заці́скаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго.

Разм. Ціскаючы, змучыць. Як толькі Сашка з маці прыехалі ў Багатую Граду да дзеда Мікалая, бабуля Вікця.. ледзь не заціскала ў абдымках унука. Даніленка.

заціска́ць, а́ю, ‑а́еш, ‑ае.

Незак. да заціснуць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыця́ць, прытну, прытнеш, прытне; прытнём, прытняце; пр. прыцяў, ‑цяла, ‑цяло; заг. прытні; зак., каго-што.

Заціснуць, прыціснуць. Губы прыцяць. // перан. Затаіць, захаваць. Імкнучыся як-небудзь прыцяць у сабе нядобрыя прадчуванні, Рыбак пад сцяной пачаў прыслухоўвацца да Дзёмчыхі. Быкаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прышчамі́ць, ‑шчамлю, ‑шчэміш, ‑шчэміць; зак., каго-што.

Заціснуць, зашчаміць паміж кім‑, чым‑н. Немачка здзіўлена прышчаміла зубамі румяную ніжнюю губку і змоўкла. Брыль. Зноў сунуў руку пад вечка, ды якраз у гэты момант жанчына села на кашолку і балюча прышчаміла Сцёпку руку. Хомчанка.

•••

Прышчаміць хвост каму — паставіць каго‑н. у цяжкае, безвыходнае становішча.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Заске́міцца ’зажмурыцца’ (Сл. паўн.-зах.). Зваротны да *заскеміць варыянт да зашчаміць (гл. шчаміць). Семантычна сувязь празрыстая: ’заціснуць’. Захаванне е пад націскам можа тлумачыцца тым, што е < , тады ск захавалася, паводле гіпотэзы Якабсона (IJSLP, 1/2, 270), перад *oi > . З тым жа коранем, відаць, аскома (гл.). Фасмер, 4, 502; Праабражэнскі, 1, 662–663. У і.-е прадстаўлены розныя ступені чаргавання галоснага і розныя зычныя падаўжэнні кораня *skē̆i‑ ’рэзаць, дзяліць’. Покарны, 1, 919–922. Параўн. аскепак.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прыціна́ць ’спыняць’, ’перасякаць (дарогу)’ (Нас.), ’прыпыняць’ (Байк. і Некр.), ’ціснуць (аб цеснай вопратцы, абутку)’ (Нас.), прыця́цьзаціснуць, прыціснуць; затаіць, захаваць’, ’рабіць рэзкія папрокі, дакаранні’ (Нас.). Сюды ж прыціна́цца ’знаходзіць прыстанішча, прытулак’; ’абапірацца; прысесці для адпачынку’ (Гарэц.), рус. смал. притина́ться ’жыць у нечым доме, выпадкова прыбіўшыся’. Да цяць (гл.); разнастайнасць значэнняў пры першапачатковым ’абразаць, падразаць’ тлумачыцца далейшым развіццём семантыкі ў бок ’абмежаваць (у руху)’, ’асадзіць’, ’сціснуць’ і пад.; параўн. Гарачава, ОЛА, Исследов., 1994–1996, 210–216; ЕСУМ, 4, 584.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

прыкусі́ць, ‑купіў, ‑кусіш, ‑кусіць; зак.

1. што. Прышчаміць, наравіць зубамі (сваю губу, язык, шчаку). [Міхалючок] сцішыўся на Мікуцёвых руках, але Мікуць убачыў, як ён ад гэтага моцна сцяў зубы, аж прыкусіў губу. Чорны. // Заціснуць зубамі. Прыкусіўшы папяросу, маўчаў і Васіль. Шашкоў. Наташа пакрыўджана прыкусіла губу, на вачах у яе выступілі слёзы. Краўчанка.

2. чаго і без дап. Разм. Закусіць. [Лабыш:] — Пня, паглядзі прыкусіць чаго. Козел.

•••

Прыкусіць язык — раптоўна замаўчаць, устрымацца ад выказвання.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

здушы́ць, здушу, здушыш, здушыць; зак., каго-што.

1. Абхапіўшы, з сілаю сціснуць. І не паспеў Сяргей зрабіць і аднаго руху, як на яго ззаду навалілася нейчае, як дуб, крэпкае цела, і жалезныя рукі, як абцугі, здушылі плечы. Колас. // Акружыўшы, абступіўшы з усіх бакоў, заціснуць. Здушылі ў натоўпе. □ Усё цела ў [Шуры] ныла. Мусіць, ад таго, што каля варот моцна здушылі. Арабей. // перан. Пазбавіць свабоды; заняволіць. О вы, што век цэлы адзеты і сыты, .. Вы рады б і песню здушыць, апляваць. Купала.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Сціснуць (горла, грудзі), перашкодзіўшы дыханню. Спазмы здушылі Вялічкава горла. Чорны. // перан. Выклікаць пачуццё прыгнечанасці, душэўнага болю (у грудзях, сэрцы). Сум зноў балюча здушыў Машына сэрца. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

закусі́ць 1, ‑кушу, ‑кусіш, ‑кусіць; зак., што.

1. Заціснуць зубамі. Хлапчук закусіў ніжнюю губу і зірнуў спадылба на бацьку. Пальчэўскі. Зося зрабіла крок наперад, потым закусіла рог хусткі і пачала яшчэ пільней углядацца. Лупсякоў.

2. Разм. Адкусіўшы частку чаго‑н., пакінуць рэшту недаедзенай; надкусіць. Закусіць яблык.

•••

Закусіць цуглі — а) перастаць падпарадкоўвацца (пра каня). Калі пачалі рвацца першыя снарады, Міхасёў конь, спалоханы выбухамі, закусіў цуглі і панёсся, як шалёны, у лес. Машара; б) перан. Ісці напралом, дзейнічаць без аглядкі, ні з чым не лічачыся.

закусі́ць 2, ‑кушу, ‑кусіш, ‑кусіць; зак.

1. што, чым і без дап. Заесці што‑н. выпітае або з’едзенае. Закусіць горкае салодкім. □ [Кірыла і Тарас] выпілі па чарцы і закусілі цыбуляй. Гурскі.

2. Разм. Крыху паесці, перакусіць (у 2 знач.).

•••

Рукавом закусіць — выпіўшы, нічога не з’есці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рот, ‑а, М ‑роце; мн. раты, ‑оў; м.

1. Поласць паміж верхняй і ніжняй сківіцамі і шчокамі да глоткі. [Маёр:] — У нас тут, бачыце, чарніц вельмі многа. Я вось вяртаўся з заставы ды так і не вытрымаў, злез з каня ды давай заграбаць іх у рот, як мядзведзь. Брыль. Не адчуваў голаду пакуль што і Віктар, толькі ў роце было неяк нядобра. Маўр. // Разрэз губ. — Нічога, і мне яшчэ засталося, — выцер чамусь рукавом рот Антось. Васілевіч. // Пашча, дзюба ў звера, рыбы, птушкі. З рота [у дзіка] тырчаць вялікія, вострыя, як нажы, і загорнутыя ўгору іклы, — грозная і небяспечная для ворагаў зброя. В. Вольскі.

2. перан. Разм. Тое, што і ядок. Тры дзесяціны зямлі, вядома, не маглі пракарміць сем ратоў, як часта казаў сам пісьменнік. Бядуля. Каб скараціць выдаткі і пазбавіцца ад лішняга рота, .. [Ліда] разлічыла Олю і ў гэтыя ж яслі аддала Аліка. Васілевіч.

•••

Адкрыць рот гл. адкрыць.

Глядзець у рот гл. глядзець.

Закрыць рот каму гл. закрыць.

Замазаць рот каму гл. замазаць.

Заткнуць рот каму гл. заткнуць.

Заціснуць рот каму гл. заціснуць.

Макавага зярнятка (макавай расінкі) у роце не было гл. быць.

На поўны рот — папоўніцы, удосталь (есці).

Ні кроплі (каплі) у рот не браць гл. браць.

Пальца ў рот не кладзі каму гл. класці.

Разявіўшы рот гл. разявіўшы.

Разявіць рот гл. разявіць.

Рот не закрываецца ў каго — а) пра ахвотніка многа і пустое гаварыць. — Гэта твой язык жахаецца і направа і налева, дурань, — адказваў Сідар, не пазіраючы на Антося, бо ці варта на такога дурня глядзець! — У цябе і рот не закрываецца, пустальга. Чарнышэвіч; б) пра вялікае хаценне спаць, частае пазяханне; в) пра таго, хто часта і многа есць.

У рот не лезе што гл. лезці.

У роце растае гл. раставаць.

У роце расце гл. расці.

Як вады ў рот набраць гл. набраць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыхло́пнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

1. каго-што і па чым. Хлопнуць далонню па чым‑н. Прыхлопнуць рукой па калене. □ Антон адсунуў пачак ад сябе, прыхлопнуў яго рукою. Савіцкі. // Хлопнуўшы, забіць. Гук звінеў на адной ноце, як камар, што ўляціць цёплай ноччу ў пакой і гудзе над галавой, пакуль не прыхлопнеш яго далонню. Даніленка.

2. што. Разм. Зачыніць гучна, са стукам. Прыхлопнуць дзверы.

3. каго-што. Хлопнуўшы, заціснуць; прышчаміць. — А хіба ты не ведаеш. Прыхлопнулі, як тых пацукоў у пастцы, і мусім сядзець, падцяўшы хвасты. Сабаленка.

4. каго. Разм. Забіць (часцей выстралам). — Завадатар .. шайкі, мусіць, вопытны камбінатар і мае шырокія сувязі. Зрабіце так, каб і камар носа не падтачыў. Прыхлопнем яго адным стрэлам. Даніленка.

5. перан.; што. Разм. Спыніць існаванне, дзейнасць чаго‑н. — Што, прыхлопнуў мо хто без мяне ваша прадпрыемства? — пытаецца ўчастковы зноў. — Не, усё, як кажуць, у ажуры. Кавалёў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)