Віля́ць ’махаць, хістаць, паварочваючы збоку’; ’рухацца па звілістай лініі’; ’ухіляцца ад прамога адказу, хітрыць, падманваць’ (Нас., КТС, БРС, Шат., КЭС, лаг.). Укр. виляти ’віляць (напр., хвастом)’; ’ухіляцца ад працы’; ’весяліцца, гуляць, ганяцца’, рус. варон., валаг. вилять ’зварочваць з дарогі’; ’гойсаць, шныраць, ухіляцца, пазбягаць каго-небудзь’; ’кідацца з боку ў бок’; ’ухіляцца з прамога шляху, хітрыць’, ви́ля ’нясталы чалавек, ветрагон’, польск. wilać ’махаць (хвастом)’, уст. wilać się ’віцца (аб дыме)’. Іншыя славянскія адпаведнікі семантычна звязаны больш з прасл. лексемай vila ’міфічная істота, фея, русалка’; ’вар’ятка’; ’вядзьмарка, чараўніца’, польск. wiłować ’шалець, вар’яцець, губляць галаву’, чэш. vilniti ’быць юрлівым’, ст.-чэш. vilovati ’дрэнна паступаць, распутнічаць’, макед. вилнее ’бушаваць, бясчынстваваць’, чым з віляць, ад якой яны фармальна адрозніваюцца. Таму можна дапусціць інавацыю ўсх.-слав. *виляти, якое, відаць, з’яўляецца роднасным ад літ. уст. vìlti ’здраджваць’ (Атрэмбскі, 2, 33), vilióti ’вабіць, падманваць, спакушаць’, apvìlti ’падманваць, расчароўваць’, vỹlius ’падман, спакушэнне, каварства’. Шанскі (1, В, 99); Пелікан (LF, 1929, 56, 244), Фасмер (1, 315), Брандт (РФВ, 18, 8), Младэнаў (66), КЭСРЯ (81) мяркуюць, што лексема з’яўляецца суфіксальным дэрыватам ад вилыи ’завілісты, пакручасты’ (< *вить і суф. ‑л‑). Петарсан (AfslPh, 36, 152) звязвае лексему вилять са ст.-інд. vḗllati ’хістаецца’, vēllitas ’хвалісты, гарбаты’, пракр. velli, vellā ’павеўная расліна’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вецер (КТС, БРС, Касп., Нас., Яруш.), ві͡етёр (Бес.), ве́цір (Бяльк.), жыт. вецёр ’веснавы вецер’, слаўг. ве́цер ’адкрытае ветранае месца’; ’віхор’ (Яшк.), ве́церветрагон’ (КТС, Нас., З нар. сл.). Сюды ж ветрык, ветрычак, ветрік, вецярок (КТС, Гарэц., Шат., Нас., Кліх, Бяльк.), вятрыска (Яруш., КТС). Укр. ві́тер ’вецер’, рус. ве́тер ’тс’, арханг. ’кірунак свету’; ’хвароба свойскіх жывёл’, ст.-рус. вѣтръ, вѣтеръ ’вецер, кірунак свету’; ’паветра’; ’газы ў кішках’, польск. wiatr, палаб. votr, н.-луж. wjetš, в.-луж. wětr, чэш. vítr, славац. vietor, славен. véter, серб.-харв. ве̏тар ’вецер’, макед. ветар ’вецер’, (мед.) ’рожа’, балг. вятър ’вецер’, паўн.-зах. ветър ’рэўматызм’, ст.-слав. вѣтръ ’вецер’. Прасл. větrъ мае адпаведнікі ў і.-е. мовах: літ. vė́tra ’бура’, лат. vę̄tra ’тс’, прус. wetro ’вецер’, гоц. winds, ст.-в.-ням. wint ’тс’, ст.-англ. wind ’непагадзь’, ст.-нарв. vindr ’вецер’, ст.-ісл. veðr ’вецер, паветра’, ірл. feth ’паветра’, грэч. ἄησι ’вее’ (*ἄϜησι), ἄήτης ’вецер’, кімр. gwynt, лац. ventus, ст.-інд. vā́taḥ, авест. vā́ta‑ ’вецер’, асец. wād, vād ’бура’, тахар. A wänt, тахар. B yente, хец. hu (*Hwe); да і.-е. асноў *u̯e‑/*u̯o‑/aue/*au̯‑ ’веяць’. Прасл. větrъ утворана ад větati/větiti і суф. Nomina agentis ‑rъ, які атрыманы ў спадчыну з і.-е. (Слаўскі, SP, 2, 20). Адсюль вецер выступае ў міфалогіі як дзеючая сіла; параўн. бел. ве́тры. Роднаснае да веяць (гл.). Гл. таксама Праабражэнскі, 1, 109; Вальдэ, 817; Мюленбах-Эндзелін, 4, 572; Мейе, 407; Траўтман, 345; Барталомэ, 1408; Брукнер, 611; Махэк₂, 692; Голуб-Копечны, 408, 418; Фасмер, 1, 306; Шанскі, 1, В, 77; КЭСРЯ, 78.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ве́траніца1 ’пралеска, кураслеп дуброўны, Anemone nemorosa L.’ (ветк., Мат. Гом.), ветраніца белая ’расліна’ (КТС). Рус. тамб. ветраница ’анемона’, зах.-сіб. ’сон-трава, Pulsatilla patens’, польск. wietrznica ’анемона’, серб.-харв. вѐтреница, вјѐтреница ’тс’, славен. vẹ̑trnica ’кураслеп’; ’дарыкній травяністы’, ст.-рус. ветряница ’назва лекавай травы’ (з XVIII ст.). Да ве́цер (гл.). Расліна названа так таму, што яна любіць адкрытыя, даступныя ветру месцы, паляны, лугі. Назвы, звязаныя з лексемай вецер, у славянскіх народаў атрымалі шматлікія расліны, напр.: бел. вятроўнік ’Filipendula Mill.’, укр. вітреник ’яснотка, шанта’; ’медуніца, шчамяліца’; ’спірэя’; ’пылюшнік’, славен. vétrnik ’васілёк’, рус. ветреница (гл. вышэй) і ’перакаці-поле’, ве́треная трава́ ’белая канюшына’; ’гарлянка’, ве́треник ’лясны кураслеп’ і інш., магчыма, таму, што некаторыя з іх ужываюцца для лячэння прастудных захворванняў, а таксама хвароб ад ветру.

Ветраніца2 ’пустазвонка’ (КТС), укр. ві́тренница ’няверная, нясталая, легкадумная жанчына’, паўн.-рус. ветреница ’нясталы, няверны, марнатраўны (аб чалавеку)’, польск. уст. wietrznica ’легкадумная жанчына, ветраго́нка’ ад ве́транікветрагон’ і суф. ‑іц‑а.

Ветраніца3 ветраны млын’ (Касп.), рус. пенз., горк. ве́треница, балг. паўн.-усх. вятърница, макед. ветерница ’тс’, славен. vẹ̑trnica ’крыло ветранога млына’. Узнікла ў выніку намінацыі выразу ветраная мельніца (пры дапамозе суфікса ‑іц‑а). Гл. таксама ветранік1 (суфікс ‑ік).

Ветраніца4 ’ветранае надвор’е’ (КТС). Утворана ад прыметнікавай асновы ветран‑ (гл. ветраны) і суф. ‑іц‑а (які называе з’яву па яе прыкметах) паводле ўзору галалёдзіца.

Ве́траніца5 ’ветраная воспа’ (лоеў., браг., Мат. Гом.). Укр. вітренниця ’гарачка’; ’шаленства’, рус. ветреница, уладз., арханг. ’ветраная воспа’, наўг. ’хранічныя наскурныя высыпкі’, польск. wietrznice ’кароста ветраной воспы’, славен. vẹ̑trnice ’ветраная воспа’. Прасл. větrьnica, якая ўтварылася шляхам субстантывацыі прыметніка větrьnъ. Да вецер (гл.).

Ве́траніца6 ’дзве дошкі ў франтоне’ (палес., Мат. Гом.), віц. ’падшыўная дошка ля краю страхі’ (Касп.). Гл. ве́траніцы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)