Нада́вяча ’нядаўна’ (ляхав., Сл. ПЗБ), відаць, не можа разглядацца асобна ад надоечы (гл.), нагдовя, анагдове і інш., якія выводзяцца з прасл. *onogbda (гл. на́гды), прыслоўя адзайменнікавага паходжання (ESSJ SG, 2, 527), аднак націскное а ў корані дае падставы дапусціць сувязь з рус. давеча ’нядаўна’, на што звярнулі ўвагу аўтары слоўніка. Апошняе, як і бел. дивечы (Бяльк.), мае паралелі ў іншых славянскіх мовах (рус. даве ’нядаўна’, укр. даві, ст.-слав. давѣ ’калі-небудзь, нядаўна’, славен. davė ’сёння, зранку’ і’ інш., прасл. *dave, звязанае з иаиьnъ ’даўні’). Гл. Фасмер, 1, 480–481; Бязлай, 1, 95–96; Трубачоў, Эт. сл., 4, 198; SP, 1, 360–361. Магчыма, кантамінацыя надоечы і дивечы, што, аднак, цяжка дапусціць з лінгвагеаграфічнага пункту погляду.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

прыпляска́ць, ‑пляшчу, ‑плешчаш, ‑плешча; зак., што.

1. Пляскаючы, злёгку б’ючы, зрабіць плоскім, роўным. Прыпляскаць кучу гліны.

2. Прыбіць. прыгнуць да чаго‑н., прыціснуць уніз. [Кузьма] згроб .. [гной], прыпляскаў да таго, што на возе, і, абцёршы рукі аб балясіны драбінкі, а потым аб порткі, пагнаў каня. Нікановіч. Надоечы прайшоў цёплы спорны лівень, на дарогах прыпляскаў пыл. Кухараў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Каліко́лечы ’калі-небудзь’ (гродз., Сцяшк., МГ). У Сл. паўн.-зах. не адзначана, у іншых гаворках быццам бы таксама не фіксуецца. Паводле лінгвагеаграфіі і структурнаму падабенству можна параўнаць з польск. часціцай ‑kolwiek (i‑kolwie), аформленаму як надоечы (гл.). Не выключана таксама, што тут структура, паралельная да каліль (гл.) ’калі-небудзь’ (*каліколь?), параўн. калінеячы (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

папаласка́ць, ‑палашчу, ‑палошчаш, ‑палошча; зак., каго-што.

1. Апаласнуць, выпаласкаць. Бабка паставіла дайнічку на лаву, зняла з паліцы гладыш, папаласкала і накрыла цадзілкай. Каліна. Гаспадар яго на гэты раз заўважыў, што зусім непадалёк ад недакурка стаіць эмаліраваная для гэтага пасудзіна, якую я надоечы старанна вадою памыла, папаласкала. Грамовіч. Цёплы дождж папаласкаў сады і вецці-космы таполяў,.. і трава на вачах прыкметна шуганула ўгару. Даніленка.

2. Паласкаць некаторы час.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падчы́сціць, ‑чышчу, ‑чысціш, ‑чысціць; зак., што.

1. Зрабіць больш чыстым; прывесці ў парадак. Гулка забубнілі па зямлі раптоўныя ліўні; яны то аціхалі, то наляталі зноў і ўсё абмылі, усё падчысцілі, сагналі мутнымі пераваламі з двароў і палеткаў бруд, трэскі, салому. Лужанін. Падчысціць бы.. [рэчы], падрамантаваць, дык і пайшлі б у ход. Кулакоўскі.

2. Сцерці, саскрэбці (напісанае, надрукаванае).

3. Разм. Усё дачыста, без астатку забраць, з’есці і пад. [Маці:] — А ў каморцы і мышам ужо няма чаго есці — надоечы я ўсё да апошняй крупінкі падчысціла. Бажко.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

укра́сці, украду, украдзеш, украдзе; пр. украў, украла; зак., каго-што.

Узяць цішком, прысвоіць сабе чужое. [Прыбіральшчыца:] — Надоечы я адну дзяўчыну мусіла суцяшаць .. Дакументы і грошы ў яе прапалі. Дзе падзеліся — не знае. Ці ўкралі, ці згубіла — невядома. Грамовіч. // перан. Падманам, інтрыгай прысвоіць, захапіць што‑н. (уладу, славу і пад.). [Лабыш:] Во жулік... Атруціў, забіў, зарэзаў... і абакраў! Славу маю ўкраў!.. Козел. // перан. Выкарыстаць што‑н. за кошт іншых, пазбавіўшы каго‑н. чаго‑н. Трэба біць, біць іх больш, ворагаў, што хочуць украсці .. наша шчасце. Шамякін.

•••

З-пад сучкі яйцо ўкрасці — быць хітрым, вёрткім, з адчайна-зухаватымі выхадкамі.

У бога цяля ўкрасці — быць выключэннем сярод іншых.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

задушы́ць, ‑душу, ‑душыш, ‑душыць; зак., каго-што.

1. Пазбавіць жыцця, гвалтоўна спыніўшы дыханне. Пагранічнікі.. накінуліся на дазорнага [немца]. Яны хацелі задушыць яго моўчкі, каб ён не ўзняў трывогу. М. Ткачоў. Пан і да аднаго доктара і да другога — ніхто не можа скулы вылечыць. А яна вось-вось задушыць яго. Якімовіч. // Не даць магчымасці дыхаць; атруціць (пра дым, пыл і пад.). — Хадзем, курцы, надвор, — сказаў Андрэй. — Тут пыл задушыць. Чарнышэвіч. // Разм. Загрызці, разарваць (пра драпежнікаў). Надоечы перад самым досвіткам жарабя задушылі [ваўкі]. Скрыган.

2. перан. Падавіць, не даць развіцца на поўную сілу. Задушыць паўстанне. □ Як ні імкнуліся царскія сатрапы задушыць баявое, рэвалюцыйнае купалаўскае слова, ім гэта не ўдавалася. Івашын. Максім адчуваў, як закіпае ў глыбіні грудзей злосць, і намагаўся задушыць яе. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пахава́ць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

Схаваць усіх, многіх або ўсё, многае. Пахавайце вуды, стрэлы, лукі, Прыступіце, дзеці, да навукі. Колас. Хлопцы адразу пахавалі якаркі па кішэнях. Шчарбатаў.

пахава́ць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. Закапаць нябожчыка ў зямлю. Толькі позна ноччу жанчыны сілком адабралі ў .. [Ірыны] дзіця, абмылі яго, прыбралі, палажылі на стол. Раніцай, спяшаючыся, пахавалі на могілках. Лынькоў. // Страціць каго‑н. у выніку смерці. [Ганна] пахавала надоечы сваю маці, згубіла службу і едзе ў свет... Гартны. // Палічыць каго‑н. памёршым, загінуўшым. Жарты — вярнуўся сын, якога яны шаснаццаць год назад пахавалі і аплакалі... Васілевіч. // Засыпаўшы, абваліўшыся, пазбавіць магчымасці выйсці адкуль‑н. [Самалёты] скінулі бомбы на жылыя кварталы і пад абломкамі пахавалі шмат людзей. Гурскі.

2. перан. Забыць што‑н., адмовіцца ад якой‑н. думкі, ідэі і пад. [Саханюк:] — Слухайце, калега; зойдзем на мінутку да мяне! [Лабановіч:] — Чаго? Не пайду. Я яшчэ піць хачу. Хачу пахаваць цельшынскага педагога, бо ён — фальшывы. Колас. Толькі я вянкоў на хвалях штосьці не прыкмеціў. Мусіць, хвалі пахавалі звычаі старыя. Вялюгін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сход, ‑а і ‑у, М ‑дзе, м.

1. ‑у. Дзеянне паводле дзеясл. сходзіць — сысці (у 1 знач.).

2. ‑а. Месца, па якім сходзяць, спускаюцца; спуск. Стромы сход.

3. ‑у. Сумеснае пасяджэнне членаў якой‑н. арганізацыі, калектыву для абмеркавання чаго‑н. Справаздачна-выбарчы сход. Камсамольскі сход. □ Адкрыты сход тэрытарыяльнай партыйнай арганізацыі адбываўся ў хаце-чытальні. Паслядовіч. Член сельсавета Купрэня Робіць па хатах абход: — Просьба з’явіцца ў праўленне — Сёння адбудзецца сход. Смагаровіч. // Члены якой‑н. арганізацыі, якія сабраліся для абмеркавання чаго‑н.; удзельнікі пасяджэння, збору. Сход слухаў дзеда Мікалая. Якімовіч. Прытаіўся сход — слухаў, з чаго будзе пачын. Баранавых.

4. ‑у. У складзе назваў некаторых выбарных прадстаўнічых устаноў, арганізацыя. Нацыянальны сход. Устаноўчы сход. Заканадаўчы сход.

5. ‑у. Сустрэча якіх‑н. людзей, якога‑н. таварыства. Марына Паўлаўна прыйшла на апошні развітальны сход са сваімі выпускнікамі. Васілевіч. // Разм. іран. Нейкае зборышча каго‑н. На прызбе Трахімавай хаты адбываецца чарговы жаночы сход. Крапіва. Надоечы ў бары На сход сабраліся звяры. Бачыла.

6. ‑у. Збор, скліканне каго‑н. з якой‑н. мэтай. Бандарэнка сходы кліча, Усім аб крыўдзе кажа. Купала.

7. ‑у. перан. Схіл, канец. Дзень, як ветах, на сход ідзе. Барадулін. Час ляціць. На сходзе лета. Дубоўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

це́рціся, труся, трэшся, трэцца; тромся, трацеся; пр. цёрся, церлася; заг. трыся; незак.

1. Церці сябе, сваё цела чым‑н.; націрацца. Церціся мачалкай.

2. Хістаючыся, дакранацца да паверхні іншага прадмета. Аб сцяну крайняй хаты церліся галіны сосен і елак. Пестрак. Чаўны церліся аб сцёблы чароту. Няхай. // Дакранацца чым‑н. да чаго‑н., выказваючы якія‑н. пачуцці (ласку, радасць, вернасць і пад.). Дзяўчына ўсё гарнулася да .. [Іванавых] грудзей і сваёй гарачай аксамітнай шчакой церлася аб яго рассечанае асколкам плячо. Быкаў. З-за пліты паказалася кацянё. Падняўшы старчком хвост і пазіраючы ўверх на Валю, яно замяўкала, нечага просячы, і пачало церціся аб Валіну нагу. Карпаў.

3. Разм. Быць, знаходзіцца каля каго‑н., дзе‑н. (звычайна з карысцю для сябе). Дзякуй Максіму з Андрэем, каля іх труся, розуму набіраюся. Машара. Вуды надоечы там жа, на Сожы, пааддаваў суседнім хлапчуком, якія апошнімі днямі, ведаючы пра мой ад’езд, настойліва церліся ля мяне і маіх вуд. Карамазаў. Тое, што цяпер Халахцей па некалькі разоў на дні ўзыходзіў на высокі ганак школы, цёрся ў асяроддзі настаўнікаў, распісваўся ў школьных ведамасцях, давала яму падставу лічыць сябе прадстаўніком вясковай інтэлігенцыі. Ракітны.

•••

Церці дні — марна траціць час.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)