Прыканды́чыць ’цягаць за валасы’ (Нас.); параўн. таксама прыкундо́сіць ’пабіць’ (Нас., Рамз.). Да зафіксаванага там жа канды́чыць з той самай семантыкай. Апошняе з’яўляецца фанематычным карэлятам (які, магчыма, разумеўся як “антыэкспрэсіўная” форма) да незафіксаванага *кунды́чыць/*кундо́чыць, чаргаваннем у фіналі асновы звязаным з кундо́сіць ’цягаць за валасы’ (гл.) < *ку́нды < ку́дла/‑ы ’валасы’ (гл.) < прасл. *kǫdьla/‑o (ЭССЯ, 12, 53–54). Безумоўна, не самым абгрунтаваным месцам з’яўляецца тут сувязь рэканструяванага *ку́нды з ку́длы, таму ЕСУМ (3, 142) прапануе іншую, даволі арыгінальную і несупярэчлівую ў семантычным плане версію — бачыць ва ўкр. кундо́сити, бел. кундо́сіць “зваротнае запазычанне” з якой-небудзь балтыйскай мовы, што можа быць зведзена да балт. *kundas ’кудзеля; валасы’ (параўн. літ. kuõdas ’чуб’) як адлюстравання прасл. *kǫda (‑у) ’кудзеля’, параўн. ко̀нди, ко̀нда ’кудзеля, ачоскі льну, канапель’. Пачатковае значэнне дзеяслова было, такім чынам, ’трапаць, церці (лён, кудзелю)’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Прына́дзіць ’прыцягваючы ўвагу чым-небудзь (звычайна кормам), прымусіць наблізіцца (птушку, рыбу, жывёл); прыцягнуць да якой-небудзь справы’ (ТСБМ, Нас., Др.-Падб., Растарг., Шатал., ТС), прына́дыты ’прыцягнуць, завабіць’ (Клім.); сюды ж зваротнае прына́дзіцца ’пайсці на прынаду (пра птушак, рыб, жывёл)’; разм. ’прызвычаіцца быць, бываць дзе-небудзь; панадзіцца, унадзіцца’ (ТСБМ, Нас., Байк. і Некр.; маг., Янк. 2, Ян.; пух., Сл. ПЗБ), таксама перан. прыно́дзіцца ’ўладкавацца, прыстасавацца, прыладзіцца’ (палац., Жыв. НС), ст.-бел. принажоный ’прываблены’. Верагодна, да прасл. *prinaditi (sę), прэфіксальнага ўтварэння ад *naditi (гл. на́дзіць). Стараж.-рус. принадити ’прыбавіць, далучыць; прыцягнуць, прывязаць’, рус. смал., бранск. прина́дить ’прынадзіць жывёлу (звычайна кормам-прынадай)’, дан. ’прывабіць, прыцягнуць да сябе ўвагу’, укр. прина́дити ’прынадзіць, прывабіць’, прина́дитися ’панадзіцца’ прина́дність ’прывабнасць; прыгажосць’, прина́дний ’спакуслівы, прывабны’, прина́дно ’спакусліва, прынадна, прывабна’. Параўн. польск. przynęcić ’тс’ (< *nǫtiti > nęta) ’прынада’, якое можна параўнаць з нуціць ракі ’прынаджваць, лавіць ракаў’ (Ласт., пад словам рак).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)