нямы́, ‑ая, ‑ое.
1. Пазбаўлены здольнасці гаварыць. Нямое дзіця. □ Спачатку я нават не ведаў, што там жаўцее, а потым успомніў, што гэта новы зруб нямога Паўла. Кулакоўскі. / у знач. наз. нямы́, ‑ога, м.; няма́я, ‑ой, ж. перан. Маўклівы, ціхі. Навокал — нямыя сосны, далей — гушчар. Карпюк. Скуты холадам даліны, Луг ляжыць нямы. Колас.
2. перан. Скрыты, затоены. Таня з нямым папрокам утаропілася ў Веру. Машара. У дзвярах стаіць маці. У яе посны выраз твару, у блеклых вачах нямое запытанне. Лынькоў.
•••
Нямая карта гл. карта.
Нямое кіно гл. кіно.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паце́ха, ‑і, ДМ ‑цесе, ж.
1. Забава, забаўка, весялосць. Бубніць тут човен, ходзіць рэха — Такая хлопцу з ім пацеха! Колас. Саўка стаў задуменным, шкада яму было егера, які прызначаўся для пацехі панам. Гурскі. // Якое‑н. смешнае здарэнне. Гаспадар глядзеў з вясёлай цікаўнасцю.., быццам хацеў сказаць: «Пачакайце, зараз будзе такая пацеха!» Маўр.
2. у знач. вык. Смешна, цікава. — Ой, пацеха! — перабіў .. [дзядзьку] са смехам Пятрусь. — Наскочыў, Цімох? Брыль. Гэта ж хто? Ну вось пацеха!.. Ну няўжо спявае рэха? Шушкевіч.
•••
З ласкі на пацеху гл. ласка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падтачы́ць 1, ‑тачу, ‑точыш, ‑точыць; зак., што.
1. Натачыць злёгку, крыху або дадаткова. Падтачыць нож. Падтачыць сякеру.
2. Пашкодзіць, раз’ядаючы знутры, знізу (пра чарвей і пад.). [Ляксандра:] — Шашаль падтачыў падрубы. Баранавых.
3. перан. Аслабіць, падарваць (сілы, здароўе і пад.). З выгляду [Люся] была змізарнелая, бляклая — як бы цяжкая хвароба падтачыла яе і яна толькі-толькі стала на ногі. Навуменка.
•••
Камар носа не падточыць гл. камар.
падтачы́ць 2, ‑тачу, ‑точыш, ‑точыць; зак., што.
Далучыць для падаўжэння, павелічэння чаго‑н. [Янка:] — Я гэта адсяку канец вяроўкі, знізу падтачу ды спускаюся далей. Якімовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
непаразуме́нне, ‑я, н.
1. Няправільнае або недастатковае разуменне чаго‑н., выпадковая памылка. Усе, зразумеўшы сутнасць справы, заўсміхаліся. Непаразуменне, здавалася, было поўнасцю вырашана. Кавалёў. Чалавек змаўкаў, бялеў і тросся ўвесь, як у ліхаманцы. Гэта быў, трапіўшы сюды [у склеп] па непаразуменню, царкоўны стараста суседняга сяла. Лынькоў.
2. Адсутнасць узаемнага разумення. [Андрэй Гаўрылавіч:] — Калі бацькі ясна ведаюць, што яны хочуць ад сваіх дзяцей, а дзеці — што ад іх хочуць бацькі, то тады ніякага непаразумення між імі не будзе. Грамовіч. Непаразуменне паміж сяброўкамі, як раптоўна ўспыхнула, так раптоўна і пагасла. Машара.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
несапра́ўдны, ‑ая, ‑ае.
1. Які не мае законнай сілы. Шлюб з псіхічна хворым прызнаецца ў адпаведнасці з законам несапраўдным. «Маладосць».
2. Падроблены; штучны. Несапраўдны брыльянт. □ Увесь цяперашні спрыт гэтага чалавека, яго рухавасць, яго жвавая гутарка, калючы агонь яго слоў, — усё гэта здавалася на[й]граным, несапраўдным. Лынькоў.
3. Ужываецца як састаўная частка назваў раслін, жывёл і пад. Несапраўдны скарпіён.
4. Які толькі вонкава падобны да чаго‑н. сапраўднага. Здавалася, .. што і бомбы рвуцца несапраўдныя, і кулямёты лапочуць толькі для таго, каб нарабіць траскатні і нажахаць нас. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
му́чыць, мучу, мучыш, мучыць; незак., каго.
Прычыняць мукі, пакуты каму‑н. [Мільгун:] — Я сам па сваёй волі ні слова не гаварыў пра вас, нікога з вас не называў.. Але мяне мучылі, мяне катавалі. Колас. «Як гэта я не ўбярог бацькі?!» — мучыў сябе папрокамі Валодзя. Новікаў. // Быць прычынай мукі. У цяжкія дні блакады, калі прадукты ў нас выйшлі зусім, мяне, больш чым каго, пачаў мучыць голад. Карпюк. // (1 і 2 ас. не ўжыв.). Не даваць спакою, хваляваць, непакоіць. Пустыя дні бяздзейнасці, асабліва на першым пачатку, мучылі Маю. Дуброўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
набе́г, ‑у, м.
1. Раптоўны напад, уварванне на якую‑н. тэрыторыю і спусташэнне яе. Набег татарскай арды. □ І здаецца, што гэта не семінарысты спяваюць ля печкі ў вагоне, а гуляе запарожская сеч пасля буйнага набегу дзесьці ў стэпе ля вогнішчаў. Сяргейчык. // перан. Уварванне з карыслівымі мэтамі ў чужы сад, агарод і пад. [Бушыла:] — Я сам некалі ў свой час на сады і гароды набегі рабіў. Шамякін.
2. Раптоўны павеў ветру, прыліў вады і пад. Нібы шротам налітыя,.. [каласы] ад лёгкага набегу ветру прыпадаюць да самай зямлі, просячы сярпа... Хадановіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
напамі́нак, ‑нку, м.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. напомніць. Зрабіць без напамінку. Падзякаваць за напамінак. Не чакаць напамінку.
2. Паведамленне, зварот, якія напамінаюць аб чым‑н. Прыйсці пасля другога напамінку. Атрымаць напамінак. □ Гэта быў напамінак, дакор самому сабе: дзе б ты ні быў, як бы сябе не адчуваў — пішы! Лужанін. // Прадметы, словы і пад., якія напамінаюць аб чым‑н. Толькі касцёл застаўся, як напамінак аб страшным мінулым. Чарнышэвіч. З-пад ложкаў відаць чамаданы, як напамінак аб тым, што гаспадары не асабліва могуць разлічваць на гэты пакой. Паслядовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прафе́сар, ‑а, м.
Вышэйшае вучонае званне выкладчыка навучальных устаноў і супрацоўніка навуковых і лячэбных устаноў, якія кіруюць навукова-даследчай і лячэбнай работай; пасада, якую займае той, хто мае такое званне. // Асоба, якая мае такое званне. У адну і тую ж хвіліну прыходзілі выкладчыка, прафесары. Лынькоў. [Рыгор Пятровіч:] — Яе павінны вылечыць! Яна павінна жыць.. Мы даручым яе лепшым прафесарам!.. Шамякін. // Жарт. Вялікі знаўца чаго‑н. Ёсць сотні самых дробязных спраў, у якіх яна перад ім — прафесар. Лупсякоў. Міхальчук жартоўна заўважыў: — Ды ты ж у нас на гэта [на вылічэнні] прафесар. Якімовіч.
[Ад лац. professor — выкладчык, настаўнік.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прына́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак., каго-што.
1. Прыцягваючы ўвагу чым‑н. (звычайна кормам), прымусіць наблізіцца (птушку, рыбу, жывёл).
2. Выклікаць жаданне быць, бываць дзе‑н.; прывабіць. [Ніна:] Дык, можа, і арэшнік пасадзіць, вавёрачак прынадзіць на сосны. Кучар. Вось казу прынадзіў Канюшынкай садзік. Шушкевіч. // Выклікаць сімпатыю да сябе. Марылька аж зазлавала была на мяне. Маўляў, гэта я вінаваты — гэтак хлопчыка прынадзіў, што ён не прызнае яе за маму. Сабаленка. // Прыцягнуць да якой‑н. справы. За доўгі час удалося яму прынадзіць толькі з паўсотні чалавек. Новікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)