упадаба́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
Разм.
1. Спадабаць, захапіцца кім‑, чым‑н. [Канстанцін Міхайлавіч:] — Прачытаў яму [бацьку] свой верш за чужы. А ўжо як бацька ўпадабаў, прызнаўся, што напісаў сам. Лужанін. Стаўшы калгасным конюхам,.. [Павел] так упадабаў гэтую работу, так звыкся з коньмі, што не хацеў і адыходзіць ад іх. Кулакоўскі.
2. Палюбіць каго‑н. Упадабала.. [Лукер’я] тады мужнага чэкіста-камсамольца, выйшла за яго замуж. Місько. [Жняя:] — Зямляк то зямляк, але ж і ўпадабаў. Ды і чаму цябе не ўпадабаць: ты ж як тая кветачка. А кветачка ж кожнай пчолцы кідаецца ў вочы. Сабаленка. Дзе гэта відана, каб шляхцянка ўпадабала бацькавага парабка і каб ён так прысох да яе. Грахоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
упхну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.
Разм.
1. што. Запіхваючы, усунуць куды‑н.; спехам або без разбору палажыць у што‑н. Віцька хуценька сунуў.. [шашку толу] у кішэню, за пазуху ўпхнуў скрутак шнура. Кухараў.
2. каго. Штурхнуўшы, прымусіць увайсці куды‑н. Дзверы адчыніліся са скрыпам, і паліцыянт.. упхнуў у пакой маладую жанчыну. Пестрак.
3. што. Прымусіць узяць, прыняць што‑н. Ніна адмаўлялася [ад гасцінца], але цётка сілаю ўпхнула здор у торбу. Арабей.
4. каго. Паставіць, накіраваць каго‑н. на якую‑н. работу, пасаду і пад. супраць волі. Не лёс, а Васілеўскі зараз упхнуў яго [бацьку] на гарбарню немца Гальдштэйна. Гарэцкі. // Уладкаваць каго‑н. куды‑н. па пратэкцыі. Не прайшоў [сын] у інстытут, На завочны ўпхнулі. Лужанін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ураджа́й, ‑ю, м.
1. Колькасць збожжа, пладоў, траў, ягад, грыбоў і пад., якая ўрадзілася, вырасла. У садзе маладым ля хаты, Што вырас тут пасля вайны, На яблыкі ўраджай багаты — Да долу дрэўцы гнуць яны. Непачаловіч. [Сакратар партарганізацыі:] — Каб збіраць двухсотпудовыя ўраджаі, трэба добра асвоіць перадавую аграбіялогію. Паслядовіч. Сама паненка захацела прыняць удзел у зборы ўраджаю, але спалохалася ракаў. Маўр.
2. Вялікая колькасць, багацце збожжа, сена, пладоў, караняплодаў, грыбоў, усяго таго, што ўрадзіла. Лета было добрае, пагода спрыяла ўраджаю і рабоце. Колас. Калі добра ўзарэш, то і ўраджай збярэш. Прыказка. // перан. Разм. Пра з’яўленне вялікай колькасці каго‑, чаго‑н. На будоўлі .. [Яцкевічу] падаваецца — весела, хлопцаў многа, ды і на дзяўчат ураджай. Дадзіёмаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чараўні́чы, ‑ая, ‑ае.
1. Звязаны з чараўніцтвам; чарадзейны. У той час .. [Скарына] не мог вызваліцца ад рэлігійных уяўленняў аб прыродзе, аб сутнасці самога чалавека, аб духах, чараўнічых сілах і г. д. Алексютовіч. Гаспадыня паспешна накрыла на стол, на ім, як па ўзмаху чараўнічай палачкі, з’явіліся талеркі з мясам, белым хлебам. Пятніцкі. На другі дзень цар устаў, паглядзеў у сваю чараўнічую кнігу. Якімовіч.
2. перан. Які зачароўвае, захапляе, прыносіць асалоду; чароўны. Усё гэта чараўнічае і любае людскому слыху шматгалоссе зліваецца ў адну мелодыю, у нейкі своеасаблівы ўрачысты гімн працы. Мыслівец. Але той, хто наведаў хоць раз Чараўнічыя нашы мясціны, Не забудзе ніколі ён нас — Край блакітны і нашу гасціннасць. Пруднікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чу́ты, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад чуць 1 (у 1 знач.).
2. у знач. прым. Які ўжо быў пачуты; вядомы. Кожнаму хацелася сказаць, што ён ведаў, і самому пачуць нешта яшчэ новае, нячутае, а можа і чутае, але расказанае нанава, з новымі падрабязнасцямі і меркаваннямі. Крапіва.
3. у знач. наз. чу́тае, ‑ага, н. Тое, што хто‑н. дзе‑н. чуў, пачуў. Едучы ў тралейбусе, Валя зноў у думках перабрала чутае і ўбачанае ў Шарупічаў. Карпаў. Кручынін заўсёды згушчаў фарбы, перабольшваў і завастраў чутае так, што часам цяжка было зразумець, дзе канчаецца праўда і пачынаецца выдумка. С. Александровіч.
•••
Дай бог чутае бачыць гл. даць.
Каб жа чутае бачыць гл. бачыць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
штора́з, прысл.
Кожны раз. Колькі светлых пачуццяў падымаецца ў душы, калі чытаеш.. творы [Чорнага], штораз адкрываючы ў іх усё новыя скарбы. Вітка. [Міколка] ласкава гладзіў шурпатыя шчокі ў маршчынах і, штораз цалуючы, гаварыў, гаварыў: — Які ж ты, дзед, слаўны чалавек... Лынькоў. // З кожным разам, раз ад разу. — Ты толькі, Міхась, не накідайся адразу на яду, — асцерагаў Міхася Пятрусь: — бо мама штораз будзе даваць смачнейшую страву. Колас. Чорны дым над полымем уздымаецца штораз вышэй. Брыль. // Вельмі часта; вельмі хутка. [Доктар] пацепваў высокімі пляч[а]мі, штораз папраўляў на носе акуляры. М. Стральцоў. Толькі сілы слабеюць штораз, Штохвіліны цяжэй усё дыша [конь]. Гэтак блізка жаданы папас, Але смерць за папас яшчэ бліжай. Глебка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
экза́мен, ‑у, м.
Праверка ведаў па якім‑н. вучэбным прадмеце. Праграма выпускных экзаменаў. Уступныя экзамены. □ Ад імя камісіі Іван Паўловіч зачытаў вынікі экзаменаў і павіншаваў вучняў са сканчэннем школы. Васілевіч. А далей, разблытваючы прычыны сваёй няўдачы з паступленнем ва універсітэт, Клава думала цяпер і пра тыя балы, яна недабрала на экзаменах. Кавалёў. // перан. Якое‑н. выпрабаванне, праверка. А маці цэлы экзамен учынілі, загадалі ёй вагон звонку адмыць. Лынькоў. Але на славу ўдаўся зруб, Ён на выдатна здаў экзамен. Танк. Непарушнае брацтва ўсіх савецкіх людзей.. вытрымала суровы экзамен у гады вайны, загартавалася і ўзмацнела ў агні свяшчэннай барацьбы. «Звязда».
•••
Дзяржаўныя экзамены — выпускныя экзамены ў вышэйшых навучальных установах.
[Лац. examen.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Бу́ры. Засведчана з XVI ст. (гл. Булыка, Запазыч., 53). Рус. бу́рый (з XII ст.), укр. бу́рий, польск. bury ’цёмна-шэры’, славац. burý. Зыходзячы з геаграфіі слова, лічаць, што гэта запазычанне з усх. моў (як і многія іншыя назвы колеру): з цюрк. (тур.) bur ’рыжай масці’ < перс. bōr ’гняды, рыжай масці’. Міклашыч, Türk. El., 1, 269; Nachtr., 1, 18; 2, 90; Міклашыч, 24; Корш, AfslPh, 9, 493 і наст.; Праабражэнскі, 1, 54. Але і тут ёсць няпэўнасці (гл. Слаўскі, 1, 51; Курыловіч, PF, 10, 335–336). Іншая версія: запазычанне з лац. burrus ’багровы’ (Бернекер, 102; Мацэнаўэр, LF, 7, 17 і наст.; Брукнер, 50). Махэк₁ (51–52) лічыў, што славац. burý (аб масці валоў) < рум. bur(ă) ’вол’ (а гэта з лац. burrus) і пасля пашырылася і ў іншых слав. мовах.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ве́ка ’века; павека’. Ст.-рус., ст.-слав. вѣко ’павека’, рус. ве́ко ’павека; розныя віды кошыкаў; вобад сіта або рэшата’, укр. ві́ко ’накрыўка скрыні, дзяжы і да т. п.’; ’павека’, польск. wieko ’накрыўка’, чэш. víko ’тс’, славен. véko, véka ’павека’. Прасл. *věko ’века; павека’ (< *vēko). Роднасныя: літ. vókas ’павека; накрыўка’, лат. vâks ’накрыўка’ (балт. словы адлюстроўваюць старое *vāk‑; параўнальна з слав. формамі тут іншы вакалізм, але чаргаванне ē : ā назіраецца і ў іншых выпадках). Магчыма таксама, што балт. мовы захоўваюць стары вакалізм, а слав. *věko (замест *vako) развілося пад уплывам слав. *vědi̯a ’павека’ (ст.-рус. вѣжа, ст.-слав. вѣжда ’тс’, балг. ве́жда, серб. ве̏ђа ’брыво’). Гл. Траўтман, 347–348; Фасмер, 1, 286. З прэфіксам *po‑ ўтворана слав. *po‑věka ’павека’, з прэфіксам *ob‑ — *ob‑věko (> *oběko + розныя суфіксы) ’абечайка’ (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Галадамі́рыць ’паміраць з голаду; марыць голадам’ (Нас.). Не вельмі яснае ўтварэнне. Здаецца, гэта складанае слова, але не выключаецца, што яно сапсаванае; магчыма, гэта нейкае жартаўлівае ўтварэнне. Акрамя Насовіча, яно быццам больш нідзе не зафіксавана. Няма яго таксама ў рус. і ўкр. мовах. Можна меркаваць, што яно ўзнікла ў якімсьці дыялекце як гібрыд двух слоў: голад (дакладней, пэўнай формы гэтага слова) і мерці, мярэць і да т. п. Тады ’паміраць з голаду’ будзе першапачатковым значэннем, а ’марыць голадам’ — другасным. Другаснымі (вытворнымі) па паходжанню і па значэнню з’яўляюцца і зафіксаваныя ў Насовіча галадамі́ра, галадамі́рны ’той, хто мала есць’. Яшчэ далей стаіць яўна занесенае з іншых дыялектаў галадаме́р (Сцяц. Словаўтв.) ’ненаедны (якога цяжка накарміць)’. Паколькі гісторыя гэтай групы слоў застаецца невядомай, то, акрамя вельмі гіпатэтычных меркаванняў, сказаць што-небудзь пэўнае пра іх сапраўднае паходжанне вельмі цяжка.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)