Ільсні́цца, льсні́цца ’блішчаць, адсвечваць (пра гладкую паверхню)’ (ТСБМ). Рус. лосни́ться, укр. лисні́ти, лисни́тися, дыял. ли́ска́ти, польск. łyskać, ст.-чэш. lščieti se, чэш. lesknouti se, славац. lesknúť sa, славен. lesketati se, серб.-харв. ле̏скати се, балг. лъщя́, макед. дыял. лашти. Ст.-слав. льщати сѫ, ст.-рус. льщатися, ст.-бел. ильснутися (Скарына). З прасл. *lьsknǫti (), суадноснага з *lьskěti (), і‑ пратэтычнае. Прасл. *lьsk‑ < *lъsk‑ (відаць, у выніку кантамінацыі з blьsk‑) звязваецца з іншымі абазначэннямі святла, якія ўзыходзяць да і.-е. *leuk‑/*louk‑; параўн. луч, луна. Праабражэнскі, 1, 470; Фасмер, 2, 521; Махэк₂, 327.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

адсве́чвацца, ‑аецца; незак.

1. Тое, што і адсвечваць (у 2 знач.). Высокі барадаты дзед жвава махаў вяслом, рассякаючы ясную гладзь ціхай Свіслачы, у якой як у люстры, адсвечваліся водбліскі полымя. Якімовіч. Сонца заходзіла чыста, на мокрых платах адсвечвалася яно і аж калола ў вочы. Чорны. Вочы чалавека .. гарэлі.. дзіўным бляскам.. Ці то застыглая жорсткасць.., ці то захапленне бойкай адсвечвалася ў іх позірку. Лынькоў.

2. Адліваць якім‑н. колерам. Смуглявы твар адсвечваўся бронзай. Шахавец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

блішча́ць, ‑шчу, ‑шчыш, ‑шчыць; ‑шчым, ‑шчыце; незак.

1. Свяціцца роўным слабым святлом. Воўчым вокам акно ў цемры ночы блішчыць. Колас. // Адсвечваць роўным, слабым светам (пра гладкую, роўную або нацёртую, начышчаную паверхню). Здалёк матава-срэбным люстрам у цёмна-кучаравых, мазаічных рамках блішчыць рака. Нікановіч. Блішчаць на сонцы наваксаваныя боты. Колас.

2. Свяціцца, часта ад якога‑н. пачуцця (пра вочы). Па-асабліваму.. блішчаць яго [хворага] вочы. Бядуля. Чорныя вочы Цыганка шчасліва блішчалі, смуглявы твар яго ўвесь свяціўся радасцю. Шчарбатаў.

•••

Блішчаць вачамі — маўкліва прасіць, выказваць просьбу, жаданне позіркам.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Лю́стра1 ’адшліфаваная паверхня шкла, металу, здольная даваць адбіткі прадметаў, якія знаходзяцца перад ёю’, ’паверхня, плошча чаго-небудзь’ (Нас., Грыг., Гарэц., Бяльк., Касп., Растарг., ТСБМ, Яруш.; маг. КЭС), лю́стро ’тс’ (ТС), лустэрка, люстэрка, люстэрак, лю́страчка, лістэрка (Сл. ПЗБ, Нас., Бяльк., Шат., Касп., Мядзв., Сцяшк.; КЭС, лаг.; капыл. Жыв. сл.). Запазычана з польск. lustro ’тс’, якое з італ. lustro ’бляск, водбліск’ (Слаўскі, 4, 385; Кюнэ, 73; Арашонкава, БЛ, 12, 49). Сюды ж люстрава́цца, люстрава́ць ’блішчэць, адсвечваць’, ’адлюстроўвацца’, люстра́ны ’з бліскучай паверхняй’ > люстраніць (ТСБМ; Васілеўскі, БЛ, 10, 17). Гл. таксама ю́стра, ю́стро.

Лю́стра2 ’падвесны, асвятляльны прыбор з некалькімі крыніцамі святла’ (ТСБМ). З рус. лю́стра ’тс’, якое праз ням. Lüster або непасрэдна з франц. lustre ’тс’ < лац. lustrāre ’асвятляць’ (Фасмер, 2, 546; Крукоўскі, Уплыў, 79).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

разда́цца 1, ‑дасца; ‑дадуцца; пр. раздаўся, ‑далася, ‑лося; заг. раздайся; зак.

Прагучаць, пачуцца. Зусім недалёка раздалося некалькі адрывістых стрэлаў. Лынькоў. Над шалашом раздалася дзіўная песня. Якімовіч.

разда́цца 2, ‑дамся, ‑дасіся, ‑дасца; ‑дадзімся, ‑дасцеся, ‑дадуцца; пр. раздаўся, ‑далася, ‑лося; заг. раздайся; зак.

1. Стаць большым, шырэйшым, расшырыцца. Яўген наліваецца сілаю, раздаўся ў плячах. Карпаў. Цьмяным перламутрам пачалі адсвечваць кусты арэшніку, пупышкі на ім крыху раздаліся і выпусцілі малінавыя зорачкі цвету. Лужанін.

2. Расступіцца, рассунуцца, утварыўшы прастору ў сярэдзіне. Народ раздаўся ў бакі.

3. Раскалоцца, раздзяліцца. І трэск аўтаматаў яшчэ не замоўк, Калі разарваўся На купіне мох, — Як бы раздалася Яна папалам, І ўстала дзяўчына З гранатаю там. Гілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пераліва́цца, ‑аецца; незак.

1. Перамяшчацца з аднаго месца ў другое (пра вадкасці). Чулася толькі булькатанне вады, якая пералівалася ў батарэях. Карпаў.

2. Вылівацца, цячы цераз край. Вада пераліваецца цераз плаціну. // перан. Выходзіць за межы чаго‑н. (пра пачуцці). [Злосць] поўніла ўсю .. [Сомікаву] істоту, пералівалася цераз берагі, пырскала, біла фантанам. Крапіва.

3. перан. Павольна і раўнамерна хвалявацца, калыхацца. Да долу гнуліся спелыя жыты, шапацелі, пераліваліся на сонцы шырокімі хвалямі. Гурскі.

4. Блішчаць, ззяць, адсвечваць, мяняючы адценні, колеры. Мігцелі, пераліваліся зоркі. Гамолка. Над галавою гарэла паўночнае ззянне. Светлыя хвалепадобныя палосы пераліваліся рознымі колерамі, рухаліся, плылі. Шамякін. // Гучаць з пералівамі. Заціх гармонік, замоўклі бубны, толькі пераліваліся яшчэ бомы на некалькіх тройках. Лынькоў.

5. перан. Ператварацца ў што‑н. другое. Увесь свой смутак канцэнтраваў .. [Віктар] на гэтым малазначным пункце, і смутак пераліваўся тады ў едкую шчымлівую крыўду. Зарэцкі.

6. Зал. да пераліваць (у 1 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)