Сі́таўка ‘невялікая пералётная птушка атрада вераб’іных’ (ТСБМ), сі́таўка бе́лая ‘птушка Motacilla alba’ (Некр. і Байк.), сі́таўка ‘пліска’ (Янк. БП), сі́таўка, сы́таўка ‘тс’ (ЛА, 1), сы́таўка ‘тс’ (Сцяшк.), сыто́ўка ‘тс’ (Сл. ПЗБ), сі́тка ‘тс’ (Янк. 1; ЛА, 1; ПСл), ‘ластаўка-берагавулька’ (мазыр., Цыхун, вусн. паведамл.), сы́тка ‘пліска’ (Пятк. 2; Нар. Гом.; ст.-дар., Нар. сл.; пух., Сл. ПЗБ; ЛА, 1), сі́точка ‘тс’ (ТС). Борысь (Etymologie, 131) параўноўвае з укр. си́тка, балг. си́пка ‘пліска; дзяцел, Picus minor’ і выказвае меркаванне пра паходжанне ад гукапераймання. Параўн. яшчэ ўкр. си́тівка, си́тка, си́точка ‘пліска белая’, для якіх ЕСУМ (5, 245) дапускае сувязь з си́то (гл. сіта), грунтуючыся на славац. mlynárik ‘тс’. Антропаў (Назв. птиц, 357) прапануе рэканструкцыю прасл. дыял. *sitъka < *sitъ ‘чарот’ (гл. сіт, сітнік, адносна якіх гл. Фасмер, 3, 628; Скок, 3, 245) па месцы гнездавання або звычайным біятопе птушак.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прыгаша́ць ’прыбіраць, прыгожа адзяваць’ (Ласт.). Да незафіксаванага о́шыць/*гашы́ць ’прыводзіць у належны стан; гатаваць, рыхтаваць і пад.’, параўн. ст.-рус. гоши(ти) ’рыхтавацца’ (берасцяная грамата XII ст., Зализняк, Древненовг., 318), гошити ’рабіць, рыхтаваць’ (наўг., Сразн., помнік XVI ст.), рус. смал., пск., наўг., цвяр., ярасл. гоши́ть ’гатаваць, рыхтаваць; збіраць у дарогу; назапашваць’, укр. закарп. гоши́ти, гоші́ти ’падпільноўваць каго-небудзь; што-небудзь вельмі любіць’, гоши́тися, гоші́тися ’гатавацца; узбуджацца’. Філін (Происх., 593) лічыў гошити старажытным паўночна-заходнім лексічным дыялектызмам, які быў вядомы і на крайнім паўднёвым захадзе. Звязваюць таксама з гоноши́ть ’нагрувашчваць, збіраць’, гоноши́ться ’рыхтавацца’ (так ЕСУМ, 1, 578), што не падаецца пэўным (параўн. у гэтым кантэксце прасл. *gonositi ў ЭССЯ, 7, 25–26). Этымалогія беспрэфіксальных форм няясная. Ва ўсякім выпадку, не мае рацыі апеляцыя да вельмі сумнеўнага о́ха ’харчовыя прыпасы’ (ЕСУМ, 1, 578). Параўн. рус. пск., цвяр. пригоша́ть, пригоши́ть ’гатаваць, рыхтаваць на запас’, пск. приго́ха ’страва; харчовыя прыпасы’. На семантыку наўг. приго́ха ’прыгожая дзяўчына, жанчына; прыгажуня’, як і бел. прыгашаць ’прыбіраць, прыгожа адзяваць’, паўплывала, безумоўна, семантыка лексем з коранем прыго́ж‑. Гл. Антропаў, Palaeoslavica, XII, 1, 2004, 141–142.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Суп1 ’вадкая страва-адвар (з мяса, рыбы і пад.) з дабаўленнем гародніны, круп і пад.’ (ТСБМ, Сцяшк.; шальч., Сл. ПЗБ), ’булён’ (мёрск., Сл. ПЗБ), ’крупнік, крупеня’ (Бяльк.), су́пік памянш. (свісл., Сл. ПЗБ). Новае запазычанне з рус. суп ’тс’, дзе з франц. soupe ’суп’ (адкуль таксама англ. soup, гал. sоер, ням. Suppe ’тс’), што з гала.-раманск. suppa, якое, як мяркуюць, узыходзіць да германскіх моў, параўн. гоц. supôn ’прыпраўляць спецыямі’; гл. Фасмер, 3, 804.

*Суп2 ’каршун’, толькі ст.-бел. супъ, семпъ, сепъ ’сцярвятнік’ (Ст.-бел. лексікон), фіксуецца з 1518 г.; запазычанне са ст.-польск. sęp ’тс’ (Булыка, Лекс. запазыч., 143); але параўн. ц.-слав. сѫпъ ’тс’, адкуль магло быць запазычана ст.-бел. супъ. Укр., рус. суп, польск. sęp, в.-луж., н.-луж. sup, чэш., славац. sup, серб.-харв. су̑п ’тс’, балг. суп ’птушка Vulvur fulvus’. Прасл. *sǫpъ ’каршун’. Слова няяснага паходжання. Паводле Голуба–Копечнага (361), гэта варыянт з насавым галосным да *sop‑ (гл. сапці). Гл. Фасмер, 3, 804; Шустар-Шэўц, 1378–1379; Борысь, 542. Магчыма сувязь з насуплены, супіць (гл.) — з-за «насупленага» выгляду птушкі (Антропаў, Назв. птиц, 368).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Слука́ ‘слонка’ (Байк. і Некр., Пятк. 2, ПСл), ‘казадой’ (саліг., Нар. словатв.), слук ‘чырвоны лясны кулік, вальдшнэп, Scolopax rusticola L.’ (Меер Крыч.), слука́, слуква́, слухва́ ‘тс’ (усх.-палес., стол., Нікан.), случа ‘тс’ (Інстр. 2). Укр. слу́ква ‘тс’, рус. дыял. слу́ка́, польск. słonka, дыял. słęka, ст.-польск. ‘бакас’, н- луж. sluka, чэш. sluka, дыял. slúka, славац. sluka, серб.-харв. слу̏ка, шљу̏ка, славен. slọ́ka ‘тс’. Праслав. *slǫka. Роднасныя літ. slanká ‘кулік’, лат. slùoka ‘слонка’, ст.-прус. slanke ‘вялікі кулік’ (Траўтман, 268; Мюленбах-Эндзелін, 3, 944). Далей па розных матывах дапускаюць роднасць з літ. sliñkti ‘красціся, прабірацца’, slankà ‘той, хто ходзіць крадучыся’, лат. slìkt ‘красціся’, ст.-в.-ням. slingan ‘варушыцца, хістацца’ і г. д. (Зубаты, LF, 20, 406 і наст., Махэк₂, 558), таму што птушка мае “згорбленую, крадучуюся паходку” (Брэм) або амаль не рухаецца ў няволі на працягу дня (Махэк₂, там жа). Бязлай (Eseji, 117) збліжае з польск. ślęczeć ‘сядзець на кукішках’, чэш. дыял. osľaknuť ‘разгультаіцца’, славен. slekniti se ‘пакласціся’. Інакш Брукнер (500), які лічыць назву птушкі гукапераймальнай і параўноўвае з польск. ślęczeć ‘енчыць, павіскваць, скуліць’. Гл. яшчэ Фасмер, 3, 678; Сной₁, 581; ЕСУМ, 5, 310; Антропаў, Назв. птиц, 360.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Стрыж ‘птушка з доўгімі вострымі крыламі, Apus apus L.’ (ТСБМ, Бяльк.; Сл. ПЗБ, Жыв. св.; стол., Нік.; саліг., Антропаў, Назв. птиц, 365), ‘птушка Hirundo riparia’ (Шымк. Собр.), ‘птушка Cypselus apus, грун, свіргуль’ (Ласт., Некр. і Байк.), стрыг ‘тс’ (Мат. Гом.), стріж ‘ластаўка берагавая, берагулька’ (калінк., хойн., браг., Нікан.; ЛА, 1). Параўн. укр. стриж, дыял. стріж ‘стрыж; казадой’, рус. стриж, дыял. стриг ‘стрыж’, ц.-слав. стрижь ‘каралёк’, польск. strzyżyk, дыял. strziż ‘валавока’, н.-луж. stśěž ‘тс’, чэш. střízlik, дыял. stříž ‘тс’, славац. striežik ‘тс’, stríž ‘ластаўка берагавая’, харв. старое striž ‘птушка Hirundo agrestis’, серб.-харв. strȉjež ‘валавока’, славен. stržek, stréžik ‘валавока’. Прасл. *strěžь і *strižь, гукапераймальнае па паходжанні, як грэч. στρίγζ ‘нейкая начная птушка’, лац. strīx, Р. скл. strigis ‘вушастая сава’; гл. Булахоўскі, ИОРЯ, 7, 119; Праабражэнскі, 2, 398; Фасмер, 3, 778; Шустар-Шэўц, 1368; ЕСУМ, 5, 441. Паводле Булахоўскага (там жа), форма *strižь узнікла пад уплывам *čižь (гл. чыж), супраць Фасмер (там жа). Борысь (585) грэчаскае і лацінскае словы лічыць роднаснымі славянскаму слову і ўзводзіць іх да і.-е. анамапаэтычнай асновы *(s)treig‑ ‘пішчаць, шчабятаць’. Непераканаўча Махэк₂ (589) аб роднасці з лац. requlus ‘каралёк’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

То́рба ’кайстра, невялікі мяшок з даматканай тканіны’ (ТСБМ, Нас., Бяльк., Шат., Касп., Байк. і Некр., ТС, Ян., Сл. ПЗБ, Мат. Гом.), ’сумка’ (Сл. Брэс., Растарг.), ’паляўнічая сумка’ (Сцяшк.), ’жаночая сумка’, ’школьная сумка’ (Ян.), ’клінок для вырабу сыру’ (Сл. Брэс.; лун., Шатал.), ’мяшэчак з палатна для рыбы’ (нараўл., З нар. сл.), ’чарговы дзённы харч, які належыць пастуху за кожную карову’ (Гіл.; барыс., Антропаў, вусн. паведамл.), ’сявенька’ (бых., ЛА, 5), ’мяшок з аўсом, што адзяваецца каню на галаву’ (ТСБМ), ’мяшок старца’ (Нас.), ’сумка з тканіны ці скуры для курэцкіх прылад’ (ЛА, 5), ’непаваротлівая, тоўстая жанчына’ (Нас., Шат., Мат. Гом., Сл. рэг. лекс.), ст.-бел. торба ’торба’ (з 1555 г.) запазычана з цюркскіх моў (Булыка, Лекс. запазыч., 105), параўн. тур., крым.-тат., азерб. torba ’мяшэчак, кайстра’, відаць, у перыяд найбольш інтэнсіўных сувязей ВКЛ з Крымскім ханствам у XVI ст. (Жураўскі, Тюрк. лекс. элем., 84, 88–89). Лексема пашырана ў многіх славянскіх мовах і дыялектах і лічыцца агульнаславянскай (Голуб-Ліер, 485; Фасмер, 4, 81; Махэк₂, 648; ЕСУМ, 5, 602). Сюды ж тарбе́шка ’торбачка’ (Нас., ТС), тарбано́шый ’механоша’, тарбаношка ’скураная сумка, якую сяляне насілі каля пояса паверх кашулі’ (Нас.), то́рбачнік ’жабрак’ (ТСБМ, Бяльк., Нар. Гом.), то́рбачнікі ’сумчатыя’ (Байк. і Некр.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сула́1 ’бярозавы сок’ (ігн., воран., Сл. ПЗБ). З літ. sulà ’тс’ (Лаўчутэ, Балтизмы, 73).

Сула́2 ’гурт жанчын, якія ўдзельнічаюць у абрадзе ваджэння стралы/сулы’ (усх.-палес., СіБФ, 1986, 45), ’абрадавае дзеянне ў выглядзе доўгай змейкі гуляючых, якая скручваецца ў тугі клубок’ (добр., Земляроб. каляндар), ’абрадавы кіёчак, які пускаюць у раку пры ваджэнні сулы’ (гом., бран.). Паводле Вінаградавай (Язык культуры, 230), назва паходзіць з фальклорнага тэксту, які суправаджае абрад (“Ой лятить сула да й удоль села”), дзе сула можа чаргавацца са страла (гл. страла3), што дае падставы звязаць яе са стараж.-рус. сула, сулица ’кароткае кідальнае кап’ё’ (гл. суліца), гл. Антропаў, Веснік ЕДУ, 1987, 1, 56. Сумніўная генетычная сувязь з рум. (малд.) sul ’вясенні абрад провадаў (пахавання) зробленай з дэталяў ткацкага стана лялькі’ (< рум. sul ’вал ткацкага стана’), гл. Г. И. Кабакова. Этногенез, ранняя этническая история и культура славян. М., 1985, 54–55.

Су́ла ’рыба судак’ (калінк., Арх. ГУ), заўвага пра гандаль рыбай: “из Малороссіи разныя рыбы, особливо сула” (Меер Крыч.). Параўн. укр. сула́ ’судак, Lucioperca lucioperca L.’, рус. сула́ ’тс’, славац. šúl, šula ’тс’, серб.-харв. šulj ’тс’, балг. сула ’шчыпоўка’, сулка ’судак’. Запазычанне з цюркскіх моў, параўн. каракалп. сыла ’тс’, магчыма, таксама праз пасрэдніцтва венг. süllö ’тс’, гл. Каламіец, Рыбы, 116; Фасмер, 3, 799; ЕСУМ, 5, 471.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рарог ’парода сокала Falco L.’, ст.-бел. рарогъ ’тс’ (Ст.-бел. лексікон). Лічыцца запазычаннем са ст.-польск. rarog ’балабан, Falco cherrug Gray’ (Булыка, Лекс. запаз., 143), якое ўзыходзіць да лексічнага дыялектызма познепраславянскай эпохі *rarogъ, параўн. укр. рарі́гзах.-слав.), польск. raróg, каш. rårog ’тс’ і ’капрызны, распешчаны чалавек’, чэш. raroh, славац. rároh, в.-луж. raroh ’тс’; сюды ж адносяць таксама харв. ràrog, rȁrog ’лангуст, Palinurus vulgaris’, славац. rárohy, rárož ’сухія (якія тырчаць) галіны’, чэш. мар. rároh, rárohy ’стары хлам, барахло, старая мэбля’. Паводле Краўчука (БЛ, 9, 23–26), утворана ад прасл. *rogъ (гл. рог) шляхам рэдуплікацыі і падаўжэння першага складу, значыла ’нешта зубчастае, тырчачае’, адносна сокала і марскога рака ’з зубцамі (на дзюбе, на клешнях)’ пэўную паралель ўяўляе славен. rȃcar і іншыя назвы ястрабаў, што выводзяцца з харв. rȁčve ’рогі, рагулькі’, гл. Бязлай, 3, 142. Адносна праславянскай лексемы выказваліся і іншыя версіі. Міклашыч (271) прапанаваў звязаць з ц.-слав. раръ ’sonitus; шум, крык’, і гэта думка пераважае ў большасці слоўнікаў, гл. Бязлай, 3, 152; Сной₂, 523; Борысь (510) прапануе разглядаць *rarogъ як вытворнае ад дзеяслова *rarati ’утвараць гучныя, рэзкія гукі’ (з апеляцыяй да польск. дыял. rarać ’спяваць, аб жаваранку’), якое далей да *rarъ ’шум’. Радзей разглядаецца версія пра запазычанне з іран. *varaŋga (з асіміляцыяй на славянскай глебе v‑r > r‑r), гл. Махэк₂, 508. Гл. таксама Антропаў, Назв. птиц, 339–340.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Стрына́тка, страна́тка ‘пліска’ (маладз., барыс., Сл. ПЗБ), ‘аўсянка’ (Песні сямі вёсак), струна́тка ‘дробная птушка’ (мядз., Жыв. сл.), струна́тачка ‘нейкая птушка, можа быць, сініца або аўсянка’ (Тур.), стрына́тка, стрыгна́тка ‘невялічкая шэрая птушка, якая адлятае на зіму’ (Мядзв.), ‘стрыж; птушка з жоўтым апярэннем’ (Сцяшк.), стрыгна́тка ‘аўсянка’ (Мат. Маг.), странадка ‘птушка Tringa clareola’ (Меер Крыч.), старнатка ‘аўсянка, Emberiza, citrinella’ (там жа), сцернадка (стернадка) ‘аўсянка’ (Шымк. Собр.), стрина́дка, стригна́дка, стрегно́тка ‘нейкая птушка’ (Шн. 1, 525, 526), стырна́тка ‘пліска’ (беш., Нар. сл.), старына́тка ‘тс’ (Бяльк.). Укр. стре́надка ‘аўсянка’, рус. стрена́тка ‘тс’, польск. strznadl, trznadel, trzynadl, strdnal, styrnadl, sternal, в.-луж. stnadź, sknadź, knadź, н.-луж. tśnarl, tšnarl, чэш. strnad, strnádka, славац. strnádka, серб.-харв. стрна̀дица, славен. strnȃd, strnȃda, балг. сарна́тка ‘маленькая, падобная на вераб’я птушка з карычневай плямкай на шыі, што зімуе ў Балгарыі’. Прасл. *strьnadь (або *strnadь — Булахоўскі, ИАН ОЛЯ, 7, 105 і наст.) параўноўвалі з літ. stárta, дыял. stérta, лат. stā́ste, stā́rsta ‘стрынатка’ і звязвалі з прасл. *(s)tьrnъ ‘іржышча’ (Міклашыч, 322; Махэк₂, 582; Скок, 3, 347), супраць чаго па фанетычных прычынах Бязлай, 3, 330. Меркавалі таксама аб гукапераймальным паходжанні ад крыку птушкі; гл. Фасмер, 3, 776; Брукнер, 582; Шустар-Шэўц, 1290. Сной (у Бязлай, 3, 330) разглядае слова як кампазіт з першай часткай ад і.-е. *kʼri‑m(e)n, параўн. грэч. κριμνον ‘грубая ячная мука’, з іншым суфіксам ‑λριυή ‘ячмень’, алб. dríthë ‘пшаніца’ і інш. з першасным значэннем ‘якая есць жыта, зерне’, параўн. стрынатка гуменная ‘птушка Emberiza milliaria’ (Ласт.), рус. овсянка, просянка ‘тс’ і інш. Гл. яшчэ Антропаў, Назв. птиц, 365–367.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

І́валга ’птушка жоўты дрозд, Oriolus galbula’ (ТСБМ), івал (Мат. Гом.), і́вельга, і́вега (Маш., 18, 19). Рус. и́волга ’жоўты дрозд, Oriolus galbula’, укр. і́волга ’тс’, польск. wilga, wiwielga ’тс’, чэш. vlha ’Merops apiaster’, славац. vlha ’івалга’, славен. vólga ’тс’, серб.-харв. ву̏га ’рэмез’, балг. авли́га ’івалга’. Ст.-слав. влъга, ст.-рус. иволга, ивлъга. Прасл. *vьlga ці, паводле Трубачова (Эт. сл., 8, 251–252), *jьvьlga мае адпаведнікі ў балт. і герм. арэалах. Пачатковае і‑ тлумачаць як пратэзу (Брукнер, 621) ці як прыіменную прыстаўку *jь‑ (Петарсан, 52; Трубачоў, Этимология, 1970, 19–20). Этымалогія не зусім ясная. Згодна з найбольш прынятай версіяй, роднаснае прасл. *vьlg‑ ’вільгаць’: у гэтай птушцы бачаць прадвесніцу дажджу. Семантычная паралель — ням. Regenpfeifer ’івалга’, ’сявец’. Гл. Брукнер, 621; БЕР, 1, 2; Трубачоў, Этимология, 1970, 19–20. Магчыма, гэта больш позняе пераасэнсаванне народна-этымалагічнага характару (Махэк₂, 694). З семантычнага боку верагодна сувязь з авест. vārə(n)gan ’нейкая птушка’, польск. wołać ’клікаць, крычаць’. Гл. Эндзелін, IF, 33, 126; Шпэхт, Der Ursprung, 172; Фасмер, 2, 114–115. Ці не сюды імя язычаскага бога Сварогъ у сувязі з міфалагічнымі ўяўленнямі аб вогненнай птушцы? Іншыя тлумачэнні: Махэк₂ (694) звязвае *vьlga з ням. дыял. Widewalch ’івалга’ і лац. galbula ’тс’, якія з «праеўрапейскага» *valgā (з метатэзай *galv‑). Супастаўленне са швейц.-ням. Wiedewalch прыводзіць Булахоўскага (ВЯ, 1968, 4, 104) да рэканструкцыі слав. *ivo‑vьlga. Наўрад ці магчыма прыняць і тлумачэнне Младэнава (2), які параўноўваў з грэч. αὐλέω ’іграць на жалейцы’, αὐλός ’жалейка’, хаця да гэтага супастаўлення звяртаюцца зноў у сувязі з думкай аб гукапераймальным характары слав. слова (Антропаў, дыс.). Усечаная форма івал — карэлят м. р. Гл. віваўка.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)