сухі́, -а́я, -о́е.

1. Не мокры, не замочаны.

Сухая кашуля.

Сухое сена.

2. Пазбаўлены вільгаці, не сыры.

Сухія дровы.

С. клімат.

С. вецер.

3. Які страціў свежасць, сакавітасць, мяккасць, высахлы або высушаны; прыгатаваны ў выглядзе парашку, канцэнтрату.

С. батон.

Сухія яблыкі.

Сухое малако.

С. кісель.

4. Пазбаўлены спажыўных сокаў, засохлы, амярцвелы; які не дзейнічае, высах з-за якой-н. хваробы, атрафіраваны.

С. куст малін.

С. корань.

Сухая рука.

5. Які праводзіцца, робіцца або праходзіць, працякае пры адсутнасці вільгаці, вадкасці; без вадкіх выдзяленняў.

Сухая тынкоўка.

С. кашаль.

6. Нішчымны, без нічога (пра хлеб).

Есці с. батон.

7. Які мае сухарлявы склад цела, хударлявы.

С. стары.

8. перан. Пазбаўлены душэўнай цеплыні, дабрыні; неласкавы.

С. чалавек.

С. тон (непрыветны).

9. перан. Скупы, лаканічны.

С. пералік фактаў.

10. Пра гукі: пазбаўлены гучнасці, мяккасці.

С. лязгат металу.

11. Пра ліку гульні: такі, пры якім той, хто прайграў не атрымаў ніводнага ачка.

Прайграць матч з сухім лікам.

Сухі закон — забарона гандляваць моцнымі алкагольнымі напіткамі.

|| памянш. сухе́нькі, -ая, -ае (да 1 і 7 знач.; разм.).

|| наз. су́хасць, -і, ж. (да 1—5, 7—10 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Пліта́, плыта́, плі́тка ’вялікі плоскі камень або кавалак металу з роўнай паверхняй’, ’кухонная печ з канфоркамі’ (ТСБМ, Сцяшк. Сл., Яруш., Сл. ПЗБ; навагр., астрав., воран., Сцяшк. МГ), ’засохлы камяк зямлі на засеяным полі’ (Яшк.), ’ссохлая луста зямлі, крыга’ (ТС), ’вялікі кавалак апрацаванай гліны’ (клец., ЖНС), плі́та ’вялікая крыга’ (лёзы., Яшк.), пліта́ ’тс’ (лёзн., ЛА, 2), ’памост ці камень на беразе рэчкі, дзе мыюць бялізну’ (шчуч., Сцяшк. Сл.), ’вялікі кавалак сала’ (лун., мазыр., Шатал., ЛА, 4), плі́ты ’брыкет’ (Сцяшк. Сл.), пліта́ ’раскладка снапоў для малацьбы’ (рагач., ДАБМ, камент., 872), ’застаронак у гумне’ (кіраў., рагач., бабр., ЛА, 2), плі́та ’тарпа сена, саломы, снапоў’ (кіраў., Нар. сл.), пліта́ ’сцірта’, ’зляжалы пласт сена’ (рагач., гродз., Сл. ПЗБ; рэч., ЛА, 2), пліта́ ’касцёр дроў’, плі́та ’тс’ (асіп., жлоб., рагач., бабр., ЛА, 1), ст.-бел. плитка ’адзінка колькасці солі’ (Ст.-бел. лексікон). Укр. пли́та, рус. плита́ ’пліта’, стараж.-рус. плита ’кавалак каменя з плоскай паверхняй’, ’цэгла’, польск. plitaбел.), płytaукр.), балг. пли́та ’цэгла’, магчыма, серб.-харв. пли̏тица ’плыткая міска’. Звычайна збліжаюць са ст.-грэч. πλίντος ’цэгла’ (Фасмер, 3, 283). Магчыма, некаторыя лексемы (напр., балгарская) узыходзяць да навагрэч. πλίθα ’цэгла з гліны і саломы’ (БЕР, 5, 354), аднак трэба прыняць пад увагу пашырэнне (усх.-слав. тэрыторыя) і суаднесці з літ. plytéti ’распасцірацца’, plìsti ’тс’, у такім выпадку можна гаварыць аб лексеме пліта́ як аб балтызме (Банькоўскі, 2, 610). Сюды ж плітня́к ’вапняковая ці пясчаная парода, якая лёгка раздзяляецца на пліты’, плітава́ць ’абчэсваць камень у выглядзе пліткі’ (Шат.), плі́тка ’кара’ ў выразе: пліткай узяцца ’пакрыцца струпамі’ (докш., Сл. ПЗБ), плі́ты ’прыступкі ганка з каменю’ (воран., Сцяшк. МГ), плітоўка ’расколатыя на кавалкі камяні’, плітоўнік ’малаток для расколвання камянёў на кавалкі’ (Скарбы).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Струп1 ‘корка на ране’ (ТСБМ, Ласт., Гарэц., Байк. і Некр., Сержп., Федар. 4, Сл. ПЗБ), ‘прышч’ (Сл. ПЗБ), стру́піназасохлы струп’ (Нас.), зборн. стру́пʼя, стру́пʼе ‘адходы пры прадзенні кудзелі’ (Нас., Сл. ПЗБ; мёрск., Шатал.); сюды ж стру́пля ‘праказа’ (Ласт.). Параўн. укр., рус. струп, стараж.-рус. струпъ ‘рана; труп’, польск. strup ‘струп’, strupy ‘воспа; перхаць’, в.-луж. trup, н.-луж. tšup, чэш., славац. strup, серб.-харв. стру̑п ‘парша’, славен. strup ‘яд’, балг. струп ‘струп’, макед. струп ‘кароста’, ст.-слав. строупъ ‘рана, болька’. Прасл. *strupъ ‘струп’ параўноўваецца з ст.-в.-ням. strûben ‘падымацца, стаяць строма, уздымаць, гарчэць’, с.-в.-ням. strúben, с.-н.-ням. strȗf ‘шурпаты, грубы’, ст.-сакс. strûf ‘узлахмачаны’, грэч. στρῡφνός ‘цвёрды, мулкі, моцны’ (гл. Фасмер, 3, 784; там жа і літ-ра), якія ўзыходзяць да і.-е. кораня *streu̯p‑/*streu̯b‑ < *ster‑ ‘мулкі, цвёрды’ (Борысь, 583). На іншую думку, звязана чаргаваннем галосных з ц.-слав. стръпътъ ‘шурпатасць, мулкасць’ і збліжана да грэч. ρύπον ‘бруд, нечыстата’ (Сольмсен, KZ, 37, 600; Покарны, 1004; Бязлай, 335–336). Махэк₂ (584) славянскае слова параўноўвае з літ. raũpas ‘воспа’, raũpsas ‘праказа’, лат. raupa ‘гусіная скура’ і польск. rupić się ‘скрабці’ і мяркуе аб рухомым ‑s‑ і ўстаўным ‑t‑ у славянскіх формах. Гэтую этымалогію лічыць найбольш прымальнай Мяркулава (Этимология–1970, 189 і наст.). Менш верагодныя роднасць з ст.-ісл. hriúfr ‘грубы, няроўны; пракажоны’, hrufa ‘парша’, ст.-в.-ням. hruf ‘тс’, як мяркуе Уленбек (гл. Фасмер, там жа). Гл. яшчэ ЕСУМ, 5, 454.

Струп2 (strüp) ‘верхняя частка даху’ (Тарн.), струпо́к ‘верх, вяршыня’ (Сл. Брэс., Клім.). Да строп (гл.) з палескім пераходам о > у ў закрытых складах. Сюды ж, відаць, і струп у фразеалагізме: пад адзін струп ‘адно пад адным (дзеці з малою розніцаю ў гадах)’ (Янк. БФ., 292).

Струп3 ‘ніжняя частка снапа’ (жыле., Выг.). Няясна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Се́ра ‘хімічнае рэчыва жоўтага колеру’, ‘адклады ў вушах’ (ТСБМ), се́ра, сі́ра ‘малодзіва’ (рас., Шатал.; Сл. Брэс., Лекс. Палесся), ‘вадкасць, якая з’яўляецца за месяц да цялення’ (Інстр. 3). Укр. се́ра, дыял. сі́ра ‘сера, sulfur’, дыял. зах. ‘авечае малако’, рус. се́ра ‘сера, sulfur’, ‘вушная сера’, паўн. ‘смала дрэў’, ст.-рус. сѣра ‘сера’, ‘горная смала’, польск. siara ‘малодзіва’, дыял. ‘авечае малако’, siarka ‘сера, sulfur’, в.-луж. syra ‘малодзіва’, ‘сырое малако’, н.-луж. sera ‘малодзіва’, syrik ‘сера’, чэш. síra ‘сера’, славац. дыял. šara ‘малодзіва’, серб.-харв. дыял. се̏ра, си̏ра, cjȅra ‘вада, у якой мылі воўну’, ‘малодзіва, першае малако ў жанчыны’, балг. ся́ра ‘сера’, се̂ра ‘малодзіва’, дыял. се́ра ‘бруд на воўне’, се́реѝзасохлы пот на воўне’, макед. сера, дыял. сера, сереј ‘малодзіва’, ‘тлушч на авечай воўне’, ст.-слав. сѣра ‘сера, нафта’. Зыходзячы з аналізу значэнняў *sěra, Трубачоў (Этимология–1968, 49) робіць выснову, што першасным значэннем яго было ‘тлушч (на воўне авец)’, адкуль потым развіліся значэнні ‘смала’; значэнне ‘сера, sulfur’ вытворнае ад апошняга або сумесна з ім узыходзяць да значэння ‘тлушч’. Роднаснымі ён лічыць serum н. р. ‘сыроватка’, уласна мн. л. н. р. sera, якое далей роднаснае грэч. ορός ‘сыроватка’ < *soros, алб. hirrë ‘тс’, ст.-інд. ksīra ‘малако’; усе ад і.-е. *ser‑ ‘цячы’, параўн. ст.-інд. sárati ‘цячэ, спяшаецца’, suráh̥ ‘вадкі’. Як семантычная паралель да *sěra прыводзяцца царк.-слав. текль, точеница ‘смала’ ад цячы. Мартынаў (Этимология–1968, 20–21), Вештарт (Лекс. Палесся, 92) сера ў значэнні ‘малодзіва’ таксама параўноўваюць з лац. serum ‘сыроваіка’, але ўзводзяць яго да мікраполя ‘малако’, супраць чаго Трубачоў (там жа). У ранейшых этымалагічых версіях (гл. Брукнер, 487; Младэнаў, 626) sera лічылася роднасным рус. серый ‘шэры’, але з прычыны зах.-слав. š‑ (польск. szary) гэта параўнанне адвяргаецца. Фасмер (3, 603) мяркуе нават аб запазычанні, а Махэк₂ (544) дэфінуе слова як няяснае. У якасці магчымай крыніцы запазычання прыводзіцца куман. siriš ‘смала’. Сувязь назвы хімічнага рэчыва з *sěra ‘малодзіва’ Шарапаткава (Studia Etym. Brun., 3, 364) лічыць народнаэтымалагічнай. Агляд версій гл. ESJSt, 13, 806–807.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

кавалак, кусок, дроб, драбок, крошка, крыха, крышан, абломак, ашчэпак, адшчэпак, уцінак, друзачка / чатырохкантовы: брус, брусок / ад разбітага посуду: чэрап / звычайна пра хлеб: луста, скіба / засохлы: асушак / з краю бохана: акраец; кус, аскабалак, скрыль, друзалак, ашкалёпак / звычайна пра сала: аполец, полаць, скрыгаль, дзялянка, штыглік / пра хлеб: карвега, гамёлка (разм.)

Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)

мёртвы, ‑ая, ‑ае.

1. Той, які памёр; нежывы. Па дарогах валяліся разбітыя машыны, мёртвыя і параненыя фашысты. Якімовіч. Пасярод сцежкі ляжаў мёртвы алень, а над ім стаяла вялікая рысь. В. Вольскі. // у знач. наз. мёртвы, ‑ага, м.; мёртвая, ‑ай, ж. Мярцвяк, нябожчык. Засмужац нахіліўся да мёртвага, скрыжаваў яго рукі на грудзях. Мележ. // Засохлы, завялы (пра расліны). Мёртвыя лісты.

2. Такі, як у памёршага; нерухомы, бледны. Мёртвы твар. □ Каменныя львы з гладкай плошчы тэрасы паглядалі .. мёртвымі задуменнымі вачыма. Бядуля. Зачэпа слухаў усіх, усміхаўся сваёй мёртвай усмешкай. Асіпенка. // перан. Бледны, бляклы; не яркі. Пас мёртвага святла ляжыць на канапе, на стале, ручніком спадае на падлогу. Мележ.

3. На якім няма нічога жывога; бясплодны, пустынны. Мёртвая пустыня. □ Калі ж варожыя палкі Прыйшлі таптаць маю радзіму, Іх ахінуў ты ў саван дыму І кінуў мёртвыя пяскі На іх бясслаўныя магілы. Танк. // На якім спыніўся, замёр рух; апусцелы. Шаша была мёртвай. Асіпенка. Мёртвай стала .. [Сымонава] хата, і ён хадзіў па ёй адзін, як прывід. Чарнышэвіч. // перан. Які не выкарыстоўваецца, якога нельга выкарыстаць. Мёртвыя груды металу. □ Абкураныя, мёртвыя калоды вулляў стаялі, як магільныя помнікі, у спаленым садзе. Самуйлёнак.

4. перан. Пазбаўлены жыццёвасці; неактуальны. Мёртвая кніжнасць. Мёртвыя вобразы.

5. Пазбаўлены гукаў, нямы. Ды гэты лес, хоць ён і немы, Але скрозь ціш халоднай дрэмы, Скрозь гэты мёртвы сон зімовы Вядзе з Міхалам казкі-мовы. Колас. Ціхая і мёртвая асенняя ноч. Бядуля. // Поўны, абсалютны (пра цішыню, спакой, маўчанне). У пакоі была мёртвая цішыня. Лынькоў.

•••

Мёртвая гадзіна гл. гадзіна.

Мёртвая зона (спец.) гл. зона.

Мёртвая мова гл. мова.

Мёртвая прастора гл. прастора.

Мёртвая прырода гл. прырода.

Мёртвая пятля гл. пятля.

Мёртвы вузел гл. вузел.

Мёртвы інвентар гл. інвентар.

Мёртвы пункт (спец.) гл. пункт.

Мёртвы сезон гл. сезон.

Мёртвы штыль гл. штыль.

Мёртвы якар гл. якар.

Ляжаць мёртвым грузам гл. ляжаць.

Мёртвая вада гл. вада.

Мёртвая хватка гл. хватка.

Мёртвы капітал гл. капітал.

Мёртвыя душы гл. душа.

Ні жывы ні мёртвы гл. жывы.

Піць мёртвую гл. піць.

Спаць мёртвым сном гл. спаць.

Як мёртваму прыпарка (паможа) гл. прыпарка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Жыве́ц1 ’жывая рыбка, якая насаджваецца на кручок пры лоўлі буйной драпежнай рыбы’ (ТСБМ). Рус. живе́ц ’жывая насадка (у тым ліку рыбка, чарвяк)’, укр. живе́ць ’насадка ў выглядзе рыбкі’, польск. żywiec ’насадка, жывая рыбка; жывёла, прызначаная для забою; расліна Dentaria’, уст. ’чалавек жывога характару’, ’жывая істота’, славен. žívec ’жывая істота’, ’нерв’, серб.-харв. жи́вац ’нерв’, балг. живе́ц ’пульс; цэнтр; завусеніца, мяса пад пазногцем’. Ст.-рус. живецъ ’жывы чалавек’. Відаць, яшчэ прасл. утварэнне ад кораня *živ‑ і суфікса *‑ьcь‑ (як *starьcь), які ўтвараў наз. ад прыметнікавых асноў. Значэнне, відаць, ’істота, прабываючая ў жывым станс’ (у адрозненне ад *mrьtvьcь); першапачаткова магло не быць адрознення розных істот (параўн. *junьcь ’малады бычок; юнак’) з пазнейшай спецыялізацыяй.

Жыве́ц2 ’прырослая частка пазногця’ (Сл. паўн.-зах.). Польск. дыял. żywiec ’частка цела вала, напр., пад хвастом’, балг. дыял. живе́ц ’мяса пад пазногцем’, ’завусеніца’, жувѐц ’белая частка ногця’. Параўн. серб.-харв. жи́вац ’нерв’, балг. живѐц ’пульс’, славен. žívec ’нерв’, укр. живе́ць ’карэнні, парасткі, з якіх вырастаюць новыя расліны’. Відаць, рэфлекс прасл. *živьcь, маючага значэнне ’частка жывога цела’, ’жывая частка цела (у супрацьпастаўленні пазногцю)’, утворанага ад прыметніка *živъ суфіксам *‑ьcь.

Жыве́ц3 ’пласт грунту, з якога б’е крыніца’, ’месца, дзе сачыцца вада’ (Яшкін), ’жоўты пясок’, ’мох’ (Бяльк.). Рус. табол., гом., еніс., сіб. живе́ц ’крыніца, каля якой збіраюцца рыбы’, ’незамярзаючая рэчка’, укр. живе́ць ’крыніца’, ’пласт грунту’, польск. дыял. żywiec ’неўражайны пласт грунту’, в.-луж. žiwc ’палявы шпат’, чэш., славац. živec ’тс’, славен. žívec ’палявы шпат’. Магчыма, познепраслав. утварэнне *živ‑ьcь, дзе *živ‑ выступае ў знач. ’ваданосны’ (параўн. жываток, жывавод) для абазначэння ’крыніцы’, ’ваданоснага слою грунту’, адкуль перанос на пароду (пясок), на рэчку, балота (дзе расце мох).

Жыве́ц4 ’дрэнна вырабленая скура’ (Сл. паўн.-зах.). Рус. ярасл. живе́ц ’жоўта-зялёны слой у скуры ў выніку недастатковага дублення’, укр. живе́ц ’слой у скуры’. Відаць, усх.-слав. ’утварэнне з суф. ‑ьць ад прыметнікавай асновы жив‑ у знач ’не высахлы’.

Жыве́ц5 ’шнур у ткацкім станку, да якога прывязваюць ніці’ (Сл. паўн.-зах.). Рус. паўд. живе́ц ’сырамятны рэмень, што прывязваюць да сядла ззаду’, укр. дыял. живе́ць ’раменьчык з драўляным кійком, што замацоўваюць да невада’, ’кальцо ў ярме’, ’раменьчык, вакол якога пляцецца пуга’. Усх.-слав. ці асобнае бел. утварэнне ад асновы жыв‑ы ’рухомы’ з суфіксам ‑ец (‑ьць).

Жыве́ц6 ’нявыляжалы лён’ (Сл. паўн.-зах.). Параўн. серб.-харв. жѝвѝца ’кастрыца’, рус. ніжнегар. живи́га ’нявыляжалы лён’. Улічваючы іншаслав. суадносныя словы з тым жа коранем, але іншымі суфіксамі, відаць, уласна бел. утварэнне з суф. ‑ец паводле тыпу гнілец, сырэц (гл. Сцяцко, Афікс. наз., 102). Аснова жыв‑ы бярэцца ў знач ’не засохлы, не завялы’ (ТСБМ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

жывы́, а́я, ‑о́е; жыў, жы́ва.

1. Які жыве, існуе; проціл. мёртвы. Партрэты бачыў, помнік не адзін, О, каб пабачыць Леніна жывога. Свірка. // Не засохлы, не завялы (пра дрэвы, лісце і пад.). На жывой яблыньцы не было ніводнага яблыка. Якімовіч. Яна [бульба] вясной Расткі пускала — белыя, жывыя. З. Астапенка. // Утвораны з людзей, жывёл або раслін. Людзі ціха цягнуліся да рэчкі жывым ланцугом. Бядуля. Пад акном роўна шумелі старыя ліпы, што жывой сцяной акружалі сад. Шамякін. // Які належыць жывой істоце. На жывой касці мяса мусіць парасці. Прыказка. // у знач. наз. жывы́, жыво́е, о́га, м. і н. Той або тое, што жыве. Проці цячэння вады Зможа толькі жывое паплыць. Багдановіч. Значыць, дбаць пра жывое Трэба заўжды жывому. Броўка.

2. Які мае адносіны да жывёльнага або расліннага свету; арганічны. Жывая прырода.

3. Поўны жыццёвых сіл; жвавы, непаседлівы; проціл. вялы. Старэйшая дачка ў фельчара ўлюбіцца Надумала. Вясёлы ён, жывы, Гаспадаром нядрэнным будзе ў хаце. Корбан. // Выразны, ажыўлены, вясёлы (пра вочы, рысы твару). Жывая ўсмешка. □ Жывыя і бойкія вочкі.. [Габрынькі] так і свяціліся радасцю. Колас.

4. Поўны руху, ажыўлення; бойкі. Але, як вядома, гэта, калісьці вельмі жывая дарога, у тыя часы ўжо даўно была ў глухім заняпадзе. Чорны. // перан. Рухомы, зменлівы. Алёша прыпыняе камбайн і любуецца, як цераз латок льецца з бункера.. жывы і вясёлы струмень збожжа. Шамякін. Водбліскі зары адбіваліся на зялёнай паверхні мора і трапяталі на іх, расцякаючыся жывым агнём. Самуйлёнак.

5. Такі, як у рэчаіснасці; сапраўдны, натуральны. Колю і цяпер усё яшчэ здаецца, што гэта быў не сон, а жывая сапраўднасць. Якімовіч. // Цэлы, непашкоджаны. Мне ў памяці горад вясёлы, жывы, Без бомбаў, Без ран і без чорных руінаў. Броўка. Я ўсё думаю аб адным і тым жа: якім чынам уцалела ферма, засталася жывой, і хто аказаўся тым чалавекам, што заступіўся за яе? Ракітны. // Выкліканы, абумоўлены жыццём, практыкай. Жывая справа.

6. Дзейны, ажыўлены, інтэнсіўны. Жывая работа. Жывая гутарка. Жывы водгук. // Здольны чутка рэагаваць; успрымальны. Жывы розум. □ [Кастусь] у жывым сваім уяўленні пакідаў не толькі тое, што сам бачыў, але і ўсё, што чуў. Чорны. // Востра адчувальны. Жывая рана. Жывое гора.

7. Яркі, выразны. Жывы расказ. Жывы малюнак. □ Мова... інтэрмедый жывая, яркая, насычаная разнастайнымі моўнымі выяўленчымі сродкамі. Шакун. // Свежы, цікавы. Гарачым і жывым струменем Ліюцца словы Ільіча... Глебка. Колькі тут было цікавага, колькі жывых думак выказана. Мядзёлка.

8. Які рэальна існуе, яшчэ не знік. Жывая граматычная форма. Жывая літаратурная мова. // Не забыты, захаваны ў сэрцы, памяці і пад. Жывая легенда не мае спачыну, Ёй, вольнай, няма берагоў. Хведаровіч.

9. Які захоўвае ў памяці многія падзеі, факты і пад. Вечарамі мужыкі сыходзіліся ў крайнюю хату дзеда Юркі. Гэта быў самы стары чалавек у вёсцы, яе жывая кніжка. Колас. [Бабка], напэўна, памятае прыгонныя часы.. Гэта ж жывая гісторыя! Апошняя наша надзея раскрыць таямніцу кургана. Якімовіч.

•••

Жывая вага гл. вага.

Жывая мова гл. мова.

Жывая рана гл. рана.

Жывая сіла гл. сіла.

Жывое срэбра гл. срэбра.

Жывое цягло гл. цягло.

Жывы інвентар гл. інвентар.

Жывы куток гл. куток.

Жывы тавар гл. тавар.

Жывыя кветкі гл. кветка.

Браць (узяць) за жывое гл. браць.

Жывая вада гл. вада.

Жывая капейка гл. капейка.

Жывая крыніца гл. крыніца.

Жывая сувязь гл. сувязь.

Жывая чарга гл. чарга.

Жывога месца няма гл. няма.

Жывое слова гл. слова.

Жывы труп гл. труп.

Жывыя мошчы гл. мошчы.

Зачапіць за жывое гл. зачапіць.

На жывую нітку гл. нітка.

Ні адной жывой душы гл. душа.

Ні жывы ні мёртвы — у стане вялікага страху, знямення.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сухі́, ‑ая, ‑ое.

1. Не мокры, не прасякнуты вадою; не сыры. Сухая бялізна. □ Юзік кінуўся збіраць палачкі і сухія трэсачкі. Колас. Вяскоўцы на беразе косамі звоняць, Сена сухое дзяўчаты грабуць. А. Александровіч. Моцны вецер зрываў яшчэ зялёнае лісце, біў у шыбы сухім пяском. Ваданосаў. / у знач. наз. сухо́е, ‑ога, н. Пра вопратку. [Віця] хутка пераадзеўся ў сухое, з’еў спехам кавалак хлеба .. і сеў за стол рашаць задачы. Якімовіч. // Не потны. — У мяне конь сухі, — стрымана адказаў Багдан. Кулакоўскі. // Без вады, вільгаці на паверхні чаго‑н., у чым‑н. Вуліца сухая, ні лужынкі, ні гразі. Ермаловіч. Паплыве яна [рака] рэчышчам Новым зусім, А пясчанае дно яе Стане сухім. Куляшоў. Сухія былі вочы, Гарачыя ад роспачы. Бядуля. // З невялікай колькасцю вільгаці ў глебе або без яе. Пяскі сухія рунню зарунелі. Купала. Коні,.. перайшоўшы на рысь, пайшлі сухім лугам за Нёман. Брыль. Грэбля .. вяла праз вялікія .. балоты туды, дзе пачыналіся сухія землі. Самуйлёнак. Сям-там на больш сухіх мясцінах трапляліся зараслі нізкарослых абамшэлых хвоек. Лынькоў. / у знач. наз. сухо́е, ‑ога, н. Пра сухое месца. Выбрацца на сухое. □ [Сімха:] Тут кладкі ёсць. Я зараз іх праверу, Калі дажджом не пазмывала часам, Праз пяць хвілін мы будзем па сухім. Глебка.

2. Пазбаўлены вільгаці, з невялікай колькасцю вільгаці. Сухое паветра. Сухое памяшканне. □ Ад ракі павяваў сухі вецер. Савіцкі. З неба сыпаўся сухі калючы снег. Марціновіч. // З невялікай колькасцю дажджоў, ападкаў. Сухі клімат. □ Пагода стаяла сухая, з невялікімі прымаразкамі па начах. Якімовіч. Зіма была бясснежная, сухая і марозная. Танк.

3. Прыгатаваны высушваннем; сушаны. Сухія фрукты. Сухія грыбы. Сухія чарніцы. Сухі таран. // Прыгатаваны ў выглядзе парашку, канцэнтрату. Сухое малако. Сухі кісель.

4. Не вадкі. [Змітрок] хутка з’еў свой «сухі» полудзень і падышоў да станка. Ваданосаў. // Які страціў свежасць, сакавітасць, мяккасць; чэрствы. Быў дома і Андрэй — ён стаяў апрануты, у шапцы перад сталом і грыз сухую скарынку. Зарэцкі.

5. Пазбаўлены спажыўных сокаў, не жыццяздольны, засохлы, амярцвелы (пра расліны). Знайшлі .. зломак сухой асіны, што ляжаў ад зімы. Брыль. Над вадой тырчаць, як скручаныя сударгай пальцы, сухія карэнні дрэў. Няхай.

6. Спец. Які праводзіцца, робіцца пры адсутнасці вільгаці, вадкасці; без вільгаці, вадкасці. Сухі рамонт судна. Сухія метады кладкі. Сухая атынкоўка. // Які праходзіць, працякае пры адсутнасці вільгаці, біез вадкіх выдзяленняў (пра хваробы, фізіялагічныя працэсы). Сухі плеўрыт. Сухі кашаль. Сухія роды.

7. Нішчымны, без нічога (пра хлеб). [Маці:] Небарака, сухі хлеб есць. [Скіба:] Малака б кубачак, то ён і не быў бы сухі. Крапіва.

8. Які дрэнна жывіцца з-за недастатковага выдзялення тлушчу тлушчавымі залозамі (пра скуру, валасы). Сухія валасы.

9. Які мае сухарлявы склад цела; хударлявы. Кузня працавала амаль круглы год. У ёй жылісты і сухі, як яловы корч, Апанас Шведзік так чахаў молатам, што здавалася, сцены не вытрымаюць. Даніленка. // Вельмі худы, схуднелы. Ніяк нельга было ўявіць, што гэтая сухая бабуля ў падраным світэры — разважлівая і некалькі цвёрдая характарам цётка Антося. Карпюк. / Пра твар і пад. Змучаны, знерваваны загадчык .. з сухім бледным тварам сядзеў, як у шчыльна абложанай крэпасці. Колас. // Перасохлы. — Не хадзі, табе гавару, не хадзі... — шаптала .. [Вера] сухімі, бяскроўнымі вуснамі. Лынькоў. // Які не дзейнічае, высах з-за якой‑н. хваробы (пра канечнасці). Сухая рука.

10. перан. Пазбаўлены душэўнага цяпла; няздольны праяўляць пачуцці. [Андрэй] вырашыў быць прынцыповым, а стаў прыдзірлівым, хацеў быць строгім, а стаў сухім. Шахавец. [Сяргей Аляксандравіч], здавалася, увесь быў у сваёй матэматыцы, сухі і лаканічны, як алгебраічная формула. Лобан. // Які сведчыць пра адсутнасць душэўнага цяпла, спагадлівасці. Сухі фармалізм. Сухая дзелавітасць. // Які выяўляе, выказвае намераную стрыманасць, халоднасць; непрыветны. Сухі тон. □ Толькі на трэці дзень .. [Анатоль] адпісаў Ізе. Пісьмо было кароткае, сухое. Пальчэўскі. Ідзі [Марына] ў кватэру, — сухім, чужым голасам загадаў .. [Міша]. Васілевіч. — Вон! — загадала .. [Зося]. Твар яе стаў сухі. Чорны.

11. перан. Пазбаўлены эмацыянальнасці, жывасці; скупы і лаканічны. Сухі пераказ. Сухія інструкцыі. □ Паэты даволі сухіх публікацый! Прашу вас ад імя ўсіх юнакоў — Калі не кахаецца, то закахацца І скласці хоць пару гарачых радкоў. Панчанка. Была ў даследчыка яшчэ адна немалаважная асаблівасць: .. сухія архіўныя звесткі падабаліся так ярка і вобразна, што некаторыя старонкі ўспрымаліся як мастацкі твор. С. Александровіч. // Які мае адносіны да розуму, разліку, не закранае пачуццяў; вельмі рацыяналістычны. [Собіч:] — Далёкія ад нашай прафесіі людзі лічаць .. [бухгалтэрыю] сухой, нецікавай. Скрыган.

12. Пазбаўлены гучнасці, меладычнасці, мяккасці (пра гукі). Сухі металічны лязг і скрогат ірваў паветра над ваколіцай. Якімовіч. Сухое чахканне матора аддалілася, а потым зусім заціхла. Алешка. // Рэзкі (пра бляск у вачах). Дулеба паволі падняўся, і ў яго вачах Бярозін заўважыў сухі і рашучы бляск. Шчарбатаў.

13. У выразе: сухі́ лік — азначае, што адзін з бакоў у працэсе гульні не набраў ні аднаго ачка. Прайграць матч з сухім лікам. / у знач. наз. суха́я, о́й, ж. Зрабіць сухую.

•••

Сухая перагонка гл. перагонка.

Сухі лёд гл. лёд.

Сухі паёк — прадуктовы паёк, які складаецца з круп, мукі, кансерваў або з прадуктаў-паўфабрыкатаў.

Сухі туман гл. туман.

Сухі тынк гл. тынк.

Сухія кармы гл. корм.

Сухое віно гл. віно.

Выйсці (выбрацца) сухім з вады гл. выйсці.

На сухі лес — падалей ад людзей, ад усяго жывога. Няхай .. [чытачы] цяпер парадуюцца з намі, што ты адужаў хваробу — няхай яна ідзе на сухі лес! С. Александровіч.

Сухі закон гл. закон.

Сухога месца (рубца) няма на кім гл. няма.

Трымаць порах сухім гл. трымаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)