гаваркі́, ‑ая, ‑ое.

Схільны да размоў, ахвочы пагаварыць; проціл. маўклівы. Вясёлы, гаваркі, востры на слова, .. [Аляксей Іванавіч] цэлымі днямі частаваў сваіх слухачоў.. новымі цікавымі гісторыямі. Новікаў. [Яфрэйтар] быў жвавы, гаваркі, ветлівы, зусім не падобны да сваіх маўклівых і хмурых салдат. Мележ. // перан. Шумны, ажыўлены. Я палюбіў юначай душой гаваркія гарадскія вуліцы. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гаманлі́вы, ‑ая, ‑ае.

Разм. Які любіць пагаварыць; гаваркі, гаварлівы. Нейкім асаблівым чуццём .. [Мікалай] адчуў неабходнасць падпарадкавацца гэтаму вясёламу, гаманліваму хлопцу з яснымі вачамі. Шамякін. // Ажыўлены, шумны (пра натоўп, гурт людзей і пад.). Вунь, быццам вецер прашумеў, прамільгнула гаманлівая купка дзяўчат, і ўжо з ваколіцы даляцела задзірыстая прыпеўка. Марціновіч. // перан. Шумлівы, незмаўкальны. Над рачулкай гаманлівай Заводзяць песні салаўі. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

жва́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Поўны жыццёвых сіл; бадзёры, рухавы; проціл. вялы. Мірон быў больш разважлівы, спакойны хлопец, а Віктар — жвавы, імклівы. Маўр. Зіна была ўся ў бацьку: жвавая, гаваркая, знаходлівая, у грамадскім жыцці актыўная, у сяброўстве — чулая, спагадлівая. Кавалёў. // Ажыўлены, выразны, жыццярадасны (пра вочы, твар). Энергічным і жвавым рабіўся твар старшыні. Якімовіч. [Ніканор] пастарэў.. Толькі вочы — маладыя і жвавыя. Бядуля. // Рэзвы, вясёлы, гуллівы. Птушак жвавых шчэбет хвілі не сціхаў, Кружыўся з белым кветак пылам. Купала. На процілеглай ад ложка сцяне скакаў жвавы зайчык, як бы дражнячыся з намі. Сабаленка.

2. Бойкі, ажыўлены, шумны (пра гаворку). Завязалася жвавая, перасыпаная жартамі і смехам размова. Краўчанка.

3. Поўны руху, ажыўлення, дзейнасці. У маладым калгасе адразу занялося жвавае, бадзёрае жыццё. Зарэцкі. — Усё-такі падабаецца ён мне, Мінск. Жвавы, шумлівы, заклапочаны. Мележ. // Хуткі па тэмпу, шпаркі. Жвавыя рухі. □ Жвавым не па гадах подбегам Клім кінуўся да плота. Шахавец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

праспе́кт 1, ‑а, М ‑кце, м.

Вялікая, звычайна шырокая і прамая вуліца ў горадзе. Убраліся ў чырвань праспекты і плошчы І ў цвецень вясковую — дрэвы садоў. Хведаровіч. За апошнія гады гэты, некалі шумны і ажыўлены, праспект неяк прыціх, быццам пасталеў. Шыцік.

[Ад лац. prospectus — від, агляд.]

праспе́кт 2, ‑а, М ‑кце, м.

1. Падрабязны план, змест (навуковай работы, навучальнага дапаможніка, часопіса і пад.). Праспект падручніка.

2. Даведачнае выданне рэкламнага характару.

[Ад лац. prospectus — від, агляд.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шчэ́бет, ‑у, М ‑беце, м.

Спеў шчыглоў, ластавак і некаторых іншых птушак. На світанні яны [палескія лясы] звіняць птушыным шчэбетам, пераклікаюцца глухім перастукам дзятлаў і буркатаннем дзікіх галубоў. Грахоўскі. Шчэбетам сустрэлі [ластаўкі] Родны край з дарогі. На тэлеантэне Пасядзелі трохі. Калачынскі. // перан. Гучны, хуткі, ажыўлены гоман, размова. Дзеці рассыпаліся па лесе і агаласілі яго сваім крыкам і шчэбетам. Колас. / у перан. ужыв. Сталы стаялі ўпрытык. Ад металічнага шчэбету машынак можна было аглухнуць. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кіпу́чы, ‑ая, ‑ае.

1. Які кіпіць, нагрэты да кіпення. На стале з’явілася кіпучая смажаніна сала з каўбасою і яечкамі. Пестрак.

2. Бурлівы, пеністы. Кіпучы вадаспад. □ Песня ўздымае Кіпучы вал з глыбінь марскіх. Танк. // Пеністы, іскрысты (пра віно, піва і пад.). За кожным сталом Месца пакінем для нашых сяброў, Чарку пакінем з кіпучым віном. Танк.

3. перан. Дзейны, ажыўлены, напружаны. Кіпучая дзейнасць. □ Наш край кіпучай працай Узмоцнен і сагрэт. Журба. // Палкі, гарачы. Кіпучая натура.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бо́йкі, ‑ая, ‑ае.

1. Рашучы, энергічны, смелы. Рыгорка — хлопчык здольны, бойкі і вельмі ганарысты. Колас. «Ну, будзе дзянёк!» — .. падумала .. [Таня], міжвольна прыслухоўваючыся да голасу бойкага юнака ў карычневай футболцы. Даніленка.

2. Жвавы, скоры. А жыў там адзін чалавек. З выгляду так сабе — недалужны, затое на язык бойкі: за словам у кішэню не лезе. Якімовіч.

3. Ажыўлены, поўны руху, дзейнасці. Бойкі шлях. Бойкі гандаль. □ Самы бойкі клёў плоткі назіраецца, як правіла, на досвітку і позна ўвечары, калі яе касякі выходзяць на кармленне пад берагі. Матрунёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыўзня́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад прыўзняць.

2. у знач. прым. Злёгку падняты, узняты ўгару. Нос прыўзняты, губы прыпухлыя, над ілбом непакорліва звесіўся рыжы віхорчык. Гамолка. Чорны фрак утульна сядзеў на яго шырокіх прыўзнятых плячах. Галавач.

3. у знач. прым.; перан. Радасна-ўзбуджаны, ажыўлены. Ва ўсіх салдат быў прыўзняты настрой: нарэшце яны ў гэтай самай Германіі, вайне канец, цёплая вясна на дварэ. Карпюк. Ігнась зайшоў у хату, прыўзняты, як на крылах, і Марына заўважыла гэтую прыўзнятасць, гэтую яго радасць. Лупсякоў. // Высокі, урачысты. Тон ліста быў прыўзняты, урачысты. Гарэцкі. Вось чаму мы так лёгка адрозніваем свабодную, амаль гутарковую манеру апавядання Якуба Коласа ад крыху прыўзнятай, блізкай да кніжнай манеры З. Бядулі. Юрэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бадзёры, ‑ая, ‑ае; кар. ф. бадзёр, ‑а.

Поўны сіл, энергіі, жвавасці. Рыгор прачнуўся бадзёрым, свежым. Гартны. А ён, шальмец, бадзёр і гладак І пэўна спрытны баламут!.. Колас. // Жыццесцвярджальны, энергічны, дзейсны. У маладым калгасе адразу занялася жвавае, бадзёрае жыццё. Зарэцкі. // Які выяўляе здаровы, жыццярадасны стан. І гучаць тут песні, і цвітуць усмешкі На бадзёрых тварах шчырых змагароў. Журба. І сам голас бацькі Цімоха, бадзёры і звонкі, і тая ўпэўненасць, з якою ён гаварыў, радавалі Пецю. Сіняўскі. // Вясёлы, ажыўлены. Шумлівы, прыветны, вясёлы, бадзёры, Красуйся, жыццём неўгамонным бурлі, Абноўлены горад мой, сонечны горад — Адзін з прыгажэйшых на нашай зямлі. Гілевіч. У звонкую марозную раніцу ўварваўся вясёлы .. гоман гармоніка і бадзёры хор чыстых жаночых галасоў. Васілевіч. // Які надае сілы, ажыўляе. [Каліноўскі:] Трэба слова бадзёрае кінуць, Каб паднялі галовы вышэй. Танк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тапі́цца 1, таплюся, топішся, топіцца; незак.

1. Свядома пазбаўляць сябе жыцця, кідаючыся ў ваду; гінуць у вадзе. «Топіцца!» — раптам прамільгнула ў свядомасці, і радыстка кінулася ў ваду. Кулакоўскі. Ужо сціхаў ажыўлены гул галасоў, як з боку эстакады нехта крыкнуў: — Чалавек топіцца! Лынькоў.

2. Пагружацца ў што‑н. мяккае, зыбкае; вязнуць, засядаць у чым‑н. Ціха, павольна праходзіць аўтобус там, дзе нядаўна і трактар тапіўся. Дубоўка. // Быць цалкам пакрытым чым‑н. вязкім, вадкім. [Стафанковіч] выбрукаваў клінкерам адну вуліцу, па якой кожны дзень праязджаў у машыне, іншыя ж вуліцы пакінуў тапіцца ў гразі. Чорны.

3. Зал. да тапіць ​1 (у 1 знач.).

тапі́цца 2, топіцца; незак.

1. Награваючыся, станавіцца мяккім, вадкім.

2. Зал. да тапіць ​2.

тапі́цца 3, топіцца; незак.

Разм.

1. Тое, што і паліцца ​1 (у 1 знач.).

2. Зал. да тапіць ​3.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)