адпусці́цца, ‑пушчуся, ‑пусцішся, ‑пусціцца; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Аслабнуць, зрабіцца менш нацягнутым, заціснутым. Гайкі адпусціліся. Супоня адпусцілася. □ Грузавік — відаць, у ім адпусціліся тармазы — заднім ходам павольна коціцца ўніз да рэчкі. Хомчанка.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Страціць гарт ад награвання (пра металічныя рэчы, вырабы).
3. перан. Палагаднець, змякчыцца; стаць больш згаворлівым. [Люба:] Родная матка не мачыха: пазлуе і адпусціцца. Козел.
4. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Уст. Зняцца, даравацца (пра грэх, віну і пад.). Гісторыяй асуджаны паны; Ім не адпусціцца віна — Прыпомніцца ім здзек... Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Ахля́ць ’аслабець і апусціць рукі, апусціцца, здацца’ (Янк. II), ’аслабець; заняпасці’ (Ян.), охляб ’заняпаў, аслабеў’ (Бесар.), параўн. «стаў худы і больш ахлялы» (КТС), схліялы ’кволы, слабы; стары’, схліяць ’аслабець, састарыцца’ (Яўс.), укр. охлясти і охлянути ’схуднець, аслабець, страціць сілы’; апошняе разам з ц.-слав. (рус.) охлѧдание ’абыякавасць’, ахлѧнѧти ’аслабець’ з *xlęd‑nǫ‑ti ’страціць сілы’, параўн. хлянуты ’страціць сілы, схуднець’ (Клім.), што звязана чаргаваннем галосных кораня з *xlǫditi ’пазбаўляць сілы’, параўн. чэш. chlouditi ’тс’, гл. Бернекер, 388 і наст.; Скок, 1, 672; Ілліч–Світыч, ВЯ, 1961, 4, 94, насуперак Фасмеру, 4, 246. Для некаторых форм і значэнняў магчымы ўплыў утварэнняў з *xlęb‑, параўн. хляблы ’худы, слабы’ (Нік. Очерки), укр. охляб(ну)ти ’аслабнуць’ (пра сувязь частак у чым-небудзь) і інш.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
прыту́хнуць 1, ‑не; пр. прытух, ‑ла; зак.
1. Зменшыцца, збавіць сваю сілу (пра агонь, святло і пад.); часткова, на некаторы час патухнуць. Кірыла кінуў у касцёр ламачча .. Агонь прытух, і ў цемры ніхто нікога не бачыў. Шамякін. На ўсходзе пасвятлела, зоркі на небе прытухлі. Гаўрылкін.
2. перан. Зменшыцца, страціць сваю вастрыню. Пачуцці прытухлі. □ Прытухнуць ад слёз ясны вочы, Завяне, паморшчыцца твар. Купала. Іменна праз Собіча да гэтага часу яшчэ не прытухла як след .. сварка [Марыны і Ермаліцкага]. Скрыган.
3. Спец. Аслабнуць, часткова або на некаторы час спыніцца. Радыёхвалі прытухлі.
прыту́хнуць 2, ‑не; пр. прытух, ‑ла; зак.
Трохі сапсавацца, стухнуць (пра харчы, корм і пад.). Мяса прытухла.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
схлы́нуць, ‑не; зак.
1. Сцячы з сілаю; хлынуўшы, збегчы (пра ваду). Снег .. неяк увачавідкі растаў і схлынуў патокамі ў рэчкі і вадаёмы. Сабаленка. Андрыян Цітавіч думаў аб тым, як неўзабаве канал будзе закончаны і па ім схлынуць спрадвечныя гнілыя воды балота. Марціновіч. // перан. Адначасова пайсці аднекуль (пра вялікую масу людзей). Аляксандр пачапіў мяшэчак на адно плячо, перакінуў вінтоўку і, калі схлынуў натоўп, падаўся к выхаду. Грахоўскі. Як схлынуць турысты, прыеду я ў вёску Хатынь У надвечар чысты — пад неба гарачую стынь. Гаўрусёў. // перан. Хутка, адразу знікнуць, аслабнуць (пра стан, пачуццё). Калі першая ўзрушанасць схлынула, хлопцы сталі распытваць Міколу. Навуменка.
2. Хутка прайсці. Перад дажджом крымская прырода страціла фарбы .. Але схлынуў лівень, выбліснула сонца, і вочы зноў захапляе бясконцая, невымерная, невымоўная сінеча. Лужанін. // перан. Мінуцца, скончыцца. Назаўтра, як толькі схлынула навала тэлефонных званкоў, Васіль Пятровіч сам пайшоў у сектар адводу зямель. Карпаў. Крыху пацішэла, першая хваля гаворкі схлынула, узбуджэнне паступова спала. Хадкевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыглушы́ць, ‑глушу, ‑глушыш, ‑глушыць; зак.
1. каго-што. Зрабіць менш чутным, гучным. У адну секунду Алёшка быў на волі і бег, запыхаўшыся, .. паўз тратуар, каб мяккай зямлёй прыглушыць цяжкія ўдары ног. Лынькоў. Той майскі дождж — колькі ён ратаваў добрых людзей! Прыглушыў шум крокаў, змыў сляды. Шамякін. // Паслабіць або спыніць дзейнасць чаго‑н. Непрыкметна падкаціўшы .. [«Кацюшу»], артылерысты ва ўпор прыглушылі нахабніка [бранявік]. Брыль. Добры мой шафёр, Я прашу ад сэрца, Прыглушы матор, Хай ён так не рвецца. Пушча. Ад’ехаўшы крыху, Бронік прыглушыў радыёпрыёмнік, цішэй зрабіў музыку і спытаў цераз плячо: — Далёка крочым, дзеду? Ракітны.
2. перан.; што. Прымусіць аслабнуць, зменшыцца; стрымаць (пачуццё, адчуванне). Чытаў суткамі, нібы хацеў прыглушыць каханне да сваёй Валі, якое, я ведаў цяпер добра, жыло ва мне. Гаўрылкін. І мы чакалі, злавалі і лаялі сябра, каб хоць крыху прыглушыць голад. Асіпенка.
3. перан.; каго-што. Разм. Не даць магчымасці праяўляцца, развівацца каму‑, чаму‑н. Прыглушыць ініцыятыву. □ Новы рытм семінарскага жыцця прыглушыла нямецкая акупацыя. С. Александровіч.
4. каго. Выклікаць страту прытомнасці (ударам, паветранай хваляй і пад.). Мужчыны, вартаўнікі, прыглушылі .. [зачумленага] дручкамі і закапалі амаль жывога. Брыль. // Забіць, знішчыць каго‑, што‑н. Надвячоркам нехта прыглушыў двух немцаў. Адамчык. // перан. Выклікаць пасіўнасць, абыякавасць. Кандрат Назарэўскі бачыў, як прыглушылі падзеі малую сястру. Чорны.
5. што. Разм. Патушыць, пагасіць. Займаўся дзень, калі мы прыглушылі апошнія ўспышкі агню. Брыль.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
аслабець, саслабець, аслабнуць, саслабнуць, абяссілець, знясілець, знясіліцца, занядужаць, абнядужаць, знядужыцца, змагчыся, занемагчы, знемагчы, абнемагчы, абнемагчыся, знемагчыся, акволець, стаміцца, утаміцца, прытаміцца, затаміцца, натаміцца, змарыцца, замарыцца, задыхацца, зверадзіцца, уверадзіцца, пераверадзіцца, змардавацца, спрацавацца, нарабіцца, перарабіцца, запарыцца, падарвацца, надарвацца, надламацца, падкасіцца, нацягацца, знябыцца, здарожыцца, прыстаць, прытупацца, прыбіцца, зацягацца, здацца, здаць, дацца, знібыткавацца, страціць сілы □ выбіцца з сілы, выбіцца з сіл, збіцца з ног, зваліцца з ног, не чуць рук
Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)