зневажаць, абражаць, ганіць, ганьбаваць, бэсціць, абгаворваць, кампраметаваць; паганіць, шальмаваць (разм.); чарніць, пляміць (перан.) □ кідаць цень, класці цень, пускаць цень, абліваць гразёю, абліваць памыямі, таптаць у гразь

Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)

пабі́ць, ‑б’ю, ‑б’еш, ‑б’е; ‑б’ём, ‑б’яце; заг. пабі; зак., каго-што.

1. Разбіць на кавалкі, часткі. Пабіць талерку. // Разбіць усё, многае. Пабіць пасуду.

2. Забіць, перабіць усіх, многіх. [Дзед:] — Я табе пакажу, як бэсціць героя турэцкай вайны, старога мікалаеўскага ваяку, які, можна сказаць, вось гэтай слаўнай рукой сотні ворагаў пабіў — батальёны турак палажыў... Лынькоў. // Знішчыць, пашкодзіць пасевы, расліны градам, марозам. Град пабіў жыта. Рунь пабілі марозы.

3. Перамагчы ворага. [Алена:] — У сяле гавораць, што пад Ганусамі паўстанцы-сяляне ўшчэнт пабілі палякаў. Колас. // Перамагчы ў спаборніцтве, спрэчцы, дыспуце і пад.

4. Нанесці пабоі; збіць. На сэрцы [у Маі] цяжка, нават балела цела, нібы яе пабілі. Дуброўскі. // Пашкодзіць ударам (якую‑н. частку цела). Пабіць бок. □ Афіцэр, які зваліўся з лесак, моцна пабіў сабе спіну аб сасновы корч. Колас.

5. Сапсаваць, пашкодзіць (пра воспу, моль і пад.). Моль пабіла паліто. Воспа пабіла твар.

6. Разм. Раздзяліць, падзяліць на якія‑н. часткі. Пабіць поле на агароды. Пабіць кругляк на клёпкі.

7. З’явіцца, узнікнуць; усыпаць. Кусцістыя бровы генерала пабіла сівізна. Алешка. // безас. Пакрыцца плямамі. У яго [Светазара] ажно твар на плямы пабіла. Ракітны.

8. У картачнай гульні — пакрыць карту партнёра старшай картай. — А твайго валеціка я паб’ю сваёю дамачкай, — весела сказаў Глеб. Васілёнак.

•••

Пабіць рэкорд — устанавіць новы рэкорд, новыя нормы. Вось хвілінай раней перадавалі, што ўкраінскія сталявары пабілі сусветны рэкорд па выплаўцы сталі. Шыцік.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ла́яць, ла́іць ’гаўкаць’, ’сварыцца, зневажаць, крычаць на каго-небудзь абразлівымі словамі’, ’ганьбіць, бэсціць’, ’дакараць, рабіць вымову’ (ТСБМ, Нас., Сцяшк., Гарэц., Бяльк., Касп., Шат.; горац.-маг., паўн.-усх., КЭС, Сл. паўн.-зах.), лаяцца, лайіцца ’адзін аднаго зневажаць брыдкімі словамі’ (КЭС, лаг.), ’сварыцца’ (Нас., Бяльк., Касп., Шат., Сл. паўн.-зах.), ’скардзіцца, наракаць’ (Сл. паўн.-зах.). Укр. лаяти ’сварыцца, ганіць’, але ла́я, лая́ ’гайня сабак’, рус. лаять ’брахаць, гаўкаць’, ’выць (пра ваўка)’, ’квакаць’ (аб жабе), ст.-рус. лаяти ’гаўкаць’, ’сварыцца’, ’злавацца, юшыцца’. Польск. łajać ’сварыцца, праклінаць’, паўн.-каш. łajać ’гаўкаць’, славін. łai̯ac ’сварыцца’, ’гаўкаць’, ’балбатаць’, чэш. láti ’сварыцца’, (а значэнне ’гаўкаць’ запазычана паэтамі з рус. мовы), н.-луж. łajaś ’гаўкаць’, ’сварыцца’, славен. lájati, серб.-харв. ла̏јати, макед. лаам, балг. лая ’гаўкаць’, ’сварыцца, ганіць’, ’пляткаваць’, ст.-слав. лаꙗти ’гаўкаць’, ’ганіць, знеслаўляць’. Прасл. lajati генетычна суадносіцца з літ. lóti ’гаўкаць’, лат. lāt ’тс’, ст.-інд. rā́yti ’гаўкае’, асец. ræin, ст.-грэч. λαίειν, лац. latrāre ’гаўкаць’, алб. leh ’гаўкаю’, ірл. líim ’абвінавачваю’, арм. lam ’плачу’, гоц. laílōun ’яны ганьбяць’ (Фасмер, 2, 468–469; Слаўскі, 4, 432–433 з літаратурай; Шустэр–Шэўц, 10, 759–760). Махэк₂ (321) адрознівае два дзеясловы láti: ’сварыць’, якое ён суадносіць з лат. rāt ’ганіць’, і ’гаўкаць’, якое з прасл. lajati. Скок (261–262) і Жарскі (RKJWroc., 9, 185) прасл. lajati выводзяць з і.-е. la — анаматапеічнага гуку для выражэння паняцця ’гаўканне сабакі’. Сюды ж лаянка ’сварка’ (Гарэц., Касп., Бяльк., Шат., ТСБМ) — бел.-укр. ізалекса < ла́ены ’ганебны’ (Нас.). Польск. даўн. łajanka ’лаянка’ з бел. мовы (гл. Слаўскі, 4, 434).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)