сваю вінтоўку на плячы ў аднаго з партызан, паказваў на яе пальцам і тыкаў сябе ў грудзі. Няхай. Паўлік, поўны гонару, што яго пахвалілі, тыкаў тонкім мурзатым пальчыкам у кніжку, называў літары. Арабей.

2. што або чым. Разм. Падносіць блізка, паказваючы што‑н. А мне ён кніжку тыкае пад нос, паказвае. // перан. Назойліва гаварыць, напамінаць пра што‑н.; упікаць чым‑н. [Васіль:] — Ты мне фронтам не тыкай. Васілевіч.

3. што. Разм. Даваць, тыцкаць што‑н. каму‑н. Тыкаць цукерку дзіцяці.

•••

Пальцам (пальцамі) тыкаць — тое, што і пальцам (пальцамі) паказваць (гл. паказваць).

Тыкаць (свой) нос — тое, што і сунуць (свой) нос (гл. сунуць).

Тыкаць носам — звяртаць чыю‑н. увагу на што‑н. (віну, учынак і пад.; звычайна ў грубай форме).

Тыкаць у вочы (у нос) каму — рабіць папрок, упікаць у чым‑н.

ты́каць ​2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго і без дап.

Разм. фам. Звяртацца да каго‑н. на «ты».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

трубі́ць, трублю, трубіш, трубіць; незак.

1. Дзьмучы ў трубу, прымушаць яе гучаць. Трубіў пастух... З палосак Дахаты жнеі йшлі, Іх песень адгалоскі Журботаю плылі... Панчанка. Ты [партыя], як маці, схілялася, родная, Над маёю калыскай тады, Калі ў трубы трубіла паходныя, Падымаючы сілы народныя, Царскі лад руйнаваць назаўжды. Непачаловіч. // Гучаць (пра трубу). Трубы трубяць. □ Трубіць паляўнічы рог, гаўкаюць ганчакі, — гэта, значыцца, выязджае пан на ловы. Гарэцкі. // Падаваць сігналы, падобныя да гукаў трубы. Недзе на пуцях трубілі паравозы. Лынькоў. Вакол густы туман, параход увесь час трубіць. Мележ. // Ствараць нізкія, моцныя гукі, падобныя на гукі трубы. Дзіка трубяць ваўкі. Куляшоў. Я слухаў, Як гусі трубілі, Грымела вясны гамана, І думаў аб юнай рабіне. Калачынскі.

2. што. Гукамі трубы падаваць сігнал да чаго‑н.; выконваць на трубе што‑н. Трубіць атаку. Трубіць зару. Трубіць трывогу. □ Эй, гарніст, трубі паход! Колас.

3. што і без дап. Разм. Шмат есці. Густаў, дурніца гэты, прыносіць толькі па дванаццаць марак кожнай пятніцы — што застаецца ад аліментаў яго прыгажуні, — а хлеба трубіць шмат, і з сабой жа бярэ таксама. Брыль.

4. перан. Разм. Пісаць, весці размовы аб кім‑, чым‑н., распаўсюджваць чуткі. [Веля:] — Жыві! Але мяне не прымушай жыць так, як табе хочацца! [Яўген:] — Пэўна ж! Аб тваім жыцці цяпер увесь пасёлак трубіць! Савіцкі. // Назойліва напамінаць, гаварыць аб чым‑н. А Марыя Цітаўна, перакрыкваючы радыёлу, што грымела на ўсю хату, трубіла: «Я ж вас, дзеткі мае, усіх люблю». Гаўрылкін.

•••

Трубіць на ўвесь свет — тое, што і трубіць (у 4 знач.).

Трубіць у фанфары — паднімаць урачысты шум вакол чаго‑н., урачыста абвяшчаць што‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

узляце́ць, ‑лячу, ‑ляціш, ‑ляціць; ‑ляцім, ‑леціце; зак.

1. Падняцца ў паветра, узняцца ўверх. Узляцелі самалёты. □ На Кладках загаманілі, і адтуль узляцела ўгару зялёная бліскучая ракета — пусцілі ваенныя. Пташнікаў. У кронах мільгнула вавёрка, З-пад ног узляцеў цецярук. Калачынскі. Матылёк устрапянуўся, спрабуючы ўзляцець. Аляхновіч. / у перан. ужыв. [Адзінцоў:] Ты [Калатухін] так высока ўзляцеў, што я палічыў за лепшае не напамінаць... пра беднага знаёмага! Мележ. / Пра дым, цару і пад. Угору ўзляцела воблака пылу. Шамякін. Падкіньце ў касцёр абярэмак галін, Каб іскры ўзляцелі вышэй вершалін. А. Вольскі. / Пра падкінутыя ўверх, раскалыханыя прадметы. Арэлі ўзляцелі высока. □ Узляцелі ў вышыню пілоткі, Грымнула «ура!» — канец вайне... Смагаровіч. / перан. Пра высокі голас, гучную песню. Вясёлы зухаваты голас узляцеў і апаў. Савіцкі.

2. Перамясціцца па паветры на верх, паверхню чаго‑н. больш высокага. Узляцелі вераб’і на страху. □ Узляціць на галінку адзін шчыгол, абтрасецца, нібы толькі што з вады, заспявае, а за ім другі. Федасеенка.

3. перан. Узарвацца, разляцецца на часткі ад узрыву. [Калядка:] — Бачыце, колькі тут бочак. Адна запалка — і ўсё гэта ўзляціць полымем у неба. Гэта ж не горш пораху — смала. Чарнышэвіч.

4. Разм. Вельмі хутка ўзбегчы, уз’ехаць на верх чаго‑н. Узляцець па лесвіцы на трэці паверх. □ Узляцеўшы на гару, убачыў [Васіль] перад сабой знаёмую дарогу з пабурэлым курганам. Мележ. // Хутка ўзняцца, падняцца. Тонкія пальцы Голуба нервова сціснулі смык — ён узляцеў у паветры і лёгка крануўся струн. Васілевіч. Рукі бандытаў вокамгненна ўзляцелі ўгору. Чарнышэвіч. Цёмныя Ядзіны вейкі здзіўлена ўзляцелі ўгару, яна паглядзела на Васіля вачыма, поўнымі нямой удзячнасці. Шашкоў. // перан. Узняцца ўверх. Яшчэ ляжыць пясок, і жвір, і друз, А сцены гмаху ў вышыню ўзляцелі. Звонак.

•••

Узляцець у паветра — тое, што і узляцець (у 3 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)