Асе́тр, асяцё́р ’від рыбы Acipenser’ (БРС), асё́тр (Жук., 99). Рус. осётр, осётер, осете́р, укр. осете́р, осе́тр, польск. jesiotr, паморск. i̯asotär, i̯esotär, в.-луж. jasotr, н.-луж. jesotr, чэш., славац. jesètr, балг., макед. есетра, серб.-харв. јѐсетра, славен. jesèter, ст.-рус. осетръ. Зважаючы на выкарыстанне ў дапаўненні да Смален. граматы 1150 г. (XVI ст.) слова осетръ, няма патрэбы лічыць бел. асетр запазычаным з рускай мовы, як Крукоўскі, Уплыў, 71–73. Ст.-прус. ešketras ’асетр’, ст.-літ. ešketras ’кіт’, літ. eršketas і пад. ’асетр’ пераўтворана пад уплывам erškẽtis ’цёран, калючка’ (Фрэнкель, 122–123), літ. asẽtras з беларускай (Скарджус, Slav., 34; Фрэнкель, 122). Этымалогія не зусім ясная. Найбольш верагодна, хаця, як лічыць Фасмер, не даказана сувязь з і.-е. коранем *ak̑‑, праслав. *ostrъ ’востры’ (Лёвенталь, BB, 55, 317; Гараеў, Доп., 1, 31; Развадоўскі, Wybór, 2, 338; Ільінскі, Slavia, 2, 256 і наст.; Машынскі, JP, 37, 299), з гэтым звязана і сцвярджэнне пра роднасць кораня слоў асетр і акунь (Буга, 1, 328; Брукнер, 26; Бернштэйн, Очерк, 153), якое выклікала засцярогі ў Ваяна, RÉS, 41, 168. Сувязь назвы асятра са словам востры праз тыпы, якімі пакрыта рыба. Недастаткова высветлена сувязь з нямецкай назвай асятра Stör, франц. esturgeon. Неверагодна супастаўленне Бецэнбергера (BB, 27, 163) з грэчаскай назвай дробнай рыбы ἴχταρ, а таксама супастаўленне Траўтмана (Altpreuß., 331) з лац. excetra ’змяя’, на што ўказвалі ў першым выпадку Бернекер, 1, 265; Фасмер, 3, 158, у другім — Вальдэ-Гофман, 1, 426; Фасмер, там жа. Махэк₂ (223) адносіў слова да «праеўрапейскіх».

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Набой 1 ’зарад’ (Касп., Шат., Байк. і Некр., Яруш., Гарэц., БРС, ТС), укр. набі́й ’тс’, рус. набо́й ’тс’, польск. nabój ’тс’, чэш. náboj, славен. naboj ’зарад, патрон’. Ад набі́ць, набіва́ць (стрэльбу) ’заражаць’, што адлюстроўвае старажытны спосаб зарадкі праз ствол. Магчыма, праз польскую з чэшскай, паралельна да славен. nabój, якое, паводле Бязлая (2, 210), запазычана з чэш. náboj (< na‑biti), бо толькі ў чэшскай адначасова значыць ’кулак’, што блізка да ням. Nabe, тады збліжэнне з *biti другаснае. Гл. Махэк₂, 387; Брукнер, 35.

Набой 2 ’мазоль, вітае месца’ (Сцяшк.), ’болька на падэшве нагі, узнікае ад непрывычкі хадзіць босымі нагамі’ (Сцяц.), наб​уой (nabuoj) ’пухір на пяце’ (Арх. Федар.), рус. набой ’набітае месца, жаўлак’; няясна, ці звязана з укр. набій ’вусень насякомага Arctia’ (Грынч.), параўн. шматлікія выпадкі супадзення назваў розных болек і вусеней: вусеніца ’нарыў паміж капыта ў каровы’ і ’вусень’ (ТС), славац. liška ’лішай’ і ’вусень, матылёк’, што, як паказаў Важны (O jménech, 106 і наст.), звязана з уяўленнямі пра насякомых як разношчыкаў хвароб. Ад набіва́ць, параўн.: Набіў ботам мазоль (Сл. ПЗБ). Серб.-харв. набој ’нарыў на ступні, у якой засталася калючка’, балг. на́бой ’балячка, скула, пухліна ад пацёртасці’, магчыма, дае падставы для рэканструкцыі адпаведнай праслав. лексемы.

Набой 3 ’след на дарозе, выезджаны санямі’ (Арх. Федар.), ’высокі пласт снегу на дарозе, які перашкаджае яздзе’ (Кліх), ’тупкая частка зімняй дарогі’ (Сцяц., ТС), ’наезджаная частка зімняй дарогі’ (в.-дзв., Шатал.), ’астаткі саннага шляху’ (столін., Яшк.), укр. набі́й ’утаптаная снежная дарога, сляды саней на ёй’, рус. набо́й ’тс’. Ад набіва́ць, бі́ць, бі́тая (дарога).

Набой 4 ’набойка, прылада набіваць абручы на бочку’ (Бяльк.), набойка ’тс’ (гродз., Нар. сл.; ТС). Ад набіва́ць, біць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)