учапі́цца, учаплю́ся, учэ́пішся, учэ́піцца; зак.

1. за каго-што, у каго-што. Моцна ўхапіцца за каго-, што-н. або ўплесціся за што-н., у што-н.

У. за борт машыны.

У. ў валасы.

2. за што. Зачапіцца за што-н.

Кручок вуды ўчапіўся за водарасці.

3. чым за што. Закрануць што-н. у час руху.

У. воссю калёс за шула варот.

4. перан., за што. Тое, што і ухапіцца (у 2 знач.).

У. за думку.

5. за кім-чым. Далучыцца самавольна, без папярэдняй згоды да тых, хто ідзе куды-н.

За намі ўчапіўся сабака.

|| незак. учэ́плівацца, -аюся, -аешся, -аецца (да 1 і 4 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

ці́на, ‑ы, ж.

Зялёныя водарасці, якія плаваюць густой масай у стаячай і мала праточнай вадзе. Мора сіняе прымчыць да нас вадой Бутэльку к берагу, аблітую смалой, Усю ў дробных ракаўках і ціне. Багдановіч. У тайніку, побач з канавай, Сцяпан хавае «трохзубку» — жалезныя граблі, якімі ён выцягвае з вады ціну ці карчакі. Парахневіч. // перан. Тое, што засмоктвае, аблытвае, пазбаўляе волі, свабоды дзеяння. Колькі.. [Віктар] пражыў у тым мяшчанскім гняздзе, а і пальцам не паварушыў, каб разграміць той ладненька скалочаны дабрабыт, ускалыхнуць застаялую ціну. Даніленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

марскі́, ‑ая, ‑ое.

1. Які мае адносіны да мора, уласцівы мору (у 1 знач.). Марское дно. Марская вада. □ Халодны полаг снегападу Укрыў марскія берагі. А. Александровіч. // Які бывае, адбываецца на моры. Марское плаванне. Марскі бой. // Які жыве або расце ў моры. Марскія водарасці.

2. Звязаны з плаваннем на моры. Марскі флот. // Звязаны з флотам. Марское вучылішча. Марскі шпіталь. // Прызначаны для маракоў. Марская куртка. Марская роба.

•••

Марская зорка гл. зорка.

Марская капуста гл. капуста.

Марская карова гл. карова.

Марская міля гл. міля.

Марская хвароба гл. хвароба.

Марскі вузел гл. вузел.

Марскі кот гл. кот.

Марскі леў гл. леў.

Марскі воўк гл. воўк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

капу́ста, ‑ы, ДМ ‑сце, ж.

1. Агародная расліна, лісце якой звіваецца ў качаны, а таксама самі качаны, якія ідуць у ежу. Садзіць капусту. Шаткаваць капусту. □ Усе лета вазілі [калгаснікі] агуркі, памідоры, капусту на калгасны рынак. Шамякін. Тут жа на лабяку паўз дарогі жанчыны секлі лысыя качаны капусты. Дуброўскі.

2. Вараная страва з крышанага качана гэтай расліны. Шчаслівая цётка Палашка тым часам падае на стол міску гарачай капусты. Якімовіч.

•••

Зайцава капуста — тое, што і кісліца.

Марская капуста — марскія водарасці, якія ўжываюцца як ежа і як лячэбны сродак.

Цвятная капуста — асобы від капусты, суквецце якой ідзе ў ежу.

Крышыць на капусту гл. крышыць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шны́парыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; незак.

Разм.

1. Заходзіць, забягаць, заглядваць у розныя месцы, шукаючы, высочваючы каго‑, што‑н. Толькі там, на востраве, і адседжваліся падпольшчыкі, пакуль карнікі шныпарылі па лесе. Новікаў. Дыспетчар у цемры, дыспетчар шныпарыць па кладоўках, шукае газавай лямпы. Шынклер.

2. Хадзіць, бегаць, рухацца сюды-туды, у розных напрамках. Каця ўздыхнула і села на лаўцы перад домам, але хутка змушана была ўстаць: міма шныпарылі хлапчукі і з цікаўнасцю пазіралі на яе. Лось. [У вадзе], як прывіды, плаваюць водарасці, мільгаюць маляўкі, варушацца на дне ракавінкі, шныпараць жукі. Асіпенка.

•••

Шныпарыць вачамі — хутка пераводзіць позірк з аднаго прадмета на другі, выглядваць што‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Твань ’дрыгва, багністае месца; гразь; ціна’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Шымк., Гарэц., Бяльк., ТС, Пятк. 1, Сл. ПЗБ, Ск. нар. мовы), ’іл’ (бых., бялын., клім., петрык., ветк., светлаг., ЛА, 2; Сцяшк.), ’плаў на балоце, каля возера’ (кругл., мазыр., хойн., ЛА, 2), ’невялікі прыродны вадаём’ (маг., ЛА, 2; Мат. Гом.), ’моцны смурод; ціна, балота’ (Растарг.), ’ціна, глей, мул, буза’ (Нас.), ’водарасці’ (Мат. Гом.). Укр. твань, рус. дыял. твань ’твань’. Лічыцца, што паходзіць з літ. tvãnas ’патоп’ < tvìnti ’разлівацца, выходзіць з берагоў’ (Коген, Запіскі, 2, 9, 90; Буга, Rinkt. 2, 639; Гутшміт, ZfSl, 19, 2, 269; ЕСУМ, 5, 530; Фасмер, 4, 31; Лаўчутэ, Балтизмы, 40). Адносна фанетычных і семантычных цяжкасцей пры запазычанні гл. Талстой, Геогр., 166–167; Анікін, Опыт, 285.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Про́мзлы ’чуць закіслы; ні салодкі, ні кіслы (пра малако)’ (полац., Нар. сл.; в.-дзв., красл., Сл. ПЗБ). З *промзглы > параўн. рус. про́мзглый ’пракіслы, прагорклы; затхлы, сапсаваны, той, які загніў’, про́мзгнуть ’псавацца, гніць, горкнуць’, мзга ’гніль, цвіль, сырое надвор’е’, мзглой, мо́зглый ’друзлы, вялы, гнілы з сярэдзіны, прэлы’. Фасмер (2, 617) на аснове параўнання з рус. мозглый (гл. прамосклы) узнаўляе праформу *мъзга. Тады, відаць, да мазго́ліць ’пэцкаць; біць’, мазгля́вы (гл.). Параўноўваецца з грэч. μύσος*μύδος) ’ганьба; апаганенне’, ст.-ірл. mosach ’нячысты’, н.-ням. mussig ’брудны’, лат. мн. л. mudas ’гнілыя водарасці’, літ. мн. л. músos ’цвіль’ (Міклашыч, 207; Буга, РФВ, 72, 198 і наст.). Набліжэнне да літ. mazgóti ’мыць, паласкаць’, ст.-інд. máyjati ’ён апускае’, Фасмер (там жа) лічыць менш верагодным. Параўн. мазглявы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ра́ска1 ’дробная водная расліна сямейства раскавых, Lemna L.’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС), ря́ска ’тс’ (Сл. ПЗБ), сюды ж раса́ (ръса́) ’водарасці’ (Сл. ПЗБ; бялын., Нар. сл.). Да раса́2 (гл.), параўн. чэш. řasa ’водарасць’, славац. riasa ’тс’, таксама тлумачэнне: раса — трава ў рэчцы, як аборы (віл., Сл. ПЗБ) і макед. реси ’падводныя расліны даўжынёй да пяці метраў’; для дробных водных раслін характэрна махрыстасць карэньчыкаў. Параўн. укр. ря́ска ’расліна Lemna L.’, в.-луж. rjasa ’тс’, каш. řąsa, řąs ’тс’. Фасмер (3, 539) рус. ря́ска ’балотная расліна’ звязвае з рус. ряса́ ’забалочанае месца, вільгаць’ і, няўпэўнена, з *ręsa, гл. раса́2. Гл. таксама Шустар-Шэўц, 2, 1221; SEK, 4, 227.

Ра́ска2 ’столка’ (дзісн., Нар. сл.). Да раса́2 (гл.), што можа мець значэнне ’зборка, складка’; параўн. укр. ряси́ца ’складка’, славац. riasa ’тс’ і інш.

Ра́ска3 ’парастак, расток’ (Клім.). Гл. ра́са2.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тынь1 ‘ ціна, твань’ (Нас., Гарэц.), ‘плесень’: у клеці дужа ты́ньню пахніць (Юрч. Вытв.). Параўн. рус. смал. тынь ‘зялёныя водарасці, якія плаваюць густой масай, ціна’, ‘балоцістае, топкае месца’ (СРНГ), што ўтварае адзін арэал з беларускімі словамі. Верагодна, звязанае з тынець, гл.

Тынь2 зборн. ‘колле, плахі для пабудовы тыну’ (Нас.), сюды ж ты́нне? ‘платы, парканы’: пайшла ў вандроўку па‑пад тынню (Я. Колас). Параўн. польск. дыял. tynia ‘тонкая дошчачка або кіёк для плоту’ (MSGP), укр. попідти́нню ‘пад плотам, пад плятнём’ (Т. Шаўчэнка) ад ти́ння зборн. да тин ‘тын’, рэдкае рус. тынь ж. р. ‘агароджа, плот’, звычайна ты́нье зборн. ‘калоды паміж слупамі ў сценцы’. Вытворнае ад тын з старым канчаткам на ‑ь са значэннем зборнасці, параўн. ст.-рус. чудь, сербь як назвы плямён (Фасмер, 1, 305).

Тынь3 — выклічнік раптоўнага дзеяння: дабавіў туды капусты і тынъ! — усё перамяшаў (Рамза, Бел. гутарк.). Да тыняцца, гл.

Тынь4 ‘месца на рацэ або возеры, якое зарасло трысцём’ (шкл., Мат. Маг.). Узыходзіць да прасл. *tyti ‘разрастацца, таўсцець’, параўн. серб. тити̏ ‘густа расці’ (Мартынаў, Зб. Крапіве, 214); паводле Мартынава (Лекс. взаим., 146–147), слова таго ж паходжання, што і тын (гл.) < *tynъ, якое з’яўляецца славянскім пранікненнем у германскія мовы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ма́йна1 ’апускай уніз! (у мове грузчыкаў, будаўнікоў)’ (ТСБМ), рус. чарнаморск. ма́йна ’паднімай ветразі!’, лат. maina ’апускай!’ (у мове грузчыкаў), тур. mayna ’апускай ветразі!’ < італ. (am)mainare ’тс’. Недастатковасць матэрыялу не дазваляе вызначыць шлях запазычання ў бел. мову.

Ма́йна2 ’палонка, шырокая расколіна ў лёдзе’ (ТСБМ), лельч. майна́ ’луг, затоплены вадой’ (Мат. Гом.). Рус. арханг., алан., вяцк., ленінгр. ма́йна ’палонка’. Паводле Кілімы (160) — уграфінізм, параўн. фін. mainas, водск. maina ’вялікая палонка’. Параўн. таксама рус. майда ’тс’ (Фасмер, 2, 559).

Ма́йна3 ’маннік наплываючы, Glyceria fluitans (L.)’ (маг., Кіс.) — з манна, у выніку распадабнення нн > йн; укр. манна ’тс’, рус. манник ’тс’. Да ма́нна (гл.). Матывацыя: гэта расліна для славян была вельмі важнай — у перыяд нястачы яны збіралі яе насенне і ўжывалі ў ежу (Махэк, Jména, 280).

Майна́1 ’трызненне’, майна́чыць ’трызніць’, ’гаварыць абы-што, выдумляць’ (гродз., паст., Сл. ПЗБ), стаўбц. майна́чыць ’гаварыць абы-што, без толку’ (З нар. сл., Жыв. сл.), ’адмаўляцца ад абяцання, ашукваць’ (Сл. ПЗБ), ’хлусіць’ (гродз., Сцяшк. Сл.). Беларускае. Дзеяслоў з’яўляецца паўкалькай (майна‑чыць, як дзіва‑чыць), першая частка якой — балтызм, параўн. літ. mainaĩ ’абмен, мена’, лат. maiņa ’тс’, ’перамена’, ’змена’, ’змяненне’. Ад літ. mainýti выводзяць: Грынавяцкене і інш. (Liet. term., 177, 182) і Лаўчутэ (Сл. Балт., 69).

Майна́2водарасці (у вадзе або высахлыя)’ (жытк., Нар. словатв.). Няясна. Магчыма, да ма́йна3 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)