канстру́ктар, ‑а, м.
1. Той, хто канструюе што‑н., стварае канструкцыю (у 1, 2 знач.). Інжынер-канструктар. □ [Студэнты] у недалёкім будучым — інжынеры: хто — будаўнік, хто — механік, хто — канструктар, хто — тэхнолаг. Хадкевіч.
2. Набор дэталей і матэрыялаў для канструявання (дзецям). У Колі быў дзень нараджэння, і яму прынеслі шмат падарункаў. І металічны канструктар, і вялікі зялёны самазвал, і кубікі. Арабей.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
палітру́к, ‑а, м.
1. Ва Узброеных Сілах СССР да 1942 г. — асоба, якая кіравала палітычнай работай у падраздзяленнях вайсковых часцей. Палітрук роты.
2. Ва Узброеных Сілах СССР з 1935 па 1942 г. — воінскае званне для розных катэгорый палітычнага саставу. Камандаваў атрадам механік Ленінскай МТС Сцяпан Ваўчок, камісарам у яго быў Паходня, малодшы палітрук па воінскаму званню. Хадкевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нездарма́, прысл.
Разм. Не без падстаў, не без прычыны. Родная Балтыка! Сінь... Маякі... Любяць цябе Нездарма маракі. Жычка. [Шынкевіч:] — Нас выклікаюць у абком. — Ого! — устрапянуўся Каліта.. — Нездарма інструктар абкома сядзеў у нас цэлы тыдзень. Паслядовіч. // З намерам, не так сабе. Гамрэкелі зразумеў, што Саламон толькі прыкідваецца п’яным і што гэтую гулянку ён завёў нездарма. Самуйлёнак. Міхал адчуваў: механік падышоў нездарма, яму карціць пра нешта расказаць, ды не можа асмеліцца. Карпаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паваро́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
1. Дарога, якая адыходзіць у бок ад асноўнай магістралі. Неўзабаве паказалася паваротка ў Ліпск. Старшы механік прытармазіў і паволі з’ехаў з шашы на палявую дарогу. Паслядовіч. Перад.. [Шрэдарам] была брукаваная паваротка і надпіс на слупе: «На Сумлічы. Шэсць кіл[а]метраў». Чорны.
2. Разм. Тое, што і паварот (у 2 знач.). Паваротка, яшчэ раз паваротка, і дарога ўразаецца ў стары лес. А. Александровіч.
•••
Зрэзаць паваротку гл. зрэзаць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спецыя́льнасць, ‑і, ж.
1. Асобная галіна навукі, тэхнікі, мастацтва; сфера чыёй‑н. дзейнасці або вывучэння чаго‑н. [Гарлахвацкі:] І спецыяльнасць такую ўдружылі, з якой нікуды не паткнешся — палеанталогія. Крапіва. // Прафесія, асноўная кваліфікацыя. Механік па спецыяльнасці, Гнядкоў хутка пазнаў сакрэт мін і снарадаў і стаў камандзірам групы падрыўнікоў. Шамякін. Там жа, на Урале, Сцяпан займеў спецыяльнасць шахцёра. І працаваў не абы-як. Гроднеў. / у іран. ужыв. [Гаспадыня:] — Ён [Бычкавіцкі] мае спецыяльнасць выслужвацца ў начальства. Бядуля.
2. Уласцівасць спецыяльнага (у 2 знач.). Спецыяльнасць тэрміна.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
канта́кт, ‑у, М ‑кце, м.
1. Сутыкненне, непасрэдная блізкасць па месцу знаходжання. Заразіцца пры кантакце з хворым. // перан. Цесная ўзаемная сувязь, узгодненасць у дзеяннях; узаемаразуменне. Устанавіць кантакт. □ Кантакт спявачкі з залай ўзнікае адразу, з першага слова песні, і мацнее з кожным тактам. В. Вольскі.
2. Судакрананне двух праваднікоў, дзякуючы якому ток з аднаго правадніка пераходзіць у другі, а таксама месца гэтага судакранання. Механік ўключыў электрапаяльнік, Алёша пачаў чысціць наждачнай паперай кантакты шчотак. Шамякін. // Прыстасаванне, якое забяспечвае падобнае судакрананне. Паправіць папсаваны кантакт.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
кно́пка, ‑і, ДМ ‑пцы; Р мн. ‑пак; ж.
1. Род цвічка з круглай шырокай плешкай, якім прымацоўваюць паперу, тканіну да чаго‑н. цвёрдага. На сцэну падняўся інжынер-архітэктар, раскруціў вялізны ліст паперы і прыкалоў яго кнопкамі. Чорны.
2. Рухомы пупок, які служыць для замыкання электрычнага ланцуга і прывядзення ў дзеянне розных механізмаў націсканнем на яго. Кнопка электрычнага званка. □ Недзе там далёка наверсе дзяжурны механік націснуў кнопку, і клетка нячутна паплыла ўгору. Кулакоўскі.
3. Род металічнай засцежкі, якая складаецца з дзвюх частак, што ўваходзяць адна ў другую. Кофта на кнопках. □ Начальнік адшпіліў кнопкі і выцягнуў карту з планшэта. Самуйлёнак. // перан. Разм. Пра маленькага вяртлявага чалавека. — Ды і хто яна такая, гэта кнопка, каб весці допыт? Ваданосаў.
•••
Націснуць на (усе) кнопкі гл. націснуць.
[Ад гал. knoop — гузік.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ма́йстар, ‑тра, м.
1. Спецыяліст у якім‑н. рамястве, у якой‑н. галіне вытворчасці. Гадзіннікавы майстар. Буравы майстар. □ Мікалай Бугкавец — вядомы ў акрузе майстар па рамонту збруі — суткамі не разгінаўся над хамутамі. Курто.
2. Адміністрацыйны і тэхнічны кіраўнік асобнага ўчастка вытворчасці (цэха, змены і пад.). Зменны майстар. Дарожны майстар.
3. Чалавек, які дасягнуў высокага майстэрства ў сваёй справе. Майстар высокіх ураджаяў. Майстар мастацкага слова. Майстар манументальнай скульптуры. □ Творчасць Янкі Брыля, аднаго з выдатных майстроў беларускай прозы, ўяўляе вялікую цікавасць як для даследчыка-літаратуразнаўца, так і для крытыка. Кучар. // на што і з інф. Разм. Аб лоўкім, здатным да чаго‑н. чалавеку. І дзядзька майстар быў на штукі, І быў механік на ўсе рукі. Колас. Настаўнік быў майстрам апавядаць. Бядуля.
4. Званне, якое прысвойваецца выдатным спартсменам. // Асоба, якая носіць гэта званне. Майстар спорту.
•••
Майстар на ўсе рукі — пра чалавека, які ўмее ўсё рабіць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
тру́бка, ‑і, ДМ ‑бцы; Р мн. ‑бак; ж.
1. Памянш. да труба (у 1 знач.); труба невялікага сячэння. Медная трубка. Гумавая трубка. □ Механік Білі меў за звычай маўчаць і .. марудна калупаўся ля матора,.. каля жылаватых вузлоў бензінавых трубак. Лынькоў.
2. Назва розных прыбораў і прыстасаванняў, звычайна цыліндрычнай формы. Рэнтгенаўская трубка. // Назва розных органаў жывога арганізма ў выглядзе трубы невялікага сячэння. Дыхальная трубка.
3. Частка тэлефоннага апарата, якая служыць непасрэдна для слухання і гаварэння. Тэлефонны званок перапыніў яго. Васількоў, пакутліва скрывіўшы хударлявы жоўты твар, зняў трубку. Асіпенка. Глухнуць нават трубкі тэлефона. Заразіў футбол усіх, як грып. Макаль.
4. Скрутак якога‑н. матэрыялу, якому нададзена цыліндрычная форма. Трубка тканіны расла з кожным днём. Бядуля. Трубка палатна зачапілася канцом за сучок вішні. Жычка.
5. Разм. Тое, што і калодка (у 4 знач.). Дарога раскісла, калёсы гразнуць па трубкі... Васілевіч. Патрэскаліся трубкі, і вось-вось, здаецца, выпадуць спіцы, распадзецца кола. Галавач.
•••
Дыстанцыйная трубка — механізм, прызначаны для ўзрыву снарада ў зададзеным пункце траекторыі.
Трымаць вуха трубкай гл. трымаць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
наці́снуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.
1. што, на што і без дап. Стварыць ціск, налегчы цяжарам. Недзе там далёка наверсе дзяжурны механік націснуў кнопку, і клетка нячутна паплыла ўгору. Кулакоўскі. [Раманенка] ціха, быццам крадучыся, націснуў на дзверы, і яны без скрыпу адчыніліся. Шамякін.
2. чаго. Выціскаючы, здабыць у якой‑н. колькасці. Націснуць соку з журавін.
3. на каго-што і без дап. Зрабіць націск (у 3 знач.). Націснуць на ворага з флангаў.
4. перан.; на каго-што і без дап. Прымусіць або схіліць каго‑н. да якога‑н. дзеяння. Націснуць на адміністрацыю. Націснуць на пастаўшчыкоў.
5. перан.; на што і без дап. Разм. Энергічна ўзяцца за што‑н. [Мельнік:] — Я б на тваім месцы, Коля, націснуў бы на вучобу! Карпюк.
6. на што і без дап. Вымаўляючы, зрабіць лагічны націск. — Ты гэта што? Смяяцца ўздумаў над начальствам? — закрычаў зноў старшыня і націснуў на слова «начальствам». Чарот. Стафанковіч.. сарваў з.. вешалкі нейкую старую вопратку і падаў Любе. — Каб дождж не прамачыў вашага дзіцяці (на слова «ваша» ён вельмі націснуў). Гэтая адзежына мне не патрэбна. Чорны.
7. што. Разм. Нацерці мазоль (мазалі).
•••
Націснуць на (усе) кнопкі (педалі) — выкарыстаць усе магчымасці для дасягнення чаго‑н.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)