смерд, ‑а, М ‑дзе, м.

1. У старажытнай Русі — селянін-земляроб, які быў у феадальнай залежнасці. Т. Шаўчэнка і Янка Купала збліжаюць лёс княгіні з лёсам .. жонк[і] селяніна-смерда, які загінуў у час паходу. Палітыка. // Зневажальная, пагардлівая назва, якой карысталіся прыгоннікі ў адносінах да простага люду. [Еган да Скарыны:] Вось і сядзі ў яме, смерд пышлівы! Клімковіч.

2. перан. Даўней — нязнатны чалавек, чалавек з простанароддзя. Пеўнік не ведаў, што дзяўчына была пляменніцай самога епіскапа, што Лату смяротна і небяспечна было быць там, дзе яна, бо ён смерд. Караткевіч. Князь тут дняваў і начаваў — Абы далей ад свецкіх спраў; Хадзіў, як смерд, без жупана. Бажко.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Рата́й ’араты’ (ТСБМ), ’араты, земляроб’ (Сл. ПЗБ, Кольб., ПСл; стол., Нар. лекс.; З нар. сл., Мат. Гом.; івац., Жыв. сл.; Сл. Брэс., ТС, Лексика Пол.), ріта́й ’тс’ (Бяльк.), ората́й ’тс’ (Лексика Пол.); арата́й ’тс’ (Ян.), параўн. укр. рата́й, рус. ра́тай ’араты’, польск., н.-луж. rataj ’парабак, падзёншчык; земляроб’, палаб. råtoj, чэш., славац. rataj ’араты, парабак’, славен. rátaj, серб. ра̀тај ’тс’, балг. рата́й ’парабак’, макед. ратај, ратеј ’хто цяжка працуе’, ст.-слав. ратаи ’араты’. Праслав. *ra + tajь < *or‑tajь, ад прасл. дзеяслова *orti ’араць’. Параўн. літ. artojas ’тс’, ст.-пруск. artoys ’тс’; у аснове якіх зыходнае і.-е. *er‑/*or‑/*ar‑ з шырокай семантыкай ’раздзяляць, распорваць, рваць, драпаць’, параўн. разараць (гл. разарыць). Старажытная мадэль з суф. ‑тай сустракаецца ў назвах выканаўцаў дзеяння, напрыклад, гультай, рус. ходатай, глашатай (Фасмер, 3, 447; Бязлай, 3, 155; БЕР, 6, 190). Мартынаў (Лекс. балтызмы, 25) лічыць лексічным пранікненнем прыбалтыйскага *artojis > прасл. *ortajь, паколькі суфікс ‑ta‑ з нарашчэннем ‑io не сустракаецца ў іншых індаеўрапейскіх мовах, акрамя балтыйскіх і славянскіх. Паводле Шустэра–Шэўца (2, 1208) гутарка ідзе пра суфікс *‑ajь, а ‑t‑ адносіцца да асновы *ar(t)‑ ’араць’, як у рус. ра́тай ’воін’ (гл. раць, ратнік), аналагічна літ. árti ’араць’ > artójis ’араты’, што не пераконвае. Гл. таксама араты.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

хвала́, ‑ы, ж.

1. Праслаўленне, усхваленне. Дык урачыста, з пачуццём Братэрства нашых сэрцаў, — хорам, Браты, уславім залп «Аўроры», Хвалу Кастрычніку спяём! А. Александровіч. Пайшла пра звеннявую на ўвесь край Такая слава і хвала, Што і сама таго Агата ўцяміць не магла. Маеўскі. // Адабрэнне, добры водзыў, пахвала. Людзі чулі, як іх хлопца, хлопца іх сяла, пахваліў такі вучоны чалавек, і гэта хвала лажылася трохі і на іх саміх. Колас.

2. у знач. вык. Вокліч захаплення, прызнання, удзячнасці каму‑, чаму‑н. Хвала вам, адважных героі! □ Хвала табе, Кастрычніка дзяржава! Машара. І земляроб у кожным доме, на кожнай ніве паўтарыў: — Хвала дажджу!.. Вялюгін.

3. Разм. Рэпутацыя каго‑н., агульная думка пра каго‑н. Граф Кісялёў, які «заваяваў» сабе хвалу «рэфарматара», не вельмі спяшаўся зрабіць вывады. «Полымя».

•••

Адна хвала — усё роўна. [Цімох:] — Ці так або сяк прападу — Адна табе ўсюды хвала. Колас. Адзін хоць з’еш вала — усё адна хвала. Прыказка.

Пець хвалу гл. пець.

Хвала богу (у знач. пабочн.) — тое, што і дзякуй (дзякаваць) богу (гл. дзякуй).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ся́бар ’друг, прыяцель, таварыш’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Сл. ПЗБ, ЛА, 3), ’швагер’ (шчуч., Сл. ПЗБ), ’кампаньён, супольнік’ (паст., Сл. ПЗБ), ’халасцяк (стары)’ (Мат. Гом.), сябр, себр ’родзіч, брат; сябар’ (Нас.), ся́бер (siaber) ’супольнік у кожнай справе’ (Пятк. 2, Сержп., ЛА, 3): на вяселлі маладым даруюць паўкаровы… паўкалоды пчол або што другое, каб быць сябрамі (Сержп. Прымхі), ’пакупнік і прадавец адзін для другога’ (чырв., З нар. сл.), ’таварыш у мове злодзеяў’ (Арх. Федар.), сябёр ’чалавек, які што-небудзь купіў у другога ці прадаў другому’ (Бір. Дзярж.), ’здаравенны тоўсты чалавек, брысюга; ненадзейны таварыш’ (Бяльк., Юрч.), ся́бра ’ўдзельнік, пайшчык, супольнік, калега’ (Ласт.), ’прыяцель, кампаньён’ (Касп., Варл.), сябрава́ць ’дружыць’ (Касп.), ’працаваць супольна’ (Ласт.), ’узаемна дапамагаць у плытніцкай справе’ (віл., Сл. ПЗБ), сябрава́цца ’прымазвацца, набівацца ў супольнікі’ (Пятк. 2), ’супольна дзяржаць пчол’, сябро́ўскія (сябе́рныя) пчолы ’супольныя пчолы, якімі карыстаюцца два гаспадары’ (віл., Сл. ПЗБ, Сцяшк.), сябэ́рскія пчолы ’тс’ (ашм., Сл. ПЗБ), сябэ́рка ’суполка на пчол’ (паст., Сл. ПЗБ), ст.-бел. себры ’назва людзей у ВКЛ, якія сумесна карысталіся ворнай зямлёй, прамысловымі ўгоддзямі і інш.’ (Ст.-бел. лексікон), се́бреный ’агульны, супольны’ (там жа). Укр. ся́бер ’удзельнік зямельнага ўладання’, ’кампаньён у гандлёвым прадпрыемстве’, ’сапернік’, ’швагер’, дыял. палес. сябро́ ’няўклюдны, нялоўкі чалавек’, рус. сябёр ’сусед, сябар, пайшчык; член суполкі з правам голаса’, паўн.-рус. сябра́, ся́бра ’суполка, арцель, агульная справа’, стараж.-рус. сѧбръ ’сусед, член адной грамады’, серб.-харв. се̏барземляроб’, ст.-серб. себьр ’селянін, член грамады свабодных земляробаў’, себрь ’палавіншчык, удзельнік, кампаньён’, славен. srebər ’селянін’; сюды ж каш. sibřec są ’падлізвацца, падлабуньвацца’, польск. аргат. siewrać ’размаўляць на зладзейскім жаргоне’. Адзінай этымалогіі, таксама як і адзінай славянскай праформы, няма. Прасл. *sębrъ узнаўляецца на аснове запазычанняў са славянскіх моў: алб.-таск. sëmbër ’здольнік, саўладальнік скаціны’, новагрэч. σεμπρος ’здольнік’, венг. cimbora ’сябар, прыяцель’, арум. simbruземляроб, які мае аднаго вала і ўступае ў суполку з іншым уладальнікам вала’, рум. sîmbră ’грамада, абшчына’; узнікла, па адной версіі, з *sem‑ro (з устаўным ‑b‑) і звязана з *sěmьja (Трубачоў, История терм., 166; Каліма, AfslPh, 17, 343). Па іншай версіі, прасл. *seberъ роднаснае гоц. sibja ’роднасць’, ст.-в.-ням. sippa ’тс’, ст.-інд. sabhā́ ’сукупнасць, збор’ (Мее, 14; 342; Атрэмбскі, WSl, 16, 188). Падрабязней агляд ранейшых версій гл. Фасмер, 3, 824 з літ-рай. Гл. таксама Ляпуноў, Сб. ОРЯС, 101, 3, 257–263; Папоўска–Таборска, ZNGd, Slavistyka, 6, 219–226; Гаспарыні, RiS, 8, 3–28 (звязвае семантыку слова з экзагаміяй); SEK, 4, 270 і наст. Няясныя адносіны да літ. sė̃bras ’палавіншчык, таварыш’, лат. sę̄brs ’сусед’ (запазычанні з бел. сябр ці спрадвечныя балцкія формы без насавога?). Гл. яшчэ ЕСУМ, 5, 495. Борысь (Etymologie, 207) значэнне ’прыяцель’ лічыць беларускай семантычнай інавацыяй.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сула́1 ’бярозавы сок’ (ігн., воран., Сл. ПЗБ). З літ. sulà ’тс’ (Лаўчутэ, Балтизмы, 73).

Сула́2 ’гурт жанчын, якія ўдзельнічаюць у абрадзе ваджэння стралы/сулы’ (усх.-палес., СіБФ, 1986, 45), ’абрадавае дзеянне ў выглядзе доўгай змейкі гуляючых, якая скручваецца ў тугі клубок’ (добр., Земляроб. каляндар), ’абрадавы кіёчак, які пускаюць у раку пры ваджэнні сулы’ (гом., бран.). Паводле Вінаградавай (Язык культуры, 230), назва паходзіць з фальклорнага тэксту, які суправаджае абрад (“Ой лятить сула да й удоль села”), дзе сула можа чаргавацца са страла (гл. страла3), што дае падставы звязаць яе са стараж.-рус. сула, сулица ’кароткае кідальнае кап’ё’ (гл. суліца), гл. Антропаў, Веснік ЕДУ, 1987, 1, 56. Сумніўная генетычная сувязь з рум. (малд.) sul ’вясенні абрад провадаў (пахавання) зробленай з дэталяў ткацкага стана лялькі’ (< рум. sul ’вал ткацкага стана’), гл. Г. И. Кабакова. Этногенез, ранняя этническая история и культура славян. М., 1985, 54–55.

Су́ла ’рыба судак’ (калінк., Арх. ГУ), заўвага пра гандаль рыбай: “из Малороссіи разныя рыбы, особливо сула” (Меер Крыч.). Параўн. укр. сула́ ’судак, Lucioperca lucioperca L.’, рус. сула́ ’тс’, славац. šúl, šula ’тс’, серб.-харв. šulj ’тс’, балг. сула ’шчыпоўка’, сулка ’судак’. Запазычанне з цюркскіх моў, параўн. каракалп. сыла ’тс’, магчыма, таксама праз пасрэдніцтва венг. süllö ’тс’, гл. Каламіец, Рыбы, 116; Фасмер, 3, 799; ЕСУМ, 5, 471.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)