адгарадзі́ць, ‑раджу, ‑родзіш, ‑родзіць; зак., каго-што ад чаго.

Аддзяліць (перагародкай, плотам і пад.) што‑н. ад чаго‑н. Гаспадыня зачыніла дзверы і быццам адгарадзіла пакой ад усяго астатняга свету. Савіцкі. // Аддзяліць, з’яўляючыся перагародкай, перашкодай. Тут [на месцы, дзе балота злучалася з ручвом раўчука] павінна была вырасці высокая і моцная грэбля, якая адгародзіць балотца ад раўчука. Якімовіч. // перан. Абараніць засцерагчы ад чаго‑н. небяспечнага або непрыемнага. Да радаснага адчування ашчаслівіць і.. «адгарадзіць .. [Славу] ад усялякіх злых намераў» далучалася пачуццё патрэбы самому збыць з свае галавы ўсё гэта, ачысціцца ад усялякіх слядоў мінулага. Чорны. [Малашанка:] — Ты што ж... хочаш, каб я ад імя абкома адгарадзіў цябе ад крытыкі камуністаў? Шамякін. // перан. Пазбавіць сувязі з кім‑, чым‑н.; адасобіць. У той дзень Манцэвічу пачало здавацца, што яго адгарадзілі ад усяго свету. Адамчык.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

*Малакі́та, молокі́та ’лаза, з якой робяць кашалі’ (Бес.), кобр. мулукы́та, мулукэта ’тс’ (Нар. лекс.). Рус. молоки́та паўн. ’баркун, Melitotus Adans.’, наўг. ’балотная расліна’, кіраў. ’балота, дрыгва’; урал., табол., свярдл., кіраў. молоки́тник, малаки́тник ’зяновец, Cytisus L.’, гом. молоки́тничек ’вярбняк, лазняк’, ярасл. молоки́товый ’вербняковы’, ст.-рус. молокита ’лаза’, ’дрыгва’, польск. młokicina ’балотная лаза’. Фасмер (2, 645) звязвае іх з польск. pa‑młoka ’сырая імгла, хмара’, ст.-польск. mlekita ’вярба, якая расце на балоце’, чэш., славац., славен. mláka ’лужа’, паўд.-чэш. mlačina ’лужок у лесе’, серб.-харв. мла̏ка ’дрыгва, багністае месца’, мла̑ква ’рачулка, балотца, якія не замярзаюць зімой’, макед. млака, балг. млака ’балота, грузкая зямля’. Прасл. molkyta і molka. Сувязь з прасл. melko ’малако’ праблематычная. Балтыйскія адпаведнікі: mal̃kas ’глыток’, лат. màlks, màlka ’піццё залпам’. І.‑е. *molk‑ ’вільгаць, вільготны’ (Міклашыч, 198; Бернекер, 2, 33; Траўтман, 177; Фасмер, 2, 645; Скок, 2, 440; Бязлай, 2, 187). Інакш Махэк₂ (367 і , 29, 10), які, не ўлічваючы ўсх.-слав. дадзеныя, выводзіць прасл. mlaka і супастаўляе яе з лат. plācis ’дрыгва’ — фанетычныя цяжкасці. Гл. таксама Кабылянскі (Мовознавство, 1981, 6, 46).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

радо́к, ‑дка, м.

1. Памянш. да рад (у 1 знач.). Роўнымі радкамі маладых груш і яблынь нельга было не залюбавацца. Шахавец. Унізе цягнецца балотца з радкамі скошанае атавы. Скрыган.

2. Частка тэксту або асобныя словы, літары ці іншыя знакі, напісаныя або надрукаваныя ў адну лінію. Радок верша. □ Чытаў .. [Лабановіч] зусім механічна, нічога не разумеючы з таго, што чытае. Ён проста пераводзіў вочы з радка на радок.., а думаў пра Ядвісю. Колас. Думы і вобразы, розум і радасць заключаны ў алавяныя радкі набора. Брыль. [Верыны] вочы тужліва бегалі па радках лічбаў і раптам спыніліся. Асіпенка. // толькі мн. (радкі́, ‑оў). Напісаныя, надрукаваныя словы, фразы. [Саша] прачытала радкі, якія пераканалі, што горад, дзе служыць Пятро, не здадзены, стаіць, змагаецца. Шамякін.

3. Разм. Прабор у валасах, рад (у 6 знач.). Сівыя валасы расчэсаны на просты радок. Пестрак. Цёмна-русыя валасы акуратненька разабраны на радок і гладка прычасаны. Дуброўскі.

•••

Ламаны (ломаны) радок — вершаваны радок, у якім словы стаяць не на адной лініі.

Радок у оадок — літаральна, даслоўна (пераказаць, спісаць і пад.).

Чытаць паміж радкоў гл. чытаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

апа́сці, ападзе; зак.

1. Асыпацца, адваліцца (пра лісце, кветкі і пад.). Асенні дзень. Шумяць бары, — Пара лістам апасці. Глебка. То шышка зваліцца з хваіны, То сук збуцвелы ападзе. Астрэйка. // перан. Знікнуць, прапасці. Няхай мой смутак ападзе, як лісце восеньскага бору. А. Вольскі.

2. Паменшыцца ў аб’ёме, спасці. Назаўтра Ціхану стала лепш. Пухліна апала. Дуброўскі. // Стаць худым, упалым. Стафанковічаў твар стаў зямлісты, вызначылася худзізна на скронях, нейк у адзін момант вытырклі скулы, апалі шчокі. Чорны. // Аслабець, страціць сілу. Сонца даўно пераваліла за паўдня, гарачыня апала. Чарнышэвіч. Гул матораў на самай высокай ноце раптам апаў. Алешка. // Паменшыцца, панізіцца ўзроўнем. Цяпер мы кожны дзень бегалі да балотца глядзець, наколькі апала вада. Якімовіч.

3. Апусціцца; упасці. Жэрдачка апала ўніз адным канцом, і пакуль хлопец паспеў перарэзаць другі матузок, па жэрдцы шуганулі ўніз сухія.. кумпякі. Брыль. Кропля дажджу мне апала на твар З хмары паўночнай. Танк. // Упасці, звіснуць (пра валасы, тканіны і пад.). «Мой далёкі мілы сябра!» — павольна прачытала Ніна Пятроўна і адкінула рукою кудзеркі валасоў, што апалі ёй на лоб. Краўчанка.

4. Асесці, накрыць сабою ўсю паверхню. [Заранік] любіў горад і ў гэты позні час, калі ўжо крыху прыціх вячэрні вулічны шум, рассеяўся і апаў пыл, змоўкла музыка ў гарадскім парку. Хадкевіч. Яны [бяссмертнікі] ад першых дзён вясенніх Да позняй восені цвітуць, Пакуль на вымаклую зелень Снягі ізноў не ападуць. Прыходзька. // Апусціцца, распаўсюдзіцца панізе, выпасці (аб расе, тумане і пад.). Апасці не паспелі росы У той перадсвітальны міг А ён [Брэст], нібы юнак Матросаў, Краіну засланіў грудзьмі. Вітка.

5. перан. Апусціцца, легчы на што‑н. Цёплы вечар апаў На калгасныя нівы і хаты. Танк. А цішыня такая нечуваная Апала на балоты і палі. Панчанка. Мрок лёг на самую зямлю, апаў надоўга, — асенняя ноч бясконцая. Пташнікаў.

6. перан. Пагоршыцца (пра настрой, пачуцці і пад.). Вядома, што тут прабіцца не было ніякай магчымасці, і ў Шуста адразу апаў настрой. Шчарбатаў. Нешта радаснае, гордае ўзнялося ў Юркавых грудзях, але тут жа апала. Карпаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скі́нуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак., каго-што і без дап.

1. Кінуць уніз адкуль‑н., з чаго‑н.; вымусіць упасці з чаго‑н. Скінуць вазон з акна. □ Уначы атраду Яўгена Харошкі партызанскія самалёты скінулі, як ніколі да гэтага, вялікі груз. Кавалёў. Конь скінуў цівуна ў глыбокую канаву. Бядуля. [Дзед:] — Дзеткі, Юрась зараз агуркі палье, а вы схадзіце скіньце з вышак карове сена... Караткевіч. Алеся скінула чамадан з пляча, даволі моцна грукнуўшы ім аб зямлю. Шамякін. // Высадзіць каго‑н. з самалёта ў час палёту. Скінуць дэсант. / Пра поезд, эшалон і пад. [Кардаш:] — Я выбух чуў, грымнула, аж шыбы задрыжалі. Так і падумаў — зноў цягнік скінулі. Навуменка.

2. З боем адцясніць, выбіць з занятай пазіцыі. І пайшлі палкі на горад .. — Скінуць ворагаў у мора. Зарыцкі.

3. Звергнуць, пазбавіць улады; вызваліцца ад чыйго‑н. панавання. Аднойчы лютаўскай раніцай жыхароў нашага горада ўскалыхнула навіна: скінулі цара. Хомчанка. / у перан. ужыв. Путаў няволі не стала, — Скінуў працоўны народ. А. Александровіч. // Разм. Зняць з пасады, звольніць. Скінуць з загадчыка. □ [Оля:] — Як не пабудуеш клуба, скінем цябе са старшыні! Пестрак.

4. Зняць з сябе (вопратку, абутак і пад.). Дзімін ахвотна скінуў з сябе кашулю, саколку і, фыркаючы, пачаў умывацца. Карпаў. Падышлі да балотца, паклалі насілкі на зямлю, таму што Зіне і Святлане трэба было скінуць абутак. Кулакоўскі. [Кабета] скінула хустку, падышла к вядру і стала ліць на рукі ваду. Чорны. Скрыпнуў ложак. Аляксандра Пятроўна скінула з сябе коўдру, паднялася. Каршукоў. // Зняць рыўком што‑н. з чаго‑н. [Крушынскі] скінуў з кніжак упаковачную жоўтую паперу. Бядуля. [Грасыльда] выцягнула з прабоя сук, патрымала ў руках, пасля сунула яго недзе пад страху. Тады скінула клямку — тая глуха бразнула аб дошкі — і адхінула дзверы. Пташнікаў. // Страціць, пазбавіцца чаго‑н. у час лінькі, лістападу (пра жывёл, расліны). Скінуў лось рогі... Густыя кручаныя рогі мякка ўпалі ў траву. Блатун. Асыплюцца жалуды, скінуць дубы сваё лісце, а на галінках дзічкі вісяць невялікія жоўтыя яблычкі. Бяспалы. // перан. Пазбавіцца, вызваліцца ад чаго‑н. Па ўсмешцы ягонай бачу, што адказаў бы, ахвотна скінуў бы сваю службовую сур’ёзнасць. Брыль. Апошнія чары салодкага сну скінуў з сябе Петрык. Шынклер. Калі кончыўся лес, пайшлі кусты і наперадзе зачарнелася хата, Надзя нібы ачнулася, скінула з сябе стому. Бураўкін.

5. Разм. Збавіць, зменшыць на якую‑н. колькасць, велічыню. [Аляксей:] — Асудзілі на дваццаць гадоў. Апеляцыя два гады скінула. Машара. [Алесь:] — А вы, пан Яраш, дзейнічаеце зусім не па-суседску .. Таргуецеся, нібы мы чужыя людзі. Не скінуць нейкай там сотні! Караткевіч. Нават калі скінуць гадоў пятнаццаць з плячэй дзеда Талаша, то і тады ён быў ужо немалады. Колас.

6. Разм. Скласці, сабраць у адно месца. Скінуць галлё ў кучы.

7. Разм. Пры падліку на лічыльніках — зняць нейкую суму, адсунуўшы костачкі назад.

8. Абл. Зваліць, зняць (пра дрэва, будыніну). Сасну Завішнюк выбраў сам. Андрэй з Юркам Далінай скінулі яе з пня. Пташнікаў. [Антон Крамарэвіч:] — Калі пяройдзем у новы дом, то старую хату тады я скіну з месца. Чорны. // Зваліць (пра хваробу). Рукалеева скінуў тыф... Тыф быў у атрадзе ў лагеры і ў вёсцы. Пташнікаў.

9. Разм. Дачасна пазбавіцца ад цяжарнасці па якой‑н. прычыне. Марыя раптам захварэла, злягла ў пасцель. Грушка запрасіў гінеколага, і жанчына-ўрач пасля агледзін сказала Грушку на адзіноце, што Марыя — скінула... Пестрак.

10. У гідратэхніцы — адвесці ваду з якога‑н. вадаёма. Скінуць ваду з Салігорскага вадасховішча ў Случ.

11. Зрабіць скідку (у 4 знач.). [Руфка:] — Скінуць след убок і зайцу не ўсякаму ўдаецца. Машара.

12. Сабраць грошы на якую‑н. агульную справу; скласціся. Скінуць па рублю.

13. У картачнай гульні — пакласці меншую карту ў адказ на карту партнёра.

•••

Скінуць газ — тое, што і збавіць газ (гл. збавіць ​1).

Скінуць з рахунку — перастаць прымаць да ўвагі.

Скінуць маску — тое, што і зняць маску (гл. зняць).

Скінуць цяжар — вызваліцца ад чаго‑н. цяжкага, што выклікае шмат клопатаў.

Як вокам скінуць — тое, што і як вокам ахапіць (гл. ахапіць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)