нясто́мны, ‑ая, ‑ае.
1. Які не ведае стомы; вынослівы. Нястомная і няўрымслівая Каця запісалася ва ўсе гурткі і ўсюды паспявала. Шамякін. Леанід Васільевіч, трапны стралец і нястомны хадок, ідзе далей па падсохламу балоту, уважліва разглядаючы сляды. В. Вольскі. // Настойлівы, упарты. Паэт быў шчырым у сваіх ацэнках і нястомным у пошуках новага, што магло б узбагаціць паэзію. Майхровіч.
2. Неаслабны, пастаянны. Я прыпамінаю Палессе з яго нястомным гоманам птушак. Галавач. Павел, калі яго пасля брыгадзірства паслалі кіраваць работай клуба, выдатна спраўляўся і з гэтым абавязкам. Патрэбны былі нястомная выдумка, кемлівасць і душа. Брыль.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыўзня́ць, ‑німу, ‑німеш, ‑німе; зак., каго-што.
1. Не вельмі высока, трохі ўзняць, падняць. Васіль Васільевіч прыўзняў дошку ў падлозе, дастаў пакунак, абгорнуты паперай. П. Ткачоў. Жоўты, васковы твар Алёшы быў нерухомы. Анатоль Пятровіч адной рукой прыўзняў хлопца за плечы, а другой паднёс яму вады. Нядзведскі. Хлопцы прыўзнялі галовы з зямлі і пачалі пазіраць на танкі. Паслядовіч.
2. перан. Ажывіць, палепшыць. Выпітая, хоць і ў сціплай дозе, чарка прыўзняла настрой. Машара. Нялёгкая справа — прыўзняць жывую гутарку да высокага гучання паэмы. «Полымя».
•••
Прыўзняць заслону — зрабіць вядомым што‑н. тайнае, скрытае.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
туне́ль, ‑я, м.
Штучны скразны праход у гарах або пад зямлёй для транспарту, пешаходаў, каналаў і пад. Раптам тунель скончыўся, і перад намі раскрылася панарама Нью-Йорка. Новікаў. Час ад часу цягнік улятаў у тунель, і тады грукат колаў мацнеў, пераходзіў у гром, і на вушы, як у самалёце, пачынала знесці сціснутае паветра. «Полымя». // Доўгі праход, які ўтвараецца чым‑н. Верхавіны гэтых дрэў былі такія пышныя, што спляталіся галлём угары і ўтваралі цяністы зялёны тунель. Чарнышэвіч. Іван Васільевіч гаспадарлівым вокам азіраў пабудовы, дарожкі, тунелі з вінаградных лоз, што некалі давалі прываблівы цень. Шамякін.
[Англ. tunnel.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
уключы́ць, уключу, уключыш, уключыць; зак.
1. што. Далучыўшы да крыніцы энергіі, прывесці ў дзеянне, рух. Уключыць станок. □ Сцяпан Васільевіч уключыў тэлевізар прамой сувязі. Матавы экран ажыў, прамільгнулі абрысы залы, ракетадрома. Шыцік. Вадзіцель ускочыў у кабіну і ўключыў матор. Машына кранулася. М. Ткачоў. // Далучыць да сістэмы дзеючых апаратаў; падключыць. Уключыць першую скорасць. Уключыць тэлефон.
2. каго-што. Увесці, прыняць у склад, лік каго‑, чаго‑н. Уключыць у рацыён жывёлы соль. □ [Бялькевіч:] — Збяру .. брыгаду, уключу туды Мацея з баянам і паеду. Савіцкі. Дырэкцыя адразу ўключыла «Ірынку» у рэпертуарны план тэатра і са згоды аўтара даручыла мне яе ставіць. Сяргейчык.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паастава́цца, ‑таецца; ‑таёмся, ‑таяцеся, ‑таюцца; зак.
1. Астацца дзе‑н., не пакінуць якога‑н. месца — пра ўсіх, многіх. Жнеі пааставаліся ў полі да вечара. // Быць пакінутым дзе‑н. — пра ўсё, многае або ўсіх, многіх. [Алік:] — Аляксей Васільевіч, а дубовыя кар[ані], што пааставаліся [у ямцы], не пашкодзяць яблыньцы? Пальчэўскі. // Не перайсці ў наступны клас — пра ўсіх, многіх.
2. Не перастаць быць якім‑н., кім‑н. — пра ўсіх, многіх або ўсё, многае. Вокны пааставаліся адкрытымі.
3. (1 і 2 ас. мн. не ўжыв.). Захавацца, уцалець — пра ўсё, многае. На падлозе пааставаліся сляды.
4. Апынуцца ў якім‑н. стане — пра ўсіх, многіх або ўсё, многае. Жанчыны пааставаліся ўдовамі.
5. Апынуцца ззаду, збоку — пра ўсіх, многіх або ўсё, многае. Мая мама так спрытна пачала грабці, што мы адразу ззаду пааставаліся. Якімовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
крык, ‑у, м.
1. Вельмі моцны, рэзкі гук голасу. Бывала, ўлетку, ў час рабочы Не раз там чуўся крык вясёлы: — Го, тата! дзядзька! выйшлі пчолы! Колас. // Плач уголас (пра дзяцей). — Ма-ма! — даляцеў адчайны дзіцячы крык, перамешаны з плачам. Васілевіч. // Пра рэзкія гукі, якія ўтвараюцца птушкамі, жывёламі. Жураўліны крык. □ Луналі чайкі ў сінім паднябессі І крыкам нас віталі з вышыні. Аўрамчык.
2. перан.; чаго. Моцнае праяўленне якога‑н. пачуцця. — Страшна! — тут ужо Іван Васільевіч насцярожыўся, бо словы дачкі не здаліся жартам — крык душы. Шамякін.
3. Папрокі, нападкі рэзкім, павышаным тонам; сварка, лаянка. Падняць крык. □ — С-слухай... як цябе там... танцор... Ведаеш, не магу я глядзець на тваю работу... — І перайшоў на крык, прарэзлівы, хрыплы: — Брыгадзір! Дзе брыгадзір?! Вышынскі.
•••
(Апошні) крык моды — пра модную навінку [пераклад з фр. dernier cri (de la mode).]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
тра́пны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае здольнасць беспамылкова пападаць у цэль. Леанід Васільевіч, трапны стралец і нястомны хадок, ідзе далей па падсохламу балоту, уважліва разглядаючы сляды. В. Вольскі. // Накіраваны ў цэль. Другі раз .. [Яська] цэліўся нядоўга, і зноў стрэл быў трапны, бо газ таксама саскочыў з цвіка. Хомчанка. // Які без промаху пападае ў цэль (пра зброю, снарад і пад.). Ад трапнай ад снайперскай кулі тваёй Палезла нямала фашыстаў крывавых. Астрэйка. Ад трапных гранат уздрыгваюць земляныя каптуры бункераў. Брыль.
2. перан. Які дакладна і правільна падмячае, схоплівае што‑н. [Рэферэнт:] — Нават у дурняў бываюць трапныя думкі, апрача «жалезнай логікі». Машара. // Які дакладна і востра выражае, перадае асноўную сутнасць з’явы і пад. Гэты дзядзька ўмеў стаць на роўную нагу з Панасам, умеў сказаць трапны жарт і развесяліць хлопца. Колас. Адзін з першых крытыкаў і даследчыкаў нашай літаратуры Максім Багдановіч .. зрабіў вельмі трапнае назіранне, што «па-першае, гэта белетрыстыка ідзе ў народ і, па-другое, што яна ідзе з народа». С. Александровіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дзелавы́, ‑ая, ‑ое.
1. Звязаны з работай, службай, якой‑н. справай. Дзелавая размова. Дзелавая перапіска. Дзелавая паездка. Дзелавыя сувязі. □ Не паспеўшы яшчэ прысесці, .. [інспектар] зараз жа звярнуўся да Трахіма Пятровіча з чыста дзелавымі пытаннямі: ці ёсць прылады пісьма, ці ўсё падгатавана ў школе, ці павешаны на сцяне карты. Колас. // Які датычыць сутнасці справы, практычна карысны; істотны. Дзелавая заўвага. Дзелавое абмеркаванне. Дзелавая падтрымка. □ Усе, хто зварочваецца да яе, заўсёды ўпэўнены ў тым, што ад Марусі яны атрымаюць дзелавы адказ. Брыль. Былі і кароткія дзелавыя рэзалюцыі з прапановамі абраць містэра Лаяна .. пажыццёвым старшынёй. Лынькоў.
2. Які ведае сваю справу, сур’ёзна ставіцца да яе. Гофман паказаўся Філістовічу дзелавым чалавекам. Паслядовіч. // Уласцівы дзелавітаму, занятаму чалавеку. Дзелавыя якасці. □ Памаўчаўшы, нібы не адважваючыся адразу, Рыгор Васільевіч пачаў дзелавым тонам: — Я хацеў бы, Ганна Мікалаеўна, на нейкі час пасяліцца ў вашай хаце. Грахоўскі.
3. Звязаны са справаводствам; які адлюстроўвае дакументы справаводства. Дзелавыя паперы. Канцылярска-дзелавы стыль. // Які спрыяе паспяховаму ходу справы, работы. На заводзе створана дзелавая абстаноўка, творчая атмасфера. «Звязда». Земнюкову прапазіцыю ўхвалілі.., і на сходзе зноў запанаваў спакойны дзелавы настрой. Зарэцкі.
4. Прыгодны ў якасці матэрыялу для якіх‑н. вырабаў. Дзелавая драўніна.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сфе́ра, ‑ы, ж.
1. Шар ці яго паверхня знутры (пра зямны шар, купал неба). Зямная сфера. Нябесная сфера.
2. У геаметрыі — замкнутая паверхня, усе пункты якой аднолькава аддалены ад цэнтра; паверхня шара.
3. чаго. Прастора, якая знаходзіцца ў межах дзеяння чаго‑н.; межы распаўсюджання чаго‑н. Сфера прыцягнення планеты. У сферы кулямётнага агню. // Галіна чаго‑н. (якой‑н. дзейнасці, праяўлення якіх‑н. адносін, інтарэсаў і пад.). Сфера вытворчасці. □ [Дзерваедаў:] — Нам не трэба забываць, Васільевіч, што мы — сфера абслугоўвання і павінны даваць людзям утульнае даўгавечнае жыллё... Радкевіч. У старажытнасць важнейшай сферай выкарыстання беларускай мовы была дзелавая пісьменнасць. Булыка. // (у спалучэнні з займеннікамі: «мой», «твой», «свой», «яго» і пад.). Прывычнае кола заняткаў, інтарэсаў, натуральныя абставіны. Гэта проста .. [Курловіч] быў не ў сваёй сферы, бо прыходзілася не загадваць, а прасіць. Скрыган.
4. Грамадскае акружанне, асяроддзе. Навуковая сфера.
5. толькі мн. (сфе́ры, сфер). Кола асоб, якія аб’яднаны агульнасцю сацыяльнага становішча або заняткаў. Дыпламатычныя сферы. Дзелавыя сферы. // (у спалучэнні са словам «вышэйшыя»). Прывілеяваныя колы грамадства. — Хіба, можа, ты [Балоціч] што-небудзь чуў? Ты ж маеш доступ у «вышэйшыя сферы», а нам туды зачынены дзверы, — даволі суха адказаў Лабановіч. Колас.
•••
Сфера ўплыву — тэрыторыя залежнай краіны, якая знаходзіцца пад палітычным ці эканамічным кантролем адной з імперыялістычных дзяржаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прае́хаць, ‑еду, ‑едзеш, ‑едзе; зак.
1. Перамясціцца ў якім‑н. напрамку (на кані, аўтамашыне і інш.). Сурвіла горадам праехаў паволі, каб не трэсла па бруку. Чорны. Падпольшчыкі праехалі па шашы, пасля, кіламетры праз два, збочылі. Новікаў. // Перамясціцца па якім‑н. шляху (аб транспарце). Праедзе грузавік, даверху нагружаны бульбай, прамчыць матацыкл. І наступае цішыня. Навуменка. Падвода крыху праехала ў бок лесу і спынілася. Курто. // Прабыць некаторы час у дарозе. Праехаць пяць гадзін. // Разм. Адправіцца куды‑н. на чым‑н.; паехаць. [Дырэктар:] «Канікулы, няхай хлопцы праедуць у горад, ды і прывучыць іх трэба да самастойнасці, каб ведалі, як і што». Нядзведскі. [Мароз:] — Думаю, Васільевіч, праехаць па калгасах, ярыну паглядзець, як узышла. Лобан.
2. што і без дап. Едучы, мінуць, пакінуць убаку, ззаду. Праехалі яшчэ дзве-тры вёскі. Усюды панавала стоеная цішыня. Навуменка. [Машыністы] праехалі міма вакзала, міма таварнай канторы, мінулі гідраўлічную калонку... Васілёнак. // Едучы, пераадолець якую‑н. адлегласць. — Можа нам па дарозе? — Мне ў Варавец, — сказаў Залуцкі. — Тады якраз палавіну дарогі праедзеш. Чыгрынаў. // Едучы, пераадолець што‑н. Праехаць балота. □ — Добры шафёр усюды праедзе, — запэўніў Алік. Кулакоўскі. // што. Едучы, прапусціць патрэбны прыпынак, пункт, не спыніцца, дзе трэба, у час язды. Нехта праехаў сваю станцыю. Праспаў, прахапіўся на наступнай. Лужанін.
3. Праехацца, пракаціцца. У час летніх канікул юнак гадзінамі прападаў каля трактарыстаў, і для яго было вялікай радасцю праехаць у кабіне машыны. Шымук.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)