Пяро́ ’пяро птушкі; пяро для пісання; зялёны ліст цыбулі ці часнаку; лопасць у інструментах’ (ТСБМ), ’птушынае пяро’ (Шымк. Собр., Яруш., Бяльк., Сл. ПЗБ), ’плаўнік’ (свісл., Шатал.), перо́ ’пяро ў птушкі’ (Сержп., Каз.), ’лапатка ў вясле; перыстая трава; плаўнік у рыбы’ (ТС), ’лускавінка ў шышцы; сцябло цыбулі’ (ПСл), пэро́ ’шырокая частка вясла’ (Маслен.), ж. р. пяра́ ’птушынае пяро’ (даўг., Сл. ПЗБ), пяры́на ’адно птушынае пяро’ (ТСБМ), пяры́нка ’пёрка’ (Бяльк.), укр. перо́ ’птушынае пяро; пяро для пісання; плаўнік’, піры́на ’адно пяро’, рус. перо́ ’птушынае пяро; пяро для пісання; плаўнік; шырокая частка вясла’, польск. pióro ’птушынае пяро; крыло; пяро для пісання; лопасць’, чэш. pero, péro ’птушынае пяро; пяро для пісання; плаўнік; лопасць’, славац. pero ’птушынае пяро; пяро для пісання’, палаб. perü ’птушынае пяро; пяро для пісання; плаўнік; лопасць’, в.-луж. pjero ’пяро; плаўнік’, н.-луж. pjero ’птушынае пяро; пяро для пісання’, славен. perȏ ’птушынае пяро; пружына гадзінніка; пяро для пісьма; вастрыё пілы; язычок ключа’, серб.-харв. пѐро ’птушынае пяро; плаўнік; ліст’, балг. перо́ ’птушынае пяро; пяро для пісання; ліст расліны; лопасць; зялёны ліст цыбулі’, макед. перо ’птушынае пяро; восць коласа; ліст кукурузы; пяро для пісання’. Праслав. *pero ’пяро’, роднаснае літ. spar̃nas ’крыло, лопасць’, лат. spàrns ’тс’, ст.-інд. parnám ’крыло, пяро’, авест. parəna‑ ’пяро, крыло’, перс. parr ’тс’, ням. Farn ’папараць’, што ўзыходзяць да і.-е. *per‑/*sper‑ гукапераймальнага (імітатыўнага) паходжання (перадае трымценне), параўн. Фасмер, 3, 243; Шустар-Шэўц, 2, 1081; Глухак, 475. Менш верагодная іншая версія, згодна з якой праславянская форма параўноўваецца з грэч. πτερόν ’пяро, крыло’, πέιομαι ’ляцець’, ст.-інд. pátram ’крыло, пяро’, лац. penna ’тс’, ст.-в.-ням. fedara ’пяро’, ням. Feder ’тс’, што да і.-е. *ptero < *pet‑ ’ляцець’, параўн. Бязлай, 3, 27; Сной₂, 507; БЕР, 5, 179, насуперак ESJSt, 11, 636, дзе па словаўтваральных крытэрыях аддаецца перавага апошняй версіі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вясёлы ’пранікнуты весялосцю, радасцю; прыемны для погляду, не пануры’; ’той, хто дае, выклікае радасць’; ’яркі, светлы’ (БРС, КТС, Бяльк.), драг. высёло́ (прысл.) ’прыгожае месца, асветленае, з буйнай расліннасцю, магчыма, на ўзвышшы’ (Лучыц-Федарэц, вусн. паведамл.), укр. веселий, рус. весёлый ’вясёлы, радасны’, каз. ’хуткі’, смал. ’ласкавы’, у спалучэннях ’рознакаляровы (камень, кветкі)’; ’асветлены, светлы, ясны (пра ноч)’; ’шматлікасць (рыбы, суквецця)’, ст.-рус. веселый ’вясёлы, які радуе багаццем, дастаткам’; польск. wesoły (ст.-польск. wiesioły), н.-луж. wjasoły, в.-луж. wjesoły ’вясёлы’, чэш. veselý ’тс’, валаш. veseła ’карова з белымі нагамі і хвастом’, мар. veselý ’светлы, чырвоны (колер)’, славац. veselý ’вясёлы’, славен. vesę̑ł ’тс’, серб.-харв. ве̏сео ’прыгожы, пагодлівы (дзень, месяц’; ’светлы, ззяючы’; ’ясны, каляровы’; ’буйны, свежы (расліна)’; ’хуткі, жвавы’; ’цудоўны, незвычайны’, макед., балг. весел ’вясёлы’, ст.-слав. веселъ. Прасл. vesel‑ъ мела значэнне ’буйны, пышны, паўнакроўны; каляровы, які іграе жывымі, яснымі колерамі, які радуе, вясёлы’. Самымі блізкімі і.-е. адпаведнікамі з’яўляюцца лат. vęsęls ’здаровы, поўны, цэласны, цэлы, непашкоджаны’, прус. wessals, ілір. анамаст. Veselia ’Felicitas’ (Будзімір, RIEB, 1, 284; Краэ, IF, 57, 113). Відавочна, ‑elъ з’яўляецца суфіксам, тады корань ves‑ < і.-е. *u̯es‑ са значэннем ’добра’ (Мюленбах-Эндзелін, 4, 543) ці ’жыць’ (Праабражэнскі, 1, 78); таксама Младэнаў (63) і Покарны (826) звязваюць гэты корань з лац. vēscor ’атрымліваць асалоду ад ежы’, санскр. vas‑ ’ем’, vásu‑ ’добры’, кімр. gwest ’бяседа’, гоц. wisan ’банкетую’, ірл. feis ’есці’. Фасмер (1, 303) адносіць сюды яшчэ авест. vaηhu‑, voku, гальск. ves(u)‑ (ва ўласных імёнах Vesunertus, Vesclevesis), ірл. fíu ’варты, роўны’. Фік (545), Буасак (234) і Гараеў (1896, 46) адносяць аснову ves‑ да і.-е. *u̯ekʼ ’хацець’ (ст.-інд. vaś‑mi ’хачу, жадаю’, грэч. ἑκών ’ахвотны’, ἕκηλος ’спакойны’). Тое ж Махэк₂ (685), які праводзіць паралель паміж слав. vesel‑ъ і ням. lustig (< Lust ’радасць, захапленне, жаданне, ахвота’, ’юрлівасць’), суадносячы яго з лексемай vášeň ’страсць’. Торп (405), Скок (3, 578), КЭСРЯ (77) звязваюць вясёлы з лексемай вясна́ (гл.), што зусім імаверна, калі прыняць пад увагу значэнні лексемы ў паасобных слав. гаворках: ’месца з буйной расліннасцю’; ’рознакаляровыя кветкі’; ’свежыя, буйныя расліны’; ’здаровы, цэласны’, а таксама ўкр. квітень, польск. kwiecień — назвы вясенніх месяцаў. Сюды ж прысл. вясёла (КТС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Казачо́к1 ’народны танец з паступова нарастаючым тэмпам, а таксама музыка для гэтага танца’ (БРС, ТСБМ, Бяльк.; віц., КЭС; Мат. Гом., Сержп. Грам., Шат.). Калі слова — не беларускі наватвор ад казак у гэтым жа значэнні, то, паводле лінгвагеаграфічных даных, можна меркаваць аб уплыве рус. гаворак, аднак аб геаграфіі рус. слова нельга сказаць нічога пэўнага. Даль (2, 177) адзначае: «казачок… известный вид пляски, перенятой у казаков». Аб этымалогіі гл. казак2.

Казачо́к2 ’васьмушка, 1/8 куб. сажня дроў, прыблізна адзін воз’ (Бяльк., Шат.), ’мера каля 2 вазоў’ (Жд. 2) ’мера дроў, 1/16 кубічнага сажня’. Можна меркаваць аб сувязі з каза1 (утваральнай аснове каз), параўн. бел. гом. казёл ’мера дроў, 2,5 м³, рус. арханг. козлец ’маленькі воз сена’. Аб тэрміналагічных утварэннях ад такой асновы гл. казак, казакі. Што датычыцца матывацыі ўтварэння, ёсць тэрміны-дэрываты ад каза, казёл, якія абазначаюць спецыяльную (напрыклад, для аховы ад дажджу) укладку снапоў у полі, рус. складывать в козлы ’складваць адзін кусок торфа на другі сценкай’ (м.-арханг., арл.) і ’складваць цагліны, укладваючы адны плазам, а другія стаўма так, каб паміж імі заставаліся прамежкі для доступу паветра’ (маск.). Матывацыя такая ж, што і тэрмінаў, якія абазначаюць перакладзіны, Т‑падобныя прыстасаванні і сувязь з лексемамі каза, казёл відавочныя. Можна дапусціць, што спецыяльная (для прасушкі) укладка дроў у лесе была аднаго канкрэтнага памеру, што пры ўмове наймення такой укладкі дэрыватам ад каза1 магло прывесці да ўтварэння назвы меры. Зразумелым становіцца і дробнае (ад сажня) значэнне меры. Рус. арханг. козлец ’маленькі воз сена’ можна разумець як аргумент на карысць гэтай жа этымалогіі (< козлец ’укладка снапоў’). Падобны тэрмін мог паходзіць непасрэдна ад козлец (< козел) дзякуючы сваім зааморфным прыкметам (форма палазоў і інш.). Паколькі такога роду ўтварэнні (гл. тэрміны ад каза1 ў бел.) вядомыя, параўн. рус. дыял. казак ’рагуліна, ручка ў сахі, якой араты трымае саху’, можна меркаваць і аб спецыфічнай назве воза, як спецыяльнага, каб вазіць дровы, так і маленькага (які мог атрымаць такое найменне не толькі па яўна зааморфных адзнаках, але і ў кантэксце параўнання з вялікім возам), у тым ліку і ручных санак (саматужак). Што датычыцца апошняй рэаліі, то магчымая сувязь назвы каза, якая адзначана для маленькіх санак, з каза1 магла быць вельмі ўскоснай. Бел. казачок ’мера каля двух вазоў’ можна разглядаць як развіццё значэння слова паводле другой версіі або як аргумент на карысць першай: тады казачок ’укладка дроў, якая размяшчаецца на адным (двух) возе’. Статус бел. слова не зусім ясны — рус. паралелі дазваляюць меркаваць, што намінацыі такога тыпу былі вядомы больш шырока на ўсх.-слав. тэрыторыі. Магчыма, гэта выклікана спецыяльным характарам слова і наступнай яго экспансіяй, аднак аб цэнтры (у сэнсе зыходнага пункта) інавацыі меркаваць як у гэтым, так і ў іншых выпадках такога тыпу вельмі цяжка.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Казакі́ ’адуванчыкі, расліна Taraxacum Officinale’ (Мат. Гом.), ’гарлянка паўзучая, Ajuga reptans’ (брэсц., гродз., Кіс.), козакі ’Ranunculus acer; Consolida regalis; Primula veris’. Этымалагічна гэта слова паходзіць ад каза1 (суфікс ‑ак, аснова каз), такая ж структура вядома і ў іншых мовах: польск. kozak, чэш. kozak ’грыб Boletus scaber’, балг. козак ’расліна Tragopogon majus’. Матывацыя, аднак, у назвах асобных раслін розная і заслугоўвае асобнага разгляду.

Казакі́1 ’адуванчыкі, Taraxacum’ (Кіс.). Як верагодныя варыянты матывацыі могуць быць прапанаваны наступныя. Перанос назвы ад каза1 па знешняму падабенству быццам бы малаверагодны, таму можна меркаваць аб пераносе, у аснове якога ляжыць уяўленне аб горкім смаку соку адуванчыка. Гэта вядомая матывацыя: у аснове ляжыць уяўленне аб бескарыснасці або шкоднасці расліны і інш.; параўн. укр. дыял. воўчий зуб, жабник. Іншая версія — ад каза1 пад уплывам казялец і інш. (перанос па колеру). Магчымы варыянт — ужыванне назвы іншай расліны казак для абазначэння вядомых лекавых уласцівасцей Taraxacum. Можна бачыць тут дэрыват ад каза ’лісце, каліва цыбулі’ і да т. п.: адуванчыкі з бутонамі нагадваюць стрэлкі цыбулі з насеннем. Улічваючы, што тэрміны ад заонімаў лёгка замяшчаюцца, можна меркаваць, што тут мела месца замяшчэнне вядомага на ўсх.-палес. тэрыторыі (параўн. у Лысенкі, Пал., баба Taraxacum officinales’) слова баба для гэтай расліны. Параўн. яшчэ бел. і інш. слав. бабка ’расліна трыпутнік, Plantago’ і смал., ельн. казаки ’Plantago medion P. lanceolata’. Магчымасць такога працэсу пацвярджаецца дублетамі бабка/каза ’кальцо, якім прымацоўваецца шыйка касы да касся’ (усх.-палес.), бел. дыял. гырчак бабʼі ’драсён’, інш. назвы — дрост і казадрост ’кураслеп’, бел. дыял. баба ’саха ў студні з жураўлём’ і каза ’тс’ бабка ’грыб Boletus scaberi’, рус. казак, польск. kozak ’тс’, таксама ўкр. усх.-палес. бабка ’конік (насякомае)’ і конік, шматлікія дэрываты такога тыпу ад казёл і інш. Некаторыя з прыведзеных слоў гістарычна маглі ўтварыцца па-рознаму, адмяк мы звяртаем увагу на сам факт наяўнасці дублетаў і як вынік — вольны выбар падыходзячай тэрміналогіі. Матывацыя ў выпадку з баба ’Taraxacum’ становіцца зразумелай, калі параўнаць назвы раслін з круглымі кветкамі: укр. дыял. бабка, попове гуменце, пупава, баранки ’Taraxacum officinale’ і макушка, орішок, головняк ’розныя віды Trifolium’, параўн. яшчэ бел. бабкі ’расліна Trifolium reperis’ (Бейл.). Да разумення ўнутранай формы параўн. яшчэ дзіцячую гульню-загадку, калі на адуванчык дзьмуць, а перад гэтым загадваюць, што атрымаецца: дзед ці баба? Аб іншых варыянтах тлумачэння баба ў гэтых значэннях гл. Краўчук, БЛ., 1974, 6, 65.

Казакі́2 ’гарлянка паўзучая, Ajuga reptans’ (брэсц., Федароўскі; гродз., Верас). У даным выпадку можна меркаваць аб сувязі з назвай каза1 на аснове знешняга падабенства: сцябло і лісце расліны пакрыты шматлікімі шчацінкамі; іншая магчымасць — па форце кветкі, — гэта расліна з сямейства Labiatae, і таму параўнанне кветкі з галавой жывёлы натуральна: што ж датычыць канкрэтнага віду, то ў яго кветцы на канцы ўтвараецца некалькі характэрна адагнутых уніз пялёсткаў. Менш верагодны перанос назвы з іншай расліны па функцыянальнай прыкмеце. A. reptans з’яўляецца лекавай раслінай (гл. Z našej prirody, 339), аднак як лекавая яна малаўжывальная. Іншыя назвы для A. reptans гарлянка, гандзель, гарлавінка, жывучка, разрыў таксама не сведчаць пра такое яе выкарыстанне (калі толькі не дапускаць, што назва гарлянка адначасова з’яўляецца выражэннем яе карысных уласцівасцей); параўн. да гэтага сярэдневяковае павер’е ў дачыненні да пралескі (Hepatika nobilis: рус. печеночница) аб тым, што, падобная лісцем на печань, гэта расліна лечыць хваробы печані.

Казакі́3 ’казялец едкі, Ranunculus acer’ (Бейл.). Сувязь з каза1 бясспрэчная: параўн. паралельныя казялец, казлы, казялкі. Можна меркаваць, што тут ужыванне вядомай на Палессі назвы казакі або незалежнае ўтварэнне (відаць пад уплывам казёл з суседніх гаворак). Матывацыя празрыстая: параўн. лац. відавую назву acer ’едкі’, бел. дыял. назвы казяльца зараза, курыная слепата (апошняе па колеру), укр. лютий цвіт, рус. лютик, укр. прищирник; паводле сваёй едкасці расліна атрымлівае адмоўную характарыстыку найменнем, утвораным ад каза1. У славянскіх мовах дэрываты ад каза і пад. у такіх значэннях могуць выступаць як тоесныя дэрыватам ад воўк і пад. Параўн. серб.-харв. kȍze ’воспа’ і рус. волчанка і лац. назву хваробы lupus, параўн. таксама шматлікія дэрываты ад воўк у назвах атрутных раслін.

Казакі́4 ’расліна Consolida regalis (= Delphinium consolida)’ (Бейл.). Бясспрэчна, да каза1; метафара зразумелая, калі згадаць рагатыя кветкі гэтай расліны. Вельмі красамоўныя народныя назвы: бел. рагулькі, козлікі, тапаркі і інш., рус. сокирки, грабельки, рогульки, комаровы носики, козельчики, укр. козенька, козенка, козличка, козлики, сокірка, заячі ушка і да т. п.

Казакі́5 ’расліна Primula veris’ (Бейл.). Нельга меркаваць аб непасрэдным утварэнні гэтай назвы ад каза1. Думаецца, што тут адзін з выпадкаў, калі існуючае найменне казакі канкрэтных раслін (або толькі адной расліны) пераносіцца на іншую. Матывацыя можа быць рознай; што ж датычыць казакі ’Primula’, можна прапанаваць наступныя варыянты тлумачэння. Яркія адзнакі расліны — раннія кветкі (параўн. рус. первоцвет) і іх жоўты колер. Відаць, веснавыя расліны разглядаліся недыферэнцыравана, аб гэтым сведчаць такія назвы для Primula, як укр. нар. проліски, просерень, раст, ряст — назвы агульныя для некаторых веснавых раслін; сярод сінанімічных найменняў веснавых кветак сустракаюцца і дэрываты ад каза, казёл. Сярод укр. тэрмінаў для Primula звяртаюць увагу курача сліпота, куріна сліпота, сліпота. Гэтыя ж назвы тыповыя і для іншых як веснавых раслін, так і больш позніх. К ліку гэтых назваў — дэрываты ад каза, казёл і пад.; матывацыя — атрутныя, нарыўныя ўласцівасці раслін. I апошняе: перанос мог адбыцца дзякуючы таму, што расліны з лекавымі ўласцівасцямі могуць або разглядацца недыферынцыравана, або называцца адным тэрмінам для абазначэння іх каштоўнасці. Параўн. да апошняга рус. дыял. «Есть трава казак, ото всего хорошо пить» (томск. і інш.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)