перадушы́ць, ‑душу, ‑душыш, ‑душыць; зак., каго-што.
Падушыць усіх, многіх або ўсё, многае. Віхрам уляцяць хлопцы-малойцы ноччу ў Ліпкі, перадушаць гітлераўцаў і вызваляць нявольніка. Кавалёў. Калі б я не прачнуўся, воўк мог бы перадушыць палову статка... Ляўданскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
імча́цца, ‑чуся, ‑чышся, ‑чыцца; незак.
Вельмі хутка перамяшчацца, ехаць, бегчы; несціся. Цягнік імчыцца. □ Весела званілі трамваі, з шумам імчаліся па вуліцах машыны, людзі спяшаліся на работу. Якімовіч. Сытыя стаеннікі імчацца, Ад язды ўгінаецца зямля. Панчанка. Селянін без шапкі з ускудлачанымі валасамі віхрам імчаўся на шпаркім кані. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шпа́ркі, ‑ая, ‑ае.
Тое, што і хуткі (у 1–3 знач.). Шпаркая язда. □ Селянін без шапкі з ускудлачанымі валасамі віхрам імчаўся на шпаркім кані. Колас. Б’ецца, уецца шпаркі, лёгкі Сінякрылы матылёк. Багдановіч. Акінуўшы шпаркім поглядам усю карту Месяца, Дзянісаў працягваў: — Палёт на Месяц — гэта выдатна! Гамолка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
завіхры́ць 1, ‑рыць; зак.
1. што. Закружыць, узняць віхрам. Вецер завіхрыў пясок. / у безас. ужыв. Завіхрыла снег на полі.
2. перан. Бурна праявіцца; забурліць, закіпець (пра падзеі, пачуцці і пад.). У грудзях завіхрыла разгарачанае пачуццё. Гартны.
завіхры́ць 2, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак., што.
Падняць віхор, пасмы. Завіхрыць валасы.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
узвіхры́ць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак., што.
Узняць віхрам, закружыць, завярцець. Прапелер узвіхрыў слупы пылу. Краўчанка. Мацней дыхнуў сіб[е]рны вецер, гайсануў вершалінамі дрэў-прысад, узвіхрыў хмары снегу, засвістаў, загуў. Сіняўскі. / у перан. ужыв. Дзве сілы абудзілі, узвіхрылі Міцевы пачуцці: вайна і Сюзана. Навуменка. // Паставіць віхром, растрапаць (пра валасы). Узвіхрыць чупрыну.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нада, прыназ. з Т.
Ужываецца толькі ў спалучэнні «нада мною (мной)». Тое, што і над (у 1, 2 і 3 знач.). Ой вы, думкі, думкі, Сэрца майго раны! Ці вы мае дзеці, Ці вы кім пасланы? Што ж вы забіліся Віхрам нада мною, І няма ніколі Мне ад вас спакою? Колас. Адшумелі буры нада мной. Звонак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
завіхры́цца 1, ‑рыцца; зак.
1. Закружыцца, узняцца віхрам. Завіхрыўся пыл на дарозе. □ Ужо з комінаў хат гаманлівых Завіхрыўся дымок кучаравы І расплыўся ў блакітным бяздонні. Журба. Шуганула імклівая полька. Завіхрыліся пары. Пестрак.
2. перан. Бурна праявіцца; забурліць, закіпець (пра падзеі, пачуцці і пад.). Завіхрылася жыццё і бурліць, як чорны вір. Колас.
завіхры́цца 2, ‑рыцца; зак.
Падняцца віхрамі, пасмамі. Салома на страсе завіхрылася.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
а́драс, ‑а, м.
1. Надпіс на паштовым адпраўленні, у якім указваецца месцазнаходжанне атрымальніка. Сяргей прачытаў надпіс на некалькіх старых канвертах. На ўсіх — адзін адрас: дэпутату Вярхоўнага Савета. Шамякін. // Указанне месцазнаходжання каго‑, чаго‑н. Прамчала віхрам конніца І знікла ў шызай далі. Дзяўчаты непакояцца, Што адрасоў не далі. Гаўрусёў.
2. Пісьмовае прывітанне ў гонар якой‑н. урачыстай падзеі, звычайна юбілею. Паднесці прывітальны адрас.
•••
Зваротны адрас — адрас адпраўшчыка.
[Фр. adresse.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
тысячаго́ддзе, ‑я, н.
1. Прамежак часу ў тысячу год. Трэцяе тысячагоддзе да н. э. // звычайна мн. (тысячаго́ддзі, ‑яў). Вельмі вялікі прамежак часу. Не дні і не месяцы — Тысячагоддзі ідуць неўміручыя людзі да зор. Макаль. Пад няхітрую музыку адной скрыпкі і часам двух барабанаў віхрам выконваецца танец — той танец, які адбываўся ў вясёлыя мінуты стагоддзі таму назад, а ў больш прымітыўным выглядзе — назад цэлыя тысячагоддзі. Чорны.
2. Гадавіна чаго‑н., што адбылося ці пачалося тысячу год таму назад.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ску́раны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад скурыць.
скураны́, ‑а́я, ‑о́е.
1. Які мае адносіны да вырабу скур і да рэчаў са скуры. Скураны завод. Скураная сыравіна. □ З краю гарадка, на беразе рэчкі, некалькі ўжо год існаваў скураны заводзік. Чорны.
2. Зроблены, пашыты са скуры (у 2 знач.). Скураны абутак. Скураная тужурка. □ З двара ў палату віхрам уляцеў высокі, шыракаплечы баец у скураным шлеме. Якімовіч. Заскрыпелі веснічкі і ўпусцілі кульгавага Пракопа з тоўстай скураной торбай цераз плячо. Васілевіч. // Абцягнуты, абабіты скурай. Мы паселі ў мяккія скураныя крэслы, што стаялі пры масіўным стале. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)