адра́іць, ‑ра́ю, ‑ра́іш, ‑ра́іць; заг. адра́й; зак.
Параіць не рабіць чаго‑н., адгаварыць ад чаго‑н. Ходзячы па палосках,.. [каморнік] паспрабаваў з адным, з другім пагаварыць, каб адраіць араць, але хутка.. безнадзейна махнуў рукой і пайшоў у вёску. Галавач. [Марына:] — Нашаму заводу былі прапанавалі выпускаць легкавыя машыны, аднаму цэху, ці што, але Арцём Паўлавіч адмовіўся. — Ці не ты адраіла? — усміхнуўся Андрэй. Шахавец.
адраі́ць, ‑раю́, ‑раі́ш, раі́ць; раі́м, ‑раіце́; зак.
Аддзяліць частку пчол для ўтварэння новага роя.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
мясі́сты, ‑ая, ‑ае.
1. З вялікай колькасцю мяса, які дае многа мяса.
2. Разм. Тоўсты, поўны (пра чалавека або часткі яго цела). У невялічкім калідорчыку, дзе пад самай столлю цьмяна свяціла лямпачка, нас сустрэў мясісты, з тварам, як альховы чурбак, чалавек. Сабаленка. Паўз бярэзнік ішоў Арцём Серада, круцячы доўгім мясістым носам, відаць, нечым нездаволены. Бажко.
3. З тоўстай сакавітай мякаццю (аб раслінах, пладах). Нават у верасні.. [кусты] густа ўсыпаны буйнымі мясістымі ягадамі. «Беларусь».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
наня́ць, найму, ноймеш, нойме; заг. наймі; зак., каго-што.
1. Прыняць на работу, узяць для выканання якіх‑н. паслуг на пэўных умовах. Наняць рабочых. Наняць адваката. □ Наняў.. [гаспадар] старога цесляра і пачаў выбіраць месца для дома. Якімовіч. Вяселле Янушак спраўляў багатае... Наняў славутую на ўсю акругу .. духавую музыку. Дайліда.
2. Зняць за плату для часовага карыстання. Наняць кватэру. Наняць залу. □ Кінуў Арцём парабкоўства, наняў хатку. Бядуля. // Узяць за плату для пераезду, перавозкі. Наняць машыну. Наняць коней.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пара́да, ‑ы, ДМ ‑радзе, ж.
1. Прапанова як дзейнічаць, рада. Людзі з суседніх вёсак часамі ішлі да .. [настаўніка] за нарадай, чым вывесці вусень .. або якія гатункі садавіны лепей да чаго прышчэпліваць. Васілевіч. — Правей, дзеду, правей трымай, а то не ўцэліш! — дапамагаў Міколка сваімі парадамі. Лынькоў.
2. Сумеснае абмеркаванне чаго‑н., кароткая нарада. Ідучы дружнаю параю, [а. Мадэст і Нішкевіч] часамі прыпыняліся на вуліцы і рабілі кароткую параду, куды зайсці? Колас. І тады пастух Арцём аратых Склікаў разам для парады. Зарыцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
няба́чаны, ‑ая, ‑ае.
Выключны, незвычайны (па сіле праяўлення). Дрэвы растуць, імкнуцца да сонца, дасягаюць нябачаных памераў, старэюць, падаюць і трухлеюць, уступаючы сваё месца маладняку. В. Вольскі. Нябачанымі да гэтага часу тэмпамі расцвітае эканоміка і культура. Пестрак. // Такі, які не сустракаўся раней, якога не даводзілася бачыць. Усіх ахапіла цікавасць... Хацелася бліжэй пабачыць гэту нябачаную штуку-самалёт. Чарот. [Музыку] прывезлі ў панскія пакоі, і ён здзівіўся нябачанаму ніколі багаццю. Чорны. // Таямнічы, дзіўны. Іван і Арцём дужа зблізіліся. Нейкія нябачаныя, невядомыя ніці прыцягвалі іх адзін да другога. Ставер.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
непаслухмя́ны, ‑ая, ‑ае.
Такі, які не слухаецца, не жадае слухаць каго‑н.; які дзейнічае насуперак. Часам на Ніка як бы нешта находзіла, і ён станавіўся дзёрзкі, грубы і непаслухмяны. Лынькоў. Арцём — чалавек непаслухмяны, гарачы. Бажко. / у знач. наз. непаслухмя́ны, ‑ага, м.; непаслухмя́ная, ‑ай, ж. Маці войкала, нават біла непаслухмяную, але Соні — мора па калена. Лось. // Які не падпарадкоўваецца волі, жаданню, розуму. Ногі раптам сталі непаслухмянымі. Мележ. Ад доўгага сядзення цела зрабілася нібы чужым, непаслухмяным. Шыцік. // перан. Які не паддаецца або з цяжкасцю паддаецца якому‑н. уздзеянню. Рукой нябачнай вецер тузае Непаслухмяных пасмаў чуб. Макаль.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пло́скі, ‑ая, ‑ае.
1. Які не мае ўпадзін і ўзвышшаў; з роўнай паверхняй. Направа — плоскія ўзгор’і, адзінокія скалы, яры між імі. Самуйлёнак. Наперадзе паказаліся будынкі з плоскімі дахамі, белыя, вясёлыя. Алешка. // Без звычайнай выпукласці, пляскаты. Нядобрая ўсмешка ўсё не сыходзіла з плоскага, пакляванага Міканоравага твару. Мележ. // Не круглы, сплюшчаны. Арцём, адпачыўшы, бярэцца за работу. Аполак у яго ўжо гатовы. Плоскім цяслярным алоўкам ён размячае яго на кавалкі. Ракітны.
2. Пазбаўлены арыгінальнасці; банальны, пошлы. Плоскія жарты. □ Гутарка, зразумела, ідзе не пра той абавязковы, наперад зададзены «казённы» аптымізм «бурапены» ці плоскай і павярхоўнай адналінейнасці. Бугаёў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
тытунёвы, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да тытуню. Тытунёвы ліст. □ Кудзін адчыніў кабіну, з якой патыхнула сухім цяплом, пахам саляркі і тытунёвага дыму. Радкевіч. Сухі і казытлівы тытунёвы пыл лезе ў рот. Паўлаў. // Атрыманы з тытуню. Тытунёвае масла. // Звязаны з вырошчваннем, апрацоўкай і продажам тытуню. Тытунёвая фабрыка. Тытунёвы ларок. □ Палікарпаўна ўжо даўно тытунёвую расаду павеяла. Кулакоўскі. Арцём пайшоў шукаць шчасця на новых землях, тытунёвых плантацыях. Самуйлёнак.
2. Зеленавата-карычневы; колеру тытуню. [Лізагуб] гаварыў і ўсміхаўся белымі зубамі, а ўсмешка была халодная, абыякавая. Валасы бліскучыя ад брыльянціну, нібы карова ягоную галаву лізала. Вочы тытунёвага колеру, абыякава-ўважныя. Караткевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
фунда́мент, ‑а і ‑у, М ‑нце, м.
1. ‑а. Падмурак, аснова (з бетону, каменю і пад.), што служаць апорай якіх‑н. збудаванняў, машын і пад. Цяпер дзяўчаты бяруць з гары пясок для фундаментаў тых дамоў, у якіх яны будуць жыць. Кулакоўскі. Праўда, год з дваццаць назад, пасля вайны, перасыпаў яе Арцём, даў пад вокны пару новых вянкоў, падклаў фундамент, і стаіць сабе хата, як новая. Дзятлаў.
2. ‑у; перан. Галоўнае, істотнае; тое, што ляжыць у аснове чаго‑н.; база. Фундамент эканомікі складаюць асноўныя вытворчыя фонды народнай гаспадаркі. «Звязда». Дыялектыка-матэрыялістычнае разуменне гісторыі з’яўляецца філасофскім фундаментам навуковага камунізма. Лушчыцкі.
•••
Закласці фундамент гл. закласці.
[Лац. fundamentum.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пры́красць, ‑і, ж.
1. Уласцівасць прыкрага. [Іван] таропка ўзбег на круцізну, быццам уцякаючы ад думак аб.. [Джуліі], пакінутай унізе, але ўсё ж не могучы адолець прыкрасці сваіх адчуванняў. Быкаў.
2. Непрыемнае пачуццё незадавальнення, крыўды, смутку. Нібы знарок, на прыкрасць дзеду, праплывае [рыба] каля самай галачкі і нават носа не заверне. Крапіва. [Лёдзя] тройчы разглядала сябе ў люстра і тройчы з прыкрасцю адварочвалася. Карпаў. Алесю падабалася гасціннасць гаспадыні і ўжо з прыкрасцю думалася, што стрэлкі гадзінніка бягуць занадта хутка. Шыцік.
3. Тое, што выклікае пачуццё незадавальнення, крыўды; непрыемнасць. — Даруйце мне. Васіль Міронавіч, што прычыніў вам прыкрасць. Колас. Дома ўсе ведаюць, што калі Арцём Іванавіч гаворыць такія рэчы, у яго на працы былі нейкія прыкрасці. Мележ.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)