Трыву́льны ‘вытрыманы, цярплівы’, ‘спажыўны, смачны’ (Сцяшк. Сл.), трыву́ло ‘сытна, трывала’ (Сцяц., Сцяшк. Сл.), трыва́льна, трыву́льна ‘моцна, стойка’ (беласт., Стан.), трыу́льно ‘сытна’ (Сл. рэг. лекс.). Да трыва́лы < трыва́ць (гл.). Суфіксальнае ‑у‑, відаць, пад уплывам іншых форм гэтага ж дзеяслова, параўн. трыву́шчы ‘трывалы, спажыўны’ (лід., баран., лях., Сл. ПЗБ), ‘трывалы, моцны’, ‘жывучы’ (навагр., Жыв. сл.; рагач., Сл. ПЗБ, Сцяшк. Сл.), трыву́шчы(й)вынослівы’ (Сл. Брэс., ТСБМ), трывушчэй ‘дужэй, мацней, здаравей’ (баран., Сл. ПЗБ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

хра́бры, ‑ая, ‑ае.

Які вызначаецца храбрасцю; смелы, мужны. Гэта быў чалавек вельмі вынослівы, спрытны і храбры, што называецца сарві-галава, весялун, добры хаўруснік і забіяка. Алешка. Мой продак быў надзвычай смелы, Надзвычай храбры продак мой Супроць чужынцаў азвярэлых З дубінкаю ішоў у бой. Жычка. / у знач. наз. хра́бры, ‑ага, м. Часцей, часцей прыпамінай Імёны паўшых смерцю храбрых За родны край, наш мілы край. Гілевіч. // Які сведчыць аб храбрасці, выражае храбрасць. Храбры ўчынак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дужы, моцны, магутны, трывалы, вынослівы, цягавіты, здаровы; жылісты (разм.); мядзведжы (перан.) □ хоць у саху

Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)

ду́жы, ‑ая, ‑ае; дуж, дужа.

1. Значнай фізічнай сілы; здаровы, вынослівы. Першы сусед, які прыйшоў пабачыцца з .. [Антосем], быў Яўхім Мядзведзь, дужы, здаравенны мужчына, заядлы паляўнічы. Чарнышэвіч. Спадабалася і сама гаспадыня, гэткая працавітая калгасніца, дзябёлая, дужая. Шамякін. Узяўся за гуж, не кажы, што не дуж. Прыказка. / Пра часткі цела. Юркавы рукі былі нязвыкла дужыя і па-мужчынску ўпэўненыя. Карпаў.

2. Разм. Вялікі, значны па ступені праяўлення, велічыні. Дужы вецер. Дужы мароз. □ Хвалі дужыя падпёрлі Лёд цяжкі. На дне ракі Тлустыя самы замёрзлі, Спяць пра лета шчупакі... Панчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нясто́мны, ‑ая, ‑ае.

1. Які не ведае стомы; вынослівы. Нястомная і няўрымслівая Каця запісалася ва ўсе гурткі і ўсюды паспявала. Шамякін. Леанід Васільевіч, трапны стралец і нястомны хадок, ідзе далей па падсохламу балоту, уважліва разглядаючы сляды. В. Вольскі. // Настойлівы, упарты. Паэт быў шчырым у сваіх ацэнках і нястомным у пошуках новага, што магло б узбагаціць паэзію. Майхровіч.

2. Неаслабны, пастаянны. Я прыпамінаю Палессе з яго нястомным гоманам птушак. Галавач. Павел, калі яго пасля брыгадзірства паслалі кіраваць работай клуба, выдатна спраўляўся і з гэтым абавязкам. Патрэбны былі нястомная выдумка, кемлівасць і душа. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

жы́лісты, ‑ая, ‑ае.

1. З выпнутымі жыламі, венамі. Выцяг[нуў]шы з каўняра абавераную жылістую шыю, Карпенка азірнуўся на пераезд. Быкаў. [Сцепаніда] села на крэсле, злажыўшы свае смуглыя жылістыя рукі на грудзях. Ермаловіч. // З вялікай колькасцю сухажылля (пра мяса).

2. Сухарлявы, мускулісты (пра чалавека, часткі яго цела). Кузня працавала амаль круглы год. У ёй жылісты і сухі, як яловы корч, Апанас Шведзік.. гахаў молатам. Даніленка.

3. Разм. Моцны, дужы, вынослівы. — Трэба будзе працы прыкласці, каб вярнуць зямлі даваенную сілу, урадлівасць. Палітая крывёю, яна высмакча і поту нямала... Але нічога, мы народ жылісты. Выцягнем. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хаўру́снік, ‑а, м.

Разм. Саўдзельнік у якой‑н. справе; кампаньён. Гэта быў чалавек вельмі вынослівы, спрытны і храбры, што называецца сарві-галава, весялун, добры хаўруснік і забіяка. Алешка. Але калі Алесь пачаў.. вучыць дзяцей розным, прывезеным з горада, гульням, яны пазналі ў ім добрага хаўрусніка і зрабіліся самымі блізкімі яго сябрамі. Галавач. // Разм. Саўдзельнік якога‑н. злачынства, якіх‑н. несумленных спраў. [Жарыкаў:] — Бясспрэчна, што ў Бандыся былі хаўруснікі. Не мог жа ён адзін вынесці ўсё на калёсы. Асіпенка. Стась жа прыходзіў на бераг кожны раз п’яны. Значыць, меў і хаўрусніка, каму збываў калгаснае дабро!.. Ваданосаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Трыва́ць, трыва́ці ‘вытрымліваць, цярпліва пераносіць боль, непрыемнасць, цярпець’ (ТСБМ, Нік. Очерки, Бяльк., Касп., Байк. і Некр., Гарэц., ТС, Сл. ПЗБ, Варл.; ашм., Стан.) ‘працягвацца пэўны час’ (ТСБМ, Вруб.), ‘доўга захоўваць прыдатнасць, трымацца’ (Нас., ТСБМ), ‘быць, існаваць, перабываць’ (Нас., Некр. і Байк.), трва́ць ‘перабываць, працягвацца; трымацца’ (Нас.), тырваць ‘цярпець’ (Бяльк.). Ст.-бел. трвати (з 1507 г.) запазычана са ст.-польск. trwać ‘быць, існаваць працяглы час, заставацца без змен’ (Булыка, Лекс. запазыч., 197), аднак адаптаваная форма търывати ‘быць, працягвацца’: сесь листъ нашъ маетъ търывати вѣчно и непорушно (ГСБМ, 34, 56), зафіксавана ў 1438 г., што, магчыма, сведчыць аб яе існаванні яшчэ да запазычанай формы адначасова са ст.-чэш. trvati, чэш. trvat, славац. trvať, н.-луж. trwaś, харв. дыял. trvat, што ўзыходзяць да прасл. *trъvati ‘трываць, цярпець’, якое ўжывалася побач з *trajati ‘працягвацца, цягнуцца’, ‘насіцца (пра адзенне)’, зафіксаванае ў формах: славен. trâjati ‘тс’, харв. trȁjati, серб. тра̏јати, макед. трае, балг. тра́я ‘трываць, цярпець’, ст.-чэш. tráti, traju ‘трываць, заставацца, вытрымліваць’, ‘жыць, існаваць’, в.-луж. trać, traju, н.-луж. traś, trajom ‘трываць’, і роднаснае ст.-інд. tárati ‘захоўвае, прыбірае, хавае’, ‘пераадольвае, перамагае’, trāyáte ‘ахоўвае, беражэ’, іран. *tarvaya < *trva‑, авест. taurvaya ‘пераадольваць ворагаў’ (Трубачоў, Этимология–1965, 58–61), ст.-грэч. τρανης, τρανώς ‘ясны, вызначаны’, ‘ясна’, лац. intrāre ‘ўвайсці’, хец. tarhzi ‘перамога’ < і.-е. *terh₂ ‘прайсці праз што-небудзь, пераступіць, перамагчы’ (Сной₂, 775–776). А праславянская форма *trъvati (< *trǔu̯‑a < trū‑ā‑) суадносіцца са ст.-інд. tū́rvati ‘перамагае’ — усе да і.-е. *ter‑/*trá‑/*teru ‘пераходзіць, пранікаць праз што-небудзь’ (Борысь, 646; Скок, 3, 488–489). Махэк₂ (655) мяркуе, што прасл. *tъvati з’яўляецца адыменным утварэннем ад прыметніка *trъvъ, які адпавядае ст.-інд. *dhruvá‑ ‘трывалы, пэўны, пастаянны’, лац. dūrus ‘цвёрды, непадатлівы’ і ням. dauern ‘працяглы’, ‘моцны’; гэтаксама Голуб-Ліер (491). Гл. таксама Брукнер, 578; ЕСУМ, 5, 635. Сюды ж шматлікія дэрываты: трыва́лы ‘які моцна не паддаецца разбурэнню, псаванню’ (ТСБМ, Нас., Бяльк., Касп., Байк. і Некр., Сцяшк.), ‘моцны, дужы, здаровы’ (Сл. ПЗБ, ЛА, 5), ‘вынослівы, цягавіты’ (Шат., Байк. і Некр., Гарэц., Варл.), ‘здольны многае вынесці, перажыць, стойкі, загартаваны’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Нас.), ‘які не мяняецца, надзейны, устойлівы’ (ТСБМ; шальч., Сл. ПЗБ), трыва́льшы ‘мацнейшы, дужэйшы’ (Ян.), трыву́шчы(й)вынослівы, жывучы’ (Сцяшк., Сл. Брэс.), трыва́л ‘пажыўны’: пры хлебе й квас трывал (Сержп. Прык.), трывалкі ‘тс’ (Гіл.), трыва́нне ‘цярпенне’ (Касп.), трыва́ласць ‘вынослівасць, цягавітасць’ (Байк. і Некр.), трыва́ючы ‘моцны’ (Нас.), трыва́льны ‘тс’ (навагр., іўеў., валож., ЛА, 5), трыва́ла ‘моцна’ (Ласт.), ст.-бел. трывалый, тривалый ‘сталы, надзейны’, трвалый ‘устойлівы’, ‘сытны, пажыўны (пра яду)’, трванье, трыванне ‘захаванне, працяг’ (ГСБМ). Параўн. рус. вытрывалый, гл. Анікін, РЭС, 9, 204.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)