Кры́шка 1 ’века, накрыўка’ (ТСБМ, Нар. сл., Жыв. сл., Сцяшк.). Гл. крыша.
Кры́шка 2 ’патэльня, на якой пякуць паляніцы’ (Доўн.-Зап., ПП). Гл. крышка 1.
Кры́шка 3 ’малая колькасць’ (Кліх). Да крыха (гл.).
Кры́шка 4 ’смерць, канец’ (ТСБМ). Метафарычны перанос ад крышка 1.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
ве́ка, ‑а, н.
1. Верхняя частка скрынкі, пасудзіны, якой закрываюць гэту скрынку, пасудзіну; накрыўка. Века куфра, кубла. □ Алеся засмяялася і пайшла да скрыні, што стаяла паміж ложкам і грубкай, падняла века. Шамякін. Мёрзлыя камякі зямлі глуха падалі на сасновыя векі дамавін. Лынькоў.
2. Тое, што і павека. Векі самі зліпаліся, галава, як не свая, хілілася ўніз. Шахавец.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
кры́шка ж. (покрышка) на́крыўка, -кі ж.; (гроба, сундука и т. п.) ве́ка, -ка ср.; (коробки) ве́чка, -ка ср.;
◊
тут ему́ и кры́шка! тут яму́ і канцы́!
Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)
кры́шка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.
Разм.
1. Века, накрыўка. Усхадзілася на чайніку крышка, заскакала, забразгацела. Лынькоў. Віктар са злосцю ляпнуў крышкай чамадана. Асіпенка.
2. у знач. вык. Смерць, канец. Нехта сказаў: — Калі бомба пацэліць у дом, то тут усім крышка... Арабей.
•••
І крышка — і кончана, і ўсё тут. — Надзя, налі нам піва, і крышка, — просіць Атрошчанка. Навуменка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Абе́чак 1 (мн. абечкі) ’край рэшата’ (Бір. дыс., БРС), ’частка жорнаў, зробленая з дрэва, каб не высыпалася мука’ (Сцяшк. МГ), ’вечка, накрыўка’ (Сцяц.), абечка ’крышка дзежкі, каробкі; таксама ў рэшаце, сіце’ (Янк. I) < аб‑веч‑ак (да věko). Параўн. абічайка.
Абе́чак 2 ’павека’ (мін.) < аб‑вечак (параўн. па‑века). Гл. абечак 1.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
кла́пан, ‑а, м.
1. Прыстасаванне ў кампрэсарах, рухавіках ўнутранага згарання і інш. для рэгулявання патоку пары, газу, вадкасці. Засцерагальны клапан.
2. Рухомая накрыўка, з дапамогай якой адкрываецца і закрываецца адтуліна ў музычных духавых інструментах і мяняецца вышыня гуку. // Пласцінка, якая закрывае адтуліну, а таксама гузік клавіша ў гармоніку, аргане.
3. Пласцінка ў сэрцы, якая перашкаджае адваротнаму руху крыві.
4. Нашыўны кусок матэрыі пэўнай формы, які прыкрывае кішэню або шво на адзенні.
[Ням. Klappe.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Ахлу́п ’суцэльнае бервяно, якое кладзецца над вокнамі, дзвярамі’ (Інстр. лекс.), ахлупавата ’не крута’, ахлупны ’ахопліваючы, верхні’ (Касп.), рус. о́хлуп, о́хлупь ’вільчык, верхняя частка страхі’, о́хлупень ’тс’. Звязана з гукапераймальным хлопаць ’стукаць, ляскаць, выдаваць адрывістыя гукі’ чаргаваннем галоснага асновы, якая мае значэнне ’выдаваць шум, закрываючы ці адкрываючы адтуліну’, параўн. захлупі́цца ’задыхнуцца (ад раптоўнага недахопу паветра)’, рус. бранск. адхлупнуть ’адклеіцца, адстаць’, балг. захлупвам ’закрываць накрыўкай, пераварочваць уверх дном’, захлупак, похлупак ’накрыўка’ (адносна апошніх гл. Мірчаў, БЕ, 10, 2–3, 218–220); з захаваннем галоснага о рус. захлопнуть ’рэзка закрыць’, захлопка затычка’, славац. chlopňa ’накрыўка’; Махэк₂ (287) выводзіць рус. охлупень ад *xlupěti ’вісець, падаць’, што ўзыходзіць да гукапераймальнага *xlup — для абазначэння розных рухаў, галоўным чынам раптоўных, нечаканых (там жа, 200 і наст.). Неверагодна перш за ўсё па лінгвагеаграфічных прычынах адносна рускага слова Фасмер, 3, 176 (з о‑ і хлупь ’хвост’, ’гузка ў птушак’). Параўн. ашлап.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Дэ́нка ’дошка, на якой рэжуць сала’ (Сцяшк.), дэ́нко ’круглая драўляная накрыўка да бочкі’ (Сцяшк.). Як можна меркаваць, маючы на ўвазе гук э (замест о; зыходная форма *dъnъko; параўн. Брукнер, 91), гэта запазычанне з польск. denko (памяншальная форма ад dno < прасл. *dъno). Параўн. яшчэ дэ́нак, дэ́нка, дэ́нко, дэ́нца ’дошчачка, на якой рэжуць што-н.’ (Сл. паўн.-зах.; < польск.), дэ́нца (Шатал.), дэ́нка ’падстаўка пад патэльню’ (Жд. 2).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
каўпа́к, ‑а, м.
1. Галаўны ўбор конусападобнай, авальнай або іншай формы. Кухарскі каўпак. □ Выгляд .. [урача], суровы і велічны ў асляпляльна белым каўпаку і ў жаўтаватым халаце, спалохаў Валянціну Андрэеўну. Шамякін. Па просьбе Макса бацькі зрабілі Васільку з рыззя «форму» клоуна — рознакаляровыя шырокія штаны, высокі каўпак — і цешыліся не менш за свайго сына. Маўр.
2. Накрыўка над чым‑н. акруглай або конусападобнай формы. Каўпак для лямпы. Шкляны каўпак. □ Хлопцы селі. Лётчык насунуў над імі цэлулоідны каўпак, памахаў рукою партызанам. Новікаў.
[Цюрк.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Біча́йка 1 ’накрыўка дзежкі’ (Юрч.), ’абячайка, лубок у рэшаце’ (Нас., Касп., Бяльк.), ’вобад у бубне’ (Бяльк.). Таго ж паходжання, што і абе́чак (гл.). Фанетыка слова палеская (*ě > i, параўн. Краўчук, УМШ, 1960, 6, 61–62). Сюды адносіцца і біча́й ’круглая дзірка ў верхнім ручным камені жорнаў’ (Касп.).
Біча́йка 2 ’вузкая незасеяная палоска каля палявой дарогі’, біча́й ’бераг лужка, аборка’ (Юрч.). Метафарычнае ўжыванне слова біча́йка 1 (гл.), якое ў гаворках значыць і ’вобад’ (> ’край’).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)