за 1, прыназ. з В і Т.

Спалучэнне з прыназоўнікам «за» выражае:

Прасторавыя адносіны

1. з В і Т. Ужываецца пры абазначэнні прадмета, месца і пад., за межы якіх накіравана дзеянне, рух або за якімі, па другі бок якіх знаходзіцца хто‑, што‑н., адбываецца што‑н. Паехаць за горад. Жыць за ракой. □ За вёскай, у лесе, ладзілася маёўка. Асіпенка. // (з дзеясловамі «сесці», «усесціся», «стаць» і пад.). Ужываецца пры абазначэнні прадмета, каля якога хто‑н. размяшчаецца для работы або якога‑н. занятку. Сесці за стол. Стаць за пульт кіравання. Сядзець за рулём.

2. з Т. Ужываецца пры абазначэнні асобы або прадмета, услед за якімі рухаецца хто‑, што‑н. Хадзіць за плугам. □ За дзедам на некаторай адлегласці пайшлі і яго сыны. Колас. За двума зайцамі пагонішся — ні аднаго не зловіш. Прыказка.

Часавыя адносіны

3. з В. Ужываецца пры абазначэнні прамежку часу, на працягу якога што‑н. адбывалася або адбылося. За ноч падмарозіла. Падрос за лета. □ Многа падзей адбылося за апошнія часы. Колас. А больш за ўсё бабе крыўдна, Што ён за свой казацкі век Клінком дамаскім, гартаваным, Яшчэ не ўсіх паноў пасек... Танк. // Ужываецца пры азначэнні прамежку часу, які патрабуецца для выканання чаго‑н. Ураджай можна ўбраць за месяц.

4. з Т. Ужываецца пры абазначэнні адначасовасці, паралельнасці розных з’яў, дзеянняў і пад. Сустракаліся за работай. □ Алесь і заснуў за гаворкаю з маці, а тая праседзела да самага відна, не спускаючы вачэй з сына. Броўка. За вячэрай.. пачыналася размова пра грыбы. С. Александровіч.

5. з Т. Ужываецца пры абазначэнні асобы, з’явы і пад., у бытнасць, перыяд дзейнасці якіх адбываецца што‑н. За бацькамі лёгка жывецца. Звозіць снапы за пагодай. □ А зямелькі шнур, Пляц, якім валодала За царом карчма, Як зямля народная, Іхнім стаў дома. Куляшоў.

6. з В. Ужываецца пры абазначэнні прамежку часу, які аддзяляе адно, папярэдняе дзеянне ад другога, наступнага, звычайна выражанага назоўнікам роднага склону з прыназоўнікам «да». За колькі дзён да касавіцы Касцы заглянуць на паліцы, Каб малаток знайсці і бабку. Колас. За год перад вайна Грысь... зрабіў на Стамагільскай рацэ паром. Кулакоўскі.

7. з В. Ужываецца пры абазначэнні моманту, прамежку часу, за межы якога працягваецца дзеянне. Гутарка цягнулася за поўнач. □ Час падходзіў за Пакровы. Вецер ліст з лясоў атрос. Колас.

8. з Т. Ужываецца пры абазначэнні моманту, прамежку часу, пасля якога што‑н. адбываецца або наступае. За летам прыйшла восень. □ За ветрам упалі першыя рэдкія буйныя кроплі. Галавач. // Ужываецца пры абазначэнні паслядоўнасці падзей, з’яў. Мінае дзень за днём, за годам год мінае. Танк.

Аб’ектныя адносіны

9. з В. Ужываецца пры абазначэнні прадмета або асобы, якія бяруць, да якіх дакранаюцца, за якія трымаюцца і пад. Павітацца, за руку. Узяць за плечы. Схапіцца за жывот. Учапіцца рукамі за маці. □ Ярмоленка ціхенька бярэцца за дзвярную ручку. Кулакоўскі. // Ужываецца пры абазначэнні занятку, да якога прыступаюць. Сесці за ўрокі. Узяцца за работу.

10. з В. Ужываецца пры абазначэнні асобы, прадмета, стану, якія выклікаюць тое ці іншае пачуццё, перажыванне. Непакоіцца за сына. Сорамна за непачцівасць. □ І ў сэрцы радасна бясконца За лёс краіны, за яе У вяках нягаснучае сонца, За песні, што народ пяе, За мірны і бясхмарны поўдзень Над беларускаю зямлёй. Танк.

11. з В. Ужываецца пры абазначэнні асобы, прадмета, стану, у дачыненні да якіх хто‑н. бярэ на сябе абавязкі, клопаты, адказнасць і пад. Ручацца за поспех. □ Алесь адчуў, што ўся адказнасць за падрыхтоўчыя работы ляжыць цяпер толькі на ім. Броўка. // Ужываецца пры абазначэнні асобы, прадмета і пад., якіх падтрымліваюць, за якіх заступаюцца. Закінуць слова га таварыша. □ Ой, патрапіць народ часам За сябе ўступіцца. Купала. За цябе, Беларусь, горда Пастаю на варце ля мяжы. Чарот. // Ужываецца пры абазначэнні асобы, у імя якой што‑н. робіцца, выконваецца. Паднімем жа чаркі сям’ёю адзінай За матак, сясцёр і братоў. Броўка.

12. з Т (рэдка). Ужываецца пры абазначэнні асобы, прадмета і пад., па якія хто‑н. адпраўляецца. Хто палез за агуркамі, Хай той носіць пухіры. Крапіва. Рана ўсталі маладзіцы Ды да студняў за вадой. Янішчыц.

13. з В. Ужываецца пры абазначэнні прадмета, у абмен на які што‑н. набываецца, ствараецца, а таксама пры абазначэнні цаны, за якую купляецца або прадаецца што‑н. Набыць за грошы. Купіць за рубель. □ — Я распараджуся, каб за яго навуку плацілася. Чорны.

14. з В. Ужываецца пры абазначэнні асобы, прадмета і пад., замест якога або ад імя якога дзейнічае хто‑н. Дзяжурыць за таварыша.

15. з В. Ужываецца пры абазначэнні асобы, прадмета і пад., якія выступаюць або прымаюцца ў якасці каго‑, чаго‑н., як хто‑, што‑н. Прыняць праект за аснову. Палічыць жарт за праўду. □ Старэйшую сястру ён паважаў і любіў — яна з маленства была яму за маці. Шамякін. / Пры абазначэнні прафесіі, роду дзейнасці і пад. Быць за старшыню. Вывучыцца за настаўніка.

16. з В. Ужываецца пры параўнанні аб’ёму дзейнасці данай асобы са звычайнай нормай дзейнасці некалькіх асоб. Працаваць за трох. □ Ідзе так дзядзька і па бруку Адзін за дзесяць робіць груку. Колас.

17. з В і Т. Ужываецца пры абазначэнні асобы, якая выступае жаніхом, мужам каго‑н. (з дзеясловамі «выйсці», «выдаць», «сватаць» і пад.). Выдаць замуж за брыгадзіра. Выйсці за доктара. Была замужам за лейтэнантам.

18. з Т. Ужываецца пры абазначэнні асобы, прадмета і пад., якія з’яўляюцца аб’ектам назірання, дагляду, увагі. Прыбраць за сабой. □ Дзед Талаш нерухліва і з вялікай цікавасцю наглядае за кабаном. Колас. Танца здымала накіп з вады, сачыла за кацялком, Васіль падкладваў ламачча. Мележ.

19. з Т. Ужываецца пры абазначэнні асобы (асоб), установы і пад., у распараджэнні якіх застаецца што‑н., за якімі лічыцца што‑н. Першынство засталося за дынамаўцамі. За ім лічыцца доўг. // Ужываецца пры абазначэнні асобы, прадмета і пад., ад якіх залежыць наступленне якога‑н. дзеяння, стану. Слова за вамі.

20. з Т. Ужываецца пры абазначэнні асобы, прадмета і пад., з якімі параўноўваецца, супастаўляецца хто‑, што‑н. Старэйшы за брата. Цвярдзейшы за камень. □ Праўда даражэй за золата. Прыказка. / У некаторых устойлівых спалучэннях: «перш за ўсё», «хутчэй за ўсё».

21. з В. Ужываецца пры абазначэнні прадмета гаворкі, сведчання і пад. А ўсё гэта, разам узятае, гаварыла за пашырэнне, за далейшае развіццё той справы, пачатак якой клаў Букрэеўскі паход сумесна з партызанамі. Колас.

Прычынныя адносіны

22. з В. Ужываецца пры абазначэнні прадмета, з’явы і пад., якія з’яўляюцца прычынай, падставай для якога‑н. дзеяння або стану. Хваліць за кемлівасць. Караць за здраду. □ Ходзіць садам садоўнік, шчаслівы за працу. Броўка. Сівым яго празвалі за валасы, асабліва светлыя ўлетку, калі яны выгаралі на сонцы. Брыль.

23. з Т. Ужываецца пры абазначэнні аб’екта, які з’яўляецца перашкодай для дзеяння ці наступлення пэўнага стану. За ветрам нічога не чуваць. За работай не мае вольнай хвіліны. □ За дурной галавою і нагам няма спакою. Прыказка.

Мэтавыя адносіны

24. з Т. Ужываецца пры абазначэнні асобы, прадмета і пад., якія з’яўляюцца мэтай дзеяння, руху. Звярнуцца за дапамогай. □ [Мікалая Патапавіча] ужо ніхто не будзіць, ніхто не турбуе, ніхто не заходзіць у хату з пытаннямі, за парадамі. Кулакоўскі.

Колькасныя адносіны

25. з В. Ужываецца пры абазначэнні велічыні адлегласці, выражанай у якіх‑н. адзінках. Мястэчка знаходзілася за сорак вёрст ад чыгункі. Корбан. Міліцыянеры бачылі за гоні ад сябе шырокую будыніну школы. Броўка.

26. з В. Ужываецца пры абазначэнні перавышэння якой‑н. меры, колькасці. Гэта была худзенькая, згорбленая бабулька, якой, казалі, пераваліла ўжо за сотню. С. Александровіч.

Акалічнасныя адносіны

27. з Р і Т. Ужываецца пры абазначэнні спосабу дзеяння. Галя знайшла рукой яе цёплыя плечыкі і прыгарнула малую да сябе — усю за раз, з усімі яе думкамі. Брыль. Адзін за адным, адзін за адным выплываюць з-за небасхілу караблі. Кулакоўскі.

Азначальныя адносіны

28. з Т. Ужываецца пры абазначэнні знешняй прыметы чаго‑н. па нумару, подпісу і пад. Даведка за подпісам старшыні. □ Дом за нумарам дваццаць чатыры, даўні сябра мой шчыры! Куляшоў.

29. з В. Ужываецца пры абазначэнні аб’ёму ведаў. Экзамен за курс пачатковай школы.

за 2, прысл.

У падтрымку, на карысць каго‑, чаго‑н. — А ты свае [лугі] не запускай, а дамагайся, каб трава добра расла. — Ды я што, супроць? — Не, не супроць, але і не за. Броўка.

•••

За і супроць — тое, што пацвярджае, апраўдвае якое‑н. рашэнне, дзеянне ў супастаўленні з тым, што яго адмаўляе, абвяргае. Узважыць усе за і супроць.

Што за ... гл. што.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

па 1, прыназ. з Д, В, М.

Спалучэнне з прыназоўнікам «па» выражае:

Прасторавыя адносіны

1. з М. Ужываецца пры абазначэнні месца ці прадмета, уздоўж якіх адбываецца рух або размяшчаецца хто‑, што‑н. Ісці па вуліцы. Прайшоў па калідоры. □ Па гладкай, як шкло, магістралі, Дзе белыя ліпы цвітуць, Нібыта блакітныя хвалі, Машыны плывуць і плывуць. Хведаровіч. Па шляху цягнуліся фурманкі. Галавач. Пабудовы то гусціліся па нямігскіх берагах, то выстройваліся доўгім радам па Свіслачы. Чорны. // Пры абазначэнні прадмета, на паверхні якога адбываецца дзеянне або размяшчаецца хто‑, што‑н. Ціхая дума блукае па твары сястры. Кірэенка. Натужліва гудзеў грузавік, коўзаючыся па слізкіх выбоінах. Лынькоў. А песня то расінкай блісне, То, як вяроўкаю тугой, Жальбой раптоўна горла сцісне І па шчацэ збяжыць слязой. Вялюгін.

2. з Д у адз. Ужываецца пры словах, што абазначаюць прадмет, паверхня якога служыць месцам выяўлення чаго‑н. Чаканка па металу. □ Мы стаялі перад разьбой па дрэву выдатнага скульптара Віта Ствоша. Брыль. Знадворку і вагон прыгожы. Яшчэ не сцерлася назусім чырвоная фарба. З левага боку ўгары намаляваны чорным па беламу двухгаловы арол з царскай каронай. Лынькоў.

3. з М. Ужываецца пры абазначэнні месца, прасторы, у межах якіх адбываецца дзеянне. Мы ўтрох ішлі па полі, перасякаючы малады калгасны сад. Скрыган. Мне здаваўся даўгім яго шлях, Босы, бег ён праз ямы, Па халоднай зямлі, па лістах І па сэрцы маім Таксама. Куляшоў. Даставайце з вышак сані — Гайда сцежкі праціраць І па белым акіяне Ўздоўж і ўпоперак гуляць! Колас. // Пры абазначэнні шэрагу аднародных прадметаў ці паняццяў, у адносінах да якіх адбываецца дзеянне. Горда сталі Плячыстыя гумны — Усё лета забралі яны, І па хатах калгасных удумна Падлічаюцца працадні. Броўка. Палахлівыя водбліскі полымя трапятліва прабягалі па тварах, па бліжэйшых дрэвах, згушчаючы вячэрні змрок над зямлёю, над лесам. Лынькоў. Старэйшая дзяўчынка Ніна змалку прывыкла хадзіць па заработках. Галавач. // Ужываецца пры ўказанні на асоб, месцы, якія хто‑н. часта наведвае. Хадзіць па дактарах.

4. з Д у адз. і М у мн. Ужываецца са значэннем: у кірунку, прытрымліваючыся напрамку чаго‑н. Паехалі па маршруту, які нам прапанаваў генеральны сакратар таварыства, наш гід доктар Шастры. Брыль. І калі гэты адказ будзе ісці доўга вельмі, як ідзе святло ад далёкай зоркі, і калі ён прыйдзе тады, як мяне ўжо не будзе, то пашлюць мне адказ па адрасу, па якому я пішу сваёй маці... Вярцінскі. Проста па прысадах на захад ледзь туманіліся абрысы дробнага гарадка. Чорны.

5. з В, а таксама з М. Ужываецца пры ўказанні на напрамак дзеяння або на месца размяшчэння каго‑, чаго‑н. (са словамі «бок», «старана», «край», «рука» з азначэннямі). Бацька быў у арміі, недзе па той бок фронту, і з першага дня вайны не было ад яго ніякай весткі. Чорны. Па абодва бакі [сцежкі] ляжала нядаўна ўзараная чорная зямля, і надта белымі і танюткімі здаваліся ствалы яблынь і вішань, пабеленыя вапнай. Караткевіч. З самага краю вуліцы, па левым баку яе, стаяла падбудаваная і зусім яшчэ прыстойная хата. Гартны. Па правай руцэ цягнуўся ельнік уперамешку з маладымі хвоямі, а з левага боку пачынаўся бярэзнік. Колас.

6. з В. Ужываецца пры абазначэнні прадмета, які з’яўляецца прасторавай мяжой распаўсюджання чаго‑н. Улезці ў ваду па пояс. Колы вязнуць у пяску аж па ступіцу. □ Не дзяўчына — любасць адна. Асабліва ж каса па калені. Лынькоў. Ужо лісце пад нагамі Аж па забарсні шуміць. Броўка.

Часавыя адносіны

7. з В. Ужываецца пры абазначэнні часу ці тэрміну, непасрэдна да наступлення якога што‑н. адбываецца, існуе. Эх, час касьбы, вясёлы час! І я ім цешыўся не раз, І з таго часу па сягоння Мне сонцам свеціць Наднямонне. Колас. Веру дрэву, веру зверу, Веру грому і дажджу... А каму па смерць не веру — Ў бітве ворагу скажу. Кірэенка.

8. з М. Ужываецца пры абазначэнні пэўнага часу, перыяду і пад., пасля якіх што‑н. адбываецца. З Васілём Паўлавым, нядаўнім сваім прыяцелем, .. [Севярын] пазнаёміўся ў першы вечар па прыездзе сюды. Караткевіч. І нават па змярканні нагрэты за дзень моцным яшчэ сонцам камень грэе ў падэшву твае босыя ногі. Чорны. Дзень добры, новая мясціна! Спаткаў, ты нас, як маці сына Па часе доўгае разлукі. Колас. На дзесятыя ўгодкі Варма вараць мёд салодкі, А па мёдзе — рукі ў бок Ды ў скокі крок у крок! Купала. // Ужываецца пры абазначэнні асобы ў выразах: «памяць па сабе», «памяць па ім» і пад. Цяпер, калі ўжо .. [Булгакава] няма, калі па ім у мяне засталася светлая памяць, .. я .. дзякую добраму лёсу за гэтую незвычайную дружбу. Брыль. // Ужываецца для абазначэння паслядоўнасці дзеяння (у выразах тыпу: «раз па разу», «кропля па кроплі» і пад.). Стукаюць спрытныя малаткі ды раз па разу пераліваюцца косы срэбным шорхатам мянташак. Лынькоў. Навуку трэба выкладаць па-навуковаму — кропля па кроплі, зразумела, дакладна. Пестрак.

9. з М. Ужываецца пры абазначэнні з’явы, працэсу, прадмета, час існавання якіх канчаецца ў выніку якога‑н. дзеяння. Вось і па дажджы! □ [Пніцкі:] — Адзін скубяне, другі скубяне, от табе і па ўсім. А сад штука далікатная. Чорны.

10. з М. Ужываецца пры абазначэнні пэўнага часу, калі адбываецца дзеянне. Ён сек тайгу, паліў карчы старанна І проса ў лядах сеяў па вясне. Куляшоў. // з М у мн. Ужываецца пры ўказанні на час, калі адбываецца дзеянне, якое рэгулярна паўтараецца. Пасуцца па начах заўсёды коні нашы З вясны да восені — даволі такі часу. Крапіва.

11. з Д у адз. Ужываецца пры абазначэнні прамежку часу ці перыяду, які неаднаразова паўтараецца. Не прыходзіць па тыдню. □ Калі мне бывала весела, Калі мне бывала радасна, Я часта па цэламу месяцу Твайго не знаходзіў адраса. Панчанка. Шмат у нас гарадоў, Шмат яшчэ паўзнімаецца — Толькі ў кожным пажыць Мне па году жадаецца. Броўка.

Аб’ектныя адносіны

12. з М. Ужываецца пры абазначэнні прадмета, на які накіравана дзеянне (удар, дакрананне і пад.). Стукнуць па стале. Удар па ворагу. Пагладзіць па галоўцы. □ Б’юць пранікі цяжкія па вадзе, Аж рэхам адклікаецца чарот. Танк. Гордыя замежныя салдаты, Зорку запрыкмеціўшы маю, Па панелі грукаюць заўзята І з павагай чэсць нам аддаюць. Панчанка. Дажджы ўсю ноч бубняць па ржавым даху, Ім дружна адгукаецца капеж. Звонак. Я не ведаю, чаму мне так уцешна, Як зазвоніць восень меддзю па лістах. Васілёк. Неўзабаве артылерыйская стральба па горадзе павялічылася. Чорны.

13. з М, а таксама з Д у адз. Ужываецца пры абазначэнні прадмета, асобы і г. д., аб якіх сумуюць, тужаць, бядуюць, плачуць і пад. Туга па радзіме. □ Па сонцу і вясне душа засумавала. Колас. — Па партызану будзе бедаваць І безуцешна горка слёзы ліць Старая маці, а па казаку Дзяўчына чарнабровая тужыць. Танк.

14. з М, а таксама з Д у адз. Ужываецца пры абазначэнні прадмета, прылады, інструмента, пры дапамозе якіх утвараецца дзеянне. Перадаваць па радыё. Вывучаць па сваім падручніку. □ Я ж гадзіннік з сабой захапіў, Час па ім Назіраю, Бо шчасліўцам ніколі не быў, Быць такім Не жадаю. Куляшоў. Ішлі мы па высокім трыснягу і па балоце, часамі па калені ў вадзе, ноч, дзень і яшчэ адну ноч. Ніхто нічога не еў. Ішлі па компасу. «Маладосць».

15. з Д у адз. і М у мн. Ужываецца пры абазначэнні роду, галіны ці сферы якой‑н. дзейнасці. Дырэктывы з’езда па пяцігадоваму плану. Работа па стварэнню калектываў мастацкай самадзейнасці. □ Розныя неадкладныя справы набягалі і па райкомаўскай лініі. Лынькоў. У нас пачынаецца многа работы — па выяўленню рэзерваў вытворчасці, зніжэнню сабекошту... Скрыган. Пісьменнік [К. Чорны] неаднаразова выступаў са змястоўнымі артыкуламі па пытаннях беларускай мовы. Кудраўцаў.

16. з Д у адз. і М у мн. Ужываецца са значэннем: у адпаведнасці з чым‑н., згодна з чым‑н., паводле якіх‑н. прымет. Дождж прайшоў як па заказу. Прыбыў па вашаму загаду. Адзявацца па сезону. Падыходзіць па чарзе. Рабіць па старому звычаю. Паставіць гадзіннік па маскоўскаму часу. □ Героі рамана [«Людзі на балоце»] кахаюць па вечнаму і неадменнаму для ніякай крытыкі закону самога яго вялікасці жыцця. Брыль. Я сам сяброў сваіх па ўзросту Вітаю ўсіх, Сабраўшы ў круг. Глебка. // Ужываецца пры ўказанні на блізкасць, сваяцтва, роднасць. Таварыш па універсітэту. Брат па бацьку. Сяброўкі па палатах. □ У дарозе мы выпадкова сустрэліся з сябрам нашага доктара Шастры па медыцынскаму інстытуту... Брыль. І сніў ён сяброў па заставе. Куляшоў. // Ужываецца пры ўказанні на таго, згодна з чыёй‑н. думкай, тэорыяй, чыімі‑н. поглядамі адбываецца дзеянне. Фільм па Талстому. Жыць і змагацца па Леніну. □ Антанюк даўно прыкмеціў, што з найбольшай цікавасцю.. [унук] глядзіць мультфільмы вось па такіх казках — па народных, па Пушкіну, па Андэрсену... Шамякін. «Ах, прастата — як гэта неабходна!» — часта паўтараў.. [Л. Талстой], гэты — па Горкаму — «апошні і сапраўдны арыстакрат рускай літаратуры». Брыль.

17. з М, а таксама з Д у адз. Ужываецца пры ўказанні на падставу, аснову якога‑н. дзеяння. Ведаем вас па газетах. Разумець па вачах. □ Па бацькавым твары Амяльян бачыць, што справа тут напалавіну зроблена. Колас. Па Васілёвым голасе адразу было ясна, што.. [чалавек] спіць спакойна. Караткевіч. А я па званочку твайму здагадаўся, Хто.. на дасвецці раніцай чыстаю Дзецям на флейце песні высвіствае. Вітка. Па беламу білету тры сыны яго жылі. Куляшоў.

Размеркавальныя адносіны

18. з Д, В і М. Ужываецца пры словах, якія абазначаюць паслядоўнасць, паступовасць або ўказваюць на размеркаванне: а) з назоўнікамі (у тым ліку са словамі «пара», «дзесятак», «мільён», «мільярд» і пад.) — з Д у адз. і М у мн. Перабраць па каліву. Збіраць па кропельках. Бралі па скварцы. Зараблялі па пуду жыта. Прывезці дзецям па дзесятку яблыкаў. Па рублю кілаграм. □ Дома тата даў мне і Толіку па пэндзлю і сказаў: «Вось цяпер малюйце. Мастакі...» Хомчанка. Я павінен буду напісаць некалькі мільярдаў пісем. Кожнаму чалавеку па пісьму. Вярцінскі. — Ад польскіх гарнякоў, — з усмешкай сказаў.. [стары], падаючы нам кветкі і кожнаму па сувеніру — па празрыстаму саляному арлу. Брыль. А траву пакашу — Дам вам сена па кашу. Вітка; б) з лічэбнікам «адзін» — з Д або М у адз. Самалёты ляцелі па аднаму, па тры, несучы свой смертаносны груз. Мележ. Ішлі мядзведзіцкія [сяляне] па адным, па два, хапаючыся за шулы і штыкеты. Крапіва; в) з лічэбнікам ад «двух» і далей — з В (прычым форма В і з адушаўлёнымі назоўнікамі звычайна як Н, хоць дапускаецца і як Р). Па два, па пяць, па пяцёра, па дваццаць, па дзевяноста, па сто, па трыста, па семсот; па паўтара, па паўтары. □ [Вера:] — А бачыла, колькі жанчын найшло на калгасны двор? Каб па дзесяцера на сані, дык і то ўсіх не забраў бы. Кулакоўскі. І такія трывалыя выходзілі граблі — гады па тры служылі. Лынькоў. [Кірыла:] — І ты, братка, ідзі дадому, няможна хоць і па дваіх збірацца. Чорны.

Колькасныя адносіны

19. з Д, В і М. Ужываецца пры ўказанні на велічыню, памер, колькасць: а) з назоўнікамі — з Д у адз. і М у мн. Кавалкі па метру. Яблыкі па кулаку. Капуста па вядру. □ Ля тыноў і платоў — высокія, па мядзведзю, гурбы снегу, і хаты здаюцца нізкімі, прысадзістымі. «ЛіМ». Пасля пайшоў снег, густы, па лапцю; здавалася, як хто за акном махаў рукамі. Пташнікаў; б) з лічэбнікамі ад «двух» і далей — з В. Здымалі ўраджаі па сорак цэнтнераў. Жэрдкі даўжынёй па дваццаць пяць метраў. □ Тут — хата ў хату, паглядзець, Па шэсць, па сем акон, Над кожным дахам дроту медзь Заводзіць перазвон. Астрэйка. Гэтымі начамі Кастусь не спаў моцна і глыбока, як гэта бывала з ім раней.. Так па некалькі разоў у ноч ён выходзіў слухаць, ці ядуць коні. Чорны.

Адносіны спосабу дзеяння

20. з Д у адз. і М у мн. Ужываецца пры абазначэнні спосабу дзеяння. Рабіць па справядлівасці. □ Пісьмо па парадку Уголас чыталі. Куляшоў. — Але скажу табе па сакрэту: Пракоп не любіць такіх матэрыялаў. Сачанка.

Прычынныя адносіны

21. з Д у адз. і М у мн. Ужываецца для ўказання на прычыну дзеяння. Зрабіць што-небудзь па непаразуменню. □ [Шэмет:] — Сядзі дома, Макар Пятровіч, яшчэ пасяўная не скончылася, няма калі раз’язджаць па ўсялякаму глупству. Лобан. Схіліўшы долу светлачубую галаву, на якой нейкім цудам, толькі па ўласнай ахвоце, трымаецца пілотка, хлопец успамінае. Брыль.

22. з Д і М у адз. і М у мн. Ужываецца для ўказання на падставу, абгрунтаванне. Меркаваць аб заўтрашнім надвор’і па вячэрняму небу. Здагадацца аб намеры па вачах.

Мэтавыя адносіны

23. з В. Ужываецца пры абазначэнні прадмета як мэты руху ці перамяшчэння. Схадзі па бацьку. □ Па маліну хадзілі ў сад, Абтрасалі бэры. Куляшоў. Пакуль Колька бегаў у магазін па чай, .. [жанчыны] сядзелі, як даўнія сяброўкі, і Кацярына Рыгораўна расказвала пра сваё нялёгкае жыццё. Грахоўскі. І нядарам біты сцежкі Непракладзеных дарог, І нядарам па усмешкі Ты хадзіў на мой парог. Глебка.

па 2,

Асобная фігура ў танцы; танцавальны крок.

[Фр. pas — крок.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)