неглыбо́кі, ‑ая, ‑ае.

1. Які не мае вялікай глыбіні; мелкі. Рака тут неглыбокая і яе няцяжка будзе пераплыць. Сабаленка. Снег усюды ляжаў роўны, неглыбокі. Сачанка. Рана была неглыбокая, але ўжо забруджаная. Шамякін. // Які знаходзіцца на нязначнай глыбіні, недалёка ад паверхні. Руды неглыбокага залягання.

2. перан. Які не вызначаецца глыбінёй; негрунтоўны. Неглыбокія веды. // Павярхоўны, несур’ёзны (пра чалавека). Спадарожнікамі аказаліся неглыбокія людзі, якія на ўлонні прыроды ні разу не загаварылі аб прыродзе. «ЛіМ».

3. Нямоцны (аб пачуццях, стане і пад.). Сон быў неглыбокі. □ Дыханне неглыбокае, перарывістае, — сказаў.. Роб. Гамолка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Плы́ткі, плы́ценькі ’неглыбокі, мелкі’, ’плоскі’ (ТСБМ, Сцяц., Сцяшк. МГ, Сл. ПЗБ; Сл. Брэс., Варл.; зах.-віц., гродз., брэсц., ЛА, 4), ’палогі бераг ракі, возера’ (гродз., віл., ЛА, 2), ’нізкі, пакаты, спадзісты (пра страху)’ (Шушк.; Сл. ПЗБ; Сцяшк. МГ; ваўк., воран., ЛА, 4). Зах.-рус. плы́ткий ’плоскі’, польск. plytki ’неглыбокі’ (пашырылася ў паўд.-малапольск. дыялекты ад горцаў — Банькоўскі, 2, 634), чэш. plytký ’тс’ (пра ваду, раку), plétka střecha ’плоская, нізкая страха’, славац. plytký, славен. plítek ’плыткі, мелкаводны’, серб.-харв. plít(ak) ’тс’, ’павярхоўны’, макед. плиток, балг. плѝтъкмелкі’. Прасл. *plytъkъ ’неглыбокі’, ’такі, дзе можна плаваць’, якое Скок (2, 685) выводзіць з дзеяслоўнай асновы плыць/плываць < і.-е. *plū‑/*plou̯, як і Махэк₂ (464). Банькоўскі (2, 634) для прасл. формы выводзіць значэнне ’месца, “распластанае” ў рэчышчы, дзе можна спускаць плыты, перапраўляць авечак на другі бераг’. Трубачоў (Праспект, 73) мяркуе, што прасл. plytъkъjь утварылася з формы супіна *plytъ (< *plyti, гл. плыць) і ад’ектывізуючага суфікса *‑kŏ‑; бессуфіксальная зыходная форма захавалася ў чак. plit ’неглыбокі’, каш. plit ’плоскі, тонкі’ (Борысь, Czak. stud., 121), што дае падставы для рэканструкцыі прыметніка *plytъ ’неглыбокі’ (Борысь, Папоўска–Таборска, ZPSS, 10, 28).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прах ’цела чалавека пасля смерці’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ, ТС), ’пыл’, ’зямля; пагібель’ (Нас.), ’гніллё’ (Ян.), ’мноства, шмат’ (ТС), пра́хі ’малаздольныя, гультаяватыя пачаткоўцы-нячысцікі, якія служаць на пабягушках у іншых нячысцікаў’ (Нік., Няч.). Запазычанне з ц.-слав. прахъ замест усх.-слав. порохъ (гл. Фасмер, 3, 355; ESJSt, 12, 697). Адносна шляхоў запазычання гл. Цвяткоў, Запіскі, 2, 61; Цыхун, Зб. памяці Талстога, 418. Значэнне пра́хі выводзіцца з ’мелкі, дробны’. Ускосная семантычная аналогія ў чэш. prachy ’грошы’, першапачаткова — ’дробныя грошы’ (гл. Махэк₂, 478). Паводле Нікіфароўскага (Нік., Няч., 33), эўфемізм да слова чэ́рці (гл. чорт), параўн. чэш. дыял. prachél ’чорт’. Значэнне ’мноства’ на базе значэння ’пыл’ (’многа, як пылу’). Відаць, не звязана з н.-луж. prach ’толькі што, якраз’, адносна якога гл. Шустар-Шэўц, 2, 1148. Далей гл. порах.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вы́секаць ’высмаркаць нос’ (Янк. II, Бір. дыс., Шатал., брэсц., пін., З нар. сл.), вы́снекаць, вы́снякаць ’тс’ (Бір. дыс., Сцяц.). Укр. ви́сякати ’тс’, сяка́ти ’фыркаць, смаркацца’, рус. исся́кнуть ’вычарпацца’, польск. siąkać, siąknąć, sięknąć ’канчацца, вычэрпвацца; смаркацца’, в.-луж. sakać, saknyć ’высыхаць, вычэрпвацца’, чэш. sáknouti ’сачыцца, мачыць’, славац. siakať, siaknuť ’фыркаць, смаркацца’, серб.-харв. пресѐкати, ‑ка̑м ’вычарпаць’, балг. сѐквам, се́кна ’вычэрпваюся’. Прасл. *sęknǫti роднаснае слав. *sǫčiti, ц.-слав. исѫчити (гл. сучы́ць) (Фасмер, 3, 826). У іншых і.-е. мовах роднаснымі з’яўляюцца літ. senkù, sékti ’апускацца’, seklùsмелкі’, лат. sîkt, sīkstu, sîku ’засыхаць’, ст.-інд. ásakrak ’невычэрпны’, ст.-англ. sîhte ’балоцісты’ (з *siηhti), ірл. sesc ’сухі, бясплодны; той, які не дае малака’, кімр. hysp ’сухі’ (Траўтман, 256). Іначай–Махэк₂ (536), які звязвае таксама са слав. sokъ. Беларускія формы з ‑н‑, відавочна, пад уплывам польскіх назалізаваных форм з наступнай метатэзай.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Іл1 ’адкладанні найдрабнейшых часцінак мінеральных і арганічных рэчываў на дне вадаёмаў’ (ТСБМ). Рус. ил ’тс’, дыял. церск., уладз. ’гліна’, дан. ’топкая балотная гразь’, урал. ’вельмі мелкі наждак, падобны на рачны ці азёрны іл’, польск. ’гліна’, в.-луж. jił ’гліна, гразь’, чэш. jíl ’гліна’, славац. íl ’тс’, славен. íl ’іл, гліна’, серб.-харв. уст. il ’гліна’ (XVI ст.), балг. ил ’іл, ціна’, ст.-слав., ст.-рус. илъ ’гліна, іл’. Прасл. *jьlъ (старая ŭ‑аснова, параўн. ст.-бел. иловатыи, рус. дыял. илова́й ’мелкая і балоцістая затока’, ’балота, багна’, славен. ílovica ’гліна, суглінак’, серб.-харв. и̏ловача ’гліна’, балг. иловица ’багністая глеба’, макед. иловица ’гліна’) звязваюць з лат. īls ’вельмі цёмны’, грэч. ΐλΰς, р. скл. ‑ύος ’іл, ціна, гразь’ < і.-е. *īlu‑. Гл. Бернекер, 1, 424; Фасмер, 2, 126; Покарны, 1, 499; Безлай, 1, 209; Трубачоў, Эт. сл., 8, 221–222, дзе іншая літ-ра.

Іл2 ’крухмал’ (віц., полац., Нар. сл., 94, 198). Семантычны перанос паводле спосабу прыгатавання, калі крухмал адкладваецца падобна ілу; параўн. рус. смал. ил ’бульбяны крухмал’, калін. ’хлебны іл, хлебная гушча, якая застаецца пасля варкі піва’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кага́т ’бурт’ (БРС, ТСБМ), ’яма для захавання бульбы’ (Бяльк.), ’доўгі, мелкі капец бульбы’ (кобр., Нар. сл.), ’стог’ (чач., Мат. Гом.), параўн. у Яшкіна, 83, ветк. кагацішча ’месца, дзе стаяла сцірта (кагат) сена’. Укр. міргар. кагат ’куча’, дан. ’куча рыбы, па-асабліваму складзеная і пакрытая чаротам’, палес. кагата ’яма для сховы бульбы зімой’, рус. смал. кагат ’конусападобная куча бульбы ў полі’. На думку Лучыца-Федарца, БЛ, 3, 1973, 57, кагат з’яўляецца іранізмам. Лінгвагеаграфія слова быццам не супраць гэтага, аднак існуюць пэўныя фармальныя і семантычныя цяжкасці. У якасці блізкіх да магчымай іранскай крыніцы Лучыц-Федарэц прыводзіць асец. къахт ’яма’, къахын ’выдзеўбаць’, kʼахуn : kʼaxt ’капаць’. Аднак, паводле Абаева, 1, 620, гэта слова з’яўляецца параўнальна рэдкім для асец. мовы прыкладам адназоўнікавага дзеяслова, ад kʼax ’нага’, першапачаткова такім чынам, ’капаць нагой’ (аб жывёлах), а само слова kʼax не іранскае, гл. Абаеў, 1, 619. Зразумела, што ненадзейнасць асецінскай паралелі вымушае яшчэ больш сумнявацца ў патэнцыяльнай іранскай крыніцы. Апрача гэтага, значэнне ’яма’, якое дазваляе меркаваць аб сувязі іран. і слав. слоў, нельга, безумоўна, лічыць першапачатковым для слав. лексем, тым больш што словы з такімі значэннямі суадносяцца геаграфічна і ўказваюць на другасны іх характар. Слова нагадвае вандроўны культурны тэрмін, аднак крыніца запазычання невядомая.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Роў1 ’доўгае паглыбленне ў зямлі, канава’ (ТСБМ, Гарэц., Нас., Шат., Бяльк., Стан., ТС, Сл. ПЗБ), ’яр, лагчына’ (Байк. і Некр.), ’баразна’ (Куч.), ’трэшчыны на пятах’ (паст., ігн., Сл. ПЗБ), рове́ц ’раўчак’, ’разора’, ’паз у вушаку’, ’прабор у валасах’ (ТС), ро́вам, рава́мі ’моцным струменем’ (шум., навагр., Сл. ПЗБ), роў ’невялікі прыродны вадаём’ (ганц., ЛА, 2), рів ’мачулішча’ (драг., кобр., ЛА, 4), ров, роў, рӥв ’ручай, прамыіна, мелкае месца на рацэ’ (зах.-палес., ЛА, 5), ’доўгі, мелкі капец бульбы’ (кобр., Нар. сл.), ’круглая яма на высокім месцы для захоўвання бульбы зімою’ (віл., ст.-дар., Яшк.). Укр. рів ’роў, канава’, рус. ров ’канава’, карэл. ’баразна паміж градамі’, пск. ’палонка’, ро́вы ’ямы’; польск. rów ’канава’, ’акоп’, ’западзіна’, в.-луж., н.-луж. row ’магіла’, чэш. row ’тс’, славен. rȍv, ròv, rovíšče ’роў, канава’, ’акоп’, ’капальня, яма’, серб. ро̏в, ро̑в ’роў, глыбокая канава’, ’акоп’, харв. rȏv ’тс’, макед. ров ’роў’, балг. ров, дыял. ро́вът ’тс’, ст.-слав. ровъ ’яма’, ’роў’, ’магіла’. Прасл. *rovъ — утварэнне з суф. ‑vъ (як *kovъ < *kovati) ад *rovati < ryti (Міклашыч, 285; ESJSt, 13, 778) < *reu̯o‑ < і.-е. *reuH‑ ’рыць, капаць, вырываць, дзерці’ (Сной–Бязлай, 3, 199–200), з якога выйшлі: ст.-грэч. οὐρός ’роў’ (Фасмер, 3, 488), лац. ob‑ruere ’засыпаць, закопваць’, ē‑ruere ’выкопваць, вырываць, выграбаць’ (Махэк₂, 520).

Роў2 ’моцны працяглы крык некаторых жывёл’, ’гукі, што напамінаюць такі крык’, ’моцны плач’ (ТСБМ). Да раўці́ (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ме́та1, ме́тка, ме́ціна ’штучны або радзімы знак, які адрознівае прадметы або істоты ад іншых падобных прадметаў, істот’ (ТСБМ, Нас., Бяльк.), ’прыкмета, знак’, ’пляма на целе, покрыва жывых істот’ (кругл., Бел. хрэст. дыял.; ТСБМ), ’мяжа, след, лінія, вышка, маяк, межавая насечка на дрэве’ (Сл. ПЗБ; слаўг., Яшк.), ме́тны ’прыкметны, вядомы, памятны’, ’зграбны, спрытны, лоўкі’ (Нас.; КЭС, лаг.; сувалк., КЭС; гарад., Нар. лекс.; даўг., Сл. ПЗБ), ме́ціць ’ставіць адметны знак, метку’ (ТСБМ, ТС). Укр. кіеўск. мєта ’драўляная бразготка на шыі ў скаціны’, мі́тити, рус. ме́тить, мета, ст.-рус. мѣта ’знак’; серб.-харв. за‑мијѐтити ’прыкмеціць’, балг. сметам ’лічу’, ’мяркую’, сметка ’рахунак’. Прасл. měta. І.‑е. адпаведнікі (балт. адсутнічаюць): ст.-інд. mātiš ’мера’, māti ’мерае’, авест. māta‑ ’памераны’, ’утвораны’, ст.-грэч. μῆτις ’рада’, ’задума’, ’кемлівасць’, μέτρν ’метр’, лац. mētior, ‑īrī ’мераць’, якія ўзыходзяць да і.-е. асновы *mē‑ ’мераць’, параўн. ме́ра (гл.) (Бернекер, 2, 54; Траўтман, 179; Фасмер, 2, 610; Скок, 2, 423). Менш верагодным з’яўляецца супастаўленне з гоц. maitan ’сячы, высякаць’ (Міклашыч, 196; Младэнаў, 596; Аткупшчыкоў, Из истории, 201).

Ме́та2, мі́та ’доўгі, мелкі капец бульбы’ (петрык., Нар. сл.). Праз польск. пасрэдніцтва (параўн. кацеўск. mėt ’тс’) або непасрэдна з н.-ням. miete ці с.-гал. mite ’стог, сцірта’, ’капец (для караняплодаў)’, якія, аднак, з лац. mēta (foeni) ’сцірта, стог сена’, ’хлеў для сена’ (Васэрцыер, 152).

Ме́та3, ме́цішча ’лінія ў дзіцячай гульні’ (рэч., слаўг., чав., чэр., краснап., Яшк.), які і ме́та ’адлегласць’ (ТС), звязаны генетычна з ме́та1 (гл.), аднак у семантыцы можна бачыць агульнае з семантыкай мэта (гл.). Сюды ж меціць ’цэліць’, ’намервацца ажыццявіць якое-небудзь дзеянне’, ’імкнуцца заняць больш высокае становішча’ (ТСБМ, Яруш.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ганя́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; незак., каго-што.

1. Прымушаць рухацца, перамяшчацца шматразова або ў розных напрамках (звычайна пра жывёлу). Ганяць коней у прыводзе. □ У гэтым месцы Нёман мелкі і шырокі. І ездзяць, і ходзяць, і жывёлу ганяюць уброд. Колас. Па гэтым гасцінцы панскія паліцыянты ганялі скаваную моладзь — барацьбітоў за свабоду народа. Брыль.

2. Перакідваць, перакочваць з месца на месца. Па двары ганяць кола аказалася нязручна, яно падскоквала на няроўным бруку і трапляла ў ямкі. Самуйлёнак. Вецер ганяў па вуліцах ашмоцце абпаленай па краях паперы. Савіцкі. // Суправаджаць, вадзіць што‑н., правячы, накіроўваючы. Яшчэ падпаскам бацькаўскі парог Янук пакінуў. У паноў служыў, Рыбачыў, Нёманам ганяў плыты. Танк.

3. Разм. Вадзіць (аўтамашыну, поезд і пад.) на вялікай хуткасці; увогуле вадзіць машыну, ездзіць на машыне. Хлапчукі ганялі па .. [асфальце] траскучыя самаробныя самакаты. «Звязда». Цэлы дзень .. [Анатоль] завіхаўся на будоўлі, кіраваў брыгадай.., ганяў у раён прычэпы па цэглу і шыфер. Шашкоў.

4. Разм. Даваць частыя даручэнні, пасылаць куды‑н. пад прымусам. Стары ляснічы .. Цаніў Міхала, як служаку: Ганяў усюды небараку, Як бы скаціну тую нему. Колас.

5. Праследаваць звера, ісці па яго слядах. Сабака добра ганяе зайцаў. □ [Кастусь] ганяў па лесе вавёрак, спорваў птушыныя гнёзды. Ваданосаў.

6. Прымушаць пакінуць якое‑н. месца; выганяць, праганяць. Ганяць з месца на месца. □ Сёння ёсць вестак у птушак нямала, Спаць вецер не даў ім, ганяў іх з-пад стрэх. Танк.

7. перан.; па чым. Разм. Задаваць многа пытанняў па розных раздзелах вучэбнай праграмы. На другі дзень Багаяўленскі выклікаў Кастуся і пачаў ганяць па граматыцы. С. Александровіч.

8. звычайна без дап. (у злучэнні са словамі «у поле», «на пасьбу» і пад.). Быць пастухом. Цэлае лета ганяў у поле.

9. безас. Разм. Быць, знаходзіцца дзе‑н. Дзе цябе ганяла?

10. Разм. Акучваць, абганяць (прапашныя культуры). Ганяць бульбу.

•••

Сабак ганяць — гультаяваць, лодарнічаць.

Толькі ваўкоў ганяць; хоць ваўкоў ганяй — пра вялікае пустое або халоднае памяшканне. Ім адным, старым, хоць ваўкоў ганяй — зусім пустая без дзіцяці хата. Васілевіч. Сцены былі яшчэ не патынкаваны.., і, як казала мачаха, зімой у хаце было — хоць ваўкоў ганяй. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ісці́, іду, ідзеш, ідзе; ідзём, ідзяце, ідуць; пр. ішоў, ішла, ішло; заг. ідзі; незак.

1. Перамяшчацца, перасоўвацца ў прасторы:

а) Рухацца, ступаючы нагамі, робячы крокі (пра чалавека і жывёлу); крочыць. Аўсамі ішоў чалавек, выбіраючыся з лагчыны на ўзгорак да гасцінца. Чорны. Ляснымі дарогамі скрыта к чыгунцы ідуць партызаны. Колас. Насцярожана задзіралі галовы ласі, ідучы да вадапою. Кірэйчык. // (з акалічнаснымі словамі, якія паказваюць характар падобнага руху). Ужываецца ў значэнні: бегчы, імчацца, несціся і пад. Алені ішлі лёгкім трушком. Шамякін. Па дарозе ад Нёмана рыссю ідзе сувязны. Брыль;

б) Ехаць, плысці, ляцець (пра сродкі перамяшчэння). Машыны, танкі, артылерыя ішлі бесперапыннай плынню і ўсё ў адным напрамку — на захад. Шамякін. Ідуць калгасныя падводы, Дабро вязуць грузавікі. Колас. / З акалічнаснымі словамі, якія ўказваюць на характар, спосаб руху. Ісці на вёслах. Ісці на ўсіх парусах. // Адыходзіць, адпраўляцца ў пэўны момант, час. Экспрэс ідзе а дзесятай гадзіне вечара. // Ехаць, плысці, ляцець на якім‑н. са сродкаў перамяшчэння. На атамным ледаколе «Ленін» ішла экспедыцыя ў акіян.

в) Быць у дарозе, будучы адасланым куды‑н. (пра пісьмы, пасылкі, кантэйнеры і інш.). Кантэйнер ідзе чыгункай. □ Нарэшце пісьмо прыйшло: як выявілася, нейкія сто кіламетраў яно ішло пяць дзён. Шамякін. // Дамаўляцца, прыбываць адкуль‑н. куды‑н. Чай ідзе з Каўказа. □ Ходзіць вецер, Ловіць прыпах нафты, Што да нас з Татарыі ідзе. Калачынскі; г) Перамяшчацца масай, патокам, чарадой. Застаўся вецер ззаду дзесь, як хмара, следам пыл ідзе. Дубоўка. — Крыгі ідуць па Дзвіне — проста жах. Брыль. // Рухацца чарадой, касяком (пра рыбу і пад.). На бераг рыба ўся ідзе, аж возера шуміць-гудзе. Дубоўка.

2. у што, на што або з інф. Накіроўвацца, адпраўляцца куды‑н. з якой‑н. мэтай. Ісці гуляць. Ісці ў госці. Ісці на выбары. Ісці ў ягады. □ [Сегень] варушыўся кожную раніцу пад вокнамі хат і заказваў — каму што рабіць, каму куды ісці. Чорны. // на каго, супроць каго. Выступаць у паход, нападаць. Калі нарадзіўся волат, не знаў ён ні хвілі спакою: Варожых дзяржаў чатырнаццаць ішлі на яго вайною. Куляшоў. // перан. Разм. Выступаць праціўнікам, пярэчыць. — Завошта нам было б забіваць адзін аднаго, завошта ісці брату на брата? Самуйлёнак.

3. перан. Прыступаць да якой‑н. службы, дзейнасці; уступаць куды‑н., рабіцца кім‑н. Ісці ў партызаны. Ісці ў армію. Ісці ў інстытут. □ Да таварышаў, якія ідуць у літаратуру, К. Чорны звяртаўся з горкаўскім папярэджаннем: работа літаратараў надзвычай цяжкая. Кудраўцаў. Стары настаўнік Ягор Ягоравіч, адпрацаваўшы ў школе год з пяцьдзесят, атрымаў персанальную пенсію і ішоў на адпачынак. Корбан.

4. перан. Рухацца, развівацца ў якім‑н. напрамку. Ісці да камунізма. □ Гады праходзілі. Краіна Ішла наўсцяж да перамог. Глебка. Так і прайшоў свой шлях Васіль Іванавіч ад камсамольца да сакратара абкома партыі. Ішоў са ступенькі на ступеньку. Лынькоў. // у што. Развівацца, расці пэўным чынам (пра расліны). Бульба ідзе ў націну. // Дзейнічаць, паводзіць сябе тым або іншым чынам. Ісці разам з калектывам. □ Працавала [Тамара] па 7 гадзін. Але крок у крок ішла з тымі, хто працаваў поўную змену. «Работніца і сялянка». // Разм. Мець якія‑н. вынікі, паказчыкі ў чым‑н. Вучань добра ідзе па ўсіх прадметах. □ Дзяўчына была энтузіястка, яна і ў вучобе ішла на сярэбраны медаль. Шамякін. // за кім-чым. Трымацца каго‑н.; наследаваць каму‑н., далучацца да чыіх‑н. думак, поглядаў. Мы мацнеем і расцём, бо за партыяй ідзём. Прыказка.

5. ад каго-чаго, з чаго. Выдзяляцца, выходзіць, расплывацца. Ад зямлі ідуць густыя пахі ляснога рэдкатраўя, мокрага ад расы і сырасці ляжалага лісця. Пташнікаў. Калі Лукаш ужо набліжаўся да вёскі, з навадворскіх комінаў ішоў дым. Кавалёў. // Распаўсюджвацца (пра гукі, святло і пад.). Зязюля лічыла некаму гады, і аж пошчак ішоў па лесе ад яе кукавання. Даніленка. Неба на ўсходзе гарэла, ясната ішла ад ружовай разлегласці на ім. Чорны. // З’яўляцца, выходзіць, вынікаць. Паэзія [Янкі Купалы] ішла ад думак і жаданняў народа. Івашын. // Выдзяляцца, цячы. Кроў ідзе з раны. Пот ідзе. // Паступаць, падавацца. Газ ідзе. Ток ідзе. Пара ідзе па грубцы. □ Хлапчук, што хацеў быць дарослым, корпаўся ў млыне, дзе ішла якраз яго мука. Брыль. // Раcпаўсюджвацца (пра чуткі, весткі і пад.). Ідуць весткі з усіх канцоў. □ Пра абухаўцаў ішла слава яшчэ з 1901 года. «Работніца і сялянка». На Беларусі Па вёсках ідуць пагалоскі — з’явіўся Кастусь Каліноўскі. Броўка.

6. Набліжацца, з’яўляцца адкуль‑н. У акружаным блакадай лагеры ўсе радуюцца: «Нашы ідуць!..» Якімовіч. З вісклівым крыкам: «Ідзе! Ідзе!..» пранесліся пад акном Мікітка з Валодзькам, ускочылі ў хату і паведамілі, што ідзе машына. Ракітны. // перан. Насоўвацца, надыходзіць, прыбліжацца. Ноч ідзе З маланкамі, Дажджамі. Хведаровіч. З яркім сонцам, З пукам красак Май да нас ідзе. Бядуля.

7. Разм. Знаходзіць збыт, пакупніка. Тавар не ідзе. // Прадавацца па той або іншай цане. Ісці за бясцэнак.

8. перан. Рэгулярна налічацца, адпускацца (пра якія‑н. сродкі). Ідуць працэнты. Ідзе пенсія. Ідуць працадні. Зарплата ідзе. □ — Вам цяпер ідуць грошы кожны месяц, жывяце вы, дай божа на ўсякага добрага... Чорны. Слімак быў вельмі задаволены сваёй камандзіроўкай: ішлі добрыя сутачныя. Лынькоў.

9. Рассцілацца, пралягаць; мець пэўны кірунак, цягнуцца. Лагчына ішла далёка, аж пад лес. Сюды цяпер з поля пасля дажджу сцякала вада. Пташнікаў. І аднастайнай чарадой Ішлі стракатыя палоскі, Як невясёлых думак рой. Глебка. // Цягнуцца, праходзіць дзе‑н. Дарога ішла лесам. □ — Праз Калхіду ішоў вялікі гандлёвы шлях з Грэцыі і Рыма ў краіны Бліжняга Усхода і ў Індыю. Самуйлёнак. // Адыходзіць, адгаліноўвацца ад чаго‑н. У сыпкім пяску Ад калодзежных зрубаў Ідуць вадавода Смалістыя трубы. Лужанін. // Праходзіць, працягвацца ў якім‑н. напрамку. Вуліца ідзе ўгару. На горцы — Арынская царква, могілкі. Дамашэвіч. Паз ішоў крыва і быў мясцінамі то зусім мелкі, го занадта глыбокі. Дуброўскі. // Займаць тое або іншае месца ў адносінах да каго‑, чаго‑н. Я напішу, што ў класе Уперадзе іду, Што я ні ў якім разе Яго не падвяду. Гілевіч. За прасначкамі йшлі кампоты, Кісель з мядоваю сытою; Вячэру скончылі куццёю. Колас.

10. Дзейнічаць, працаваць (пра механізмы, машыны і пад.). Гадзіннік ідзе. □ Сцены карпусоў злёгку дрыжэлі, фабрыка ішла сваім поўным ходам. Лынькоў.

11. Капаць, цячы, ляцець (пра ападкі). Дождж ідзе. □ Узімку [на Вогненнай Зямлі] разам з дажджом часта ідзе і снег. Маўр.

12. Мінаць, працякаць, праходзіць у часе. Ішлі гады, дзеці іх раслі, жаніліся, выходзілі замуж — і хатка выцягвалася па вуліцы ў абодва бакі. Ракітны.

13. Цягнуцца, працягвацца. За акном павольна ішла ноч, роіліся зоры, і ападалі некаторыя з іх. Самуйлёнак. Жыццё ішло, поўнае чароўнасці і прыгажосці. Кавалёў. // каму. Быць у якім‑н. узросце. — Уладзіку трынаццаты год ідзе... Чорны.

14. Мець месца, адбывацца, праходзіць. Ідзе ўрок. Суд ідзе. У кватэры ідзе рамонт. □ На станцыі ішла ўжо выгрузка танкаў. Мележ. // Выконвацца, паказвацца, ставіцца (пра п’есу, спектакль і пад.). Ідзе новы кінафільм. // Быць прынятым да друку. Артыкул ідзе ў наступны нумар часопіса. // (звычайна з акалічнаснымі словамі). Адбывацца, быць у пэўным стане; удавацца, атрымлівацца. Справы ідуць добра. □ Мікалай распытваў Веру, як жывецца, як ідзе вучоба. Дамашэвіч.

15. Весці пачатак, паходзіць ад чаго‑н. Традыцыі гэтага змагання ідуць і з даўніх часоў, і з свежых яшчэ ў нашай памяці.. войнаў 1914–1920 гадоў. Чорны. // Лагічна развіваць думку ад агульнага да прыватнага або ад фактаў да абагульненняў. Ісці ад фактаў.

16. на што. Быць гатовым або схільным да чаго‑н., згаджацца на што‑н. Ісці на кампраміс.

17. у што, на што, пад што. Прызначацца, выкарыстоўвацца, ужывацца для чаго‑н. Перац ідзе ў страву як прыправа. Салома ідзе на подсціл жывёле. Дом ідзе пад знос. □ Іграюць пілы пільшчыкаў — На дошкі йдзе бярвенне. Купала. // Выдаткоўвацца, расходавацца, траціцца. На дарогу ідзе многа часу. □ Частка лякарстваў ішла на аказанне дапамогі насельніцтву. «Звязда».

18. каму-чаму. Падыходзіць, адпавядаць, пасаваць. Вясёласць гэтая неяк не ішла .. [шарманшчыкам], асабліва.. барабаншчыку. Чорны. // Быць да твару. [Ядвіся] была ў прыгожай чырвонай кофтачцы, якая вельмі ішла да яе твару. Колас.

19. Разм. Надзявацца, узлазіць без цяжкасцей. Чаравік не ідзе на нагу. // у што. Свабодна ўваходзіць, ўлазіць. Нітка свабодна ідзе ў шаршатку. Цвік не ідзе ў сцяну.

20. (часта з адмоўем). Разм. Атрымлівацца, ладзіцца, спорыцца. Хацеў бы я пеці Аб сваёй бядзе, Дый мне сэрца ные, Песенька не йдзе. Купала. — Вось цвердзь! А-а-а... Даўней грыўню мог сагнуць пальцамі, а гэта не ідзе... Чорны.

21. за каго. Уступаць у шлюб, выходзіць замуж (пра жанчыну). Марылька ішла замуж за Няміру. Чорны.

22. чым, з чаго. Рабіць ход у гульні. Ісці канём. Ісці козырам. Ісці з туза.

23. (з прыназоўнікам «у»). У спалучэнні з назоўнікамі, якія абазначаюць дзеянне, ужываецца ў значэнні: падпадаць пад што‑н. (што выражана назоўнікам). Ісці ў рамонт. Ісці ў чыстку.

24. (з прыназоўнікамі «на», «у»). У спалучэнні з назоўнікамі азначае наступленне працэсу, стану, дзеяння, якое выражана назоўнікам. Ісці на змяншэнне (змяншацца). Ісці ў рост (расці, пачынаць расці). Ісці на лад (ладзіцца, наладжвацца). Ісці на спад. Ісці на пасадку. Ісці на ўступкі. Ісці ў наймы. □ Рыгорку няцяжка было ўгаварыць Данілу ісці ў сваты да Бары, даводзячы, што цяпер якраз самы зручны момант. Дуброўскі.

25. (з прыназоўнікам «у»). У спалучэнні з назоўнікамі азначае: пачынаць рабіць што‑н., пускацца ў што‑н. Ісці ў скокі.

26. аб кім-чым, пра каго-што. Весціся (пра гаворку, гутарку і пад.). Ішла гаворка пра ўраджай. □ Залескі быў хворы, і Яўген Лубян часова замяшчаў яго. Аб ім ішла і гутарка. Шамякін. Язэп прысеў на табурэтку каля стала, слухаючы, аб чым ідзе размова. Дуброўскі.

27. за каго, што. Разм. Аказвацца прыгодным, сыходзіць за што‑н., з’яўляцца добрай заменай чаго‑н. Чорны хлеб ідзе за пірог.

28. Разм. Расходавацца хутка, лёгка. — Чырвонец вазьмі!.. У горадзе ідуць грошы, як вада праз пальцы. Мыслівец.

•••

Галава ідзе кругам гл. галава.

Далей (ісці) некуды гл. некуды.

З торбай ісці — пачаць жабраваць, прасіць міласціну.

Ідзіце здаровы — развітальны выраз.

Ісці міма рук — не даставацца каму‑н.

Ісці на дно — а) цярпець няўдачу, паражэнне; б) маральна апускацца, занепадаць.

Ісці на павадку ў каго — быць у залежнасці ад каго‑н., ставіць свае дзеянні, паводзіны ў залежнасць ад каго‑н.

Ісці на свой хлеб — пачаць жыць самастойна, зарабляць сабе на жыццё.

Ісці насустрач каму-чаму — садзейнічаць, дапамагаць каму‑н., спачувальна адносіцца да каго‑, чаго‑н.

Ісці на той свет — паміраць.

Ісці на ўсё — скарыстоўваць любыя сродкі для дасягнення мэты.

Ісці пад вянец — вянчацца, уступаючы ў шлюб.

Ісці пад суд — прыцягвацца да судовай адказнасці.

Ісці па лініі найменшага супраціўлення — выбіраць найбольш лёгкі спосаб дзеянняў, ухіляючыся ад цяжкасцей, пазбягаючы перашкод.

Ісці прамой дарогай — жыць сумленна, дзейнічаць без хітрыкаў і падману для дасягнення чаго‑н.

Ісці рукою — добра весціся, гадавацца, пладзіцца.

Ісці сваёй дарогай — дзейнічаць самастойна, не паддаючыся чужому ўплыву.

Ісці супраць цячэння — дзейнічаць наперакор існуючым традыцыям, поглядам і пад.

Ісці ўгору (угару) — а) атрымаць павышэнне па службе, займець павагу, аўтарытэт і пад.; б) паспяхова развівацца.

Ісці ў дзела — скарыстоўвацца, знаходзіць прымяненне.

Ісці ў заклад — спрачацца на грошы або што‑н. іншае.

Ісці ў касе — касіць.

Ісці ў нагу з кім-чым — дзейнічаць, працаваць, развівацца нароўні з кім‑н., у адпаведнасці з кім‑, чым‑н.

Ісці прочкі — сыходзіць з дому, не ўжыўшыся з жонкай або мужам.

Ісці ўразрэз з чым — рэзка разыходзіцца з чым‑н., супярэчыць чаму‑н.

Ісці ў ход — скарыстоўвацца, знаходзіць прымяненне.

Кусок у горла не ідзе гл. кусок.

Мароз па скуры (па спіне) ідзе гл. мароз.

Не ідзе з галавы — пра тое, што турбуе, хвалюе ўвесь час.

Не ідзе (не лезе) у галаву — а) няма жадання або магчымасці рабіць што‑н., думаць пра што‑н.; б) не засвойваецца, не запамінаецца што‑н.

Не ідзе ў руку — не ладзіцца, не шанцуе.

Не ісці далей — спыніцца на чым‑н., абмежавацца чым‑н.

(Ні) ў (якое) параўнанне не ідзе з кім-чым — нельга параўноўваць з кім‑, чым‑н.

Ходырам ісці — тое, што і ходырам хадзіць (гл. хадзіць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)