Кіла́ 1 ’грыжа’ (ТСБМ, Шат., Нас., Касп., Мядзв., Яруш., Бяльк., Сержп. Грам., Нік., Няч.). Укр. кила, рус. кила ’тс’, балг. кила ’пухліна’, серб.-харв. ки̏ла, славен. kíla ’тс’, польск. kiła, чэш. kyla, славац. kyla ’тс’. Прасл. kyla ’пухліна, нараст’ адпавядае літ. kū́la ’тс’. Балта-славянская інавацыя. Іншыя і.-е. паралелі ненадзейныя (Фасмер, 2, 232; ЕСУМ, 2, 432).
Кіла́ 2 ’хвароба крыжакветных раслін, пры якой на карэнні ўтвараюцца нарасці’ (ТС). Гл. кіла 1.
Кіла́ 3 ’проігрыш у картачнай або шахматнай гульні’ (Нас.). Да кіла 1. Параўн. надарвацца ва ўскосным значэнні.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Но́ша 1 ’вязка, клунак’ (Яруш., Сл. ПЗБ, ТС), памянш. но́шка, а таксама ны́шка, нэ́шка ’тс’ (Некр., Жд. 1, Клім.; бялын., Янк. Мат.; Сл. ПЗБ), ст.-бел. ноша, ношка ’мера сена, травы’ (Скурат, Меры, 123), параўн. рус. ноша, ношка ’тс’, чэш. nůše ’тс’, славац. noša ’тс’ і пад. Ад нясці, насіць (< *nos‑ja), параўн. Фасмер, 3, 87; Махэк₂, 403, першапачаткова ’тое, што можна панесці’.
Но́ша 2 ’яечнікі ў курыцы’ (Ян.), но́ша: у старо́е гусі но́ша зʼяўляецца каля ног (Бір. дыс.), сюды ж, магчыма, но́ша ’пухліна, гузак, грыжа’ (ТС), параўн. рус. но́ша ’цяжарнасць’, польск. noszą ’тс’. Да насіць, нясці (гл.), у тым ліку ’нясці яйкі’, параўн.: Як удар куру па спіне, дак у ее тая но́ша пабʼецца і еечкі патруцца (Ян.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Бурда́ 1 ’бурда, нясмачная яда’ (БРС, Бяльк., Нас., Шат., Касп.). Рус. бурда́, укр. бурда́. Лічыцца запазычаннем з цюрк. моў: тат. burda ’мутны напітак’. Міклашыч, Türk. El., Nachtr., 1, 18; Праабражэнскі, 1, 53; Фасмер, 1, 244; Рудніцкі, 259. Старая версія (ад народнага бурда́ ’чырвонае віно’ < франц. Bordeaux) не пераконвае (гл. Фасмер, 1, 244; Рудніцкі, 259). Шанскі (1, Б, 230) памылкова адносіць да гэтай групы слоў і польск., чэш. burda ’скандал, сварка’ (гэтыя словы зусім іншага паходжання, гл. Махэк₂, 77; Рудніцкі, 258).
Бурда́ 2 ’грыжа, пухліна’ (Нас.). Слова не вельмі яснага паходжання. Магчыма, трэба параўноўваць з рус. дыял. (кур., арл., разан.) бу́рды ’мясісты нарост у птушак пад ніжняй чэлюсцю; хахалкі ў курэй; другі падбародак’. Усё, магчыма, звязана з асновай бурд‑ (гл. бурды́ль). Першапачаткова ’пухір, бурбалка’?
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Калі́ба ’від хваробы’ (Касп.). Ілюстрацыя як быццам пацвярджае дэфініцыю: «Каб цебе каліба, як ты мяне падманіў». З назваў хваробы адразу звяртае на сябе ўвагу рус. вяц. калига ’хвароба грыжа’, аднак паводле лінгвагеаграфічнага крытэрыю гэта паралель не вельмі надзейная. Адносна семантыкі рус. назвы параўн. смал. килаватка ’бручка, Brassica napus’, бел. грыжа ’тс’ (нягледзячы на генезіс апошняй назвы). Няясна; у роднасных паўн.-бел. гаворках паралелей да гэтага слова не адзначана, таму можна меркаваць аб рэгіянальным утварэнні. Фармальна можна дапусціць сувязь з калываць (калібаць), параўн. да фанетыкі калібель (Жд. 3, Кліх), аднак такое супастаўленне нічога не праясняе. Цалкам імаверна, што Каспяровічам зафіксавана структура, дзе канкрэтнай назвы не было наогул. Можна думаць, што першапачаткова тут была структура тыпу *каб цябе, каб…, дзе другое каб не толькі ўзмацняе першае, але, магчыма, з’яўляецца субстытутам адпаведнай формулы, якая магла ўключаць і назву хваробы. Прычынай падобнай з’явы магла быць другародная функцыя назвы хваробы параўнальна з функцыяй уласна структуры, не выключана таксама, што тут назіраецца эўфемізацыя выразу, узмацняючая праклён, паколькі пад другім каб можа разумецца любая хвароба з найбольш непажаданых. У канкрэтным выразе каліба адпавядае разгледжанаму вышэй каліб (гл.). Праўда, не вельмі ясна, з’яўляецца гэта наватворам унутры гаворкі, ці тут назіраецца вынік узаемадзеяння гаворак і ўплыву выразу каліба цябе каліба на мяркуемы ’каб цябе, каб…’. Не выключана і запазычанне, аднак знайсці крыніцу нам не ўдалося. У польск. гаворках таксама няма матэрыялу, які б дазволіў меркаваць аб запазычанні. Звяртае на сябе ўвагу дыял. kaleba і kalemba ’старая і худая карова’, ’лянівая жанчына’ і да т. п., аднак гэта паралель не задавальняе. Фармальна падобны гукакомплекс знаходзіцца ў назвах раслін: kolibaba ’расліна… galeopsis ladanum’, kolebok ’radix bardanae’ (дэфініцыя паводле старога тлумачэння Карловіча). Семантычна такое супастаўленне магчымае (назва расліны можа суадносіцца з назвай хваробы), але вельмі няпэўнае. Не выключана і мясцовае ўтварэнне ад калоць з суфіксацыяй як у сядзіба, гасціба (гл. Сцяцко, Афікс. наз., 84–85). Аб канкрэтнай семантыцы назвы меркаваць цяжка, аднак у гаворках дэрываты ад калоць азначаюць розныя хваробы і з боку семантыкі такое тлумачэнне сумнення не выклікае. Нельга выключаць таксама нейкай памылкі пры запісе, відавочна, патрабуецца ўдакладненне прыведзенай Каспяровічам інфармацыі.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)