знак, ‑а, м.

1. Прадмет, метка, фігура і пад., якія служаць для абазначэння чаго‑н., указання на што‑н. Зрабіць знак на дрэве. Указальны знак. □ Хвост паражняка мільгануў за паласатым чыгуначным знакам. Навуменка. // Сведчанне, прымета чаго‑н. Маўчанне — знак згоды. □ Шаблю .. [бацька] павесіў на сцяне, як знак уласнай вайсковай доблесці. Алешка. — Камары таўкуць свой мак, Быць надвор’ю — добры знак. Гаўрусёў.

2. След, шрам, якія засталіся пасля чаго‑н.; характэрны адбітак, накладзены чым‑н. Знак удару. □ Я мог толькі здагадацца, што той рубец быў знакам апошняй вайны. Краўчанка. // перан. Здабыткі, вынікі чыёй‑н. працы, дзейнасці і пад. Перш, чым здарыцца такое, .. [Антон] павінен штосьці зрабіць, пакінуць пасля сябе нейкі знак, добрую памяць. Савіцкі.

3. Умоўнае абазначэнне з замацаваным за ім канкрэтным значэннем. Матэматычны знак. Астранамічныя знакі. Нотны знак. Карэктурныя знакі. // Кляймо, метка. Фабрычны знак. Фірменны знак.

4. Тое, што і значок (у 1 знач.). Усе леснікі былі ўжо ў зборы У лепшым стражніцкім уборы: У новых куртках са шнурамі, А на грудзінах са знакамі, На шапках «Я» было з каронай. Колас.

5. Рух (рукой ці галавой), якім паведамляюць што‑н., папярэджваюць аб чым‑н. Убачыўшы Васіля, Піліп ветліва памахаў яму зверху рукой і паказаў знакамі, што хутка спусціцца ўніз. Кулакоўскі. Поля спалохана падавала Сашы знакі: маўчы, каму ты гаворыш, думай! Кузьма заўважыў гэтыя знакі. Шамякін.

•••

Вадзяныя знакі — літары і фігуры на паперы, якія ставяцца ў час вырабу паперы і бачныя толькі на прасвет.

Дзяржаўны знак якасці — адзіная ў СССР адзнака дзяржаўнай атэстацыі прадукцыі на адпаведнасць яе лепшым сусветным і айчынным узорам.

Дыякрытычны знак — знак над або пад літарай, які паказвае, што яе трэба чытаць інакш, чым без яго або з іншым знакам (напрыклад, у беларускай мове літара «ў» чытаецца коратка ў адрозненне ад «у»).

Знакі адрознення — значкі, нашыўкі, пагоны і пад. на форменным адзенні, якія служаць для абазначэння звання, роду службы ці ведамства.

Знакі задыяка — абазначэнні 12 сузор’яў, якія размешчаны ўздоўж экліптыкі і названы пераважна імёнамі жывёл (Рак, Леў, Скарпіён і інш.).

Знакі прыпынку — графічныя знакі (кропка, коска і пад.), якія ўжываюцца ў пісьмовай мове для сэнсавага і інтанацыйнага расчлянення тэксту.

Знакі ўзнагароды — ордэны і медалі.

Мяккі знак — назва літары «ь».

Цвёрды знак — назва літары «ъ» (у рускай і старабеларускай азбуцы).

Дацца ў знакі гл. дацца.

Пад знакам чаго — кіруючыся якой‑н. ідэяй, якім‑н. імкненнем. У нашай сям’і выхаванне ішло пад знакам вялікай любві і пашаны да кнігі. С. Александровіч.

У знак чаго — як сведчанне, доказ чаго‑н.; паказваючы, выяўляючы што‑н. Калі Сашу гаварылі, што з ім пойдзе Аляксей, той толькі моўчкі ківаў галавой у знак згоды. Новікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

інфарма́цыя, ‑і, ж.

1. Тое, што і інфармаванне.

2. Паведамленне аб становішчы спраў у якой‑н. галіне, аб чыёй‑н. дзейнасці і пад.; звесткі аб чым‑н. Атрымаць інфармацыю. Бюро тэхнічнай інфармацыі. Палітычная інфармацыя. □ Камбінацыя трох прыяцеляў заключалася ў тым, каб падбіць Саўку за пэўную ўзнагароду звязацца з тулягамі, паўстаўшымі супроць багацеяў, і даваць аб іх інфармацыю. Колас. Неўзабаве Юзік меў ад Аннушкі і Каліны поўную інфармацыю аб камендатуры. Няхай. // Артыкул, нататка інфармацыйнага характару. Апублікаваць інфармацыю з месц. □ Васіль Сымонавіч прачытаў інфармацыю «З залы суда», пацікавіўся прагнозам надвор’я. Арабей.

3. Сукупнасць якіх‑н. звестак, ведаў. Паток інфармацыі.

4. Звесткі, сігналы аб навакольным свеце, якія ўспрымаюць арганізмы ў працэсе жыццядзейнасці. Інфармацыя праз органы пачуццяў перадаецца ў мозг.

5. Звесткі, якія з’яўляюцца аб’ектам захоўвання, перадачы і перапрацоўкі. [Назвы паселішчаў] з далёкага мінулага нясуць нам інфармацыю пра нашых продкаў, пра ўклад народнага жыцця. «Маладосць».

6. Сукупнасць колькасных даных, выражаных пры дапамозе лічбаў, крывых або графіка, якая выкарыстоўваецца ў зборы і апрацоўцы якіх‑н. звестак. Даныя тэлеметрычнай інфармацыі. З борта штучнага спадарожніка Зямлі наступае навукова-тэхнічная інфармацыя.

7. У біялогіі — сукупнасць хімічна закадзіраваных сігналаў, якія перадаюцца ад аднаго жывога аб’екта другому (ад бацькоў патомкам) або ад адных клетак, тканак, органаў другім у працэсе развіцця арганізма.

•••

Тэорыя інфармацыі гл. тэорыя.

[Ад лац. informatio — растлумачванне.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

газ 1, ‑у, м.

1. Фізічнае цела, асобныя часціны якога, слаба звязаныя паміж сабой, рухаюцца свабодна і раўнамерна запаўняюць усю прастору, у якой знаходзяцца. Прыродны газ. Атмасферныя газы. // Агульная назва гаручых газападобных ці парападобных рэчываў, якія скарыстоўваюцца для ацяплення, асвятлення і пад. Газ — цудоўнае паліва. Ён з поспехам можа замяніць вугаль, дровы, нафту. «Беларусь». // Пра награвальныя і інш. прылады, якія скарыстоўваюць для свайго дзеяння такія рэчывы. Кватэра з газам.

2. толькі мн. (га́зы, ‑аў). Газападобныя страўнікавыя выдзяленні.

3. звычайна мн. (га́зы, ‑аў). Баявыя атрутныя газападобныя рэчывы. Вярнуўся Сцяпан з вайны, здаецца б, радасці колькі! Але вярнуўся чалавек хворым. Атруцілі яго газамі. Лынькоў.

•••

Балотны газ — бясколерны гаручы газ, які ўтвараецца ад гніення раслінных рэшткаў.

Вуглякіслы газ — бясколерны газ, які ўтвараецца пры поўным згаранні вугляроду.

Генератарны газ — газападобнае паліва, якое атрымліваецца з каменнага вугалю, торфу, коксу, дрэва ў спецыяльных печах — газагенератарах.

Грымучы газ — выбуховая сумесь вадароду з кіслародам.

Інертныя газы — газы, якія амаль не ўступаюць у хімічныя рэакцыі з іншымі элементамі.

Коксавы газ — гаручы газ, які атрымліваецца пры каксаванні каменнага вугалю.

Чадны газ — бясколерны ядавіты газ, прадукт няпоўнага акіслення вугляроду; вокіс вугляроду.

Даць газу гл. даць.

Збавіць газ гл. збавіць ​1.

На поўным газе — на самай вялікай скорасці.

[Фр. gaz.]

газ 2, ‑у, м.

Лёгкая шаўковая празрыстая тканіна.

[Фр. gaze.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разе́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

1. Сабраныя ў пучок стужка, тасьма, шнур і пад., якія служаць упрыгожаннем чаго‑н. Намітку накладвалі такім чынам, што распраўлены канец з вышытай разеткай спускаўся па левым плячы, а разетка была на ўзроўні пляча. «Помнікі». // Ордэнскі бант, які носяць у пятліцы.

2. Маленькі сподачак для варэння, мёду, цукру і пад. Седзячы ў качалцы, Кашына ўзяла лыжачку, разетку з варэннем і, пасмоктваючы агрэст, пачала расказваць навіны. Карпаў.

3. Элемент арнаменту ў выглядзе кветкі з аднолькавымі пялёсткамі (у мастацтве, архітэктуры). Цяжка было адвесці вочы ад высокага будынка, складзенага з тоўстых, амаль мядзяных, бярвенняў, якія месцамі былі прыкрыты белымі драўлянымі карункамі розных карнізаў, падаконнікаў, разетак і іншых разбярскіх цудаў. Рамановіч. Дошка [на акне] упрыгожваецца выразаным малюнкам, звычайна накладнога характару, у выглядзе ромбаў, разетак, віньетак, стылізаваных звяроў, птушак, кветак і лісця. «Беларусь».

4. Прыстасаванне для ўключэння асвятляльных, награвальных і іншых прыбораў у электрычны ланцуг. [Толя] стаяў каля сцяны і падключаў да электрычнае, разеткі трансфарматар. Шыловіч.

5. Спец. Група лістоў, якія скучана размешчаны пры самай зямлі па вертыкальным парастку.

6. Шкляны або папяровы абажур для электрычнай лямпы ў выглядзе раструба.

7. Шкляны, фарфоравы або металічны кружок з адтулінай у сярэдзіне, які засцерагае падсвечнік ад капель стэарыну, воску і пад.

[Фр. rosette.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прапаве́даваць ’распаўсюджваць якое-небудзь веравучэнне, растлумачваючы яго слухачам’, прапаведнік (ТСБМ). У Насовіча слова адсутнічае. Відаць, кніжнае запазычанне з рус. пропове́довать, пропове́дник ’тс’, якія працягваюць ст.-рус., ст.-слав. прьповѣдати, проповѣдник і калькуюць лац. praedicāre ’гаварыць (аб прадмеце)’, praedicātor ’прапаведнік’ (Фасмер, 3, 376). Лац. словы ўзыходзяць да prae‑ ’пра’ і dicare ’гаварыць’ (Голуб-Ліер, 391).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Не́ка ’не; ніяк’ (бешанк., Нар. сл.; Цых.). Магчыма некалькі тлумачэнняў паходжання слова, якія маюць права на існаванне, асабліва пры дапушчэнні аманіміі форм: не́ка < не́а (адмаўленне, гл.) шляхам устаўкі к паміж галоснымі; не + ка (часціца, як у тута‑ка, тама‑ка, нямаша‑ка, немае‑ка і г. д.); утворана ад дзеяслова не́каць ’гаварыць «не»’, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лубкі́ ’тонкія дошчачкі, якія накладаюцца на месца пералому касцей’ (ТСБМ), лубок ’тс’ (ветк., Мат. Гом.); лубкі́ ’вокладкі кнігі’ (хойн., Мат. Гом.), а таксама лубок ’ліповая дошка, на якой даўней гравіравалася карціна для друкавання’ (ТСБМ). Укр. лубо́к, рус. лу́бо́к, польск. łubki, чэш. loubek, славац. lubok. Паўн.-слав. lubъkъ < lubъ. Да луб1 (гл.). Гл. таксама лубок.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пацяме́шыць ’пачухаць’ (ашм., паст., Сл. ПЗБ). Да па- і цемя́шыць ’тс’, цемяшыцца ’чухацца’, ’варушыцца’, ’пераварочвацца з боку на бок’ (брасл., ашм., трак., паст., астрав., Сл. ПЗБ), якія збліжаюцца з цемя, цяміць, а таксама з укр. темʼяжити ’давіць’, рус. темяшить ’біць кулаком’, польск. ciemiężyć ’прыціскаць, душыць’ (Міклашыч, 356; Брукнер, 62; Фасмер, 4, 41 і 140).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пе́кліца ’прыстасаванне для вялення ўюноў у печы ці на агні: дзве падстаўкі з зарэзамі, на якія кладуць папярочкі з нанізанымі ўюнамі’ (ТС). Першапачаткова абазначала ’пекла’ ў пераносным сэнсе — ’пекла для ўюноў’. Утворана ад пекл‑а і прасл. суф. *‑ьce: pьklcьe, у якім ‑ь‑ для зручнасці вымаўлення збегу зычных перайшло ў ‑i‑ (параўн. *sьrd‑ьce > ’сэрца’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Перакру́сенне (пырыкру́сэнне) ’ніткі, якія ідуць ад задняга навоя да пярэдняга’ (Сл. Брэс.). З ⁺перакро́сенне, якое з польск. мазав., падляш. przezkrośnie ’даўжыня асновы паміж навоем і ніткамі’, параўн. ’таксама падляш. przekrośnie, przekrosenie ’прастора паміж навоем і ніткамі’. З przez‑ ’праз, цераз’ і krosenie < прасл. ⁺krosьnьje < *krosno > кро́сны (гл.). Параўн. яшчэ Трубачоў, Ремесл. терм., 16, 126–127.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)