Раскідо́н ’неберажлівы чалавек; мот’ (Гарэц., Юрч. Вытв.). Да раскіда́ць, раскі́дваць (гл. кідаць) з метафарычным пераносам, які фармальна рэалізуецца ў экспрэсіўным суфіксе, параўн. такога ж кшталту раскіду́ха ’тс’ (Мат. Гом., Юрч. Вытв.); сюды ж таксама раскі́да ’тс’ (Юрч. Вытв.), раскі́длівы ’марнатраўны’ (Гарэц.). Параўн. суч. рус. раскидо́н ’дарэмная трата грошай’, закидо́н ’дзівацтва’, расслабо́н (ад расслабіцца ’зняць стрэс’) з жарганізацыяй суфікса ‑он (Земская і інш., Слав. языкозн., XII, 301).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ліхама́нка ’хваравіты стан з гарачкай і дрыготкай’, ’малярыя, трасца’, ’гарачкавая дзейнасць’ (Гарэц., Касп., ТСБМ, Растарг.; паўд.-усх., КЭС), укр. харк. лихома́нка, рус. лихома́нка ’тс’, ’ліхадзейка’, ’хлус’, ’благі чалавек’, ’пракуда’. Бел. слова прымыкае да рус. моўнага арэалу, у якім гэта лексема з’яўляецца табуістычнай назвай ад лихоманка ’круцелька, ашуканка’, лихома́нить ’прыносіць зло, бяду’, рус. лихоман, кур. ’д’ябал’, усх. ’махляр’, паўн.-дзв. ’вар’ят’, ст.-рус. лихоманъ ’тс’, укр. палес. лихо́ма ’бяда, цяжкае становішча’, лихоманка ’ліхаманка’, польск. lichmanмот’. Прасл. lixomanъ (Трубачоў, Эт. сл., 15, 93). Да lixo > лі́ха і maniti > мані́ць (гл.) (Зяленін, Табу, 2, 77; Фасмер, 2, 505).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Про́рва1 ’глыбокі, стромкі абрыў, бездань’, ’мноства’, ’пражорлівы чалавек’ (ТСБМ, Нас., Касп., Др.-Падб., Ян., ТС), ’крыніца’ (Сцяшк. Сл.), ’месца, размытае вадой’ (Нас., Касп., Гарэц.), ’пратока’, ’невялікі астравок’ (Сл. ПЗБ), ’новае рэчышча, прамытае ракой’ (Ян.), ’бездань’ (Растарг.), ’багна на балоце ці возеры, зарослая травой’ (ТС), ’завадзь’ (Бяльк.), ’вокнішча ў балоце’ (ДАБМ, камент., 980; слаўг., слонім., стол., Яшк.). Рус. про́рва ’бездань, глыбокая яма; месца, размытае вадой; новае прамое рэчышча ракі, прамытае вадой’, ’пражора’, ’мот’, ’шкода’ і г. д., укр. прі́рва ’месца прарыву плаціны’, ’яма ў рацэ, моры’; таксама ’бездань’; ’стромкі схіл гары’, ’стромкі бераг’, польск. przerwa ’разбурэнне; перапынак’, чэш. průrva ’роў, вузкая і глыбокая даліна, прамытая вадой’, славац. prierva ’тс’. Паўн.-прасл. *prorъva ’месца (бездань), прамытае вадой’. Аддзеяслоўны дэрыват ад прасл. *prorъvati ’прарваць’ (Талстой, Геогр., 175, 202–203), параўн. яшчэ ў Бярынды: “прорва… мѣсце урваное в(ъ) рѣцѣ”.

Про́рва2 ’ўвярэднік балотны, Pedicularis palustris L.’ (брэсц., гродз., Кіс.), ’трыпутнік’ (лях., Сл. ПЗБ). Этымалагічна тое ж, што і прорва1: да прарыва́ць, прарва́ць. Але матывацыя зразумелая толькі ў адносінах да трыпутніка, які прыкладаецца да ран, а таксама скул і нарываў, каб іх прарваць, даць выхад гною.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лайда́к ’гультай, лянівы, бяздзейны, лодар’, ’круцель, хітрун, шэльма’, ’п’яніца’ (Нас., ТСБМ, Касп., Мядзв., Сцяшк., Сл. паўн.-зах.), ’распусны, амаральны чалавек’ (КЭС, лаг.), лайда́чына ’гультай, гультайка’ (Сл. паўн.-зах.), лайдачы́на ’тс’, ’хлус’ (Шат.). Укр. ла́йдак, лайда́ка, лайдачи́на, рус. зах. прыбалт. лайда́к ’тс’, паўдн.-рус. ’нягоднік, хлус, гуляка’, зах.-бран. лайда́ка ’гультай’, польск. łajda, lajda, łajdak, łajdach, łajduś lajdus, łajduń, łajdemus, каш. lái̯dwk̑, lei̯dwk, łajdak ’падлюга, нягоднік, прахвост, паганец’, чэш. lajdák ’лодыр, нядбалы’, мар. lʼajda ’бадзяга’, славац. lajdák ’лайдак, неахайны’, славен. lȃjdǝr ’бадзяга’. Славянскае паходжанне (з ladaco, ladajakýМіклашыч, 162) адкідаецца Фасмерам (2, 450), які мяркуе (а ўслед за ім і Кюнэ, Poln., 73), што ва ўсх.-слав. мовы слова прыйшло з польск. łajdak, якое з н.-в.-ням. landern, с.-в.-ням. lendern ’бадзяцца’ (таксама і Бернекер, 1, 686). ESSJ SG (2, 408) дапускае ўзнікненне łajdak у выніку дээтымалагізацыі дэрыватаў слова ledajaký (з заменай l > ł). Праабражэнскі (430), Эндзелін (ЖСт, 3, 252), Карскі (Труды, 396) паводле дыфтонга ‑ай‑ бачаць крыніцу гэтай лексемы ў балт. мовах. Брукнер (305–306), Слаўскі (4, 435) мяркуюць, што ў польск. мове гэта запазычанне з чэш. мовы, а з польскай тэрыторыі слова пашыралася ў бел., рус., укр. і літ. мовы. Махэк₂ (318) прызнае за словам łajdák (якое з чэш. пашырылася і на славац. тэрыторыю, а адтуль — на вянг. гаворкі) першаснае значэнне з адценнем ’бяздзейнасці, маруднасці, неахайнасці, абыякавасці ў працы’, а ’бадзяцца’ — другасным, выводзячы лексему łajdák (а з яе пасля ўжо ўтварыліся дзеясловы lajdačiti, lʼajdat se і інш.) з прыметніка ledajaký. Як заўважае Трост (NR, 4, 1979, 224), змена ledajaký > lajdák з’яўляецца нечуванай з’явай, і сцвярджае, што ‑ak‑ славянскі суфікс, а чэш. lajda (lʼajda) паходзіць з lajdat, якое з landat, а апошняе (услед за Голубам–Копэчным, 198) — з ням. landern ’бадзяцца’. Аткупшчыкоў (Лекс. балтызмы, 35), Лаўчутэ (там жа. 22 і Лаўчутэ, Балтизмы, 16–18) вяртаюцца да версіі аб балт. паходжанні лексемы лайдак, супастаўляючы яе з літ. laidõkas, лат. laĩdaks ’распуснік, гультай, нягоднік, п’яніца’, ’цяльпук’, ’грубіян’, ’маральна заняпалы’, лат. laīda ’гультай, расслаблены, вялы’. На карысць балтыйскай крыніцы сведчаць як фанетычныя аргументы (дыфтонг ‑ай‑, старое чаргаванне літ. ‑аі‑ // лат. ‑ei‑, параўн. leidoks ’неахайны’, ’распуснік’), так і дастаткова вялікае гняздо роднасных слоў (літ. léisti ’матаць грошы’, ’хутка бегаць’, ’швэндацца’ — ітэратыў láidyti ’тс’, palaidū̃nas ’распуснік’, laidùs, лат. leĩdarsмот, марнатравец’) і пашырэнне іх на асноўнай моўнай літ. і лат. тэрыторыях. Чэшскае і польскае словы з’явіліся вынікам кантамінацыі балт. (lajd‑) і ням. (land‑) асноў. Сюды ж лайдачыць ’гультаяваць, марнатравіць’ (Нас.), лайдачы ’лянівы’ (Сцяшк.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)