Пэйс, часцей мн. л. п́эйсы ’валасы на скронях у выглядзе скручаных локанаў, што адпускалі прававерныя яўрэі’ (Нас., Сержп.), ’доўгія пасмы валасоў ля скроняў’, разм. ’раскручаныя доўгія валасы’ (ТСБМ, Жд. 3, Шат., Сл. ПЗБ, Яруш.), ’непрыбраныя, распушчаныя валасы’ (лях., Янк. Мат.; Сцяшк.), пэ́йсахі ’тс’ (Нас., Скарбы, Сцяшк.), пэ́йса ’дзявочая каса’, пэ́йсік ’локан’ (Нас.), параўн. укр. пейс, мн. л. пе́йси ’доўгія валасы на скронях у яўрэяў’, польск. pejs, мн. л. pejsy ’тс’, чэш. pejz, pejzy ’тс’, славац. pajes ’тс’. Запазычанне з ідыш pejes < ст.-яўр. pēʼōth ’скроні’ (мн. л. ад pēʼā ’бакі’), гл. Вінер, ЖСт., 1895, 1, 65; Фасмер, 3, 225; Махэк₂, 441; супраць Банькоўскі (2, 524): выводзіць з ням. дыял. мн. л. peissen ’бічыкі’, параўн. ням. peitsche ’пуга, бізун’, што, у сваю чаргу, лічыцца запазычаным са ст.-чэш. bič ’тс’; калі прыняць рэалію ў якасці архаізма, то такое тлумачэнне малаверагоднае.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сляпе́нь ‘насякомае Tabanus L. (ТСБМ, Байк. і Некр., Касп., Бяльк., Сл. ПЗБ, ЛА, 1), сляпа́к ‘сляпень’ (ТСБМ, Сцяшк., Шатал., Нар. словатв., ТС), сляпе́ц ‘тс’ (Скарбы), сляпня́к ‘тс’ (Нар. лекс.), сляпе́нь ‘вераценніца’ (Нас., Касп., Сл. ПЗБ). Укр. слі́пень ‘насякомае Tabanus’, сліпи́й овод ‘авадзень’, сли́пинь ‘змяя’, сліпа́к ‘вераценніца’, рус. сле́пе́нь ‘насякомае Tabanus’, польск. ślepak ‘авадзень’, ślepiec ‘тс’, в.-луж. slepc, н.-луж. slěpc ‘тс’. Да сляпы, таму што, па народных уяўленнях, калі авадзень упіваецца, робіцца як бы сляпым і яго можна зняць не спалохаўшы, а вераценніцу лічаць сляпой з-за малога памеру вачэй. Гл. Фасмер, 3, 669; Бязлай, 3, 259; Шустар-Шэўц, 1311–1312; ЕСУМ, 5, 303–304; Новое в рус. этим., 210–211. Сюды ж, мабыць, слепень: слепням у вочы лезе (Сержп.), сле́пецень у выразе лезці слепетнем і слепі́ца: лезці слепіцэю ‘лезці нахабна, назойліва’ (ТС, Пятк. 2).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трашчу́ха ‘блізна, памылка ў палатне, калі ніткі асновы ідуць без ператыкання з-за адсутнасці адной трысцінкі альбо парваных шнурочкаў (ці нітак) у ніце’; шчуха́, шу́ха, ташчу́ха (Сцяшк. Сл.; Жыд. 1; Сл. ПЗБ; АБ, 9). Параўн. польск. szczuczka ‘тс’, taszczucha ‘тс’ (Фалінская, Sł. tkac., 1, 316). Звязана з тшчы (гл.), параўн. укр., рус. то́щий, стараж.-рус. тъщь, ст.-слав. тъшть ‘пусты’, ‘парожні’, ‘галодны’, серб. та̏шт, славен. təšč, ст.-чэш. tští, ст.-польск. tszczy, czczy ‘пусты’, ‘худы’. Першапачатковай формай можна лічыць ташчу́ха, з яе — скарочаны варыянт шчу́ха з прычыны спалучэння глухіх т‑ і тч‑. Пачатак слова, магчыма, пад уплывам лексемы траста́, трысці́на, гл. Аднак не выключана непасрэднае ўтварэнне ад трашчы́ць ‘трасціць (ніткі)’, гл. Сюды ж, відаць, і трашчу́ха ‘шчыліна паміж дзвюма трысцінкамі ў бёрдзе’ (АБ, 9). Меркаванні пра сувязь з літ. šukė ‘шчарбіна, зазубрына’ (Трухан, БЛ, 48, 59) не пераконваюць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тро́гаць ‘чапаць’ (Бяльк.; в.-дзв., Сл. ПЗБ), ‘турбаваць да хвалявання, расчуленасці’, тро́нуць ‘злётаў зачапіць’ (Юрч. Сін.), тро́гаць раны ‘напамінаць пра цяжкія перажыванні ў мінулым’ (Юрч. Фраз. 3), сюды ж, магчыма, ст.-бел. троганистый ‘турботны (?)’ (ГСБМ). Параўн. укр. трога́ти ‘кранаць, непакоіць, назаляць’, тронутися ‘стаць трохі ненармальным псіхічна’, рус. тро́гать ‘кратаць, дакранацца, чапаць; рушыць (у дарогу)’, ‘непакоіць, выклікаць спачуванне’, балг. тро́гвам ‘кратаць, кранаць’. Паводле існуючых тыпалагічных версій, супастаўляюцца з лат. treksne ‘ўдар, штуршок’, ст.-ісл. þreka ‘ціснуць’, ст.-англ. đracu ‘націск, насілле, гвалт’ (Мюленбах-Эндзелін, 54, 230) ці з лац. trahō, trahere ‘цягнуць, сунуць’. Калі не лічыць, што беларуская лексема запазычана з рускай мовы, пра што сведчыць перш за ўсё яе лінгвагеаграфія, то найбольш верагоднай з’яўляецца версія аб сувязі з то́ргаць (гл.) з перастаноўкай гукаў у сярэдзіне слова (Мікала, Ursl. Cr., 3, 92; ЕСУМ, 5, 646; Арол, 4, 105).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

го́лад, ‑у, М ‑дзе, м.

1. Адчуванне патрэбы ў ежы, моцнае хаценне есці. Адчуць голад. Прагнаць голад. □ Мікола ўжо і забыў, калі наядаўся ўволю. Нават у сне яго мучыў голад. Новікаў. // Працяглае недаяданне з-за недахопу ежы. Пухнуць з голаду. □ Выскачыў з бярлогі сумны воўк, Ад голаду сухі, бы корч. Бядуля.

2. Недахоп або адсутнасць харчовых прадуктаў як масавае няшчасце з прычыны неўраджаю, вайны і пад. У голад намруцца, у вайну налгуцца. Прыказка. // перан. Увогуле недахоп чаго‑н. жыццёва важнага, неабходнага. Рэпертуарны голад. Кніжны голад. □ Зямельны голад гнаў селяніна ў кабалу да памешчыка. Івашын.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гру́зны, ‑ая, ‑ае.

1. Масіўны, цяжкі. Грузны стол. □ Пыл шэраю хмараю валіць З-пад грузных машын у бакі. Калачынскі. Нівы пладавітыя Шэпчуць грузным коласам. Глебка. // Тоўсты, непаваротлівы (часцей пра чалавека, яго цела). Дзедава пляменніца была ўжо не маладая: здаровая, грузная, з бледным прыпухлым.. тварам. Ракітны. Грузны, камлюкаваты Валак, па-старэчы цяжка перавальваючыся, тупае да грубкі. Васілевіч. // Цяжкі, марудны (пра крок, паходку і пад.).

2. Цяжка нагружаны. Я ўбачыў здалёк два вокі, і гэта быў поезд. Ён соп, калі падыходзіў, вельмі ж сярдзіта. І такі ж грузны, чорны ўвесь, як тоўстая вужака. Баранавых.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бла́зан і бла́зен, ‑зна, м.

Разм.

1. Пра непаўналетняга чалавека, хлапчука; блазнюк. [Старшыня:] — І хто гэта дазволіў, каб нейкі блазан, учарашняе дзіця, маё заслуж[а]нае імя няславіў і аўтарытэт падрываў? Быкаў.

2. Малады чалавек несур’ёзных паводзін. — Эт, блазан, ды і толькі! — абсек Дразда злосны Косця і пайшоў па вуліцы. Карпюк. // Той, хто сваімі паводзінамі любіць пацяшаць другіх. [Маша Славіку:] — Блазен! Калі-небудзь ты моцна пагарыш за свае дурныя жартачкі. Шамякін.

3. Уст. Асоба пры двары манарха ці феадала, якая павінна была весяліць гаспадара і гасцей. Покуль размову вялі яны з панам, блазан у бубен парнуў нечакана. Дубоўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гіга́нт, ‑а, М ‑нце, м.

1. Чалавек або жывёліна незвычайна вялікага росту; волат, велікан. Слон-гігант. Кіт-гігант. □ Гаспадар адказаў на прывітанне, і, калі выйшаў на сцежку, аказалася, што гэта вельмі высокага росту чалавек. .. Гігант, мякка ступаючы па пяску, падышоў да дзяцей. Самуйлёнак. // перан. Пра што‑н. незвычайна вялікіх памераў. Завод-гігант. □ І вось найшла навальніца, наваліліся дрэвы, усю зямлю ўслалі векавыя гіганты. Лынькоў. Гараць агні гігантаў індустрыі, Шуміць калоссем плённая зямля. Звонак.

2. перан.; звычайна чаго. Талент, вялікі дзеяч у якой‑н. галіне. Гігант навукі. Гігант сусветнай літаратуры.

[Ад грэч. gigantos — волат, велікан.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адмахну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак. і аднакр.

1. Махнуўшы чым‑н., адагнаць ад сябе, не дапусціць да сябе каго‑н. Адмахнуцца ад камара. // Махнуць рукой (рукамі) у знак пратэсту, нязгоды, незадаволенасці чым‑н. Калі варта, дык і палаяць не пашкодзіць, — нецярпліва адмахнулася ад мужа рукою Вера Васільеўна. Паслядовіч.

2. перан. Разм. Адмовіцца рабіць што‑н., не паспрабаваўшы разабрацца, не ўдзяліць увагі чаму‑н.; несур’ёзна аднесціся да якой‑н. справы. Васіль адмахнуўся ад пустых размоў. Шамякін. А швагер мой — нібы зусім цвярозы, нібы назаўсёды хочучы адмахнуцца ад таго, што было — апусціў вочы. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

асудзі́ць, асуджу, асудзіш, асудзіць; зак., каго-што.

1. Прызнаўшы вінаватым, вынесці абвінаваўчы прыгавор.

2. Прызнаць заганным, ганебным што‑н.; выказаць неадабрэнне каму‑, чаму‑н. Адна толькі Волька, ідучы паўз хату Лявона, рэдка калі прамінала, каб не асудзіць уголас старых. Васілевіч. Старэйшыя жанчыны сурова асудзілі [Таццяну] за тое, што яна кінула дзіця. Шамякін.

3. перан.; на што або з інф. Аддаць, пакінуць (на волю лёсу, на голад і пад.). Фашысцкія акупанты імкнуліся зрабіць партызанскія раёны зонай пустэчы, вынішчыць пасевы і тым самым асудзіць насельніцтва і народных мсціўцаў на голад. «Звязда».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)