ПЛАЗМАТРО́Н [ад плазма + (элек)трон],

плазменны генератар, газаразрадная прылада для атрымання патокаў нізкатэмпературнай плазмы.

Пашыраны дугавыя (магутнасць да 10 МВт) і высокачастотныя (да 1 МВт) П. У дугавым П. рабочы газ (напр., вадарод, аргон, азот) ператвараецца ў плазму пры праходжанні праз сціснутую эл. дугу з высокай канцэнтрацыяй энергіі. У высокачастотных П. газ награваецца за кошт віхравых высокачастотных (ці ЗВЧ) токаў. Стабілізацыя разраду ў П. ажыццяўляецца магн. полем, газавым віхрам, які абдзімае дугу, і інш. Выкарыстоўваецца ў плазменнай металургіі, для плазменнай апрацоўкі матэрыялаў, у плазмахім. тэхналогіі.

Плазматроны: а — дугавы; б — індукцыйны; 1 — крыніца сілкавання; 2 — разрад; 3 — плазменны струмень; 4 — электроды; 5 — разрадная камера.

т. 12, с. 401

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІХРАВЫ́ РУХ,

рух вадкасці (або газу), пры якім яе часціцы (элементарныя аб’ёмы) рухаюцца паступальна і аварочваюцца вакол некаторай імгненнай восі. Выяўляецца пры цячэнні рэальных (вязкіх) вадкасцей і газаў у трубаправодах або пры вонкавым абцяканні цел.

Віхравы рух абумоўлены тым, што розныя слаі вадкасці (газу) рухаюцца з рознымі скарасцямі (з-за наліпання скорасць часціц каля сценак роўная нулю і павялічваецца пры аддаленні ад іх). Колькасна віхравы рух апісваюць вектарам вуглавой скорасці вярчэння часціц, які наз. віхрам асяроддзя ў дадзеным пункце. Часціцы пры віхравым руху ўтвараюць віхравыя трубкі або асобныя слаі. Віхравая трубка можа мець пачатак і канец толькі на межах вадкасці (газу) або быць замкнёнай, напр. У вадзе на паверхні і дне ракі, у паветры на паверхні зямлі (смерч) і інш.

Да арт. Віхравы рух. Віхравыя трубкі.

т. 4, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)