за 1, прыназ. з В і Т.

Спалучэнне з прыназоўнікам «за» выражае:

Прасторавыя адносіны

1. з В і Т. Ужываецца пры абазначэнні прадмета, месца і пад., за межы якіх накіравана дзеянне, рух або за якімі, па другі бок якіх знаходзіцца хто‑, што‑н., адбываецца што‑н. Паехаць за горад. Жыць за ракой. ▪ За вёскай, у лесе, ладзілася маёўка. Асіпенка. // (з дзеясловамі «сесці», «усесціся», «стаць» і пад.). Ужываецца пры абазначэнні прадмета, каля якога хто‑н. размяшчаецца для работы або якога‑н. занятку. Сесці за стол. Стаць за пульт кіравання. Сядзець за рулём.

2. з Т. Ужываецца пры абазначэнні асобы або прадмета, услед за якімі рухаецца хто‑, што‑н. Хадзіць за плугам. ▪ За дзедам на некаторай адлегласці пайшлі і яго сыны. Колас. За двума зайцамі пагонішся — ні аднаго не зловіш. Прыказка.

Часавыя адносіны

3. з В. Ужываецца пры абазначэнні прамежку часу, на працягу якога што‑н. адбывалася або адбылося. За ноч падмарозіла. Падрос за лета. ▪ Многа падзей адбылося за апошнія часы. Колас. А больш за ўсё бабе крыўдна, Што ён за свой казацкі век Клінком дамаскім, гартаваным, Яшчэ не ўсіх паноў пасек... Танк. // Ужываецца пры азначэнні прамежку часу, які патрабуецца для выканання чаго‑н. Ураджай можна ўбраць за месяц.

4. з Т. Ужываецца пры абазначэнні адначасовасці, паралельнасці розных з’яў, дзеянняў і пад. Сустракаліся за работай. ▪ Алесь і заснуў за гаворкаю з маці, а тая праседзела да самага відна, не спускаючы вачэй з сына. Броўка. За вячэрай.. пачыналася размова пра грыбы. С. Александровіч.

5. з Т. Ужываецца пры абазначэнні асобы, з’явы і пад., у бытнасць, перыяд дзейнасці якіх адбываецца што‑н. За бацькамі лёгка жывецца. Звозіць снапы за пагодай. ▪ А зямелькі шнур, Пляц, якім валодала За царом карчма, Як зямля народная, Іхнім стаў дома. Куляшоў.

6. з В. Ужываецца пры абазначэнні прамежку часу, які аддзяляе адно, папярэдняе дзеянне ад другога, наступнага, звычайна выражанага назоўнікам роднага склону з прыназоўнікам «да». За колькі дзён да касавіцы Касцы заглянуць на паліцы, Каб малаток знайсці і бабку. Колас. За год перад вайна Грысь... зрабіў на Стамагільскай рацэ паром. Кулакоўскі.

7. з В. Ужываецца пры абазначэнні моманту, прамежку часу, за межы якога працягваецца дзеянне. Гутарка цягнулася за поўнач. ▪ Час падходзіў за Пакровы. Вецер ліст з лясоў атрос. Колас.

8. з Т. Ужываецца пры абазначэнні моманту, прамежку часу, пасля якога што‑н. адбываецца або наступае. За летам прыйшла восень. ▪ За ветрам упалі першыя рэдкія буйныя кроплі. Галавач. // Ужываецца пры абазначэнні паслядоўнасці падзей, з’яў. Мінае дзень за днём, за годам год мінае. Танк.

Аб’ектныя адносіны

9. з В. Ужываецца пры абазначэнні прадмета або асобы, якія бяруць, да якіх дакранаюцца, за якія трымаюцца і пад. Павітацца, за руку. Узяць за плечы. Схапіцца за жывот. Учапіцца рукамі за маці. ▪ Ярмоленка ціхенька бярэцца за дзвярную ручку. Кулакоўскі. // Ужываецца пры абазначэнні занятку, да якога прыступаюць. Сесці за ўрокі. Узяцца за работу.

10. з В. Ужываецца пры абазначэнні асобы, прадмета, стану, якія выклікаюць тое ці іншае пачуццё, перажыванне. Непакоіцца за сына. Сорамна за непачцівасць. ▪ І ў сэрцы радасна бясконца За лёс краіны, за яе У вяках нягаснучае сонца, За песні, што народ пяе, За мірны і бясхмарны поўдзень Над беларускаю зямлёй. Танк.

11. з В. Ужываецца пры абазначэнні асобы, прадмета, стану, у дачыненні да якіх хто‑н. бярэ на сябе абавязкі, клопаты, адказнасць і пад. Ручацца за поспех. ▪ Алесь адчуў, што ўся адказнасць за падрыхтоўчыя работы ляжыць цяпер толькі на ім. Броўка. // Ужываецца пры абазначэнні асобы, прадмета і пад., якіх падтрымліваюць, за якіх заступаюцца. Закінуць слова га таварыша. ▪ Ой, патрапіць народ часам За сябе ўступіцца. Купала. За цябе, Беларусь, горда Пастаю на варце ля мяжы. Чарот. // Ужываецца пры абазначэнні асобы, у імя якой што‑н. робіцца, выконваецца. Паднімем жа чаркі сям’ёю адзінай За матак, сясцёр і братоў. Броўка.

12. з Т (рэдка). Ужываецца пры абазначэнні асобы, прадмета і пад., па якія хто‑н. адпраўляецца. Хто палез за агуркамі, Хай той носіць пухіры. Крапіва. Рана ўсталі маладзіцы Ды да студняў за вадой. Янішчыц.

13. з В. Ужываецца пры абазначэнні прадмета, у абмен на які што‑н. набываецца, ствараецца, а таксама пры абазначэнні цаны, за якую купляецца або прадаецца што‑н. Набыць за грошы. Купіць за рубель. ▪ — Я распараджуся, каб за яго навуку плацілася. Чорны.

14. з В. Ужываецца пры абазначэнні асобы, прадмета і пад., замест якога або ад імя якога дзейнічае хто‑н. Дзяжурыць за таварыша.

15. з В. Ужываецца пры абазначэнні асобы, прадмета і пад., якія выступаюць або прымаюцца ў якасці каго‑, чаго‑н., як хто‑, што‑н. Прыняць праект за аснову. Палічыць жарт за праўду. ▪ Старэйшую сястру ён паважаў і любіў — яна з маленства была яму за маці. Шамякін. / Пры абазначэнні прафесіі, роду дзейнасці і пад. Быць за старшыню. Вывучыцца за настаўніка.

16. з В. Ужываецца пры параўнанні аб’ёму дзейнасці данай асобы са звычайнай нормай дзейнасці некалькіх асоб. Працаваць за трох. ▪ Ідзе так дзядзька і па бруку Адзін за дзесяць робіць груку. Колас.

17. з В і Т. Ужываецца пры абазначэнні асобы, якая выступае жаніхом, мужам каго‑н. (з дзеясловамі «выйсці», «выдаць», «сватаць» і пад.). Выдаць замуж за брыгадзіра. Выйсці за доктара. Была замужам за лейтэнантам.

18. з Т. Ужываецца пры абазначэнні асобы, прадмета і пад., якія з’яўляюцца аб’ектам назірання, дагляду, увагі. Прыбраць за сабой. ▪ Дзед Талаш нерухліва і з вялікай цікавасцю наглядае за кабаном. Колас. Танца здымала накіп з вады, сачыла за кацялком, Васіль падкладваў ламачча. Мележ.

19. з Т. Ужываецца пры абазначэнні асобы (асоб), установы і пад., у распараджэнні якіх застаецца што‑н., за якімі лічыцца што‑н. Першынство засталося за дынамаўцамі. За ім лічыцца доўг. // Ужываецца пры абазначэнні асобы, прадмета і пад., ад якіх залежыць наступленне якога‑н. дзеяння, стану. Слова за вамі.

20. з Т. Ужываецца пры абазначэнні асобы, прадмета і пад., з якімі параўноўваецца, супастаўляецца хто‑, што‑н. Старэйшы за брата. Цвярдзейшы за камень. ▪ Праўда даражэй за золата. Прыказка. / У некаторых устойлівых спалучэннях: «перш за ўсё», «хутчэй за ўсё».

21. з В. Ужываецца пры абазначэнні прадмета гаворкі, сведчання і пад. А ўсё гэта, разам узятае, гаварыла за пашырэнне, за далейшае развіццё той справы, пачатак якой клаў Букрэеўскі паход сумесна з партызанамі. Колас.

Прычынныя адносіны

22. з В. Ужываецца пры абазначэнні прадмета, з’явы і пад., якія з’яўляюцца прычынай, падставай для якога‑н. дзеяння або стану. Хваліць за кемлівасць. Караць за здраду. ▪ Ходзіць садам садоўнік, шчаслівы за працу. Броўка. Сівым яго празвалі за валасы, асабліва светлыя ўлетку, калі яны выгаралі на сонцы. Брыль.

23. з Т. Ужываецца пры абазначэнні аб’екта, які з’яўляецца перашкодай для дзеяння ці наступлення пэўнага стану. За ветрам нічога не чуваць. За работай не мае вольнай хвіліны. ▪ За дурной галавою і нагам няма спакою. Прыказка.

Мэтавыя адносіны

24. з Т. Ужываецца пры абазначэнні асобы, прадмета і пад., якія з’яўляюцца мэтай дзеяння, руху. Звярнуцца за дапамогай. ▪ [Мікалая Патапавіча] ужо ніхто не будзіць, ніхто не турбуе, ніхто не заходзіць у хату з пытаннямі, за парадамі. Кулакоўскі.

Колькасныя адносіны

25. з В. Ужываецца пры абазначэнні велічыні адлегласці, выражанай у якіх‑н. адзінках. Мястэчка знаходзілася за сорак вёрст ад чыгункі. Корбан. Міліцыянеры бачылі за гоні ад сябе шырокую будыніну школы. Броўка.

26. з В. Ужываецца пры абазначэнні перавышэння якой‑н. меры, колькасці. Гэта была худзенькая, згорбленая бабулька, якой, казалі, пераваліла ўжо за сотню. С. Александровіч.

Акалічнасныя адносіны

27. з Р і Т. Ужываецца пры абазначэнні спосабу дзеяння. Галя знайшла рукой яе цёплыя плечыкі і прыгарнула малую да сябе — усю за раз, з усімі яе думкамі. Брыль. Адзін за адным, адзін за адным выплываюць з-за небасхілу караблі. Кулакоўскі.

Азначальныя адносіны

28. з Т. Ужываецца пры абазначэнні знешняй прыметы чаго‑н. па нумару, подпісу і пад. Даведка за подпісам старшыні. ▪ Дом за нумарам дваццаць чатыры, даўні сябра мой шчыры! Куляшоў.

29. з В. Ужываецца пры абазначэнні аб’ёму ведаў. Экзамен за курс пачатковай школы.

за 2, прысл.

У падтрымку, на карысць каго‑, чаго‑н. — А ты свае [лугі] не запускай, а дамагайся, каб трава добра расла. — Ды я што, супроць? — Не, не супроць, але і не за. Броўка.

•••

За і супроць — тое, што пацвярджае, апраўдвае якое‑н. рашэнне, дзеянне ў супастаўленні з тым, што яго адмаўляе, абвяргае. Узважыць усе за і супроць.

Што за ... гл. што.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)