обмере́ть сов., разг.
1. (лишиться чувств) абамле́ць, самле́ць, абме́рці;
2. (оцепенеть) заме́рці, умле́ць;
обмере́ть от стра́ха (у́жаса) абамле́ць ад стра́ху (жа́ху);
се́рдце у меня́ о́бмерло сэ́рца ў мяне́ заме́рла.
Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)
ёкнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.
1. Аднакр. да ёкаць (у 1 знач.).
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Сціснуцца, неспадзявана замерці ад чаго‑н. (пра сэрца). Ля дзвярэй адразу спаткаў барадаты швейцар з залатымі лампасамі і паглядзеў з такой ганарыстай важнасцю, што ў мяне ёкнула сэрца. Карпюк. Тады сэрца .. [Тамары] ёкнула, на нейкі момант спынілася, а потым закалацілася часта-часта. Васілёнак. / у безас. ужыв. Хлопцы пайшлі, а ў Макара ёкнула ў грудзях. Асіпенка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
адранцве́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.
Стаць нерухомым, замерці, знямець. — Змоўчы, быдла! — гаркнуў раптам палкоўнік, і пан Зыгмунт зусім адранцвеў. Лынькоў. Прыдушаная нечуванаю бядотаю, маці раптам адранцвела і доўга не магла паварушыцца. Якімовіч. // Страціць адчувальнасць, адзеравянець. [Мікалай:] — Эх, і любіла.. [Ніна] песні! Да поўначы іншы раз слухала. У мяне ўжо адранцвеюць пальцы, а яна ўсё просіць іграць і пець. Шашкоў. Малілася [Лісавета] горача і доўга, не чула, што адранцвелі калені, але малітвы не прыносілі супакаення. Чарнышэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
здранцве́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.
1. Страціць адчувальнасць, гібкасць ад холаду або нязручнага становішча; амярцвець, адзеравянець. — Усё цела здранцвела: мусіць, гадзін пяць ляжалі нерухома. Маўр. Ногі Андрэя так здранцвелі, што ён ледзь адчуваў іх. М. Ткачоў.
2. перан. Прыйсці ў стан нерухомасці, знямення ад моцнага перажывання, страху і пад.; замерці. [Гольц-Мілеру] раптам стала ясна, што брат памірае, і ўсё ў ім здранцвела... Мехаў. Фішар таксама ўчуў нешта і як быў, укленчыўшы ў іржышчы, так і здранцвеў у напружанай позе сполаху. Быкаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
заняме́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.
1. Страціць адчувальнасць; адзеравянець. Войт з кожным ударам пугі ўсё больш звярэў.., і правая рука, якая трымала пугу, занямела ад працы. Бядуля. Лена.. выскачыла з машыны і пацягнулася, распраўляючы суставы, якія занямелі ад доўгага сядзення ў машыне. Корбан. // перан. Замерці, абамлець. У Марыны ўсё занямела ў сярэдзіне, але з выгляду яна была спакойная. Шарахоўскі.
2. Замаўчаць, страціць здольнасць гаварыць пад уплывам якога‑н. моцнага пачуцця; анямець. У хаце на адзін момант усе занямелі, а потым сталі бедаваць-гараваць. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
акамяне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.
1. Стаць цвёрдым як камень; ператварыцца ў камень. На тым узгорку, за дарогаю Руды пясок акамянеў. Камейша. // Стаць цвёрдым, сухім ад працяглага ляжання.
2. перан. Стаць нерухомым, замерці; застыць, аслупянець. Стафанковіч спачатку пацягнуў к сабе футра, пасля адхапіў ад яго рукі, як ад агню, і акамянеў у маўклівай позе. Чорны.
3. перан. Страціць здольнасць выяўляць якія‑н. пачуцці (ад вялікага гора, хвалявання), стаць абыякавым да ўсяго. [Луізе] хацелася плакаць, крычаць, кудысьці бегчы, але сэрца акамянела ад крыўды, ногі не слухаліся. Шашкоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
замо́ўкнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. замоўк, ‑ла; зак.
1. Спыніць гаворку, спевы, крык і пад.; змоўкнуць, замаўчаць. Лабановіч замоўк і задумаўся. Колас. — Афіцэр... — ціха шапнуў Міколку дзед і замоўк. Лынькоў. // Спыніць стральбу (пра агнястрэльную зброю). Гарматы замоўклі. □ Грымнуў выбух, і кулямёт замоўк. Курто. // Спыніць перапіску з кім‑н., пераехаць пісаць куды‑н., каму‑н. Не піша сястра, замоўкла.
2. Перастаць гучаць, раздавацца (пра гукі). Даўно адпелі на дварах дайніцы, Замоўклі крыкі, смех, абрыўкі слоў — Скрозь ціха, ціха... Спіць сяло. Лойка.
3. перан. Сціхнуць, замерці; перастаць адчувацца (пра пачуцці). А вось радасць, што цвіце над краем, у юнацкіх сэрцах не замоўкне. Дубоўка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
скамяне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.
1. Набыць выгляд і ўласцівасці каменя; ператварыцца ў камень. Ляжаць [дрэвы], пакуль не скамянеюць. Лынькоў. // перан. Стаць цвёрдым, сухім як камень. Скамянеў кавалак хлеба. □ Зямля скамянела, без вады. Няхай.
2. перан. Стаць нерухомым, замерці; застыць, здранцвець, аслупянець. Лявонка, які падбег да бацькі, скамянеў ад страху. Асіпенка. Скамянеў і вартавы пад наведзенай стрэльбай Карнея Скібы, скамянелі ўсе, уражаныя нечаканасцю налёту. М. Ткачоў. Воўк драпежны аж умлеў, З перапуду скамянеў. Якімовіч.
3. перан. Страціць здольнасць праяўляць якія‑н. пачуцці, стаць абыякавым да ўсяго. Ды ў каменным горадзе я не скамянеў! Не глядзі, прашу цябе, гэтак па мяне... Тармола. Джулія нібы скамянела ў панылай маўклівасці, бровы яе зусім самкнуліся, на твары ценем лёг выраз рашучай упартасці. Быкаў. Маё сэрца скамянела, Быццам чорны птах. Гаўрусёў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыці́шыцца, ‑шуся, ‑шышся, ‑шыцца; зак.
1. Перастаць шумець; прыціхнуць. Нават работнікі галерэі пачалі ўжо на.. [хлопцаў] падазрона паглядаць. Прыйшлося крыху прыцішыцца. Шыцік.
2. Перастаць рухацца; замерці, супакоіцца. Калі .. [матыль] сеў і прыцішыўся на бервяне, сарока хацела яго клюнуць, але перадумала і ад вярнулася. Пташнікаў. Святлана прыцішылася, трошкі супакоіла сваю крыўду і пачала слухаць, што тата дыктуе. Кулакоўскі. // Паслабець у сіле свайго праяўлення, трохі суняцца. На дварэ прыцішылася пагода, нават сонца косымі праменямі адбілася ў акно і снег быў мяккім... Каваль. — Правільна, зараз такі час, калі рэвалюцыйны рух прыцішыўся. Колас.
3. Запаволіць свой рух; замарудзіцца. Рух канвеера крыху прыцішыўся: некалькі шкляных будак стаялі на ўз’ездзе на мост. Лынькоў. Новыя казакі, чалавек дваццаць, несліся наўскач, і адзін, рабы, віхрасты, прыцішыўся і завярнуў мяне назад. Гарэцкі.
4. Паслабець, стаць менш адчувальным (пра якое‑н. пачуццё, адчуванне). Боль прыцішыўся.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
засты́ць, ‑стыну, ‑стынеш, ‑стыне; зак.
1. Загусцець, стаць цвёрдым пры ахалоджванні (пра рэчывы). Лой застыў. Смала застыла.
2. Разм. Падмерзнуць, прымерзнуць; пакрыцца лёдам (пра ваду). Тут рачулка зусім не замерзла, толькі, .. запарушаная снегам, застыла. Сачанка.
3. Разм. Моцна змерзнуць, закарчанець. Застыць на марозе. Рукі застылі. // Прастудзіцца. Застыць у дарозе.
4. Астыць, ахаладзець (пра труп).
5. Стаць нерухомым; замерці (звычайна ў якой‑н. позе, у якім‑н. становішчы). Сустрэча была такая нечаканая, што Марылька аж скаланулася і нерухома застыла на месцы. Чарнышэвіч. Маці як несла патэльню на стол, так і застыла з ёю на паўдарозе. Шамякін. // Астацца нерухомым, нязменным (пра выраз твару). Таямнічая ўсмешка з хітрынкай застыла на яго твары. Пестрак. А на твары як застыла, так і не раставала зацятасць і злосць. Адамчык. // перан. Спыніцца ў сваім развіцці. Ведалі і тое, што хлопец не застыў у сваім развіцці, ён працягвае завочна вучыцца ў педінстытуце. Шчарбатаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)