памылі́цца, ‑мылюся, ‑мылішся, ‑моліцца; зак.

Зрабіць памылку. [Мяснікоў] можа памыліцца, але здольны прызнаць памылку і хутка яе выправіць. Гурскі. Хто можа з.. [Аленаю] справіцца. Не толькі на полі.. А пасадзі яе за кросны! Няхай другая паспрабуе выткаць абрусы і коўдры ў шаснаццаць нітоў! А яна не памыліцца, не зблытае. Чарнышэвіч. — Можа, мы памыліліся? — выказаў меркаванне Валодзя. — Можа, гэта зусім не конь іржаў, а птушка якая? Курто. // у кім. Скласці пра каго‑н. няправільнае ўяўленне. Каб не памыліцца ў чалавеку на вайне, трэба ўбачыць яго ў небяспецы. Новікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

няшчы́ры, ‑ая, ‑ае.

1. Які тоіць ад іншых свае сапраўдныя пачуцці, думкі; фальшывы, крывадушны. — Калі чалавек сам няшчыры, дык ён і другім не верыць. Ваданосаў. [Кашын і Комлік] былі вартыя адзін аднаго, абодва няшчырыя і дробязныя, якія дбалі толькі аб сабе... Карпаў. // Які не выказвае сапраўдных пачуццяў і думак; прытворны. На Ясевым твары ўвесь час блукала ўсмешка, часамі дужа салодкая, ліслівая, а часамі хітрая і няшчырая. Колас.

2. Які не вызначаецца шчырасцю, стараннасцю, дбайнасцю. Апраўдвацца Міхась не стаў — няшчырыя адносіны да работы перад прафесарам не апраўдаеш. Шахавец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паблука́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

1. Пахадзіць без мэты, гуляючы. Я схадзіў у Зазер’е і на адзіноце паблукаў па асеннім лесе. Краўчанка. Сон.. не ішоў, і заставалася толькі пакінуць цеснаватую хату і паблукаць па вечаровай вуліцы. Шахавец.

2. Пахадзіць у пошуках чаго‑н. Нямала .. [Пеця] яшчэ паблукаў, пакуль знайшоў патрэбную дарогу. Сіняўскі. Варта было яшчэ паблукаць па кніжных магазінах, перакусіць, а потым зашыцца куды-небудзь у парк. Навуменка.

3. Разм. Павандраваць, пахадзіць. Калі нельга многа — хоць бы трохі Паблукаць бы мне па ўсёй зямлі. Панчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паварушы́цца, ‑рушуся, ‑рушышся, ‑рушыцца; зак.

1. Зрабіць некалькі рухаў; пашавяліцца. Усе трое сядзелі хвіліну нерухома, баючыся дыхнуць, не тое што паварушыцца. Шашкоў. Старшыня рэўкома папярэдзіў: без яго каманды ніхто не мае права нават паварушыцца. Грахоўскі.

2. перан. Заняцца чым‑н., праявіць актыўнасць у чым‑н. [Шыковіч:] — Дык што ж, па-твойму, пакінуць .. [Савіча] ворагам? Не паварушыцца, каб даказаць яго сумленнасць, рэабілітаваць яшчэ адно добрае імя, як рэабілітаваны імёны тысяч ні ў чым не вінаватых людзей. Шамякін. Тады толькі паварушыўся стараста і вызваліў з балота а. Мадэста. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

павучы́цца, ‑вучуся, ‑вучышся, ‑вучыцца; зак.

1. Вучыцца некаторы час. [Сцёпка:] — Каб умець жыць па-людску, дык трэба вучыцца і не толькі ведаць, што такое рабфак, а і павучыцца на рабфаку. Колас.

2. Навучыцца чаму‑н., набыць якія‑н. веды, навыкі. Чыста пабеленая печ і сцены, добра вымытая падлога, прыбраныя з густам пасцелі ўразілі дзяўчат. Было чаму павучыцца ў такой акуратнай гаспадыні. Пальчэўскі. Слава аб камуне пайшла на ўсю акругу. Шмат людзей прыходзіла паглядзець, як жывецца, як ідзе праца, а шмат хто прыходзіў і чаму-небудзь павучыцца. Чарот.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

напамі́нак, ‑нку, м.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. напомніць. Зрабіць без напамінку. Падзякаваць за напамінак. Не чакаць напамінку.

2. Паведамленне, зварот, якія напамінаюць аб чым‑н. Прыйсці пасля другога напамінку. Атрымаць напамінак. □ Гэта быў напамінак, дакор самому сабе: дзе б ты ні быў, як бы сябе не адчуваў — пішы! Лужанін. // Прадметы, словы і пад., якія напамінаюць аб чым‑н. Толькі касцёл застаўся, як напамінак аб страшным мінулым. Чарнышэвіч. З-пад ложкаў відаць чамаданы, як напамінак аб тым, што гаспадары не асабліва могуць разлічваць на гэты пакой. Паслядовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нарасці́, ‑расце; пр. нарос, ‑расла, ‑расло; зак.

1. Вырасці ў нейкай колькасці. [Аляксей Цімафеевіч:] — Шмат будзе снегу — шмат улетку нарасце збожжа і фруктаў. Паслядовіч. У апошнюю вайну не толькі лес, але і хмызняк загінуў. І зноў нарос — маладыя хвойкі, бярозкі, на палянах куп’ё зацвіло чаборам, суніцы, грыбы з’явіліся. Лупсякоў.

2. Вырасці на паверхні чаго‑н. Нарасло сала. // Паступова прыстаючы, прымярзаючы да чаго‑н., утварыць нараст. За прымаразкі на размоклых дарогах нарасла тоўстая кара голага лёду. Навуменка.

3. Сабрацца, павялічыцца (аб працэнтах, грошах і пад.). Нараслі працэнты за год.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нашча́дак, ‑дка, м.

1. Чалавек у адносінах да продкаў. Нашчадак старадаўняга роду. □ Я — сын зямлі, нашчадак хлебаробаў. Барадулін.

2. толькі мн. (нашча́дкі, ‑аў). Людзі будучых пакаленняў. Нашчадкамі героі не забыты: На плошчах манументы ім стаяць. Жычка.

3. Разм. Сын, наследнік або наогул сваё дзіця. [Гукан:] — Ала?! Як вы там? Добра? Ведаеш што... Зрабі ты маме навагодні падарунак. Які? Бяры нашчадка, сядай у поезд — і да нас пад Новы год. Шамякін. Канечн[е], і дачка ў сям’і — добра, але ж сын — нашчадак, ён панясе прозвішча ў будучыню. Новікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

некато́ры, ‑ая, ‑ае; займ. неазначальны.

1. Нейкі, дакладна не вызначаны. Паравоз уздрыгнуў і некаторы час ішоў у ранейшым тэмпе. Васілёнак. За дзедам на некаторай адлегласці пайшлі і яго сыны. Колас. Праз некаторы час ранішняя зара заняла ўвесь усход і злізала зоры. Чарнышэвіч.

2. толькі мн. (некато́рыя, ‑ых). Асобныя з агульнага ліку; паасобныя. [Марына Паўлаўна:] — Я прыйшла ўзяць некаторыя свае рэчы. Зарэцкі. Ужо даўно працякаў дах, прагнілі некаторыя дошкі ў вагоне. Лынькоў.

3. у знач. наз. некато́рыя, ‑ых. Не ўсе, асобныя людзі. Некаторыя з прысутных. Некаторыя з нас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перастро́іцца, ‑строюся, ‑строішся, ‑строіцца; зак.

1. Змяніць свой строй, размясціцца ў страі іначай. Перастроіліся роты. □ Самалёты парамі пабеглі на старт і цесным строем ірванулі ў паветра .. Яшчэ на развароце заднія падцягнуліся, перастроіліся, і група лягла на курс. Алешка.

2. Пераключыцца на прыём іншых радыёхваль.

3. Змяніць намеры, планы, арганізацыю свайго жыцця, працы і пад. Як .. [Лясніцкі] хутка перастроіўся! Колькі прайшло таго часу, як ён з такім вось энтузіязмам сеяў і будаваў. А сёння — такі салдат. Нібы ўсё жыццё толькі і займаўся тым, што ваяваў. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)