накало́ць, ‑калю, ‑колеш, ‑коле; зак.
1. чаго. Раскалоць пэўную колькасць чаго‑н. Накалоць дроў. □ Паколькі дошак не было, накалолі плашак, абчасалі іх. Шашкоў. Дома Шкробат накалоў лучыны, занёс яе ў хату і ўжо да ночы больш нікуды не пайшоў з сваёй хаты. Галавач.
2. каго. Колючы, забіць у нейкай колькасці. Накалоць свіней.
3. што. Пашкодзіць, параніць чым‑н. вострым. Гораў трапіў нагою па калена ў ваду, балюча накалоў руку на сухую і вострую, як косць, лазіну ў гушчары. Караткевіч.
4. што. Пракалоць паверхню чаго‑н. у многіх месцах. Накалоць слівы для варэння. // Наколваючы, зрабіць узор, малюнак. Накалоць контуры карт.
5. каго-што на што. Насадзіць, нанізаць на што‑н. вострае. Накалоць матыля на шпільку.
6. што. Раскалоць, расшчапіць што‑н. не да канца; надкалоць. Накалоць гарбуз. Накалоць калодку.
 Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.) 
паро́ць, пару, пораш, пора; незак., каго-што.
1. Калоць, тыкаць чым‑н. вострым. — Капешка саломы на гумне стаяла, дык.. [немцы] шомпаламі яе поруць, партызан шукаюць. Сіняўскі. Каця прыкладам пачала пароць снег, выкапала нейкі каменьчык. Карпюк. // Разбураць, спорваць, зрываць. Пеця расказваў мне, як некалі пароў ён гнёзды на ліпах у былым панскім маёнтку. Мыслівец.
2. Разразаць ніткі, якімі што‑н. зашыта; распорваць, расшываць. Пароць старую адзежыну.
3. Разм. Бадаць. Каровы поруць адна адну.
4. Колючы, тыкаючы чым‑н., прымушаць вылезці адкуль‑н.; выпорваць. Да Толі з Алесем прыходзілі яшчэ Валодзя і Сцёпка, і разам яны паролі тых трусоў з малінніку тычкамі. Брыль. // Выганяць, праганяць. [Антось:] — Калі б мелі свой кавалачак зямлі, то.. — ніхто не пароў бы, з месца не гнаў бы. С. Александровіч.
•••
Глупства пароць — гаварыць, рабіць абы-што.
Пароць гарачку — рабіць што‑н. неабдумана, паспешліва.
 Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.) 
пракало́ць, ‑калю, ‑колеш, ‑коле; зак.
1. што. Праткнуць наскрозь, навылет чым‑н. вострым, колючым. Мех быў праколаты ля завязкі як нажом: пракалолі, мусіць, немцы, калі выскачылі былі з сосніку. Пташнікаў. Вастраверхія елкі імкнуліся ўгару, нібы хацелі пракалоць блакітнае неба. Чарнышэвіч. // Колючы, пранікнуць куды‑н. або даць выйсце чаму‑н. Пракалоць пухір. // Утварыць (адтуліну) пры дапамозе чаго‑н. вострага, колючага. Хітры Зорах .. непрыкметна пракалоў сцізорыкам дзірку ў мяшку. Бядуля.
2. каго. Раніць каго‑н. колючай зброяй. Пракалоць штыком. □ Як толькі машыніст узяўся за рэгулятар і павярнуў, яго навылёт пракалоў клінок дзянікінца. Барашка. // што. Параніць, зрабіўшы пракол. [Палотны] рассцілалі на росным лузе ці на атаве, і па доўгай палатнянай дарожцы можна было бегчы ва ўвесь дух, не баючыся пракалоць аб іржэўнік ногі. Навуменка.
3. перан.; каго-што. Пранікнуць, прайсці наскрозь; пранізаць. На твары калючая ўсмешка, так і праколе, здаецца, навылет і Зэнку і гаспадара. Чорны.
 Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)